Гісторыя Даніі
Гісторыя Даніі — падзеі на тэрыторыі сучаснай Даніі з моманту пачатку рассялення там людзей і да сённяшняга дня.
Ранняя гісторыя
правіцьЯк сведчаць археалагічныя знаходкі, людзі стала засялілі Скандынавію не пазней як 12 800 год таму, па адыходзе апошняга ледавіка; земляробства з'явілася тут каля 3 тыс. гадоў да н.э. Прыкладна 200 н.э. датаваныя першыя знойдзеныя рунічныя надпісы. Целы сваіх памерлых насельнікі тагачаснай Даніі, як і многія іншыя паганцы-індаеўрапейцы, спальвалі і хавалі ў курганах — ажно да ХІ стагоддзя н.э., да хрысціянізацыі Даніі каля 980 года каралём Гарольдам Чарназубым (ад яго мянушкі бярэ сваю назву сучасная тэхналогія Bluetooth). Цягам ХХ стагоддзя ў балотах Даніі (як і Англіі) неаднаразова знаходзілі «балотныя целы» — выдатна захаваныя з дахрысціянскіх часоў у кіслым асяроддзі трупы людзей, забітых і кінутых (часам з вяроўкай на шыі) у балота.
Эпоха вікінгаў
правіцьШырока разрэкламаваным перыядам дацкай (роўна як і шведскай) гісторыі з'яўляецца «эпоха вікінгаў» (793–1066 гг. н.э.), падчас якой піраты са Скандынавіі рабавалі землі па ўзбярэжжах кантынентальнай Еўропы, служылі наймітамі візантыйскіх імператараў, каланізавалі Ісландыю, Фарэрскія астравы, Грэнландыю і ўсходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, а дацкія каралі некаторы час кіравалі Англіяй. Канец гэтай эпохі звычайна датуецца годам нарманскай заваёвы Англіі; аб'ектыўнымі прычынамі заняпаду сталі ваеннае і сацыяльнае развіццё феадальнага грамадства ў Еўропе, а таксама няўхільнае пагаршэнне клімату ў Паўночнай Атлантыцы, асабліва ад XIII стагоддзя — наступленне Малога ледавіковага перыяду. Падвышанай увагай да «эпохі вікінгаў» і да ўласна піратаў-вікінгаў — якія нават для тагачаснага скандынаўскага насельніцтва былі хутчэй маргіналамі — мы абавязаныя, напэўна, значна пазнейшым акалічнасцям: рамантычным у ХІХ стагоддзі і турыстычным у ХХ стагоддзі.
Сярэднявечча
правіцьУ час Сярэднявечча перыяды грамадзянскіх войнаў чаргаваліся з перыядамі цэнтралізацыі ўлады, падвышэння падаткаў і дзяржаўнага будаўніцтва; вяліся войны — пераважна з нямецкімі княствамі на поўдні і суседняй Швецыяй. Вальдэмар Вялікі (1131–1182), чарговы «моцны» кароль, пабудаваў замак у вёсцы Havn, адкуль і пачаўся цяперашні Капенгаген — København — і здзейсніў некалькі «крыжовых паходаў» дзеля падпарадкавання земляў сучаснай Эстоніі (распаўсюджаная легенда аб паходжанні дацкага сцяга, Данеброгу, сцвярджае, што ён нібыта ўпаў з нябёсаў у 1219 годзе ў пераломны момант адной з сутычак у Эстоніі). З 1397 па 1521 гады Данія, Нарвегія і Швецыя (а таксама сённяшняя Фінляндыя, Ісландыя, Фарэрскія астравы і Грэнландыя) былі аб'яднаныя уніяй (вядомай як Кальмарская унія) і фактычна знаходзіліся пад уладай дацкіх манархаў.
Новы час
правіцьРэфармацыя пачалася ў Даніі ў 1536 годзе, і хутка Лютэранская царква стала афіцыйнай дзяржаўнай царквой Даніі; па канфіскацыі зямель, што належалі Рымска-каталіцкаму касцёлу, даходы караля ўзраслі ўтрая. Як апірышча пратэстанства, Данія была ўцягнутая ў Трыццацігадовую вайну і ў выніку паразы (1658) згубіла, у прыватнасці, свае найбагацейшыя правінцыі на поўдні сучаснай Швецыі, у Сканіі — гістарычна дацкія землі. Першай дацкай «далёкай» калоніяй было невялічкае паселішча і форт Транкебар на паўднёвым узбярэжжы Індыі (ад 1620 года; у 1845 прададзены Вялікабрытаніі). Данія пабудавала таксама чатыры замкі на заходнім узбярэжжы Афрыкі (у адным з тых замкаў, захаваным дасёння, размяшчаецца рэзідэнцыя прэзідэнта Ганы) і каланізавала некалькі астравоў у Карыбскім моры. Прыгоннае права ў Даніі праіснавала з 1733 па 1788 гады і было скасавана на просьбы шырокіх буржуазных мас. Падчас Напалеонаўскіх войнаў Данія ўзяла бок Францыі і ў выніку ў 1814 годзе страціла Нарвегію.
Найноўшы час
правіцьУ неспакойны для Еўропы рэвалюцыйны час кароль Фрэдэрык VII (а дацкіх каралёў ад пачатку XVI стагоддзя называюць па чарзе толькі Хрысціянамі і Фрэдэрыкамі) падпісаў 5 чэрвеня 1849 года Канстытуцыю і ператварыў Данію з абсалютнай у канстытуцыйную манархію. Апошняя тэрытарыяльная страта — зямлі Шлезвіг-Гольштайн у выніку вайны з Прусіяй — адбылася ў 1864 годзе. Падчас Першай Сусветнай вайны Данія трымалася нейтралітэту і цалкам захавала свае людскія і матэрыяльныя рэсурсы; больш за тое, ёй прапанавана было вярнуць Шлезвіг-Гольштайн, але кіраўніцтва краіны з'ініцыявала рэферэндум сярод жыхароў аспрэчанай правінцыі, паводле вынікаў якога ў 1920 годзе ад Германіі да Даніі адышоў толькі паўночны Шлезвіг. У 1940 амаль без супраціву здалася Германіі і карысталася, прынамсі да 1943 года, значнай самастойнасцю ва ўнутранай палітыцы. Вызваленая амерыканскімі войскамі 5 мая 1945 года; пасля вайны адмовілася ад палітыкі нейтралітэту і ўступіла ў НАТА. З'яўляецца, поруч з Беларуссю, краінай-заснавальніцай ААН, уваходзіць у Еўрасаюз (хоць і адмовілася на рэферэндуме ў 2000 годзе ад уводу еўра), ратыфікавала Шэнгенскія пагадненні.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гісторыя Даніі