Леанард Падгорскі-Аколаў

Леанард Падгорскі-Аколаў (пол. Leonard Podhorski-Okołów, псеўданімы Elpe, L.P.-O; 21 снежня 1891, маёнтак Рым Слуцкага павета (цяпер — Рымя Капыльскага раёна) — 4 студзеня 1957, Варшава) — польскі паэт і перакладчык, даследчык творчасці Адама Міцкевіча[2][3][4].

Леанард Падгорскі-Аколаў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 21 снежня 1891(1891-12-21)[1]
Месца нараджэння Рымя Слуцкага павета
Дата смерці 4 студзеня 1957(1957-01-04)[1] (65 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, гісторык
Узнагароды
афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы
Магіла Леанарда Падгорскага-Аколава на Старых Павонзках

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Сын Яна і Стэфаніі з Бабіцкіх. Бацька яго таксама займаўся паэзіяй.

У 1906-09 гадах вучыўся ў гімназіі Войцеха Гурскага ў Варшаве. Скончыў урадавую гімназію ў Пярну. У 1912 годзе пачыў вучыцца на факультэце паланістыкі ў Львоўскім універсітэце, але вучоба была перапынена пачаткам Першай сусветнай вайны. Ён быў прызваны ў расійскую армію, служыў у Нясвіжы, з 1917 у Бабруйску ўступіў у Польскі корпус пад ачольствам генерала Юзафа Доўбур-Мусніцкага. Пасля роспуска корпуса перабраўся ў 1918 годзе ў Варшаву як афіцэр палка «Дзеці Варшавы». Вайсковую кар’еру завершыў ў 1922 годзе, стала пасяліўся ў Варшаве. Да 1939 года працаваў у гарадской адміністрацыі як кіраўнік культурнага аддзела.

З 1945 года быў членам рэдакцыйнага камітэта выдання збора твораў Адама Міцкевіча, у 1952-54 гадах супрацоўнічаў з Інстытутам літаратурных даследванняў, збіраў матэрыялы для «Слоўніка міцкевічаўскіх рэаліяў».

У 1955—1957 гадах быў дырэктарам Музея літаратуры Адама Міцкевіча ў Варшаве.

З 1945 года быў членам Саюза польскіх літаратараў.

У 1956 годзе быў адзначаны Афіцэрскім крыжом Ордэну Адраджэння Польшчы[4].

Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве [5] (участак 81-6-14).

Паэтычная творчасць

правіць

Галоўнай крыніцай натхнення Падгорскага была паэзія рускага сімвалізму і творчасць Адама Міцкевіча. Дэбютаваў у 1911 годзе з вершам "Z cyklu «O zachodzie» (апублікаваны ў часопісе «Świat», № 42).

Неўзабаве выдаў першы зборнік вершаў «Сонечны смех» (Львоў, 1912).

Уваходзіў у авангардную паэтычную групу «Скамандар» і апрача вершаў у часопісе з такой жа назвай друкаваў артыкулы па тэорыі вершаскладання.

У 1923 годзе выходзіць яго новая паэтычная кніга «Дарога да Эмаус», вершы ў якой поўніліся пачуццём элегічнай самотнасці і рэлігійнымі перажываннямі. Падгорскі-Аколаў у сваіх вершах выводзіў проста нечуванага на той час «героя эпохі» — ён выводзіў на вуліцу сучаснага яму горада Хрыста з Яго адвечнай самотай і непазнанасцю[6].

У 1924 годзе Падгорскі-Аколаў выдае ў Вільні ў друкарні Хамінскага яшчэ адзін адметны зборнік — «Беларусь», прысвечаны настальгічным успамінам па пакінутай Бацькаўшчыне (Случчына, як вядома, на той час уваходіла ў склад Савецкай Беларусі). Літаратуразнаўца Мікалай Хмяльніцкі такім чынам характарызуе гэты цыкл: «У многіх творах Л. Падгорскага-Аколава з цыкла „Беларусь“ успаміны з часоў дзяцінства лакалізуюцца ў канкрэтных тапаграфічных назвах (Капыль, Слуцк, Навагрудак, Нясвіж, Ашмяны і інш.), якія з’яўляюцца свайго кшталту сімваламі роднай зямлі, алегорыяй гістарычна-культурнай супольнасці народаў, якія спакон вякоў жылі на гэтай тэрыторыі. Аўтар параўноўвае бацькоўскі край з іншымі вядомымі краінамі і гарадамі Еўропы і робіць наступную выснову: яго радзіма не горшая за іншыя славутыя мясціны і ў сучаснай сітуацыі з’яўляецца „абяцанай зямлёй“, страчаным раем»[7].

Пазней паэт дапісаў да яго яшчэ некалькі вершаў. Яны былі надрукаваны як дадатак («Навагрудскі цыкл») да цыкла «Беларусь» у выданні яго выбраных твораў (Варшава, 1960): «Туганавічы», «Тракт пад Нясвіжам», «Граніца (на шашы слуцкай)», «Шлях з Наваельні да Навагрудка».

Сцвердзіўся як знакаміты перакладчык паэзіі рускага мадэрнізму і авангарду: у 1923 годзе пабачыла свет анталогія «Новая расійская паэзія», якая адыграла пераломную ролю ў гісторыі ўспрыняцця расійскай паэзіі ў Польшчы. Там упершыню ў перакладах Падгорскага-Аколава былі прадстаўлены творы Г. Ахматавай і М. Цвятаевай, А. Блока, Ф. Салагуба, С. Ясеніна.

Міцкевічазнаўца

правіць

Праніклівы даследчык творчасці і біяграфіі Адама Міцкевіча. з’яўляецца заснавальнікам аўтабіяграфічнага падыходу ў міцкевічазнаўстве першай паловы ХХ ст.

Падгорскі-Аколаў першы з даследчыкаў звязаў паэтычнае Сапліцова з рэальнымі Туганавічамі, абгрунтаваўшы свае довады шматлікімі назіраннямі над тэкстам і біяграфічнымі крыніцамі. Найцікавейшымі з’яўляюцца і яго высновы адносна прататыпаў персанажаў «Пана Тадэвуша». Паводле даследчыка, такія персанажы, як Граф і ксёндз Робак, або Яцак Сапліца, маюць складаныя прататыпы, якія сінтэзуюцца з розных рэальных асоб. «Даследаванне такога кшталту надзвычайна канкрэтызавала і насычала рэальнымі дэталямі спасціжэнне творчасці Адама Міцкевіча, набліжала яе ўспрыняцце да той рэчаіснасці, у якой гэтая творчасць выспела і нарадзілася.»[8]

Першым адкрыў сапраўдную дату і месца нараджэння Яна Чачота.

Апублікаваныя кнігі

правіць
  • Słoneczny śmiech (1912)
  • Droga do Emaus (1923)
  • Białoruś. Poezje (1924)
  • Realia mickiewiczowskie (1952)

Беларускія пераклады

правіць

На беларускую мову яго асобныя творы пераклалі М. Гайдук, М. Кавыль, А. Лойка, Я. Семяжон.

Зноскі

правіць
  1. а б Leonard Okołów-Podhorski // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т.11. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2000. — С. 493.
  3. Падгорскі-Аколаў Леанард. Беларусь у асобах і падзеях.
  4. а б Polski Słownik Biograficzny. T. XXIII. — Warszawa, 1978. — С. 689-690.
  5. Zdjęcia grobu poety. mojecmentarze.blogspot.com..
  6. Ірына Багдановіч. Дарога да Эмаус. Наша вера (16 ліпеня 2006).
  7. Мікалай Хмяльніцкі Матыў памяці і тэма Беларусі ў міжваеннай паэзіі Леанарда Падгорскага-Аколава // Вестник Минского государственного лингвистического университета. — 2020. — Т. 6. — № 128-134.
  8. Ірына Багдановіч Леанард Падгорскі-Аколаў - міцкевічазнаўца і паэт // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта. — 2002. — С. 41-47.

Спасылкі

правіць