Ко́зырава, Ко́зыраўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўднёвай частцы горада, уздоўж Лібаўска-Роменскай чыгункі.

На паўночны захад ад Козырава пачынаюцца Сенажаны, на поўнач — Серабранскія Млыны, на паўднёвым усходзе месціцца Лошыца Любанскіх[1][2].

ГісторыяПравіць

 
Царква ў Козыраве, 1944
 
Фізкультурная вуліца, 2019
 
Вуліца Сонечная, 2019

Прадмесце з’явілася ў канцы XIX—пачатку XX стст[3]. Козыравам гараджане называлі паўднёвую частку чыгуначнага пасёлка (цяпер паміж вуліцай Маякоўскага і чыгункай ад Сямёнава да камвольнага камбіната) — у гонар кіраўніка Лібаўска-Роменскай чыгункі Козырава, які стаў ініцыятарам пабудовы пасёлка і школы для дзяцей і чыгуначнікаў[4].

Жылі ў прадмесці ў асноўным рабочыя і служачыя чыгункі. Для зручнасці мясцовых жыхароў, аддаленых ад месца працы (Віленскага вакзала) быў арганізаваны прыпынак Козырава (будучая станцыя Мінск-Паўднёвы).

У пачатку XX ст. Козырава ўваходзіла ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Германаўская (цяпер Сямёнава), Пушкінская (Фізкультурная), Вялікая Марская (Велікаморская), Лібаўска-Роменская, Лошынская (Сонечная), Лібаўская (Роменская), 1-я і 2-я Лінія вуліцы, Ігуменскі тракт[5][6].

У 1919—1920 гадах у ваколіцах Козырава дзейнічала савецкая антыпольская партызанскай група, вядомая пад назвай Козыраўскія партызаны. Атрад створаны ў кастрычніку 1919 года пад кіраўніцтвам Менскага камітэта КП(б)ЛіБ. У яго ўваходзілі жыхары прыгарадных вёсак Козырава, Калядзічы, Сеніца і інш. Камандзір С. Плашчынскі. Партызаны распаўсюджвалі бальшавіцкую літаратуру, вялі агітацыю сярод насельніцтва і польскіх жаўнераў, перадавалі камандаванню Чырвонай Арміі звесткі пра праціўніка, учынялі дыверсіі на камунікацыях і лініях сувязі, атакавалі польскія войскі. Падпольны партыйны камітэт планаваў нанесці ў траўні 1920 года сіламі партызан Менскага і Ігуменскага паветаў адначасовы ўдар па варожых камунікацыях, але польская дэфензіва 27—28 красавіка 1920 года арыштавала партызан, а 7 траўня частку расстраляла (партызаны пахаваныя на Вайсковых могілках Менска, на магіле помнік).

1 чэрвеня 1922 года ў Козыраве адкрыўся канцэнтрацыйны лагер для «перамешчаных асоб»[заўв 1] Першай сусветнай вайны. Лагер займаў 9 колішніх уцалелых казармаў і вайсковых складоў, вакол агароджаны калючым дротам, агульная плошча — 6 гектараў[7].

У 1935 годзе Козырава пераназванае ў пасёлак Фрунзэ[8]. Імаверна у другой палове 1930-х гадоў бальшавікамі спалена Мікалаеўская царква. У 1935 годзе настаяцель царквы Іаан Зянюк, святары і актыўныя прыхаджане былі асуджаны да розных тэрмінаў зняволення[9]. У 1943 годзе намаганнямі протаіерэя Іаана Кур’яна ў прадмесці адбудавана царква Святога Мікалая (зруйнавана ў 1960 годзе)[10]. Ёсць звесткі, што некалі ў Козыраве існавала каталіцкая парафія[11]. У 1917 годзе адкрыліся Козыраўскія могілкі, закрытыя ў 1967 годзе.

Знос дамоў прадмесця адбываўся ў сярэдзіны 1960-х гадоў і значна актывізаваўся ў 2000-я[3].

У наш час пра Козарава нагадвае Козараўская вуліца, захаваліся Козыраўскія могілкі.

Старыя адрасыПравіць

  • Пушкінская. Машынабудаўнічы завод «Тэхнолаг», заснаваны ў 1897 годзе інжынерамі І. Залкіндам і Г. Вільбушэвічам. Вырас з інжынерна-механічнай майстэрні. Месціўся ў камяніцы з прыбудовамі для кузні і паравога катла. У 1900 годзе тут вырабляліся станкі для апрацоўкі драўніны, машыны для млыноў і маслабойкі, выконваліся разнастайныя кацельныя і рамонтныя працы. Да 1913 года завод распачаў вытворчасць турбін і машын для вінакурных прадпрыемстваў. Тэхнічнае і электратэхнічнае бюро на заказ ажыццяўляла мантаж абсталявання і выпісванне машын на іншыя прадпрыемствы. Завод размяшчаўся ў раёне цяперашняй Фізкультурнай вуліцы, там, дзе яна набліжаецца да чыгункі (будынкі № 11, 11а)[12].

ЗаўвагіПравіць

  1. «Перамешчаныя асобы» — асобы, што добраахвотна ці прымусова пры наступленні нямецкіх войскаў у часе Першай сусветнай вайны эвакуяваліся ўглыб Расійскай імперыі. Пры захаванні дакументаў, якія даказвалі факт іхнага пражывання на тэрыторыі Польскай Рэспублікі, яны мелі права вярнуцца на дамоў цераз лагер.

ЗноскіПравіць

  1. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 196—197.
  2. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 550—551.
  3. 3,0 3,1 Беларускі архіў вуснай гісторыі. Гісторыя Мінска і яго ваколіц у памяці сведак часу. nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 13-5-2019. Праверана 13-5-2019.
  4. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 229.
  5. Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў XIX — пачатку XX стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  6. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.
  7. Лукашук А., 2005, с. 82
  8. Минск : энциклопедический справочник, 1983, с. 193
  9. Біруля Уладзімір Вікенцевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  10. к // Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. С. 268—269.
  11. Харэўскі С. Колькі шчыгулаў да разумення сучаснага Мінску, «Беларускі калегіум»
  12. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 242—243.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць