Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Ішчална (Шчучынскі раён). Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1758 г.
Славутасць | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
53°39′54″ пн. ш. 24°52′38″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Ішчална |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | позняе барока |
Будаўніцтва | 1755—1758 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000631 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Архітэктура правіць
Храм уяўляе сабой аднанефны дзвюхвежавы з пяціграннай апсідай і сакрысціямі храм. Дамінуючае становішча ў аб'ёмнай кампазіцыі займае галоўны фасад. Яго вузкую цэнтральную плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асноўнага аб'ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя фасады будынку завершаныя карнізам і расчлянёныя ў верхняй частцы двума радамі лучковых акон.
Побач з касцёлам у XIX ст. пабудавана аднаярусная званіца.
Інтэр'ер правіць
Інтэр'ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Асноўны аб'ём і апсіда перакрыты драўляным лучковым скляпеннем. Сцены дэкарыраваныя тонкімі спаранымі лапаткамі, завершаныя шырокім карнізам. Над бабінцам паміж аб'ёмамі вежаў ступеньчатыя ў плане хоры. Тры алтары і амбон выкананыя ў стылі ракако. Галоўны алтар двух'ярусны. Першы ярус, устаноўлены на высокім цокалі, падзелены калонамі карынфскага ордара на тры часткі, аддзелены ад другога яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры другога ярусу — картуш з люнетам, па баках жывапісныя панэлі і дэкаратыўныя вазы. Два бакавыя алтары формай і дэкорам нагадваюць галоўны, але крыху меншыя за яго, увянчаныя скульптурнымі кампазіцыямі. Амбон хвалепадобнай формы, дэкарыраваны ляпнымі ракайлямі, скульптурнай кампазіцыяй на біблейскія тэмы.
Сонечны гадзіннік правіць
З паўднёвага боку Траецкага касцёла знаходзіцца сонечны гадзіннік. Ён уяўляе сабой круглы абцясаны пастамент з каменю вышынёй каля 1 м і дыяметрам каля 0,5 м. Двума стальнымі стрыжнямі да яго прымацавана медная круглая пласціна дыяметрам 0,3 м. Трохвугольная стрэлка напалову зламаная. На пласціне выгравіраваны: цыферблат, прозвішча майстра (J. Malecki), месца вырабу (Wilna), геаграфічная шырата в. Ішчална (54*41"2’). Гэты гадзіннік адносіцца да класу гарызантальных сонечных гадзіннікаў з трохвугольнай стрэлкай, верхні вугал якой скіраваны на Палярную зорку. Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыферблат, часавыя дзяленні якога няроўныя між сабой[1]. Гадзіннік — цікавы ўзор дакладнае механікі, вырабленай у беларускай Вільні ў XVIII ст.
Зноскі
- ↑ lavon. Сонечны гадзіннік у в.Ішчална . Форум «Гісторыя астраноміі на Беларусі». Праверана 11 верасня 2010.
Літаратура правіць
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 258-259.
- Лаўрэш Л., Круцікаў У., Пастухоў В. Сонечны гадзіннік у в. Ішчална Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Cпадчына» № 2, 2000.
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална) на сайце Radzima.org