Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гайна)
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Гайна Лагойскага раёна. Знаходзіўся на ўзвышаным беразе ракі Гайна. Разбураны ў сярэдзіне XX стагоддзя.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/43/Hajna%2C_Unieba%C5%ADzia%C4%87cia._%D0%93%D0%B0%D0%B9%D0%BD%D0%B0%2C_%D0%A3%D0%BD%D0%B5%D0%B1%D0%B0%D1%9E%D0%B7%D1%8F%D1%86%D1%8C%D1%86%D1%8F_%281900%29.jpg/220px-Hajna%2C_Unieba%C5%ADzia%C4%87cia._%D0%93%D0%B0%D0%B9%D0%BD%D0%B0%2C_%D0%A3%D0%BD%D0%B5%D0%B1%D0%B0%D1%9E%D0%B7%D1%8F%D1%86%D1%8C%D1%86%D1%8F_%281900%29.jpg)
Гісторыя
правіцьКаля 1386 года Уладзіслаў Ягайла заснаваў у Айне драўляны касцёл. Лічыцца, што гайненская святыня належыць да першых фундацый Ягайлы і з'яўляецца адной з сямі, якія пабудаваў на Літве вялікі князь на месцы былых паганскіх капішчаў[1]. А каралева Ядзвіга адарыла касцёл дарагім убраннем і срэбрам. Вітаўт надаў касцёлу маёнтак Кацялі з 6 вёскамі, а Ягайла — фальварак побач з Гайнай у 6 валок. Пасля бітвы пад Оршай у 1514 годзе Жыгімонт Стары стаяў тут з войскам і адбываў набажэнства ў гонар перамогі. Пры гэтым ён адарыў храм каралеўскімі дарамі, новымі ўкладамі і прывілеем з абавязкам 2 разы на год праводзіць тут імшу ў гонар князя Вітаўта[2]. Гэтую падзею апісаў граф Яўстах Тышкевіч у сваёй кнізе «Апісанне Барысаўскага павета»:
У 1514 годзе, пасля бітвы пад Оршай, Жыгімонт I прыбыў з Барысава ў Гайну да найбліжэйшага касцёла дзеля ўскладання Богу падзякавання — з войскам, са світай і з ваеннымі трафеямі. Знаходзіўся тут тры дні, адбываў жалобнае набажэнства і пахаваў дваіх слуг сваіх Станіслава Аарона і Станіслава Нізкоўскага, целы якіх былі прывезеныя з-пад Оршы; надаў плябаніі свае каралеўскія гарантыі, значна пашырыў землеўладанні касцёла дзеля таго, каб у знак памяці аб гэтай падзеі святары самі ці іх заступнікі ў кожны месяц адзін раз спявалі імшу аб Нараджэнні Найсвяцейшай Дзевы Марыі з упамінаннем двух Станіславаў, загінуўшых у бітве; нарэшце, пакінуўшы ў касцёле дары, кароль выехаў да Вільні. Той цікавы прывілей, пісаны на лаціне, датаваны Жыгімонтам у Гайне 1514 годам у першую нядзелю пасля свята Узнясення Святога Крыжа, яшчэ некалькі гадоў таму назад захоўваўся ў гаенскім архіве. Як святкавалі Аршанскую бітву . «Віртуальны музей горада Лагойска» (25 студзеня 2011). |
У 1522 годзе ў Гайне была адчыненая манастырская школа. Гэта была адна з першых школаў, адчыненых на беларускіх землях. У 1720 годзе граф Тышкевіч хацеў аднавіць састарэлы драўляны храм, але перашкодзіла смерць. І толькі ў 1781 годзе (паводле іншых звестак у 1796) князь Цыдзік (Цыдрык) пабудаваў новы мураваны храм, які быў асвячоны ў 1788 годзе біскупам (жмудзскім шуфраганам) Тадэвушам Букатым. У 1866 годзе скасаваны і ператвораны ў праваслаўную Свята-Успенскую царкву. Падчас Другой Сусветнай вайны муры касцёла былі моцна пашкоджаныя, а пасля вайны канчаткова быў узарваны сапёрамі[2].
Архітэктура
правіцьБелакаменны храм быў вырашаны ў стылі барока, уяўляў сабой 3-нефавую 2-вежавую базіліку з дзвюма пакрытымі бляхай купаламі. Унутраная прастора была падзелена 4 слупамі на 3 нефы. У інтэр'еры было ўстаноўлена 5 алтароў, у галоўным з якіх размяшчаўся абраз «Успенне», у бакавых — «Св. Казімір», «Св. Міхаіл» і іншыя. Вельмі шанаваўся абраз «Панна Марыя Гайнаўская». Срэбны крыж італьянскай работы пачатку XVI стагоддзя, падараваны касцёлу Жыгімонтам І Старым, захоўваўся ў зборы Тышкевічаў у Лагойскім палацы. Крыж прададзены прыватнай асобе тагачасным уладальнікам палаца Аскарам Тышкевічам (1837—1897)[2].
Цікавыя факты
правіць- Вікарны біскуп жамойцкі Тадэвуш (Фадзей) Букаты, які асвячаў касцёл, надаваў гайненскай святыні вялікую ўвагу, і ў старых, складзеных ім кніжках знойдзены песні аб Гайне і аб любаванні гэтымі мясцінамі[1].
- Мяркуецца, што менавіта са святкавання Жыгімонтам Аршанскай бітвы пайшла старадаўняя песня з Лагойшчыны: «Едзе-едзе Важымон!», і нават яшчэ ў мінулым стагоддзі існавала такая дзіцячая гульня[1].
Зноскі
- ↑ а б в Як святкавалі Аршанскую бітву . «Віртуальны музей горада Лагойска» (25 студзеня 2011).
- ↑ а б в Касцёльнае дойлідства // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2004. С. 386.
Літаратура
правіць- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 488 с.
Спасылкі
правіць- Як святкавалі Аршанскую бітву . «Віртуальны музей горада Лагойска» (25 студзеня 2011).
- Касцёл у вёсцы Гайна . «Віртуальны музей горада Лагойска» (25 студзеня 2011).
- Мястэчка Гайна . Radzima.org (25 студзеня 2011).