Гісторыя Кот-д’Івуара
Гісторыю Кот-д’Івуара можна падзяліць на тры перыяды: дакаланіяльны (старажытнасць і сярэднявечча), каланіяльны і посткаланіяльны (пасля 1960 года).
Дакаланіяльны перыяд
правіцьУ 2200—700 гг. да н. э. на тэрыторыі сучаснага Кот-д’Івуара дамінавала Культура Кінтампа. Носьбіты гэтай культуры жылі рыбалоўствам, паляваннем, зборам садавіны і развядзеннем свойскіх жывёл (авечкі, козы, пазней таксама буйныя рагатыя жывёлы).
У XI стагоддзі нашай эры краіну засялілі плямёны сенуфа. У XV—XVI стагоддзях з поўначы прыйшлі плямёны мандэ, адціснуўшы сенуфа. У пачатку XVIII стагоддзя мандэ стварылі дзяржаву Конг, якая стала важным гандлёвым цэнтрам і агменем распаўсюджвання ісламу ў Заходняй Афрыцы.
Каланіяльны перыяд
правіцьУ 1460-х гадах на берагах Кот-д’Івуара высадзіліся партугальцы, бо заўважылі вялікую колькасць сланоў, што давала магчымасць набываць тут слановую костку. Пазней еўрапейскія караблі розных дзяржаў пачалі наведваць рэгіён з мэтай куплі гэтага матэрыялу. Тэрыторыя набыла назву Бераг Слановай Косткі.
Першымі пасяленцамі з Еўропы былі французскія місіянеры, высадзіўшы там у 1637 годзе. Іх першае пасяленне неўзабаве было знішчана першабытнікамі. Праз паўстагоддзя, у 1687 годзе, была створана новая французская місія, на гэты раз пры ўзброенай ахове. У пачатку XVIII стагоддзя французы паспрабавалі заснаваць на ўзбярэжжы яшчэ два паселішчы, але яны праіснавалі толькі некалькі гадоў.
Французы зноў заняліся засваеннем Берага Слановай Косткі з 1842 года. Яны аднавілі форт Гран-Басам (на ўзбярэжжы, недалёка ад цяперашняга Абіджана), а да 1846 года ўсталявалі свой пратэктарат практычна над усімі прыбярэжнымі плямёнамі.
Углыб краіны французы пачалі прасоўвацца з 1887 года. На працягу двух гадоў французы заключылі дагаворы з большасцю плямёнаў ад узбярэжжа да сучаснай паўночнай мяжы краіны. У 1892 была ўсталявана мяжа з Ліберыяй, у 1893 — з брытанскай калоніяй Залаты Бераг (сучасная Гана). У 1893 годзе Бераг Слановай Косці быў выдзелены ў асобную французскую калонію (са складу калоніі Сенегал), а ў 1895 г. быў уключаны ў склад Французскай Заходняй Афрыкі.
У кастрычніку 1946 года Берагу Слановай Косці быў нададзены статус заморскай тэрыторыі Францыі, быў створаны генеральны савет тэрыторыі.
Посткаланіяльны перыяд
правіцьXX стагоддзе
правіць7 жніўня 1960 года была абвешчана незалежнасць краіны. Прэзідэнтам стаў Фелікс Уфуэ-Буаньі, які кіраваў Кот-д’Івуарам тры дзесяцігоддзі. Яго партыя ДП стала кіруючай і адзінай партыяй. Быў абвешчаны прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці.
Бераг Слановай Косці ў 1979 годзе стаў сусветным лідарам па вытворчасці какава-бабоў, аднак поспехі ў гэтай галіне абапіраліся на ўдалую кан’юнктуру і спалучэнне наяўнасці кваліфікаваных менеджараў, замежных інвестыцый і вялікай колькасці танных працоўных рук, пераважна гастарбайтараў з суседніх краін.
У 1980-я гады цэны на каву і какава на сусветных рынках упалі, у 1982—1983 краіну спасцігла жорсткая засуха, пачаўся эканамічны спад; да канца 1980-х гадоў паказчык знешняга доўгу на душу насельніцтва перавысіў аналагічны паказчык усіх краін Афрыкі, акрамя Нігерыі. Пад ціскам грамадскасці Уфуэ-Буаньі пайшоў на палітычныя саступкі, легалізаваў альтэрнатыўныя кіруючыя палітычныя партыі, ініцыяваў выбарчы працэс, і ў 1990 годзе быў абраны прэзідэнтам.
У 1993 годзе ён памёр, і краіну ўзначаліў яго спадчыннік Анры Конан Бед’е. У 1995 годзе адбыўся форум па пытаннях інвестыцый у эканоміку краіны, у якім удзельнічалі пераважна расійскія кампаніі. У канцы 1990-х узмацнілася палітычная нестабільнасць, у Бед’е з’явіўся сур’ёзны канкурэнт — Аласан Уатара. Ён нарадзіўся на тэрыторыі Кот-д’Івуара, a яго бацькі былі родам з Буркіна-Фасо. Аднак па Канстытуцыі краіны на пасаду прэзідэнта можа прэтэндаваць толькі той кандыдат, у якога абодва бацькі — івуарыйцы па нараджэнні, а не па натуралізацыі. Такім чынам, усе людзі, народжаныя ў змешаных шлюбах, выключаліся з магчымай барацьбы за прэзідэнцкую пасаду. Гэтая акалічнасць пагоршыла раскол грамадства па этнічнай прыкмеце. Да таго часу ад траціны да паловы насельніцтва краіны складалі асобы замежнага паходжання.
25 снежня 1999 года ў краіне адбыўся ваенны пераварот, арганізаваў які Рабер Геі, былы ваенны афіцэр. Ужо ў 2000, пад ціскам розных палітычных сіл, Геі быў вымушаны правесці прэзідэнцкія выбары. Пераможцам выбараў быў прызнаны лідар апазіцыі Ларан Гбагбо з левацэнтрысцкай партыі Івуарыйскі Народны Фронт.
Грамадзянскія войны
правіцьУ пачатку 2000-х унутраныя супярэчнасць і рознагалоссі перараслі ў грамадзянскую вайну.
Баявыя дзеянні пачаліся 19 верасня 2002 года. Ураду супрацьстаяла групоўка «Новыя сілы», якую ўзначаліў Гіём Саро. Неўзабаве ў канфлікт уступіла Францыя. У Кот-д’Івуар былі ўведзены французскія войскі і міратворчыя сілы ААН, якія стварылі буферную зону паміж бакамі канфлікту. Аднак баявыя дзеянні працягнуліся. Толькі ў 2007 годзе паміж урадам і паўстанцамі быў падпісаны мірны дагавор.
У 2010 годзе былі праведзены выбары. Асноўныя кандыдаты — дзеючы прэзідэнт Ларан Гбагбо і саюзнік «Новых сіл», вылучэнец ад партыі Аб’яднанне рэспубліканцаў Аласан Уатара. Усё адбывалася спакойна, але пазней абодва бакі пачалі вінаваціць адзін аднаго ў парушэнні правілаў правядзення выбараў, спробах сфальсіфікаваць выбары і г.д. На гэтай глебе ўспыхнуў новы канфлікт. У новай грамадзянскай вайне перамогу атрымаў Уатара, бо меў падтрымку з боку замежных сіл.
Сучаснасць
правіць1 студзеня 2013 года 60 чалавек загінулі ў цісканіне падчас навагодняга святкавання ў горадзе Абіджан на поўдні Кот-д’Івуара. Цісканіна ўтварылася ў натоўпе людзей, якія сабраліся паглядзець на навагоднія феерверкі ў цэнтры Абіджана.
З 1 па 6 чэрвеня 2015 года ў вобласці Сан-Педра на паўднёвым захадзе краіны праходзіла аперацыя «Акома», падчас якой амаль паўсотні дзяцей былі вызвалены з рабства, 22 чалавекі арыштаваны.
10 верасня 2015 года адбылося вельмі буйное ДТЗ, па меншай меры 19 чалавек загінулі і яшчэ 37 атрымалі раненні пры сутыкненні двух аўтобусаў на шашы ў Кот-д’Івуары.
25 кастрычніка 2015 года ў краіне прайшлі прэзідэнцкія выбары. Перамогу атрымаў дзеючы прэзідэнт Аласан Уатара. 2 снежня 2015 года невядомыя ўзброеныя людзі напалі на вёску ў Кот-д’Івуары, якая знаходзіцца недалёка ад мяжы з Ліберыяй, па меншай меры 11 чалавек, у тым ліку адзін вайсковец, загінулі. 15 снежня 2015 года дзяржава ўвайшла ў склад Ісламскай ваеннай кааліцыі па барацьбе з тэрарызмам.
6 студзеня 2016 года прэм’ер-міністр Кот-д’Івуара Даніэль Каблан Дункан і яго ўрад падалі ў адстаўку. Праз некалькі гадзін пасля адстаўкі Даніэль Каблан Дункан быў зноў прызначаны прэм’ер-міністрам краіны.
Спасылкі
правіць- Кот-д’Ивуар: История, экономика, политическая система, население (руск.)
- Кот-д’Ивуар//Всемирная энциклопедии Архівавана 31 мая 2018. (руск.)
- Первая Ивуарийская война(недаступная спасылка) (руск.)