Антон Яўстаф’евіч Адамовіч

Антон Яўстаф’евіч Адамовіч (26 чэрвеня 1909, Мінск — 12 чэрвеня 1998, ЗША; Псеўданімы: Альгердзіч Г., Бірыч В., Забранскі Д., Недасек Н., Склют Р., Юстапчык С.; Крыптанімы: А.Ан.) — беларускі літаратуразнавец, гісторык, публіцыст, празаік, доктар філалогіі. Сябра Рады БНР і БНП.

Антон Яўстаф’евіч Адамовіч
Антон Адамовіч. 1920-я гг.
Антон Адамовіч. 1920-я гг.
Дата нараджэння 26 чэрвеня 1909(1909-06-26)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 чэрвеня 1998(1998-06-12) (88 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці літаратуразнавец, журналіст, палітык, пісьменнік
Навуковая сфера літаратуразнаўства
Альма-матар
Партыя
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

 
Антон Адамовіч з бацькамі. 1930-я гг.
 
А. Адамовіч стаіць 3-ці злева

У 1920-я пісаў пра творчасць сучасных яму беларускіх літаратараў, у тым ліку манаграфічнае даследаванне пра творчасць М. Гарэцкага. Першая друкаваная праца — рэцэнзія на зборнік В. Маракова «Пялёсткі» («Чырвоны сейбіт», 1926). Уваходзіў у літаб’яднанне «Узвышша»[1]. Скончыў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум (1928), пачаў вучыцца ў БДУ. 25.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (гл.далей: рэпрэсіі ў БССР (19291931)). Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 г. высланы ў Глазаў, у 1934 г. пераведзены ў Вятку, дзе працаваў у навучальных установах. 21 ліпеня 1935 г. тэрмін высылкі працягнулі яшчэ на 2 гады[2]. Не выключана, што шок ад падаўжэння тэрміну высылкі быў для Адамовіча настолькі моцны, што ён падахвоціўся супрацоўнічаць з «органамі». Яго першая інфармацыйная запіска для НКВД пра настроі ў асяроддзі высланых «нацдэмаў», была напісана 25 — 26 снежня 1935 г. Што Адамовіч мучыўся ў высылцы ад дэпрэсіі, пацвердзіў падчас допыту ад 13 жніўня 1937 г. Генадзь Багдановіч:

  Падобную да гэтай размову я меў са ссыльным Адамовіч[ам] А. Я., які ў ў гутарцы са мною шкадаваў пра сваю маладосць. Я адказаў на гэта Адамовічу, што маё становішча сапраўды дрэннае, а Вам[,] маладзёнам[,] з гэтага паднагляднага становішча трэба выходзіць з тым, каб ільга было працаваць і жыць...  

[3] Арыштоўваўся зноў 25(?).6.1937[удакладніць]. Вызвалены 3 ліпеня 1938 г., вярнуўся ў Мінск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе.

 
Антон Адамовіч у высылцы. 1931

У час 2-й сусветнай вайны заставаўся ў Мінску. З ліпеня 1941 — адзін з арганізатараў выдання шэрагу беларускіх газет, часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Мінскай гарадской управе для арганізацыі выпуску газет. Адначасова з’яўляўся галоўным рэдактарам Краявога выдавецтва «Менск», кіраваў Беларускім навуковым таварыствам, працаваў у «Менскай (Беларускай) газэце». Быў членам Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы[4], выконваў абавязкі рэферэнта па справах прэсы і прапаганды Генеральнага камісарыята Беларусі[5]. У канцы 1943 пераехаў у Германію. Працаваў у газеце «Раніца» (Берлін). У лагеры для перамешчаных асоб выдаваў газету «Ведамкі», «Бацькаўшчына», часопісы «Конадні» і «Сакавік». Па вайне працаваў у Беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу[5]. Сябра Рады БНР і Беларускай незалежніцкай партыі.[6]

Напісаў рэцэнзіі на рукапіс кнігі Н. Арсенневай «Сягоння» (1944), паэму Л. Случаніна «Рагнеда» (1944), зборнік А. Салаўя «Звіняць званы Святой Сафіі» (1947) і інш. Аўтар грунтоўных прадмоў да эмігранцкіх выданняў У. Дубоўкі («Credo», 1949), Я. КоласаНовая зямля», 1952), У. Жылкі («Творы. Да 20-годдзя ўгодкаў смерці», 1953), А. Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя», 1953), Л. Калюгі («Нядоля Заблоцкіх», 1953), Я. Купалы («Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя», 1953), М. Кавыля («Пад зорамі белымі», 1955), Я. Юхнаўца («Шорах моўкнасці», 1955), М. Сяднёва («Ля ціхай брамы», 1955). Падрыхтаваў шэраг г.зв. угодкавых артыкулаў — «Каб так любілі Беларусь» (Да 15-х угодкаў смерці П. Труса), «Usievalod Ihnatouski» (Да 65-годдзя з дня нараджэння У. Ігнатоўскага), «Паўлюк Трус» (Да 25-х угодкаў смерці і 50-х угодкаў народзінаў), «Дзесятая гадавіна смерці Кузьмы Чорнага», «30-я ўгодкі заснавання „Узвышша“», «Юбілейны год: „Наша доля“, „Наша ніва“» (1956), «Да 40-годдзя савецкае літаратуры» (1956), «З нагоды 30-х угодкаў дзейнасці Рыгора Крушыны» (1957), «Да 40-годдзя Купалавага антыбальшавізму» і «Некатарыя Купалавы балады 1918 г.» (1958), «Пяцьдзесят гадоў беларускага адраджэння» (1959), «На ўгодкі Слуцкае бітвы» (1959) і інш. Надрукаваў шэраг антыбальшавіцкіх рэфератаў, артыкулаў, кніг — «Яны зноў на Беларускай зямлі» (1944), «Арыентацтва — хвароба беларуская» (1944), «Очерки истории большевизма в Белоруссии» (1954), «Саветызацыя беларускай літаратуры» (1955), «Пантэон пісьменнікаў БССР» (1959). У газеце «Бацькаўшчына» апублікаваў манаграфію «Званар Адраджэння — Вацлаў Ластоўскі» (1954). Нацыянальнай ідэяй прасякнуты такія празаічныя творы Антона Адамовіча., як «Афрадыта ОСТ», «Каханы горад» і інш.

З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода». Працягваў пісаць гісторыка-літаратурныя і крытычныя артыкулы: «Алесь Гарун: жыццё і творы» (1961), «Лірнік краіны ветлай (З успамінаў пра Міколу Равенскага)» (1961), «70-годдзе Максіма Гарэцкага» (1963), «Да пытання пра месца Францішака Багушэвіча ў гісторыі беларускай літаратуры» (1964—1965), «Да ўгодкаў Цёткі…» (1966), «Аспекты <…> творчасці Наталлі Арсеневай» (1971), «90 год Купалы й Коласа» (1972), «Успаміны <…> памяці Лявона Савёнка» (1974), «Успаміны пра Уладзіміра Дубоўку» (1976), «Наталля Арсеннева» (1979) і шмат іншых. Антона Адамовіча — аўтар шматлікіх прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі, вывучэнне яго творчай спадчыны (каля 250 прац, у тым ліку на англійскай, нямецкай і рускай мовах) яшчэ наперадзе. Адзін з заснавальнікаў БІНІМ[5].

Пахаваны на Беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі[7].

Творы правіць

  • Максім Гарэцкі: (Спробы манаграфіі аб творчасці) // Узвышша. 1928, № 1—6;
  • Большевизм на путях установления контроля над Белоруссией. Мюнхен, 1954;
  • Якуб Колас у супраціве саветызацыі: доследы і матэрыялы. Мюнхен, 1955;
  • Большевизм в революционном движении в Белоруссии: Исследования и материалы. Мюнхен, 1956;
  • Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры. Мюнхен, 1956, (англ. пераклад 1958);
  • Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча) (1981);
  • Да гісторыі беларускае літаратуры (выд. 2005).

Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНІМ) у 2003 годзе ў серыі «Беларускія пісьменнікі і паэты» выпусціў з друку новы том: «Антон Адамовіч. Творы». На 800 старонках — невядомыя працы, новыя пераклады, архіўныя дакументы. Змест збору твораў улучае найбольш важныя для асэнсавання творчасці навукоўца працы Антона Адамовіча: «Паўлюк Трус», «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры», «Так пяяў Салавей». Упершыню друкуюцца дзве Адамовічавы аўтабіяграфіі 1935 і 1941 гадоў. Том дапаўняе нарыс укладальніка кнігі Лявона Юрэвіча. У кнізе ўпершыню друкуюцца некалькі фотаздымкаў са збораў БІНІМу і прыватных архіваў.

Зноскі

  1. Узгадваецца ў ліку сяброў у інфармацыйным дадатку. Ю. Віцьбіч (Стукаліч). Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. У выд. Л. Юрэвіча..
  2. Илькевич, Н. Н. Адам Бабарека: арест — лагерь — смерть: Расправа со ссыльными белорусами в 1937—1938 гг.: Документальный очерк / Вступ. ст. Р. Ипатовой. — Смоленск: Посох, 1999. — 127 с. — С. 9. — ISBN 5-87331-009-2.
  3. Илькевич, Н. Н. Адам Бабарека… — С. 15.
  4. Туронак. Беларуская кніга…
  5. а б в Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
  6. Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
  7. РАДАЎНІЦА НА ЧУЖЫНЕ

Літаратура правіць

Спасылкі правіць