Маргарыта Конаўцкая

Прынцэса Маргарыта Вікторыя Шарлота Аўгуста Нора Конаўцкая (англ.: Margaret Victoria Charlotte Augusta Norah; 15 студзеня 1882 — 1 мая 1920) — кронпрынцэса Швецыі, герцагіня Сконская, жонка герцага Сконскага Густава Адольфа. Прынцэса Вялікабрытаніі і Ірландыі, дзе яе называлі Дэйзі (Стакротка).

Маргарыта Конаўцкая
англ.: Princess Margaret Victoria Charlotte Augusta Norah of Connaught
Нараджэнне 15 студзеня 1882(1882-01-15)[1][2][…]
Смерць 1 мая 1920(1920-05-01)[1][3][…] (38 гадоў)
Месца пахавання
Род House of Saxe-Coburg and Gotha[d]
Бацька Артур[d][4]
Маці Луіза Маргарыта Пруская[d][4]
Муж Густаў VI Адольф[4][5]
Дзеці Густаў Адольф[d], Сігвард Бернадот[d], Інгрыд Шведская, Бертыль[d][6], Карл Юхан Бернадот[d][6][4] і unnamed daughter Bernadotte[d][6]
Веравызнанне Царква Англіі
Дзейнасць мастачка, bandy player, арыстакратка, філантроп, fundraiser
Узнагароды
ордэн Індыйскай кароны Order of Saint John Royal Order of Victoria and Albert ордэн Палярнай зоркі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

 
Прынцэса Маргарыта ў 1886 годзе праца Карла Зона. Каралеўская калекцыя.

Маргарыта нарадзілася 15 студзеня 1882 года і была першым дзіцем і старэйшай дачкой у сям’і прынца Артура, герцага Конаўцкага, трэцяга сына каралевы Вікторыі, і яго жонкі Луізы Маргарыты Прускай. Была ахрышчаная 11 сакавіка ў капліцы Віндзорскага замка Арчыбальдам Кэмпбелам Тэйтам, арцыбіскупам Кентэрберыйскім. Хроснымі прынцэсы былі яе бабуля, каралева Вікторыя; праўнучаты дзядзька, германскі імператар Вільгельм I; дзядзька Эдуард, прынц Уэльскі; цётка Вікторыя Саксен-Кобург-Гоцкая; дзядуля, прынц прускі Фрыдрых Карл і бабуля Марыя Ганна Ангальт-Дэсаўская.

Маргарыта прыходзілася сваячкай многім вядомым людзям свету. Яе стрыечнымі братамі і сёстрамі былі германскі імператар Вільгельм II, кароль Англіі Георг V, каралева-кансорт Нарвегіі Мод, расійская імператрыца Аляксандра Фёдараўна, каралева-кансорт Румыніі Марыя Эдынбургская і каралева-кансорт Іспаніі Вікторыя Яўгенія Батэнбергская.

Маргарыта і яе малодшая сястра Патрыцыя лічыліся аднымі з самых прыгожых прынцэс ў Еўропе. Іх дзядзька, кароль Брытаніі Эдуард VII хацеў зладзіць выгадныя шлюбы сваім пляменніцам, выдаць іх замуж за еўрапейскіх каралёў або наследных прынцаў. Таму ў студзені 1905 года Маргарыта і Патрыцыя адправіліся ў Партугалію, дзе некаторы час жылі пры двары караля Партугаліі Карлуша I і яго жонкі Амеліі Арлеанскай. Абмяркоўвалася перспектыва шлюбу сясцёр з сынамі кіруючай пары, меркавалася, што Маргарыта выйдзе замуж за старэйшага брата, інфанта Луіша Філіпэ, а Патрыцыя за малодшага Мануэла. Але перамовы скончыліся нічым, і прынцэсы адправіліся ў падарожжа па Егіпту і Судану. У Каіры Маргарыта пазнаёмілася са сваім чатырох’юрадным братам Густавам Адольфам, герцагам Сконскім, які знаходзіўся ў гэты час у вучэбнай паездцы. Ініцыятарам гэтай сустрэчы была бабуля Густава Адольфа па бацькавай лініі, каралева Швецыі і Нарвегіі Сафія Насаўская, якая хацела жаніць свайго ўнука на адной з унучак каралевы Вікторыі. Першапачаткова жонкай Густава Адольфа павінна была стаць Патрыцыя Конаўцкая, але герцаг спыніў свой выбар на яе старэйшай сястры Маргарыце.

Маладыя людзі палюбілі адзін аднаго з першага погляду, і нягледзячы на тое, што прынц быў блізарукі і амаль на дзесяць месяцаў маладзейшы за сваю нявесту, але затое ў яго быў талент да музыкі, танцаў і палявання, бацькі дзяўчыны далі згоду на шлюб. Вянчанне Густава Адольфа і Маргарыты адбылося 15 чэрвеня 1905 года ў капліцы Святога Георгія ў Віндзорскім замку. Мядовы месяц маладыя правялі ў Ірландыі. Іх шлюб, складзены па каханні, апынуўся шчаслівым, у ім нарадзілася чацвёра сыноў і адна дачка.

На вяселлі хедзіў Егіпта Абас II Хільмі падарыў нявесце вясельную тыяру, выкананую з алмазаў і плаціны ювелірнай фірмай «Cartier». Тыяру пасля апраналі на свае вяселлі дачка, унучкі і праўнучкі Маргарыты. Дзед жаніха, кароль Швецыі Оскар II у падарунак маладым паднёс палац Сафіеру, размешчаны за 5 км ад шведскага горада Хельсінбарг. Густаў і Маргарыта адрэстаўравалі палац, распланавалі тэрыторыю і ўладкавалі сад у англійскім стылі. Працуючы ў садзе прынцэса нават выпусціла кнігі «Наш сад у Сафіеру», «У квітнеючым садзе», якія праілюстравала ўласнымі малюнкамі і фотаздымкамі. Палац стаў неафіцыйнай рэзідэнцыяй пары.

У 1907 годзе памёр дзед Густава Оскар II і на пасад узышоў Густаў V. Густаў Адольф стаў спадчыннікам шведскага пасаду, а Маргарыта атрымала тытул кронпрынцэсы Швецыі.

Маргарыта Конаўцкая цалкам апраўдвала свой тытул. Яна выдатна размаўляла на шведскай мове, пасля двух гадоў яго вывучэння, ведала гісторыю і палітыку Швецыі. Пражыўшы амаль пятнаццаць гадоў у гэтай краіне, яна тым не менш не забывала і пра сваіх сваякоў, якім рэгулярна адпраўляла лісты. Падчас Першай сусветнай вайны Маргарыта стварыла швейнае таварыства ў Швецыі, каб падтрымаць Чырвоны Крыж. Калі пастаўкі парафіна для Узброеных Сіл Швецыі вычарпаліся, яна арганізавала збор свечак. Кронпрынцэса таксама выступала ў якасці пасярэдніка для сваякоў, разлучаных вайной, з яе дапамогай былі перададзеныя прыватныя лісты і запыты, якія дапамаглі знайсці зніклых без вестак падчас вайны мужчын.

У лістападзе 1919 года ў Маргарыты, якая ў гэты час была цяжарная ў шосты раз, выявілі сярэдні атыт, у выніку чаго ў снежні ёй была зробленая аперацыя. У сакавіку 1920 года кронпрынцэса захварэла злаякаснай ветранай воспай, якая прывяла да з’яўлення мастоідзіта. 1 мая, знаходзячыся на восьмым месяцы цяжарнасці Маргарыта памерла разам з дзіцем падчас аперацыі ў выніку заражэння крыві. Яе пахавалі ў царкве Святога Мікалая у Стакгольме, а ў 1922 годзе перапахавалі на Каралеўскіх могілках Хага, як завяшчала яна сама.

У 1923 годзе Густаў Адольф зноў ажаніўся, са стрыечнай пляменніцай Маргарыты Луізай Маўнтбетэн, а праз трыццаць гадоў пасля смерці першай жонкі ўступіў на Шведскі трон, як Густаў VI Адольф.

Дзеці правіць

Імя Нарадзіўся Памёр Заўвага
Густаў Адольф, герцаг Вестэрботэнскі 22 красавіка 1906 26 студзеня 1947 Бацька будучага караля Швецыі Карла XVI Густава.
Прынц Сігвард, Герцаг Апланда 7 чэрвеня 1907 4 лютага 2002 Граф Сігвард Бернадот і фон Вісборг. Быў тройчы жанаты марганатычным шлюбам.
Прынцэса Інгрыд 28 сакавіка 1910 7 лістапада 2000 Каралева Даніі; маці будучай каралевы Маргарэты II дацкай і экс-каралевы Грэцыі Ганны-Марыі.
Бертыль, герцаг Халандскі 28 лютага 1912 5 студзеня 1997 Быў жанаты на Ліліян Дэвіс, нашчадкаў не пакінуў.
Прынц Карл Юхан 31 кастрычніка 1916 5 мая 2012 Граф Карл Юхан, граф фон Вісборг.

Памяць правіць

У гонар Маргарыты, якая была вядомая як дасведчаны садоўнік і дэкаратар, у 1999 годзе быў названы сорт англійскай ружы пяшчотна-абрыкосавага колеру — «Кронпрынцэса Маргарыта».

Зноскі

Спасылкі правіць