Дом Вульфа Мазо
Дом Вульфа Мазо — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 8. Пабудаваны сярэдзіне ў XIX ст. з цэглы.
Славутасць | |
Дом Вульфа Мазо | |
---|---|
| |
53°54′03″ пн. ш. 27°33′08″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Дата пабудовы | XIX стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года[1].
У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага пляца на вуліцы Праабражэнскай стаў купец Вульф Мазо. У 1892 годзе ён накіраваў у Мінскую гарадскую ўправу праект на будаўніцтва новага мураванага двухпавярховага дома. Гэты праект быў зацверджаны і цалкам рэалізаваны. Паводле праекта новы дом Мазо меў складаны план і быў накрыты двухсхільным дахам. На першым і другім паверхах былі жылыя пакоі. У двары размяшчаўся комплекс гаспадарчых пабудоў[1].
У 1908 годзе гэты дом разам з зямельным пляцам перайшоў да мінскіх мяшчан Гутманаў, якія адразу выканалі капітальны рамонт будынка, што закрануў толькі яго інтэр’еры. Адначасова ў будынку быў зроблены водаправод[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года ў будынку было толькі дзве жылыя кватэры: у адной пражывалі яго ўладальнікі, а другая кватэра здавалася. Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры[1].
У гады Другой сусветнай вайны былы дом Мазо не пацярпеў[1].
Архітэктура
правіцьДвухпавярховы прамавугольны ў плане, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад расчлянёны па гарызанталі карнізным поясам[2] і фланкіраваны лапаткамі з фігурнымі філёнкамі[1]. 1-ы паверх вырашаны строга. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вокны 2-га паверха дэкарыраваны ліштвамі, сандрыкамі, руставанымі падаконнымі плітамі. У цэнтры 2-га паверха невялікі балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё)[2]. Праём балконных дзвярэй аздоблены зверху ляпной вазай з кветкамі[1], абапал кручаныя калонкамі, фігурным сандрыкам з лепкай. У бакавой частцы будынка — арачны праезд, перакрыты скляпеннямі. Выкарыстоўваецца як жылы[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ. БУДЫНАК № 8. ДОМ ВУЛЬФА МАЗО
- ↑ а б в Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Вульфа Мазо
- ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА ВУЛІЦЫ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ. БУДЫНАК № 8. ДОМ ВУЛЬФА МАЗО