Касцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў (Віцебск)

Касцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў — страчаны помнік архітэктуры XVIII стагоддзя ў Віцебску. Знаходзіўся ў Задзвінні, на рагу Полацкай і Піярскай вуліц[1]. Твор архітэктуры барока. Пасля ліквідацыі кляштару ў другой палове XIX стагоддзя ўлады Расійскай імперыі зруйнавалі кляштарны корпус. У 1950-я гады савецкія ўлады зруйнавалі касцёл.

Каталіцкі храм
Касцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар піяраў
Viciebsk, Zadźvińnie, Połackaja-Pijarskaja. Віцебск, Задзьвіньне, Полацкая-Піярская (S. Jurkoŭski, 1900).jpg
55°13′ пн. ш. 30°13′ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Віцебск
Канфесія Каталіцтва
Ордэнская прыналежнасць піяры
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Андрэй Свіршчэўскі, Ганна з Лапаў
Дата заснавання XVIII стагоддзе
Дата пабудовы 1751 год

Комплекс складаўся з касцёла, кляштарнага корпуса, службовых пабудоў і мура з брамай.

ГісторыяПравіць

Манахі ордэна піяраў пасяліліся ў Віцебску ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў часы караля Аўгуста III. У 1751—1753 гадах Андрэй Свіршчэўскі з жонкай Ганнай з Лапаў перадалі айцам-піярам плошчы ў Віцебску і фундавалі мураваны касцёл і драўляны кляштар. Пазней на кляштар ахвяравалі Пацеі, Міклаевічы, Мікошы.

Піяры ўтрымлівалі пры кляштары школу з 5 класаў, дзе выкладалі польскую і лацінскую мовы, арыфметыку, геаграфію, гісторыю, геаметрыю, фізіку, паэзію, рыторыку, права, філасофію. Навучаліся ў школе задарма. Пры калегіуме існаваў канвікт (інтэрнат). Навучэнцы ставілі тэатральныя пастаноўкі: у 1765 годзе — трагедыю Ю. Кушаля «Артаксар»[2].

Прэфектамі калегіума былі Ян Лапацінскі (1755), Ян Сіпко (1756), сын віцебскага суддзі Ян Гурко (1758), Лявон Ігольнік (1759), Андрэй Сіпко, Сяргей Сіпко (1762), сыны мірскога суддзі Антон Карніцкі (1766) і Алаіз Карніцкі (1769), Іосіф Вяшчынскі (1767). Доўгі час прафесарам быў ксёндз Аляксандр Галгоўскі, мінскі шляхціц, які 16-гадовым уступіў у Любяшове ў ордэн піяраў і скончыў мясцовы калегіум. Філасофію і логіку выкладаў вядомы мысліцель Анёл Доўгірд, манах ордэна піяраў з 1791 года.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе касцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1785 годзе на просьбу Р. Пацёмкіна калегіум перавялі ў Дуброўна, дзе размясцілі ў скасаваным бернардзінскім кляштары. У Віцебску засталіся 2 ксяндзы для вядзення набажэнстваў і прыгляду за касцёлам. У 1799 годзе манахі-піяры былі адкліканы з Дуброўна архібіскупам Станіславам Богушам-Сестранцэвічам.

У пачатку XIX стагоддзя ў Віцебску аднавілася пастырская дзейнасць піяраў ксяндзом Іосіфам Астроўскім. У асобных дамах учынілі канвікт (пансіён) і інтэрнат для збяднелых вучняў. Сканчэнне піярскага калегіума давала права на паступленне ва ўніверсітэт.

У 1822 годзе кляштар быў скасаваны, калегіум перавялі ў Полацк, дзе на яго базе стварылі вышэйшае піярскае вучылішча.

Касцёл перадалі лютэранскай грамадзе, кляштарныя будынкі зруйнавалі. У канцы XIX—пачатку XX стагоддзяў будынак касцёла перабудавалі: дадалі аб’ём з боку галоўнага фасада.

За савецкім часам улады зачынілі кірху. У Другую сусветную вайну помнік атрымаў нязначныя пашкоджанні. У 1950-я гады савецкія ўлады зруйнавалі касцёл.

АрхітэктураПравіць

КасцёлПравіць

Касцёл з’яўляўся помнікам архітэктуры позняга барока. Буйнамаштабная дзвюхвежавая 1-нефная крыжова-купальная базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Вежы завяршаліся фігурнымі купаламі. Над сяродкрыжжам узвышаўся купал. У касцёле было 6 вокнаў, у барабане купала — 4.

Усярэдзіне касцёла падлога была з цэглы, у сакрысціях — з дошак. На адной з вежаў віселі званы і быў уваход на хоры, дзе стаяў арган на 9 галасоў. Інтэр’ер упрыгожвалі 3 алтары: Маці Божай Шкаплернай, Ісуса Хрыста і Святога Іосіфа[3].

Іншыя пабудовыПравіць

Насупраць калегіуму стаяў будынак канквікта з ганкам, збудаваны на каменныя падмурку з дрэва, ашаляваны і накрыты гонтам. У ім знаходзілася 12 пакояў і вялікая зала, прызначаная музея. У асобным пакоі размяшчалася бібліятэка, якая налічвала 1900 тамоў. Непадалёк ад канквіта стаяла афіцына.

Архітэктурны комплекс кляштара апісаны «візітай» 1818 года. На ўчастку акрамя касцёла месціліся будынкі кляштара, канвікта, флігеля для чэлядзі, гаспадарчыя пабудовы: стайня, карэтная, свіран, хлявы; меўся агарод. У будынку канвікта было 12 пакояў і зала музея з лабараторыямі. 4 пакоі займаў рэктар, столькі ж выхавальнікі і прэфект; астатнія прызначаліся пад класы. У чалядным драўляным флігелі жылі арганіст, эканом і парабкі[3].

Зноскі

  1. на месцы дома пад адрасам вуліца Камсамольская №9/22
  2. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 136.
  3. 3,0 3,1 Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 400

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць