Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508)

1507—1508

Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1507—1508 гадоў — пятая вайна паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ за ўсходнеславянскія землі. Віленскі сойм у лютым 1507 прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у час папярэдніх (1492—94, 1500—03) войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ.

Літоўска-маскоўская вайна 1507—1508 гадоў
Асноўны канфлікт: Літоўска-маскоўскія войны
Вялікае Княства Літоўскае ў XIII—XV стст.
Вялікае Княства Літоўскае ў XIII—XV стст.
Дата 1507—1508
Месца Вялікае Княства Літоўскае
Прычына Імкненне ВКЛ вярнуць страчаныя землі ў 1494—1503 землі
Вынік «вечны мір», які скончыўся праз пяць гадоў
Змены ВКЛ вярнула Любеч
Праціўнікі
Вялікае Княства Літоўскае

Каралеўства Польскае

Вялікае Княства Маскоўскае
Камандуючыя
Жыгімонт I Стары Васіль III

Першы этап правіць

У сакавіку — красавіку 1507, пасольства Жыгімонта I Старога ў Маскве ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала вярнуць гарады і землі, захопленыя Іванам III. Маскоўскі ўрад не прыняў патрабаванняў і заявіў аб гатоўнасці пачаць вайну супраць ВКЛ. Ужо ў красавіку 1507 маскоўскі князь Васіль III накіраваў конныя палкі на Полацк і Смаленск. Абмінуўшы фартэцыі, ваяводы зайшлі глыбока на тэрыторыю Беларусі, толькі тады з Кракава ў ВКЛ выехаў Жыгімонт, які загадаў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку сабраць земскую службу (да 14 тыс. чал.) каля Менска. У чэрвені, калі паспалітае рушэнне сабралася, маскоўскія ваяводы пакінулі межы ВКЛ. Кішка накіраваў войска да Друцка, адкуль пасылаў невялікія атрады ваяваць на парубежныя маскоўскія землі. У хуткім часе паспалітае рушэнне было распушчана. Крымскія татары, якія абяцалі дапамогу Жыгімонту, не зрабілі намечаныя напады на Пуціўль і Чарнігаў. У кастр. — ліст. 1507 Васіль III зноў накіраваў войскі ваявод В. Холмскага і Я. Захар'іна ў Беларускае Падняпроўе. Яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне, ваяводы вярнуліся ў свае землі.

Другі этап правіць

Другі этап вайны звязаны з бунтам, узнятым у студз. 1508 на Беларусі М. Л. Глінскім. Сабраўшы каля 2 тыс. чал., Глінскі авалодаў Туравам, Мазыром, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады, але не меў падтрымкі насельніцтва. Вясной да бунтаўшчыкоў з'явіўся маскоўскі ўпаўнаважаны Губа Маклакоў, які дамовіўся пра сумесныя ваенныя дзеянні і перадачу занятых на Беларусі гарадоў непасрэдна Глінскаму. Васіль III накіраваў войска на чале з В. I. Шамячычам на Слуцк да Глінскага, палкі Д. Шчэні з Вялікіх Лук і Я. Захар'іна з Масквы — на Смаленск, а трэцяе войска — на Полацк. У маі 1508 аб'яднаныя сілы Глінскага і Шамячыча трымалі ў аблозе Менск і спусташалі яго наваколле, рабілі рэйды ажно да Слоніма. У гэты час каля Ліды збіралася паспалітае рушэнне ВКЛ, а з Польшчы падыходзіла пяцітысячнае войска. Аб'яднаўшы сілы (агульная колькасць войска 15—16 тыс. чал.), Жыгімонт I даручыў камандаванне імі гетману найвышэйшаму К. І. Астрожскаму. У пачатку чэрвеня пры набліжэнні аб'яднанага войска ВКЛ ваявода Шамячыч і Глінскі пакінулі Менск і адступілі на ўсход, а ў сярэдзіне ліпеня, таксама не прыняўшы бою, адступіла буйная групоўка маскоўскага войска, якая трымала ў аблозе Оршу. У жн. 1508 Астрожскі і Мікалай Фірлей з атрадамі конніцы напалі на Северскую зямлю, а Кішка з невялікім атрадам рушыў у напрамку Масквы і захапіў Дарагабуж і Таропец, аднак ваяводы Васіля III ударам у адказ вярнулі гэтыя гарады. Астрожскі з Фірлеем таксама мусілі вярнуцца ў свае землі.

«Вечны мір» правіць

  Вонкавыя выявы
  "Договорная грамота" 1508 года між Жыгімонтам І Старым і Васілём ІІІ Іванавічам

Вайна скончылася безвынікова. 19 верасня 1508 падпісана пагадненне аб «вечным міры», якое замацоўвала межы, што склаліся паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ у выніку папярэдніх войнаў (1492—94 і 1500—03). Абодва манархі абавязаліся разам выступаць супраць «всех недругов», у т. л. і крымскіх татар. Князі Глінскія атрымалі права свабодна выехаць у Маскоўскую дзяржаву.

Літаратура правіць

  • Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 1. Спб., 1846
  • Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI вв. М., 1963
  • Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1. Lwów., Warszawa, 1922