Войны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім

шэраг ваенных канфліктаў

Войны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім — шэраг ваенных канфліктаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам (пазней царствам) у перыяд з XIV па XVI стагоддзе.

Перадгісторыя

правіць

Гл. таксама: Літоўскія паходы да 1270 года

У сярэдзіне XIV стагоддзя залежныя ад Вільні землі на ўсходзе сягалі межаў Вялікіх княстваў Разанскага і Цвярскога. Удзельныя князі Рурыкавічы ў вярхоўях Акі па сваім выбары ішлі на службу да тагачаснага вялікага князя літоўскага Альгерда. Такое становішча непакоіла вялікіх князёў уладзімірскіх і маскоўскіх[1], пасля далучэння Ноўгарада (1478), Цверы (1485) і пазбаўлення залежнасці ад залатаардынскіх ханаў (1480) асноўным кірункам знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы стала барацьба за далучэнне да сваіх ўладанняў вакольных зямель, у тым ліку зямель колішняй Русі. Амаль ўсе землі колішняй Русі ў акрэслены перыяд уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, таму менавіта яно было галоўнай перашкодай на шляху знешнепалітычнай праграмы Маскоўскай дзяржавы.

Паходы Альгерда на Маскву (1368—1372)

правіць

Вайна 1368—1372 гадоў — паходы вялікага князя літоўскага Альгерда на Маскву ў 1368, 1370, 1372 гадах, а таксама спадарожныя падзеі.

Першы паход Альгерда на Маскву (1368)

правіць
 
Вялікі Князь Літоўскі Альгерд, партрэт XVI стагоддзя
 
Дзмітрый Іванавіч (Данскі), выява з царскага тытулярніка, XVII стагоддзе

У 1368 годзе маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (названы пазней Данскім) паслаў войска ваяваць цвярскія вёскі на правым беразе Волгі, а цвярскога князя Міхаіла, запрасіўшы да сябе ў Маскву падманам кінуў у вязніцу (адкуль той неўзабаве збег)[1]

Звязаны дынастычным шлюбам з Цвярскім княствам князь Альгерд з Віцебска ўвосені 1368 рушыць у паход на Маскву. Насустрач Альгерду з Масквы быў адпраўлены ваявода Дзмітрый Мінін, войска якога было дашчэнту разбіта недалёка ад ракі Трасны каля Валакаламска. Не сустрэўшы болей перашкод войска Альгерда ў хуткім часе з’явілася пад мурамі Крамля. Добра ўмацаваны маскоўскі дзядзінец Альгерд узяць не намагаўся, замест гэтага, прастаяўшы тры дні ў Маскве войска князя з палоннымі і зваяванай здабычай спакойна адышло назад у межы Літвы[1].

Другі паход Альгерда на Маскву (1370)

правіць

Увосень 1370 года маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч зноў нападае на Цвер, што стала прычынай другога паходу князя Альгерда на Маскву. Разам са старым князем у паход рушыў яго брат Кейстут, Міхаіл Цвярскі, смаленскі князь Святаслаў са сваім войскам.

У пачатку зімы аб’яднаныя харугвы прыйшлі да Масквы. Восем дзён доўжылася аблога крамля, пасля якой быў заключаны мір. Згодна з Хронікай Быхаўца, князь Дзмітрый падараваў Альгерду золата, срэбра, футры собаля і іншыя каштоўнасці. Вялікі князь літоўскі прыняўшы багатыя дары ў знак прымірэння, сказаў: «…хачу пад горадам тваім Масквою дзіду сваю прыкланіці і тую славу ўчыніці, што Вялікі Князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыкланіў». Сеўшы на каня, князь Альгерд пад’ехаў да крамля і дакрануўся да муру дзідай. «Вялікі Князь Маскоўскі! Памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою!» Пасля, вызначыўшы мяжу па Мажайску і Каломне, з вялікаю здабычай і палонам вярнуўся ў Літву[1].

Трэці паход Альгерда на Маскву (1372)

правіць

У 1372 годзе князь Міхаіл Цвярскі чарговы раз звяртаецца за дапамогай. Улетку літоўскае войска рушыла на Маскву. Зноў да генеральнай бітвы не дайшло. Прастаяўшы колькі дзён пад Масквой Альгерд пагадзіўся на новае перамір’е[1].

Стаянне на Угры (1408)

правіць
 
Карта ваенных дзенняў

Стаянне на Угры 1408 — стаянне на рацэ Угры двух варожых войскаў Вялікага Княства Літоўскага, з аднаго боку, і Маскоўскага княства з другога, а таксама звязаныя падзеі.

Прычыны вайны

правіць

У 1405 Вітаўт пачаў ваенныя дзеянні супраць Пскова. Пскоў, лавіраваўшы ў сваёй знешняй палітыцы паміж Вільняй і Масквою, звярнуўся за дапамогай да маскоўскага князя Васіля I, які зрэшты нічым не дапамог. Толькі ў 1406 Маскоўскае княства абвясціла вайну Вялікаму Княству Літоўскаму «пскоўскія дзеля крыўды». У тым жа годзе войскі супрацьлеглых бакоў сышліся на рацэ Плава, пад Крапіўнай, аднак у бітву не ўступілі — Вітаўт і Васіль I заключылі перамір’е на год.

Аднаўленне баявых дзеянняў

правіць

У 1407 ваенныя дзеянні аднавіліся, літоўскія войскі ўзялі Адоеў, а маскоўскія войскі ўзялі і спалілі горад Дзмітравец. Асноўныя сілы двух бакоў сышліся ля Вязьмы, але вырашальнай бітвы не адбылося — перамір’е было падоўжана яшчэ на адзін год. Аднак адносіны паміж дзяржавамі абвастрыліся пасля ад’езду ў Маскву Свідрыгайлы — саперніка Вітаўта, што выклікала незадаволенасць апошняга.

У 1408 літоўскае войска выступіла ў паход на Маскву. На мяжы дзяржаў — рацэ Угры — іх сустрэлі маскоўскія войскі з татарскай дапамогай. Пасля шматдзённага стаяння войскаў на супрацьлеглых берагах ракі, Вітаўт і Васіль I заключылі «вечны мір».

Вынікі

правіць

Угрскі дагавор 1408 года канчаткова ўсталяваў мяжу паміж дзвюма дзяржавамі ў вярхоўях Акі па рэках Угра, Роса і Брыня. Васіль I абавязаўся спыніць падтрымку Свідрыгайлы і прызнаваў за Вялікім Княствам Літоўскім Смаленскую зямлю і Вярхоўскія княствы. У склад Маскоўскага княства ўвайшла невялікая, раней спрэчная, тэрыторыя ў басейне ракі Жыздра (з гарадамі Перамышль, Казельск, Любуцк).

«Памежная вайна» (1492—1494)

правіць

«Памежная вайна» — вайна Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскім княствам у 1492—1494 гадах.

Прычыны

правіць
 
Вялікі князь Аляксандр, невядомы мастак, XVIII стагоддзе
 
Іван III, гравюра з «касмаграфіі» А. Тэвэ, 1575

год

Вайна была распачата Маскоўскай дзяржавай за т.зв. «отчину» — усходнеславянскія землі, што былі ўскладзе Вялікага Княства Літоўскага. Вайне папярэднічалі парубежныя канфлікты, якія пачасціліся з 1486, калі ваяводы Івана III напалі i разрабавалі Любуцк, Мцэнск i Вяземскае княства.

18 мая 1492 года Іван III накіраваў да караля польскага i вялікага князя літоўскага Казіміра IV пасла з праграмай тэрытарыяльных дамаганняў, аднак той неўзабаве вярнуўся назад, даведаўшыся пра раптоўную смерць Казіміра (памёр 7 чэрвеня 1492 года).

Для Маскоўскага княства склалася спрыяльная сітуацыя, каб распачаць вайну.

Ход вайны

правіць

У жніўні 1492 войска на чале з Ф. Целяпнём-Абаленскім, накіраванае на Любуцк і Мцэнск, папаліла гарады, a баяр i жыхароў забрала ў палон. Восенню маскоўскія ваяводы занялі Хлепень i Рагачоў. У гэты час у Маскву перабеглі князі з парубежных раёнаў Вялікага Княства Літоўскага — С. Ф. Варатынскі, М. Р. Мязецкі, A. i В. Бялёўскія, А. Ю. Вяземскі, што дазволіла Івану III без цяжкасцей авалодаць землямі ў вярхоўях Акі. Пры дапамозе князёў-перабежчыкаў былі заняты Мезецк, Сярпейск, Масальск, спалены Апакаў, пазней была захоплена Вязьма.

Рыхтуючыся да пашырэння ваенных дзеянняў, Вялікі Князь Маскоўскі сабраў войска ў Вялікіх Луках, Ноўгарадзе, Пскове i Цверы, заклікаў крымскага хана Менглі-Гірэя нанесці ўдар па Вялікаму Княству Літоўскаму з поўдня. У 1493 маскоўскае пасольства наведала князя Конрада Мазавецкага i магістра Тэўтонскага ордэна з прапановай утварыць супраць Ягелонаў ваенны альянс. Вялікае Княства Літоўскае не было гатова да абароны, таму вялікі князь Аляксандр накіраваў паслоў у Крым, Заволжскую Арду i да свайго брата польскага караля Яна Ольбрахта з просьбай аб дапамозе.

Вялікае пасольства

правіць

Каб спыніць агрэсію, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену замуж за вялікага князя Аляксандра. З гэта нагоды пачаліся перамовы, у час якіх маскоўскі бок імкнуўся заняць як мага больш тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

«Вялікае пасольства» князя Аляксандра прыбыло ў Маскву 17 снежня 1494 года. У выніку складаных перагавораў было дасягнута пагадненне аб новай мяжы паміж дзяржавамі.

Вынікі

правіць

У 1494 годзе была падпісана дагавор («даканчанне»). Да Маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства i землі ў басейне верхняй Акі, дзе дакладная мяжа не была вызначана, што пакідала падставы для будучых канфліктаў. Вялікае Княства Літоўскае адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цвер, Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.

Літоўскае пасольства правяло таксама перагаворы аб сватанні Аляксандра да дачкі Івана III і, атрымаўшы станоўчы адказ, прадстаўляла вялікага князя на заручынах.

Вайна 1500—1503 гадоў

правіць

Прычыны

правіць
 
Ваенная кампанія 1500 года.

Прычынай вайны, распачатай Маскоўскай дзяржавай, сталі прэтэнзіі на ўсходне-славянскія землі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўскія князі лічылі Маскву правапераемніцай Кіева, які некалі, нібыта, валодаў гэтымі землямі, землямі Русі. У канцы XV стагоддзя адносіны паміж Маскоўскай дзяржавай i Вялікім Княствам Літоўскім настолькі абвастрыліся, што новы канфлікт з-за ўсходніх зямель Вялікага Княства Літоўскага стаў непазбежны.

Пачатак вайны

правіць

Фармальнай зачэпкай для пачатку вайны сталі чуткі аб ганеннях на праваслаўнае насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, прыём, якім усходняя суседка будзе карыстацца яшчэ не раз, i пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Так, вясною 1500 года з Вялікага Княства Літоўскага на службу да Івана III перайшлі князі С. І. Бельскі, В. І. Шамячыч, С. І. Мажайскі i іншыя вярхоўскія i чарнігава-северскія князі разам з «дварамі», баярамі i слугамі.

У красавіку 1500 года ў Маскву прыехала пасольства вялікага князя літоўскага Аляксандра на чале са смаленскім намеснікам Станіславам Кішкам, якое імкнулася зняць напружанне паміж дзяржавамі. Аляксандр пайшоў на кампраміс i ўпершыню звяртаўся да Івана III як да «гаспадара ўсяе Русі», патрабуючы вярнуць «здрадцаў» (князёў-перабежчыкаў) i не чыніць больш крыўд на межах. Але вялікі князь маскоўскі ўсю віну пераклаў на Аляксандра і, выслаўшы назад паслоў, накіраваў у Вялікае Княства Літоўскае сваё войска, якое 3 мая 1500 года рушыла ў Бранск.

Ужо пасля азначанных дзеянняў у Вільню быў адпраўлены ганец з граматай, у якой абвяшчалася, што Іван III «за хркстманство хочет стоятм» i пачынае вайну. Тым часам маскоўскае войска авалодала Бранскам, заняло Пуціўль, Мцэнск, Сярпейск, Старадуб, Гомель, Любеч, Ноўгарад-Северскі, Рыльск. На бок Масквы перайшлі князі Масальскія i Трубяцкія. Частка войск — 2-ая групоўка, была накіравана да Смаленска, на Дарагабуж. 3-я групоўка стаяла напагатове ў Вялікіх Луках, a 4-я — у рэзерве ў Цверы.

У канцы чэрвеня да Смаленска падышоў конны корпус Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем найвышэйшага гетмана Каснстанціна Астрожскага. 14 ліпеня 4-тысячны атрад коннікаў найвышэйшага гетмана атакаваў на рацэ Вядроша пад Дарагабужам аб’яднаныя сілы маскоўскіх ваявод (40 тыс. чал.) i ў жорсткай 6-гадзіннай бітве быў амаль цалкам знішчаны (гл. Бітва на Ведрашы, 1500).

Дыпламатычныя захады

правіць

Не падрыхтаваны да вайны вялікі князь Аляксандр шукаў дапамогі праз дыпламатаў. Летам і восенню 1500 года літоўскія паслы спрабавалі адгаварыць Менглі-Гірэя ад ваеннага саюза з Масквой, яны пабывалі таксама ў Малдове, Заволжскай ардзе, Лівонскім ордэне, у братоў Аляксандра — польскага караля Яна Ольбрахта i караля венграў i чэхаў Уладзіслава.

21-га лютага 1501 года паслы з Вільні i Кракава разам прыбылі ў Маскву i спрабавалі пераканаць Івана III спыніць ваенныя дзеяннні, але беспаспяхова.

Ваенныя дзеянні ў 1501—1503

правіць

У маі 1501 года маскоўскае войска зноў рушыла на Вялікае Княства Літоўскае, a ў чэрвені з поўдня ўдарылі крымскія татары. На баку Вялікага Княства Літоўскага ў вайну ўступілі толькі Заволжская арда i Лівонскі ордэн, магістр якога Вальтэр фон Плетэнберг у маі 1501 распачаў ваенныя дзеянні.

Пасля смерці Яна Ольбрахта вялікі князь Аляксандр быў абраны польскім каралём i выехаў у Польшчу. Адначасова з прыняццем акта Мельніцкай уніі 1501 года аднаўлялася унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім i Польскім каралеўствам.

Адсутнасць манарха i спадзяванні на хуткую дапамогу палякаў абумовілі пасіўнасць літоўскіх войск у 2-й палове 1501 года. Чым скарыстаўся маскоўскі князь Іван III, які накіраваў ва ўсходнюю Беларусь аб’яднаныя сілы, якія чацвёртага лістапада 1501 года разбілі пад Мсціславам групу войск князёў М.Заслаўскага i А.Дашковіча. Улетку 1502 года маскоўскае войска безпаспяхова імкнулася захапіць Смаленск. Яно заняло i спаліла Оршу, разрабавала мсціслаўскія воласці, a таксама землі на Віцебшчыне i Полаччыне. Восенню таго ж года «воеватм в Лнтовскую землю» хадзілі ваяводы з Ноўгарада, Ржэва i Северскай зямлі. У лютым 1503 Іван III зноў паслаў на Беларусь «князей i воевод многмх со мнотмм людмм».

Вынікі

правіць

Адначасова з тым заключэнне уніі з Польшчай i падтрымка Вялікага Княства Літоўскага Лівонскім ордэнам схілілі Івана III да перагавораў. Спыніць вайну заклікала бацьку i Алена Іванаўна, дачка Івана III і жонка вялікага князя Аляксандра.

4 сакавіка 1503 года ў Маскву прыбыло пасольства Аляксандра. Пасля вострых спрэчак былі падрыхтаваны граматы, якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е (1503—1509) i вызначалі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вялікія тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з гарадамі Белы, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Дрокаў, Карачаў, Любеч, Любуцк, Масальск, Мглін, Мцэнск, Мязецк, Невель, Ноўгарад-Северскі, Папова Гара, Почап, Пуціўль, Радагошч, Рыльск, Се-ранск, Старадуб, Сярпейск, Трубчэўск, Хоцім, Чарнігаў i іншыя.

Вайна 1507—1508 гадоў

правіць

Вайна 1507—1508 гадоў  стала трэцяй вайной паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам за ўсходнеславянскія землі. Віленскі сойм у лютым 1507 прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у часы папярэдніх дзвюх войнаў Вялікага Княства Літоўскага з Масквой.

Першы этап

правіць
 
Жыгімонт I Стары, Вінсенці дэ Люсьё (Wincenty de Lesseur), 1802 год

У сакавіку — красавіку 1507 года пасольства Жыгімонта I Старога ў Маскве ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала вярнуць гарады і землі, захопленыя Іванам III. Маскоўскі ўрад не прыняў патрабаванняў і заявіў аб гатоўнасці пачаць вайну супраць Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў красавіку 1507 маскоўскі князь Васіль III накіраваў конныя палкі на Полацк і Смаленск. Абмінуўшы фартыфікацыі, ваяводы зайшлі глыбока на тэрыторыю Беларусі, толькі тады з Кракава ў Вялікае Княства Літоўскае выехаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт, які загадаў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку сабраць земскую службу (да 14 тысяч чалавек) каля Менска. У чэрвені, калі паспалітае рушэнне сабралася, маскоўскія ваяводы пакінулі межы Вялікага Княства Літоўскага. Кішка накіраваў войска да Друцка, адкуль пасылаў невялікія атрады на парубежныя маскоўскія землі. У хуткім часе паспалітае рушэнне было распушчана. Крымскія татары, якія абяцалі дапамогу Жыгімонту, не зрабілі назначаныя напады на Пуціўль і Чарнігаў. У кастрычніку — лістападзе 1507 года Васіль III зноў накіроўвае войскі ў Беларускае Падняпроўе. Яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне, маскоўскія ваяводы разам з войскам адступілі ў свае землі.

Другі этап

правіць

Другі этап вайны звязаны з бунтам, узнятым у студзені 1508 года на Беларусі Міхаілам Глінскім. Сабраўшы каля 2 тысяч чалавек, Глінскі авалодаў Туравам, Мазыром, спрабаваў захапіць Слуцк. Васіль III накіраваў войска на чале з В. Шамячычам на Слуцк да Глінскага, палкі Д. Шчэні з Вялікіх Лук і Я. Захар’іна з Масквы — на Смаленск, а трэцяе войска — на Полацк. У маі 1508 аб’яднаныя сілы Глінскага і Шамячыча трымалі ў аблозе Менск і спусташалі яго наваколле, рабілі рэйды ажно да Слоніма. У гэты час каля Ліды збіралася паспалітае рушэнне Вялікага Княства Літоўскага, а з Польшчы падыходзіла пяцітысячнае войска. Аб’яднаўшы сілы (агульная колькасць войска 15—16 тыс. чал.), Жыгімонт I даручыў камандаванне імі гетману найвышэйшаму Канстанціну Астрожскаму. У пачатку чэрвеня пры набліжэнні аб’яднанага літоўскага войска ваявода Шамячыч і Глінскі пакінулі Менск і адступілі на ўсход, а ў сярэдзіне ліпеня, таксама не прыняўшы бою, адступіла буйная групоўка маскоўскага войска, якая трымала ў аблозе Оршу. У жніўні 1508 года Астрожскі і Мікалай Фірлей з атрадамі конніцы напалі на Северскую зямлю, а Кішка з невялікім атрадам рушыў у напрамку Масквы і захапіў Дарагабуж і Таропец, аднак ваяводы Васіля III ударам у адказ вярнулі гэтыя гарады. Астрожскі з Фірлеем таксама мусілі вярнуцца ў свае землі.

Вечны мір

правіць

Вайна скончылася безвынікова. 19 верасня 1508 падпісана пагадненне аб «вечным міры», якое замацоўвала межы, што склаліся паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім у выніку папярэдніх войнаў (1492—94 і 1500—03). Абодва манархі абавязаліся разам выступаць супраць «всех недругов», у т. л. і крымскіх татар. Князі Глінскія атрымалі права свабодна выехаць у Маскоўскую дзяржаву.

Дзесяцігадовая вайна (1512—1522)

правіць

Дзесяцігадовая вайна — чацвёртая вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай за ўсходнеславянскія землі. «Вечны мір» 1508, якім скончылася вайна 1507—1508 гадоў, маскоўскі бок разглядаў як часовую перадышку. 3 1510 года Васіль III, заручыўшыся падтрымкай Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў, займаўся непасрэднай падрыхтоўкай смаленскай кампаніі.

Аблогі Смаленска

правіць

У лістападзе 1512 года войска князя I. Рапніна-Абаленскага і Канюшага I. А. Чалядніна рушыла ў бок Смаленска. У снежні 1512 года на Смаленск былі адпраўлены галоўныя сілы з Масквы на чале з Васілём III. Пасля шасцітыднёвай аблогі маскоўскае войска, якое пацярпела значныя страты, вярнулася дадому.

У чэрвені 1513 года быў прадпраняты другі паход на Смаленск. Да восені пад горадам была сканцэнтравана 80-тысячная маскоўская армія з вялікай колькасцю гармат і 2-ма тысячамі пішчалялямі. Каля 24 тысяч маскоўскіх ратнікаў ваявалі на Полаччыне, 8 тысяч чалавек — пад Віцебскам, а 14-тысячная групоўка аблажыла Оршу. Жыхары Смаленска зноў адбілі напад маскоўскіх войск, і Васіль III у лістападзе 1513 адвёў свае палкі назад.

У канцы мая 1514 года, пасля зімовай перадышкі, пачаўся 3-і паход на Смаленск, у якім удзельнічала каля 80 тысяч чалавек. 31 ліпеня пасля няспыннага абстрэлу з 300 гармат Смаленск капітуляваў.

Бітва пад Оршай (1514)

правіць
 
Бітва пад Оршай, малюнак XVI стагоддзя

Імкнучыся развіць поспех, ваяводы Васіля III хутка рухаліся ў глыб Беларусі. Яны захапілі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро і Друць і толыкі каля Бярэзіны сутыкнуліся з перадавымі атрадамі 35-тысячнай арміяй вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога.
8-га верасня 1514 года ў час генеральнай бітвы пад Оршай найвышэйшы гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі дашчэнту разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска. Усходняя Беларусь была вызвалена ад непрыяцеля. Войска Астрожскага аблажыла Смаленск, але авалодаць горадам у яго не хапіла сіл. Перамога пад Оршай была ўдала скарыстана ў дыпламатычных колах у выніку чаго маскоўская кааліцыя з еўрапейскімі саюзнікамі распалася, што было замацавана на Венскім кангрэсе 1515 года, на якім Ягайлавічы і Габсбургі прыйшлі да поўнага паразумення.

Ваенныя сутычкі 1515—1517 гадоў

правіць

На працягу 3 гадоў пасля перамогі літоўскага войска пад Оршай ваенныя дзеянні вяліся стрымана.

Вясной 1515 маскоўскае войска з Пскова хадзіла на Рослаў, спаліла Браслаў і Друю, а літоўскія харугвы на чале з А. Дашкевічам і А. Неміровічам пры падтрымцы крымскіх татар напалі на Северскую зямлю. У тым жа годзе маскоўскія ваяводы хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, а літоўскае войска — на Вялікія Лукі. У 1516 абодва бакі абмежаваліся дробнымі парубежнымі рэйдамі. У 1517 годзе войска Астрожскага з Полацка рушыла на Пскоўшчыну і аблажыла Апочку, асобныя харугвы хадзілі да Варонеча, Краснага, Веллі і Пскова, аднак у цэлым кампанія скончылася няўдала.

Актывізацыя ваенных дзеянняў (1517—1522)

правіць
 
Вершнік-масковец, нямецкая гравюра XVI стагоддзя

Пасля няўдалых перамоў бакоў у 1517 годзе ваенныя дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 года Васіль III накіроўвае на Беларусь свае войскі з Вялікіх Лук — на Полацк, з Белай — на Віцебск, са Смаленска і Старадуба — ў Падняпроўе. Пад Полацкам маскоўскае войска было разгромлена і адступіла, у іншых месцах яно даходзіла да Слуцка, Мінска, Навагрудка.

У 1519 у вайну на баку Маскоўскай дзяржавы ўступіў Тэўтонскі ордэн. У ліпені 1519 на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячнае крымскае войска і разбіла конніцу Астрожскага пад Сокалам. Выкарыстаўшы цяжкі для Вялікага Княства Літоўскага момант, Васіль III зноў ударыў па Беларусі з Вялікіх Лук, Смаленска і Старадуба, маскоўскае войска па дарозе паліла гарады і вёскі, ў палон браліся мясцовыя жыхары.

Падпісанне міру

правіць

Апошняй акцыяй Васіля III у гэтай вайне стаў рэйд ваяводы В. Гадунова ў лютым 1520 года пад Полацк і Віцебск. Перамогі над тэўтонцамі і пагадненне, падпісанае Жыгімонтам I Старым з Крымскім ханствам, схілілі Васіля III да перагавораў. Улетку 1520 года ліоўскае пасольства дамовілася ў Маскве пра спыненне ваенных дзеянняў. Для падпісання мірнага пагаднення «вялікае пасольства» на чале з полацкім ваяводам Пятром Кішкам прыбыло ў Маскву толькі ў 1522. Пагадненне мела кампрамісны характар і прадугледжвала перамір’е тэрмінам на 5 гадоў (пасля чаго меркавалася падпісаць «вечны мір»>). Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, шматлікі «маскоўскі палон» — у Вялікае Княства Літоўскае.

Старадубская вайна (1534—1537)

правіць

Старадубская вайна — чарговы ваенны канфлікт паміж Вялікім Княствам Літоўскімм і Маскоўскім княствам.

Прычыны

правіць

Незадаволенасць Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Княства Маскоўскага вынікамі папярэдняй вайны абумовіла чарговы збройны канфлікт між імі.

Фактычна ваенныя дзеянні між дзяржавамі пасля папярэдняй вайни не прыпыняліся. Але трывалы час цэнтральныя ўраяды былі негатовыя да новага маштабнага супрацьстаяння і некалькі разоў падпісвалі перамір’і:

  • 25 снежня 1522 года — на пяць гадоў;
  • 25 снежня 1526 года — на шэсць гадоў;
  • 24 сакавіка 1532 года — на год.

Адначасова, у 1530-х гадах маскоўскі князь Васіль III Іванавіч стаў засяроджваць войскі на Смаленшчыне і Севершчыне. З Крымскім ханствам і Малдаўскім княствам быў заключаны супрацьлітоўскі саюз. Крымскае войска ўвайшло на Кіеўшчыну і аблажылі Чаркасы. Аднак смерць Васіля III Іванавіча ў снежні 1533 года і ўсобіцы пры маскоўскім двары змянілі палітычную сітуацыю. Спадзяючыся на паслабленне маскоўскай улады, літоўскія радцы 15 лютага 1534 года на Віленскім сойме вырашылі пачаць ваенны наступ на Маскву.

Найбуйнейшыя ваенныя акцыі:

  • Напады ў жніўні і верасні 1534 года літоўскіх атрадаў князя А. Вішнявецкага, А. Неміровіча і Я. Дашковіча на Смаленшчыну і Севершчыну;
  • Рэйд узімку 1534—1535 гадоў маскоўскага войска ў цэнтральныя раёны Вялікага Княства Літоўскага, будаўніцтва маскоўцамі на літоўскай тэрыторыі крэпасці Іван-горад-на-Себежы і паспяховая яе абарона ад літоўскага войска А. Неміровіча ў 1536 годзе;
  • Захоп у ліпені—жніўні 1536 года ліоўскім войскам Гомеля, Почапа, Радагошча і Старадуба.

Вынікі

правіць

25 снежня 1536 года ў Маскве распачаліся перамовы аб заканчэнні вайны, якія скончыліся падпісаннем 18га лютага 1537 года 5-гадовага перамір’я. За ўмовамі пагаднення за Масквой застаўся Себеж, а да Вялікага Княства Літоўскага пераходзіў Гомель.

Лівонская вайна (1558—1583)

правіць

Інфля́нцкая вайна́, Ліво́нская вайна́ [2] (15581582) — вайна паміж Маскоўскай дзяржавай з аднаго боку, і Вялікім Княствам Літоўскім (Рэччу Паспалітай), Шведскім і Дацкім каралеўствамі з іншага за тэрыторыі Інфлянтаў (Лівоніі).

Прычыны

правіць
 
Лівонія, 1534 год
 
Маскоўскія заваёўнікі ў Лівоніі, Нюрнберг, 1561 год

У 1558 годзе маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Грозны, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфедэрацыю — злучнасць 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара было здабыць выхад да Балтыйскага мора. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Масква магла больш актыўна ўдзельнічаць у еўрапейскіх справах. Лівонія была абвешчана спадчынай маскоўскіх князёў на той падставе, што маўляў, у старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Сваёй спадчынай Масква, у які-ўжо раз, таксама абвясціла і частку Вялікага Княства Літоўскага — беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі на ўсходзе Княства.

Пачатак вайны

правіць

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеянняў у Прыбалтыцы захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна пачаў шукаць саюзнікаў у Еўропе, аднак Швецыя, Данія і Польшча адмовіліся ваяваць супраць Масквы, толькі Вялікае Княства Літоўскае, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі, вырашыла дапамагчы Ордэну.

У 1559 годзе Лівонія перайшла пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага, у выніку ваенныя дзеянні аднавіліся, і зноў паспяхова для Івана IV. У ліпені 1561 года літоўскае войска на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта каля горада Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістр Готхгард Кетлер перадаў у сакавіку 1562 года Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер таксама перадаў эстонскія землі Швецыі, востраў Эзэль — Даніі, Лівонію — Вялікаму Княству Літоўскаму, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага свецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намеснікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава — Лівонскі ордэн.

Беларускі тэатр ваенных дзеянняў

правіць

У адказ на гэта атрады Івана IV у пачатку 1562 года спустошылі ваколіцы Мсціслава, Шклова, Оршы, Віцебска, Дуброўны, Капыля. Для генеральнага наступу на Полацк пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тысяч чалавек. 31 студзеня 1563 года гэта войска асадзіла Полацк, а праз два тыдні (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаванні маскоўскага цара былі празмерныя — Полацк і Лівонія мусілі далучыцца да Масквы. У 1564 годзе ваенныя дзеянні зноў актывізаваліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разбіць дзве маскоўскія арміі — каля ракі Ула 25 студзеня і пад Оршай 2 лютага 1564 года. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтр дзяржавы былі сарваны.

Між тым, царскія войскі добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі — у 1566—1569 гадах каля Полацку былі збудаваны крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казяны, Усвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш імаверным саюзнікам была Польшча, па выніках доўгатрывалых перамоў у 1569 годзе была складзена Люблінскую унію, на вельмі неспрыяльных для Княства ўмовах. У 1570 годзе новая дзяржава — Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму таксама патрабавалася часова замірыцца з Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Хутка памёр апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў бяздзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеянні аднавіліся толькі праз некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак.

Узнаўленне вайны

правіць

Новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый ажыццявіў у 1577—1579 энергічную падрыхтоўку да ўзнаўлення вайны за Полаччыну. 41-тысячнае войска выйшла з Дзісны на Полацк у ліпені 1579 і абклала горад 11 жніўня 1579. 30 жніўня горад здаўся.

На працягу ліпеня—жніўня быў заняты шэраг меншых маскоўскіх замкаў, 4 верасня ўзятая Туроўля, 11 верасня штурмам узятая і разбураная крэпасць Сокал, 16 кастрычніка без бою занятая крэпасць Суша. У снежні 1579 была ўзятая Няшчэрда.

На працягу 1580 у час паходу войска Рэчы Паспалітай на Маскву былі вернуты і тыя землі Полаччыны, якія пасля 1579 заставаліся пад уладай Масквы (Себеж, Завалачча, замкі Азярышча, Усвяты). Былі занятыя Вялікія Лукі, атакаваныя Холм і Старая Руса. Шведскае войска заняло Карэлу (1580), Нарву, Івангорад, Ям, Капор'е (усё — 1581), абклалі Арэшак (1581). У 1581 Баторый з раёна Дзісны рушыў да Вострава (узяты 21 жніўня 1581) і Пскова. Атрад Радзівіла Рудога 5 жніўня 1581 выйшаў з Віцебска на Веліж, Таропец, Старую Русу і злучыўся пад Псковам з галоўнай арміяй. 26 жніўня 1581 войска РП пачало 5-месячную няўдалую аблогу Пскова.

Канец вайны

правіць

Незадаволенасць вайной у Рэчы Паспалітай і няўдача аблогі Пскова вымусілі Баторыя пачаць перамовы, і 15 студзеня 1582 быў заключаны Ям-Запольскі 10-гадовы мір. Лівонія, Веліж і Полацк вярнуліся ў Вялікае Княства Літоўскае. Паводле Плюскага міру (1583) за Швецыяй засталіся Паўночная Эстонія, Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад.

Зноскі

  1. а б в г д У. Арлоў, Г. Сагановіч, Дзесяць вякоў беларускай гісторыі, Вільня — Наша будучыня, 2000
  2. ЭнцВКЛ 2005.

Літаратура

правіць