Касцёл Маці Божай Ружанцовай (Радунь)

Касцёл Маці Божай Ружанцовай — помнік архітэктуры мадэрна. Пабудаваны ў 19291933 гг. з бутавага каменю і цэглы ў г.п. Радунь (Воранаўскі раён). Касцёл дзейнічае.

Каталіцкі храм
Касцёл Маці Божай Ружанцовай
54°02′31″ пн. ш. 24°59′25″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Гарадскі пасёлак Радунь
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль мадэрн
Будаўнік Антоній Бейка
Архітэктар Ян Бароўскі
Будаўніцтва 19291933 гады
Стан Дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Касцёл быў заснаваны тут па мецэнацтве каралевы Боны Сфорцы ў 1556, па іншых звестках — у 1538 годзе. Пасля ліхалецця сярэдзіны XVII ст., у 1660 годзе драўляны касцёл быў адноўлены і асвечаны пад гістарычным тытулам Маці Божай Ружанцовай. Чарговыя драўляныя святыні гарэлі і адбудоўваліся нанова ў 1662 (пасля «маскоўскага нашэсця» адноўлены і кансэкраваны б-пам Слупскім), 1752 і 1801 гадах.

Апошні драўляны будынак святыні (фарны) быў узведзены ў 1838 годзе на сродкі парафіян. Асновай гэтай святыні стаў былы пакармеліцкі касцёл з Калеснікаў (сёння Літва), які перанеслі ў Радунь. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.

У XIX ст. пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, а да парафіі прыпісвалася філія ў Дубічах (сёння Літва). Была ў тыя часы і драўляная капліца на парафіяльных могілках, аднак у XX ст. як дзеючая яна больш не ўзгадвалася. У 1815 была заснавана капліца пры плябаніі, але з часам звесткі аб ёй таксама знікаюць.

На пачатку XX ст. драўляны касцёл (велічная святыня з трансептам, завершаная невялікай васьміграннай вежай над галоўным фасадам) ужо не задавальняў сваіх парафіян, і ў 1933 годзе над Радунню ўзнеслася велічная дзвюхвежавая базіліка з цэглы і бутавага каменю ў стылі мадэрн (з рысамі неаготыкі).

 
План касцёла

Пачалі будаваць касцёл у 1929 паводле праекта архітэктара Яна Бароўскага, будаўнічымі працамі кіраваў майстар Антоній Бейка.

 
Касцёл у 1930-я гады

Перад Другой сусветнай вайной колькасць радунскіх парафіян перавышала 8000 вернікаў. Будынак былога драўлянага касцёла па-ранейшаму стаяў за некалькі сотняў метраў на паўночным усходзе ад новага каменнага, але выкарыстоўваўся толькі як сховішча. Згарэла былая святыня ўжо пры савецкай уладзе, пасля вайны. Затое побач з новым касцёлам захаваўся драўляны будынак былой плябаніі, дзе сёння месціцца бальніца.

Касцёл Маці Божай Ружанцовай дзейнічаў увесь час, аднак пры савецкай уладзе не быў залічаны да помнікаў архітэктуры.

Архітэктура правіць

 
Бакавы фасад

Буйнамаштабная трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з трансептам і пяціграннай апсідай (даўжыня 58 м, вышыня 48 м, шырыня 35 м); нартэкс вынесены перад галоўным фасадам у самастойны нізкі аб’ём. У складанай шматпланавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць две тэлескапічныя шмат’ярусныя вежы. Іх дынамічны вертыкальны рух, бакавыя ступеньчатыя контрфорсы-сценкі, круглае вітражнае акно-«ружа» галоўнага фасада, глыбокі стральчаты ўваходны праём, пінаклі даху выклікаюць асацыяцыі з гатычным храмам. У аснове архітэктурнага рашэння геаметрызаваныя аб’ёмы, разнастайнай канфігурацыі вокны ў плоскіх ліштвах, шырокія лапаткі. Каларыстычны эфект будынку заснаваны на спалучэнні паліхромнай бутавай муроўкі сцен і пабеленых атынкаваных ступеньчатых атыкаў, плоскасці галоўнага фасаду, васьмігранных завяршальных ярусаў-вежаў, элементаў архітэктурнага дэкору (ліштваў, прафіляваных карнізных паясоў).

У 1954 г. касцёл быў пафарбаваны ўнутры, у 1986 г. — звонку.

Інтэр’ер правіць

 
Інтэр’ер

Зала перакрытая дашчаным атынкаваным цыліндрычным скляпеннем, спічастым у сячэнні, на падпружных арках, апсіда — гранёнай конхай. Сяродкрыжжа перакрыта каробчатым скляпеннем на перасечаных велічных спічастых арках. Бакавыя навы маюць эмпоры. Пры ўваходзе галерэя хораў з філянговым парапетам.

Усё размалявана расліннай арнаментыкай у стылі мадэрн. На сценах сяродкрыжжа намаляваны сцэны «Апошняя Вячэра» (на левай сцяне) і «Унясенне ў пячору» (на правай).

 
Уручэнне ружанца святому Дамініку. Абраз XVIII ст.

Інтэр’ер упрыгожаны ансамблем высокамастацкіх стукавых алтароў з элементамі ракайльнай арнаментыкі і скульптурным стафажам. У базіліцы пяць алтароў у стылі барока, якія захаваліся ад старога касцёла, і яшчэ адзін, «пахавальны», з абразом св. Францішка з Асізі, знаходзіцца пад правай вежай. Галоўны алтар аднаярусны, вырашаны ў выглядзе трыфорыума, завершанага фігурамі Пана Езуса і анёлаў. У цэнтры змешчаны абраз сярэдзіны XVIII ст. (імаверна, сюды ён трапіў з кармеліцкага кляштара ў Калесніках) — Маці Божая перадае шкаплер генералу кармелітаў Сымону Стоку. Па баках усталяваны абразы св. Марыі Магдалены (злева) і св. Тэрэзы ад Крыжа (справа). Два драўляныя двух’ярусныя алтары стаяць пры вуглах травеі сяродкрыжжа: злева — алтар св. Антонія з абразом «Зняцце з Крыжа» наверсе (на менсе алтара ўсталяваны невялікі абраз Езуса са шматлікімі вотамі), справа — св. Юрыя з абразом Пана Езуса ў цярновай кароне ў другім ярусе. Яшчэ два двух’ярусныя алтары — св. Юзафа (злева) і Маці Божай Ружанцовай (справа), дзе Багародзіца перадае ружанец св. Дамініку, а Яе фігура абведзена вянком з кветкавых бутонаў, у сярэдзіне якіх намаляваны сюжэты ўсіх пятнаццаці ружанцовых таямніц (у другім ярусе алтара знаходзіцца абраз святых апосталаў Мацвея і Фамы) — усталяваны ў капліцах, зробленых у крылах трансепта. Над нартэксам знаходзяцца арганныя хоры, раскрытыя ў малітоўную залу велічнай спічастай аркай.

Абразы «Зняцце з крыжа» (2-я палавіна XVIII ст.), «Іосіф з посахам» (XVIII ст.), «Ісус з прыладамі пакут» (мяжа XVIII—XIX ст.), «Марыя Магдаліна» (пачатак XIX ст.), алтарны абраз «Цуд Георгія аб змеі» (1-я палавіна XIX ст.).

Літаратура правіць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. ISBN 985-11-0199-0
  • Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915—1940 гг. — Вільня: ЕГУ, 2008. — С. 81—84. — ISBN 978-9955-77-13-9.

Спасылкі правіць