Міхась Кавыль
Міхась Кавыль, сапр. Язэп Казіміравіч Лешчанка (1 снежня 1915[2], в. Покаршаў (Покрашава), Слуцкі павет, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць — 6 красавіка 2017, Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі, ЗША[3]; Псеўданімы і крыптанімы: М. К., Я. Ляшчына, Я. Л.) — беларускі паэт, рэдактар, грамадскі дзеяч.
Міхась Кавыль | |
---|---|
Язэп Казіміравіч Лешчанка | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Язэп Казіміравіч Лешчанка |
Псеўданімы | Міхась Кавыль, М. К., Я. Ляшчына, Я. Л. |
Дата нараджэння | 1 снежня 1915 ці 1915[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 красавіка 2017 ці 2017[1] |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, рэдактар, грамадскі дзеяч |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Біяграфія
правіцьНapaдзiўcя на Случчыне. Ягоны бацька неўзабаве загінуў у войску падчас Пepшaй Сycвeтнaй вaйны, і ў мaцi засталося пяцёpa дзяцeй. Вучыўся ў Грэскай сямігодцы, пасля ў Грозаўскай, а потым зноў у Грэскай, якую скончыў у 1930. У 1930—1933 вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (Мінск). 23 лютага 1933 арыштаваны і асуджаны на 3 гады зняволення па справе «Беларускай народнай Грамады». Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе. У 1935 годзе вызвалены, жыў у Варонежы (1935—1941), дзе вучыўся ў педагагічным інстытуце, працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Камінтэрн», настаўнічаў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны на тэрыторыі СССР на Украінскім фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. Далучыўся да Саюза беларускай моладзі, скончыў прапагандысцкія курсы ў Вустраве пад Берлінам, на якіх рыхтавалі будучых кіраўнікоў СБМ, працаваў у аддзеле прапаганды ў Мінску.
З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы. Рэдактар першых трох нумароў газеты «Беларуская трыбуна», потым рэдактар не пазначаўся. У 1950-х браў актыўны ўдзел у працы Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі (БККА). Быў віцэ-старшынёй на Першым Кангрэсе беларусаў Амерыкі (11 лютага 1951). Сумесна з Янкам Золакам у 1958 г. рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Прыйсьце». Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва.
З падвоенага № 27—28 (1983) быў сталым рэдактарам часопіса «Беларуская думка», аднак, з-за праблем са здароўем рэдактарскія функцыі перайшлі да друкара і выдаўца часопіса Ж. Навумчыка.
1 снежня 2015 г. адзначыў стагоддзе, з чым яго павіншаваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Управа Беларускага інстытута навукі і мастацтва разам з віншаваннем перадала яму, ягоным сынам і ўнукам копіі старонак з англамоўнай гісторыі беларускай замежнай літаратуры брытанскага прафесара Арнольда Макміліна, на якіх аўтар апісвае літаратурныя творы Міхася Кавыля.
Памёр 6 красавіка 2017 г. у Саўт-Рыверы і пахаваны на могілках царквы Св. Еўфрасінні Полацкай.
Творчасць
правіцьДрукавацца пачаў у 1929 у газеце «Беларуская вёска». Уваходзіў у літаратурную арганізацыю «Маладняк». У 1942—1944 друкаваўся ў газеце «Раніца», потым у шэрагу эміграцыйных выданняў.
На эміграцыі выйшлі зборнікі паэзіі «Ростань», «Пад зорымі белымі», «Першая рана», «Цяжкія думы», кніга выбраных твораў «Міжагнёўе».
Займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, з украінскай пераклаў паасобныя творы Яра Славуціча, М. Рыльскага, П. Тычыны; з англійскай — Н. Гімбела , польскай — В. Гамуліцкага, Л. Падгорскага-Аколава, рускай — Б. Пастэрнака. Сумесна з Янам Пятроўскім пераклаў «Роздумы» Марка Аўрэлія.
Творы
правіцьЛітаратурныя
правіць- Ростань: Вершы. — Рэгенсбург, 1947. — 44 с.[4]
- На Парнасе // Беларуская інфармацыйная служба. — 1948. — № 21. — 1 верасьня. — С. 3—4.
- Пад зорамі белымі: Вершы. —Ню-Ёрк: [выдавецтва Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту ў Ню-Ёрку], 1954. — 70 с.
- Першая рана. — Манчэстэр: выдавецтва Беларускага Вызвольнага Руху, 1960. — 41 с.
- Цяжкія Думы: Санэты. — Саўт Рывэр: выданьне Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту, 1961. — 61 с.
- Лясная казка: [П'еса]. — Саўт Рывэр, 1967. — 6 с.
- Міжагнёўе: Выбраныя творы. — Нью Ёрк: БІНІМ, 1990. — XXI, 343 с. — (Byelorussian Poets and Writers Series; № 4).
- Мой шлях. — Grand Rapids, Mi.: «Беларускі Сьвет», 1991. — 10 с.
Публіцыстычныя
правіць- «Дзярлівая птушка» К. Акулы // Беларуская думка. — 1965. — № 8. — С. 8.
- Казённы дом і казённая дарога // Запісы БІНІМ. — 1992. — № 20. — С. 65—101.
- Мой адказ Рамановічу [Рыгору Крушыне] // Бацькаўшчына. — 1959. — № 1—2 (437—438). — С. 7[5].
Зноскі
- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 28 чэрвеня 2024.
- ↑ У літаратуры, напр. даведніках Гардзіцкага і Маракова, сустракаецца памылковая дата нараджэння — 1.11.1915, у энцыклапедыі «Беларускія пісьменнікі» у 6 т. у 3-м томе таксама памылкова — 1.2.1915 года. Праўдзівую дату 1.12.1915 пацвярджае уласнаручна запоўненая М. Кавылём анкета, альманах «Ля чужых берагоў» і зборнік «Міжагнёўе».
- ↑ Памёр пісьменнік Міхась Кавыль. Ён пражыў 101 год
- ↑ Printed with the permission of UNRRA team 906. Технічними засобами вид. С-ки «Украінське Слово». Druk: «Mittelbayerische Zeitung», Regensburg. Вокладка мастака М. Білінськага.
- ↑ Адказ на артыкул К. Рамановіча «Думкі аб паэзіі»
Літаратура
правіць- Кавыль Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Маракоў Л. На прыступках у пекла // Маладосць № 3, 2001.
- Савік Л. Калі ў сэрцы збудую храм // Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. — Мн., 2001;
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
Спасылкі
правіць- Барак Абама павіншаваў беларуса са 100-годдзем — nashaniva.by, 30.11.2015, 08:06
- Радыё Свабода. У ЗША ва ўзросьце 101 году памёр паэт Міхась Кавыль