Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Ішчална (Шчучынскі раён). Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1758 г.
Славутасць | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
53°39′54″ пн. ш. 24°52′38″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Ішчална |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | позняе барока |
Будаўніцтва | 1755—1758 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000631 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Архітэктура
правіцьХрам уяўляе сабой аднанефны дзвюхвежавы з пяціграннай апсідай і сакрысціямі храм. Дамінуючае становішча ў аб'ёмнай кампазіцыі займае галоўны фасад. Яго вузкую цэнтральную плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асноўнага аб'ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя фасады будынку завершаныя карнізам і расчлянёныя ў верхняй частцы двума радамі лучковых акон.
Побач з касцёлам у XIX ст. пабудавана аднаярусная званіца.
Інтэр'ер
правіцьІнтэр'ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Асноўны аб'ём і апсіда перакрыты драўляным лучковым скляпеннем. Сцены дэкарыраваныя тонкімі спаранымі лапаткамі, завершаныя шырокім карнізам. Над бабінцам паміж аб'ёмамі вежаў ступеньчатыя ў плане хоры. Тры алтары і амбон выкананыя ў стылі ракако. Галоўны алтар двух'ярусны. Першы ярус, устаноўлены на высокім цокалі, падзелены калонамі карынфскага ордара на тры часткі, аддзелены ад другога яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры другога ярусу — картуш з люнетам, па баках жывапісныя панэлі і дэкаратыўныя вазы. Два бакавыя алтары формай і дэкорам нагадваюць галоўны, але крыху меншыя за яго, увянчаныя скульптурнымі кампазіцыямі. Амбон хвалепадобнай формы, дэкарыраваны ляпнымі ракайлямі, скульптурнай кампазіцыяй на біблейскія тэмы.
Сонечны гадзіннік
правіцьЗ паўднёвага боку Траецкага касцёла знаходзіцца сонечны гадзіннік. Ён уяўляе сабой круглы абцясаны пастамент з каменю вышынёй каля 1 м і дыяметрам каля 0,5 м. Двума стальнымі стрыжнямі да яго прымацавана медная круглая пласціна дыяметрам 0,3 м. Трохвугольная стрэлка напалову зламаная. На пласціне выгравіраваны: цыферблат, прозвішча майстра (J. Malecki), месца вырабу (Wilna), геаграфічная шырата в. Ішчална (54*41"2’). Гэты гадзіннік адносіцца да класу гарызантальных сонечных гадзіннікаў з трохвугольнай стрэлкай, верхні вугал якой скіраваны на Палярную зорку. Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыферблат, часавыя дзяленні якога няроўныя між сабой[1]. Гадзіннік — цікавы ўзор дакладнае механікі, вырабленай у беларускай Вільні ў XVIII ст.
Зноскі
- ↑ lavon. Сонечны гадзіннік у в.Ішчална . Форум «Гісторыя астраноміі на Беларусі» (11 верасня 2010).
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 258-259.
- Лаўрэш Л., Круцікаў У., Пастухоў В. Сонечны гадзіннік у в. Ішчална Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Cпадчына» № 2, 2000.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ішчална) на сайце Radzima.org