Малагерманскі шлях аб’яднання Германіі
Малагерманскі шлях аб’яднання Германіі (ням.: Kleindeutsche Lösung der Deutschen Frage) — адна з дзвюх асноўных мадэляў рашэння германскага пытання, выпрацаваных прадстаўнікамі германскай палітычнай думкі ў перыяд пасля завяршэння Напалеонаўскіх войнаў.
Прыхільнікі малагерманскага шляху лічылі, што краіны-ўдзельнікі Германскага саюза павінны аб’яднацца ў адзіную германскую дзяржаву пад кіраўніцтвам караля Прусіі і без удзелу Аўстрыйскай імперыі. Малагерманскаму шляху быў супрацьпастаўлены Вялікагерманскі шлях аб'яднання Германіі з уключэннем нямецкамоўных тэрыторый Аўстрыйскай імперыі, лідарства ў новым дзяржаўным утварэнні пры гэтым належала б аўстрыйскаму імператару. Малагерманскі шлях здаваўся яго прыхільнікам больш прывабным, чым аб’яднанне Германіі пад вяршэнствам Аўстрыйскай манархіі, з прычыны шматнацыянальнага характару насельніцтва Аўстрыі таго часу, доля немцаў у якой не дасягала і чвэрці. Іх таксама палохала пераважна рэакцыйная палітыка, якая праводзілася аўстрыйскім урадам у перыяд пасля Напалеонаўскіх войнаў.
З пачаткам Германскай рэвалюцыі 1848—1849 гг. малагерманскі шлях набыў папулярнасць сярод яе лідараў. Варыянты германскага дзяржаўнага будаўніцтва, заснаваныя на малагерманскай мадэлі, актыўна абмяркоўваліся на Франкфурцкім нацыянальным сходзе 1848 года. Найбольш яркім дзеяннем па практычнай рэалізацыі мадэлі ў перыяд рэвалюцыі стала зробленая дэлегатамі Сходу 5 красавіка 1849 года прапанова прускаму каралю Фрыдрыху Вільгельму IV кароны германскага імператара, якую ён, аднак, у рэзкай форме адхіліў, бо яна не адпавядала яго статусу «караля Божай ласкай».
Са здушэннем Германскай рэвалюцыі 1848—1849 гг. лідыруючае становішча Аўстрыі ў Германскім саюзе было адноўлена.
У 1862 годзе міністрам-прэзідэнтам (прэм’ер-міністрам) Прусіі становіцца Ота фон Бісмарк, які неўзабаве прыступае да крокаў па ажыццяўленні малагерманскага сцэнарыя аб’яднання Германіі ў жыццё. Аднак у адрозненне ад сваіх «франкфурцкіх» папярэднікаў у якасці асноўнага сродку для гэтага ён бачыў ваенную моц Прусіі (што знайшло адлюстраванне ў яго знакамітай фразе, сказанай ім у прускім ландтагу: «Не высакамоўнымі прамовамі і галасаваннем большасці, але жалезам і крывёй вырашаюцца вялікія пытанні сучаснасці» ).
Кульмінацыі яго палітыка ў гэтым кірунку дасягнула ў 1866 годзе. Увесну гэтага года абвастрыліся адносіны Аўстрыі і Прусіі ў сувязі з пытаннем аб становішчы герцагстваў Шлезвіг і Гольштэйн, якія былі адваяваныя Аўстрыяй і Прусіяй у Даніі ў 1864 годзе і з тых часоў знаходзіліся ў іх сумесным валоданні. Аўстрыя перадала гэта пытанне на разгляд саюзнага савета Германскага саюза ў разліку на тое, што прадстаўнікі большасці германскіх дзяржаў падтрымаюць яе. У адказ на гэта 8 красавіка Бісмарк высунуў патрабаванне рэформы Саюза ў бок яго далейшай цэнтралізацыі, а таксама выключэння з яго Аўстрыі (а таксама Люксембурга, паколькі гэта герцагства ў той час кіравалася негерманскім манархам — каралём Нідэрландаў Вілемам III Аранскім).
14 чэрвеня 1866 г. Бісмарк абвясціў Германскі саюз несапраўдным. Праз тры дні ўспыхнула вайна паміж Аўстрыяй і Прусіяй, а таксама саюзнымі гэтым дзвюм дзяржавам германскімі дзяржавамі.
Вайна працягвалася сем тыдняў і скончылася паражэннем Аўстрыі і яе саюзнікаў. Германскі саюз канчаткова распаўся, а большасць германскіх дзяржаў увайшла ў склад новага дзяржаўнага ўтварэння, якое атрымала назву «Паўночнагерманскі саюз», які адрозніваўся большай ступенню інтэграванасці і безумоўным лідарствам у ёй Прусіі (прускі кароль афіцыйна абвешчаны «прэзідэнтам» саюза, канцлерам стаў Бісмарк). Нягледзячы на тое, што апроч Аўстрыі ў склад саюза не ўвайшло яшчэ некалькі буйных паўднёванямецкіх, пераважна каталіцкіх дзяржаў на поўдзень ад рэкі Майн (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг і інш.), поўнае аб’яднанне Германіі менавіта па малагерманскім сцэнарыі станавілася справай часу.
Завершана была рэалізацыя гэтага сцэнарыя пяццю гадамі пазней, калі пасля разгрому ў франка-прускай вайне апошняй буйной еўрапейскай дзяржавы, якая актыўна пярэчыла аб’яднанню Германіі — Французскай імперыі Напалеона III — была створана Германская імперыя. Пра стварэнне гэтай дзяржавы, у склад якой увайшлі дзяржавы-члены Паўночнагерманскага саюза і звязаныя з ім двухбаковымі дагаворамі 4 паўднёвагерманскія дзяржавы (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг і Гесэн), было афіцыйна абвешчана 18 студзеня 1871 года ў акупаваным германскімі войскамі Версалі.
Германамоўныя землі Аўстрыйскай імперыі (з 1867 года — Аўстра-Венгрыя) засталіся па-за аб’яднанай Германіяй. Пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі ў 1918 годзе з іх была ўтворана Аўстрыйская рэспубліка, якая існуе і дагэтуль. Не ўвайшлі ў склад Германіі і Люксембург і малюсенькае альпійскае княства Ліхтэнштэйн, якія ўваходзілі раней у Германскі саюз і таксама захоўваюць сваю незалежнасць да нашых дзён.
Нягледзячы на тое, што вялікагерманская ідэя ў той ці іншай форме (напрыклад, у форме пангерманізму) і ў пазнейшыя часы захоўвала прыхільнікаў, якімі прадпрымаліся спробы яе рэалізацыі (напрыклад, аншлюс Аўстрыі Гітлерам у 1938 годзе і яе наступнае 7-гадовае знаходжанне ў складзе гітлераўскай Германіі) рэалізаваным застаецца толькі малагерманскі сцэнарый аб’яднання Германіі. Пры гэтым паражэнне Германіі ў Другой сусветнай вайне паклала канец вяршэнству ў ёй Прусіі — у 1947 годзе гэта дзяржава была ліквідавана рашэннем саюзных акупацыйных улад у Германіі. У наш час па сваім дзяржаўным ладзе Германія ўяўляе сабой федэрацыю 16 зямель, ніводная з якіх не мае практычнай магчымасці прэтэндаваць на пануючае становішча ў дзяржаве ў цэлым.
Галерэя
правіць-
Перамога рэвалюцыянераў пасля вулічных баёў 19 сакавіка 1848 у Берліне
-
Першая нямецкая нацыянальная асамблея ў царкве Св. Паўла, Франкфурт-на-Майне, 1848—1849
-
Вялікая Германская імперыя ў 1943
Літаратура
правіць- Gertraud Eva Schrage in: Jahrbuch für die Geschichte Mittel- und Ostdeutschlands, Bd. 54, De Gruyter Saur, München 2008, 210 f.(нім.)
- Heinrich August Winkler, Der lange Weg nach Westen, Bd. 2, C.H. Beck, München, 4., durchgesehene Auflage 2002, S. 77 f., 87; Der Spiegel 45/2008 vom 3. November 2008. (нім.)