Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі
Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ, англ.: Association of Belarusians in Great Britain) — беларуская арганізацыя ў Вялікабрытаніі. Першая і самая буйная арганізацыя, якая адыграла найбольшую ролю ў жыцці беларускай грамады Вялікабрытаніі.[1]
Гісторыя
правіць22 верасня 1946 года ў Лондане на сходзе ініцыятыўнай групы вырашана было заснаваць Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі[2]. Да склікання Агульнага з’езду была абрана Часовая рада: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (старшыня), Віктар Сянкевіч (сакратар) і Часлаў Кукель. Сход пастанавіў распрацаваць Статут, пачаць прыняцце членаў у арганізацыю і пачаць збор грошай на Беларускі дом у Лондане і на выдавецкі фонд[3].
Былі наладжаны кантакты з аналагічнай украінскай арганізацыяй — Саюзам украінцаў Вялікабрытаніі. Менавіта ў памяшканні СУБ праходзілі першыя сходы ініцыятыўнай групы[4]. Арганізацыя ў пачатковы перыяд сваёй дзейнасці не мела ні юрыдычнага адрасу, ні свайго памяшкання, таму кожны з ініцыятараў стварэння Згуртавання дзейнічаў самастойна там, дзе служыў. Так, Віктар Сянкевіч наогул пэўны час трымаў у сваім чамадане пад ваенным ложкам усе паперы ЗБВБ (спісы членаў, заявы, камунікаты і г. д.)[5].
Пасля візіту В. Жук-Грышкевіча і В. Сянкевіча ў Галоўны штаб Польскай арміі, да Станіслава Капаньскага, апошні выдаў 16 лістапада 1946 загад, згодна з якім беларускім жаўнерам польскіх узброеных сіл можна было належаць да ЗБВБ[6]. Дакумент наступнага зместу:
Дазваляю жаўнерам Польскіх збройных сілаў беларускае нацыянальнасьці належаць да Згуртаваньня самапомачы беларусаў у Вялікабрытаніі |
быў апублікаваны ў польскамоўнай штодзённай газеце «Dziennik Polski i Dziennik Żołnierza», праўда, вельмі дробным кеглем[7]. Але справа з пашырэннем колькаснага складу Згуртавання шла марудна. Да канца 1946 членамі Згуртавання сталі толькі 62 асобы[8].
Статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Галоўная ўправа. Створаны аддзелы ў Лондане (1947), Брэдфардзе (1948), Манчэстэры (1948), Бірмінгеме (1952). Асноўныя кірункі дзейнасці — нацыянальна-культурная, грамадска-арганізацыйная, інфармацыйна-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамага ім у Вялікабрытаніі і іншых краінах. ЗБВБ выдавала часопіс «На шляху» (1946—51), «Беларус на Чужыне» (1947—50), выпусціла шэраг брашур, у т.л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В. Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Галоўная ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946).
Сучаснасць
правіцьУ цяперашні час дзейнасць Згуртавання ўключае ў сябе:
- ушанаванне памяці аб прыкметных падзеях у гісторыі беларускага незалежніцкага руху, такіх як абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. і Слуцкае паўстанне ў 1921 г.;
- супрацоўніцтва і падтрымка беларускай дэмакратыі;
- фінансавая падтрымка беларускіх культурных праектаў;
- арганізацыя сустрэч у Брытаніі з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкі;
- узаемадзеянне з брытанскімі палітыкамі і журналістамі.
У 2018 годзе Згуртаванне арганізавала святкаванне стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Вэстмінстэрскім палацы.
Старшыні ЗБВБ
правіць- В. Жук-Грышкевіч (1947—48) старшыня Часовай управы
- Ф. Бартуль (1949)
- А. Надсан (1951—52)
- П. Асіповіч (1953, 1955)
- П. Навара (1954, 1957, 1966—70)
- У. Бутрымовіч (1958, 1960—65)
- Я. Міхалюк (1971—95)
- А. Здановіч (1995—96)
- В. Еўдакімаў (1996—97)
- А. Міхалюк (1997—2013)
- М. Пачкаеў (з 2013)
Старшыні аддзелаў ЗБВБ
правіць- Манчэстэр
- Міхась Яськевіч (1926—2002)
- Хведар Кажаневіч (1926—2007)
Зноскі
- ↑ Н. Гардзіенка (2010)
- ↑ Na Šlavchu. — 1946. — № 1.
- ↑ Камунікат ЗБВБ. — 1946. — № 1.
- ↑ Sienkievič V. Pačatki ZBVB // Na Šlavchu. — 1950. — № 9. — S. 2—3.
- ↑ А. Дз—ка. 25-годзьдзе ЗБВБ // Божым Шляхам. — 1972. — № 1 (129). — С. 1—3.
- ↑ Na Šlavchu. — 1946. — № 1; Весялкоўскі, Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. — Лёндан, 1997. — С. 111.
- ↑ Весялкоўскі, Ю. Дадатак да «Кароткіх успамінаў» Паўла Навары // Голас часу. — 1994. — № 32. — С. 30—32.
- ↑ Гардзіенка, Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі… — С. 78.
Літаратура
правіць- Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мн,, 2010.
- Ляднёва А. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі // БелЭн у 18 т. Т. 7. — Мн., 1998.
Спасылкі
правіць- Сайт ЗБВБ Архівавана 12 сакавіка 2016.