Даўжыня цела 16—18 см, размах крылаў 27—30,5 см. Выразны палавы дымарфізм. Абедзве часткі дзюбы скрыжаваныя, прычым даўжыня дзюбы значна большая за вышыню каля асновы. Самец матава-чырвоны, самка матава-алiўкава-зялёная. Маладыя падобныя да самкі, але ніз цела ў рыскi. Падобны да сасновага крыжадзюба, але з больш далікатнай будовай і больш тонкай дзюбай.
Гняздо ладзіць на высокім хваёвым дрэве (часта елцы), якое стаіць асобна або недалёка ад ляснога масіву, звычайна ўверсе кроны каля ствала ці недалёка ад яго ў развілцы бакавых галін (звычайна пад прыкрыццем іншых). Аснова з няшчыльна ўкладзеных галінак хваёвых дрэў і кавалкаў кары. Знешняя частка з травы, моху і лішайніка, унутраная — з моху і траў. Высцілка з сухіх траў, воўны, лішайнікаў і пер’я.
Яйкі (3—4, часам 2—5) крыху падоўжаныя, з тупым вузейшым канцом, белаватыя, крэмавыя, зеленаватыя або шэра-блакітныя; дробныя плямкі і рысачкі цёмна-пурпуровыя ці вішнёвыя (звычайна больш густыя на шырокім канцы). Глыбокія плямкі фіялетава-шэрыя або цялесна-ружовыя.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.