Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (Ліда)

(Пасля перасылкі з Лідскі кляштар кармелітаў)

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў — колішні мураваны рымска-каталіцкі культавы комплекс у Лідзе. Размяшчаўся на рагу Віленскай і Каменскай вуліц, знаходзіўся ў цэнтры горада, насупраць Фарнага касцёла. Зараз прыкладна там, дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа, а на тым месцы, дзе быў касцёл, праходзіць паўднёвая праезджая паласа вуліцы Ленінскай.

Славутасць
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў
Паўразбураны касцёл. 1900
Паўразбураны касцёл. 1900
53°53′24″ пн. ш. 25°18′08″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Ордэнская прыналежнасць кармеліты
Будаўніцтва 1714
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

20 мая 1672 года кармеліты атрымалі ад лідскага войскага Адама Нарбута і яго жонкі Кацярыны пляц для касцёла. Касцёл і кляштар фундаваў Мікалай Рыла[1], шмат хто з шляхты і гараджан надавалі кармелітам землі, пляцы ў горадзе і грошы. У 1684 г. фундушы былі зацверджаны каралём Янам III Сабескім[2].

Толькі 5 верасня 1714 г. касцёл быў асвечаны віленскім біскупам Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім пад вызваннем Найсвяцейшай Марыі Панны і Св. Альберта. Мяркуецца, што касцёл пацярпеў падчас Паўночнай вайны, і гэта зацягнула будаўніцтва.

У канцы XVII ст. манахаў было 6-7 чалавек, затым іх колькасць была рознай, дасягала 14[2].

У XIX ст. першы паверх кляштара выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў. Тут месціліся павятовы архіў, каса і нават суд з канцылярыяй. Перад вайной 1812 г. трапезную кляштара забралі пад царкву рускага драгунскага палка[ru], генерал Корф забраў кляштарны даходны дом[2].

 
План кляштара. 1843

Візітацыя 1818 г. сцвярджала, што «кляштар патрабуе поўнага рамонту», а некаторыя памяшканні абрынуліся. Удалося адрамантаваць фасад, гзымсы і дахі, але 20 траўня 1826 г. пажар знішчыў дах і пашкодзіў скляпенні, знішчыў шпіталь. Пасля пажару дах касцёла пакрылі саломай, якую часта зрывала ветрам. Касцёл стаяў занядбаны[2].

Стан маёнткаў кармелітаў вядомы толькі з XIX ст. Напрыклад ў 1810 г. фальварак Зарэчча быў павінен штогод прыносіць 252 руб. прыбыткаў. Гэты фальварак складаўся з жылога дома, гаспадарчых пабудоў і гарода, фальварку належалі вёскі Навасёлкі (там жылі 3 мужчыны), Лайкоўшчына (7 жыхароў), Паддубна (17 жыхароў) і некалькі валок зямлі. Пасля скасавання ордэна, фальварак перададзены ў дзяржаўны скарб[2].

Фундушовыя грошы мелі прыносіць прыбыткі ў якасці адсоткаў з капіталаў. Але фундушу на ўтрыманне школы кляштар не меў, пры тым часамі навучаў хлопчыкаў з бедных сямей; шпіталь утрымліваўся на ўзносы дабрадзеяў. Як належыць у кармелітаў, пры кляштары існавала брацтва Шкапулярыя. Бібліятэка мела больш за сто тамоў, пераважна тэалагічнай літаратуры. У 1829 г. пабудавана новая званіца[2].

 
Касцёл у пачатку XX ст.

У 1832 г. кармеліцкі кляштар ужо нядзейсны. Касцёл прастаяў без перабудоў да закрыцця яго царскім указам ад 6 верасня 1835 года[2]. Выкананыя ў 1840 г. абмеры сведчыць, што касцельныя скляпенні ўжо не існавалі. У 1845 г. будынак кляштара быў перароблены на вайсковы шпіталь, касцёл быў кінуты і разбураўся. У 1851 г. кляштар апісваўся як кінуты і разбураны. У 1858 муры святыні «ледзь трымаліся»[2].

У 1908 г. касцёл быў разабраны, хоць муры ўсё яшчэ стаялі да узроўню даху. Цэгла выкарыстоўвалася для будаўніцтва кашараў Паўночнага вайсковага гарадка, кляштар занялі вайскоўцы. Пад час нямецкай акупацыі 1915-18 гг. у будынку былога кляштара месціўся салдацкі клуб[2].

З 1927 г. ў будынку былога кляштара размясцілася староства Лідскага павета, праводзіліся розныя грамадскія пасяджэнні. У 1938 г. распачалі рэстаўрацыю муроў, будынку знутры быў вернуты яго архітэктурны стыль, на калідорах першага паверха адноўленыя столі, зроблены новы ўваход[3].

У час Вялікай Айчыннай вайны, у 1941 г., будынак былога кармеліцкага кляштара згарэў, але сцены яго стаялі да пачатку 1950-х гг.[4], пасля чаго знесены.

Архітэктура правіць

З візіта 1820 г. вядома, што кляштар — двухпавярховы будынак, які меў форму літары «L» з паўночным і ўсходнім крыламі, з аднапралётным размяшчэннем памяшканняў і калідорам са двара. Ён прылягаў да сакрысціі касцёла з поўдня і быў тынкаваны толькі з боку вуліцы[5], крыты гонтай. На другім паверсе было 7 жылых памяшканняў і склады. Каля кляштара ў бок рэчкі знаходзіўся агарод і гаспадарчыя пабудовы[2].

Касцёл быў арыентаваны фасадам на ўсход, тынкаваны і выбелены знутры і звонку, у плане меў форму крыжа даўжынёй 44,5 і шырынёй 17,5 локця, пакрыты дахоўкай, над вялікім алтаром меўся купал з сігнатуркай. Бязвежавы фасад падзелены прамымі пілястрамі, меў трохкутны шчыт. Бакавыя фасады таксама былі падзеленыя пілястрамі і мелі вялікія вокны. Мелася 11 вокнаў з белага шкла і 6 алтароў[2].

Вялікі алтар сніцарскай работы быў пазалочаны, тут размяшчаліся абраз Маці Божай, маляваны на палатне, над ім — абраз Найсвяцейшай Тройцы, а яшчэ вышэй статуя Св. Іллі. Паміж верхняй і ніжняй частай алтара знаходзілася месца для «хора манахаў, дзе былі лаўкі сталярнай работы на 20 асобаў і пазалочаны амбон». Другі алтар Пана Езуса ўкрыжаванага, сніцарскай работы «на чорнай структуры», пазалочаны. Вышэй, на другім узроўні гэтага алтара меўся абраз Св. Сымона Стока. Трэці алтар Маці Божай Шкаплернай (Шкапулярнай). Чацвёрты алтар Св. Іллі сніцарскай работы, пакрыты лакам. Тут быў абраз Св. Іллі ў пазалочанай раме, маляваны на палатне, вышэй, на другім узроўні — абраз Св. Яна Непамуцэна. Пяты алтар Св. Іосіфа Абручніка. Абраз святога ў пазалочанай раме маляваны на палатне і, вышэй, на другім узроўні — абраз Св. Антонія Падуанскага. Шосты алтар Св. Тэрэзы. Абраз святой ў пазалочанай раме, маляваны на палатне, вышэй, на другім узроўні — абраз Св. Марыі Магдалены[2]. Алтары Маці Божай Шкаплернай і Св. Іосіфа знаходзіліся у асобных капліцах.

Касцёл меў сакрысцію і скарбніцу, дзе потым знаходзіўся земскі павятовы архіў. Пад касцёлам месціліся мураваныя крыпты для пахавання законнікаў, але ў акце візітацыі 1830 г. напісана, што касцельныя лёхі для гэтай мэты не ўжываюцца[2].

У касцёле стаялі чатыры канфесіяналы. У званіцы былі чатыры званы, самы вялікі важыў 30 пудоў, другі — 15, трэці — трохі болей за 1 фунт. У сігнатурцы меўся звон, які важыў 4 фунты. У самім касцёле 4 мшальныя званочкі. Званіца стаяла на невялікіх могілках, якія межавалі з кляштарным дзядзінцам. У 1829 г. была пабудавана новая званіца, якая стаяла на чатырох дубовых слупах і мела тры званы[2].

Зноскі

  1. Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 171.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н Лаўрэш Леанід. Лідскія касцёлы // Летапісец 4(64)-2014.
  3. Лаўрэш, Л. Л. Шпацыры па старой Лідзе — Гродна: «ЮрСаПрынт», 2020. — 342 с. — ISBN 978-985-7134-92-2
  4. Падарожжа па старадаўніх вуліцах Ліды. 21 ліпеня 2016
  5. Pyzel Konrad. Kosciol p.w. Najsw. Marii Panny i Sw. Alberta oraz klasztor karmelitow trzewiczkowych w Lidzie // Koscioly i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. Krakow, 2008. T. 2., cz. III. S. 172.

Спасылкі правіць