Узвышша (літаратурнае аб’яднанне)

Літаратурнае аб'яднанне Беларусі

«Узвышша» (Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша») — аб'яднанне беларускіх пісьменнікаў, якое існавала з 26.5.1926 па снежань 1931. Было заснаванае групай былых сяброў літаб'яднання «Маладняк» (гл.далей: гісторыя, праграма).

«Узвышша»
Адміністрацыйны цэнтр Менск
Юрыдычны статус Грамадскае аб’яднанне
Мэта Стварэнне школы літаратурнага мастацтва
Тып арганізацыі Літаратурнае
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларуская ССР
Кіраўнікі
Старшыня Кузьма Чорны
Скарбнік Кандрат Крапіва
Сакратар Адам Бабарэка
Заснаванне
Дата заснавання 26 мая 1926
Ліквідацыя
Дата скасавання снежань 1931
Асноўныя асобы Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча
Даччыныя арганізацыі Часопіс «Узвышша»
Папярэднік «Маладняк»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Часопіс Узвышша № 1

Члены аб'яднання: К. Чорны (старшыня), К. Крапіва (намеснік старшыні), А. Бабарэка (сакратар), З. Бядуля, П. Глебка, С. Дарожны, У. Дубоўка, М. Лужанін, Я. Пушча, В. Шашалевіч, Т. Кляшторны, Ф. Купцэвіч, Л. Калюга, А. Мрый (А. Шашалевіч), К. Кундзіш (К. М. Якаўчык), А. Адамовіч, Ю. Віцьбіч[1]. Аб'яднанне выдавала літаратурны часопіс «Узвышша» (1927—1930), зборнікі творчасці сваіх сяброў.

Праграма

правіць

На ідэйна-мастацкую платформу аб'яднання зрабіла станоўчае ўздзеянне літаратурная група «Перавал», якое працавала ў Маскве і выставіла лозунг барацьбы за высокую эстэтычную культуру творчасці. У праграмна-палемічным дакуменце «Камунікат беларускага літаратурна-мастацкага аб'яднання „Узвышша“» (1926) стваральнікі абвяргалі спробы сваіх літаратурных праціўнікаў дыскрэдытаваць новую літаратурную арганізацыю, беспадстаўна абвінавачваць яе ў ідэалізме, эстэцтве, «ліквідатарстве» i дробна-буржуазнай ідэалогіі. На думку заснавальнікаў, агульнаасветніцкі i палітычна-прапагандысцкі кірунак літаратурнай арганізацыі, непазбежны «ў кругабезе агітацыі за развіццё беларускай культуры», траціў сваю мэтазгоднасць, бо час патрабаваў дыферэнцыяцыі i выразнай спецыялізацыі — «палітасвета для палітасветных устаноў, літаратурныя згуртаванні ― для развіцця літаратуры», што, аднак, не выключала «актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці кожнага з пісьменнікаў».

Ідэйная платформа аб'яднання была абвешчаная ў праграмнай заяве (тэзісах) «Ад беларуска літататурна-мастацкага згуртавання „Узвышша“» (1927). Заява ўключала крытычны аналіз становішча тагачаснай беларускай літаратуры (спадчыны яе заснавальнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і іншых, творчасць маладых пісьменнікаў, якія недаацэньвалі або зусім не прызнавалі літаратурную традыцыю, і не ўзнялі літаратуру на новы мастацкі ўзровень), крытыку «маладнякізму», як літаратурна-асветніцкага кірунку[2]. Дасягнуць вяршыні нацыянальнай літаратуры, на думку членаў «Узвышша», магчыма было шляхам вучобы i выхавання талентаў, пераадолення эпігонскіх тэндэнцый i стварэння арыгінальнай школы літаратурнага мастацтва праз развіццё высокай культуры мовы, арганічнае спалучэнне рэалістычных традыцый са смелым наватарствам (шырокае выкарыстанне мастацкай сімволікі, «канцэнтраваная вобразнасць», нацыянальна-спецыфічная тэматыка i жанравасць, цэласнасць i канцэптуальнасць творча-мастацкага мыслення, разнастайнасць форм i стыляў). Актыўна-пераўтваральная пазіцыя літаратуры да жыцця абазначалася паняццем «аквітызм», што сімвалізавала працэсы сацыяльна-эканамічнага i духоўнага адраджэння беларускага народа ва ўмовах сацыялістычнага будаўніцтва, азначала рухомасць, зменлівасць жыцця і літаратуры.

У артыкулах А. Бабарэкі «З літаратурных нататак», «Максім Багдановіч у літаратурных ацэнках», «Аб разуменні мастацкай творчасці і аб некаторых пытаннях у вывучэнні беларускай літаратуры» (усе ― 1927), У. Дубоўкі «Пра літаратурную мову» i «Рыфма ў беларускай народнай творчасці» (1927), К. Чорнага «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры» (1928), «Перад другім дзесяцігоддзем» (1928), «Публіцыстычныя нататкі» (1929), Я. Пушчы «Кніга лірыкі як мастацкае цэлае» (1927), «За стыль эпохі» (1929), у рэцэнзіях на творы Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага i інш. выявіліся асноўныя прынцыпы ўзвышаўскай праграмы ў дачыненні да канкрэтных пытанняў літаратурнай творчасці і спецыфічныя для гэтага аб'яднання асаблівасці крытыкі (спалучэнне агульнафіласофскага, сацыялагічнага і эстэтычнага аналізу творчасці, арыентацыя на смелы мастацкі эксперымент, пастаноўка на першы план майстэрства і таленту, пэўны ўплыў канструктывісцкіх ідэй).

Ацэнкі

правіць

Праграма аб'яднання трапіла пад крытыку, часта нядобразычлівую і тэндэнцыйную, з боку тагачасных аб'яднанняў «Полымя», «Маладняк» і «БелАПП», была рэалізавана толькі часткова, і паўплывала пераважна на крытыку і публіцыстыку (пераадоленне сацыялагічных спрашчэнняў), прозу (наватарскія пошукі К. Чорнага, З. Бядулі і інш.), сатыру (К. Крапіва) і эпічную паэзію (паэмы У. Дубоўкі), у меншай супені ― на лірыку і драматургію.

У дзейнасці аб'яднання сустракаліся неаб'ектыўныя стаўленні да «маладнякоўцаў», недаацэнка зробленага імі. Не былі паслядоўнымі адносіны да фальклору: народная творчасць асобныя пісьменнікі разглядалі як паўфабрыкат, будаўнічы матэрыял, не заўсёды ўлічвалі яе самастойную эстэтычную вартасць.

Савецкая крытыка 1930-х — пач.1950-х гг. цалкам адмаўляла значэнне «Узвышша» ў станаўленні беларускай савецкай літаратуры, адносіла аб'яднанне да варожых сацыялізму арганізацый; уклад аб'яднання ў развіццё літаратуры, мастацкай культуры i эстэтычнай думкі Беларусі быў аб'ектыўна ацэнены ў савецкім літаратуразнаўстве толькі ў 2-й пал. 1950-х — 1960-я гг.

Гісторыя

правіць

У гісторыі дзейнасці аб'яднання вылучаюцца 3 этапы. На 1-м этапе (май 1926 — снеж. 1929) аформілася ідэйна-эстэтычнае аблічча «Узвышша». Ідэя-праект (стварэнне невялікай групы таленавітых пісьменнікаў, павышэнне эстэтычнай якасці мастацкай творчасці, крытыка арганізацыйнай структуры «Маладняка») была абгрунтавана А. Бабарэкам на пасяджэнні Цэнтральнага бюро «Маладняка» (26.5.1926), дзе разглядалася заява пра выхад са складу гэтага аб'яднання. Заснавальнікі «Узвышша» — былыя сябры літаб'яднання «Маладняк» А. Бабарэка, У. Дубоўка, К. Крапіва, Я. Пушча, К. Чорны — не пагаджаліся з пралеткультаўскімі тэндэнцыямі ў «Маладняку», якія выявіліся ў недаацэнцы мастацкай спадчыны, тэорыі «калектыўнай творчасці», што вяло да занядбання літаратурнага майстэрства i прафесійнай падрыхтоўкі.

На другім этапе (студзень―кастрычнік 1930) у выніку нападак вульгарна-сацыялагічнай[3] крытыкі аб'яднанне прыняло «Пастанову літаратурна-мастацкага згуртавання „Узвышша“ пра палітычныя памылкі ў літаратурна-публіцыстычнай творчасці» (1930), у якой адзначаюцца недакладныя фармулёўкі ў асобных артыкулах Дубоўкі, Купцэвіча, Чорнага і інш., перабольшанне нацыянальнага моманту ў літаратуры, недаацэнка грамадскай працы; прызнаюцца «ідэйныя памылкі» ў паэмах «І пурпуровых ветразяў узвівы» У. Дубоўкі, «Калі асядае муць» Т. Кляшторнага, «Случчына» Лужаніна, у цыкле вершаў «Лісты да сабакі» Я. Пушчы.

У артыкуле «Пралетарскім шляхам» кіраўнікі «Узвышша» былі вымушаны адмовіцца ад «нашаніўскіх традыцый старэйшага пакалення пісьменнікаў», абяцалі разгарнуць самакрытыку, глыбей засвоіць асноўныя палажэнні марксізму-ленінізму, пераадолець у сваёй свядомасці «дробнабуржуазную сялянскую хістную псіхалогію», уключыцца ў барацьбу за калектывізацыю вёскі і ўзгадняць літаратурную дзейнасць з працай грамадскіх арганізацый. Адначасова адзначалася, што «Узвышша» дало «шэраг выдатных мастацкіх твораў, блізкіх пралетарыяту».

На 3-м этапе (1931) агульны сход аб'яднання (снежань 1931) прыняў рашэнне аб яго ліквідацыі.

Зноскі

  1. Юрка Віцьбіч называецца сябрам аб'яднання ў інфармацыйных дадатках да Ю. Віцьбіч (Стукаліч). Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. У выд. Л. Юрэвіча..
  2. Паводле думкі сяброў «Узвышша», «маладнякізм» ва ўмовах пераходу ад ваеннага камнуізму да НЭПу ўступіў у паласу ідэйна-творчага крызісу, што выразілася ў перавазе абстрактна-агітацыйнай лірыкі, застоі ў эпічным і драматычным жанрах, ва ўзнікненні ў «маладнякізме» розных плыняў: «бурапеннай» творчасці, пратакольна-дыдактычнага апісальніцтва і, нарэшце, канструктыўнай плыні «ўзвышэнства», прадстаўнікі якой імкнуліся да стварэння культурна-мастацкіх каштоўнасцей шляхам творчага засваення здабыткаў мастацкай спадчыны і паглыбленага вывучэння сучаснага жыцця. (Конан 1987)
  3. Паводле (Конан 1987).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць