Убарць (маёнтак)

(Пасля перасылкі з Маёнтак Убарць)

Убарць — гістарычны ўдзел, маёнтак, ключ, воласць віленскіх біскупаў (1412—1794), графа Я. Сіверса (1794—1808) у Мазырскім павеце Кіеўскага, потым Менскага ваяводства ВКЛ, а затым Расійскай імперыі; змяшчаўся ў парэччы сярэдняй часткі Убарці на частцы тэрыторыі сучаснага Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Населеныя пункты Убарцкай воласці і наваколляў, якія ўпершыню ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах да XIX ст.

Гісторыя правіць

31 мая 1412 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт перадаў цалкам «удзел Убарць, які ляжыць на рацэ Убарць, з усімі вёскамі і ўладаннямі, як бы яны ні называліся, і размешчанымі цяпер альбо ў будучыні ў тым самым павеце, з поўным правам уладання, з чыншамі, прыбыткамі, барамі, борцямі, гаямі, лясамі, лугамі, палямі, выганамі, пашамі, паляваннямі, ловамі, рэкамі, азёрамі, ставамі, сажалкамі, рыбнікамі, рыбалоўнымі месцамі, язамі, водамі і вадацёкамі, зборамі (ураджаямі), ужываннямі і карысцямі, якія ёсць цяпер і якія могуць быць у будучыні з ласкі Божага Провіду, што кіруе ўсё да лепшага. Мы не пакідаем у гэтым павеце ніякага права ўладання для нас і нашых наступнікаў, а аддаем усе гэтыя маёмасці на вечныя часы таму самаму пану біскупу Мікалаю і ягоным наступнікам, біскупам Віленскага касцёла для дзяржання, трымання, карыстання і валодання, а таксама вольнага і бяспечнага абарачэння на сваю карысць і карысць сваіх наступнікаў, гэтак як будзе здавацца лепшым».[1] Гэты прывілей датычыў матэрыяльнага забеспячэння каталіцкай епархіі — Віленскага біскупства, утворанага, згодна з умовамі Крэўскай уніі (1385 г.) дзеля хрышчэння літоўцаў-язычнікаў. Звяртае на сябе ўвагу таксама той факт, што Убарцкі ўдзел знаходзіўся далёка ад Вільні і Трокаў, аж у зямлі Кіеўскай — зямлі, верагодна, з пераважна праваслаўным, а магчыма, яшчэ і язычніцкім насельніцтвам.

Паводле разлікаў польскага гісторыка Е. Ахманскага, на час атрымання Убарці Віленскім біскупствам у XV ст. у ёй знаходзілася каля 100 дымоў і 8-10 сёлаў. Іншы польскі гісторык В. Пшыялгоўскі, абапіраючыся на дакладныя матэрыялы, якія не ўсе дагэтуль захаваліся, сцвярджаў, што маёмасць тая «паміж сталовымі маёнткамі біскупа лічбы найвялікшай дасягала, бо звыш 100 хат мела».[2]

Вопіс Оўруцкага замка 1545 г. змяшчае пералік прыпісаных да яго мяшчан, баяр, сялян і зямель, а таксама пералік павіннасцяў і данінаў на карысць замка. З прычыны таго, што ад кіраўніцтва Убарцкай воласці ніхто «да ліста гаспадарскага» не прыйшоў, складальнікі вопісу толькі паказалі колькасць яе жыхароў, не падаючы ні колькасці, ні назваў паселішчаў: «Волость Собортская оддана на бискупство Виленское, поведили, во всих селах тое волости осем сот человика».[3]

21 жніўня 1567 г. кароль Жыгімонт Аўгуст на чалабітную віленскага біскупа Валяр'яна Сушкоўскага даў дазвол на заснаванне мястэчка ў маёнтку Убарць і ўстанаўленне там акрамя штотыднёвых таргоў у чацвер устанавіць на вечныя часы вольныя кірмашы адзін раз у год на дзень Трох Каралёў.[4] На жаль, гэты прывілей не змяшчае самой назвы мястэчка ў маёнтку Убарць.

Пад час утварэння Рэчы Паспалій у 1569 г. намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста пры падтрымцы мясцовай шляхты Кіеўская зямля адышла да Кароны Польскай. Шляхта новаўтворанага ў 1566 г. Мазырскага павета адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы соймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяводства і далучыцца да Менскага ваяводства ВКЛ.[5] Але з-за невыразна апісаных межаў узнікалі розныя спрэчкі. Убарцкая воласць таксама становіцца прадметам шматгадовай цяжбы. «У 1581 г. пабор з 10 вёсак тае воласці — „што лічыцца ў павеце Кіеўскім“ — узяты ў войска в[ая]в[о]дства Кіеўскага; праўда, раз, у 1571 г., пабору не аддадзена, „пры вялікай упартасці, не дбаюць нічога — і на старосту“ (Źr. dz. t. XX)».[6]

Дарэчы, паводле рэестра пабораў Віленскага біскупства 1581 г., з 10 убарцкіх сёлаў аплачана падымнае ў колькасці 158 фларынаў і 22 грошаў. На падставе гэтых дадзеных Е. Ахманскі акрэсліў тагачасную мінімальную населенасць Убарцкай воласці лікам звыш 300 дымоў.[7]

Самі віленскія біскупы імкнуліся, відавочна, захаваць свой Убарцкі маёнтак пры Вялікім Княстве. Але ніводная са шматлікіх камісій (1589, 1593, 1598, 1601, 1607, 1609, 1611, 1613, 1620 гг.) нават да выніку не дайшла. Толькі ў 1622 г. сеймавая камісія з намаганнем вызначыла лінію мяжы паміж спрэчнымі воласцямі.[8] Можна дапусціць, што прыналежнасць Убарцкай воласці ў той час менавіта віленскаму (а не, скажам, кіеўскаму) біскупу і вызначыла лёс гэтага кутка нашай бацькаўшчыны — ён належыць цяпер Беларусі, а не Украіне. Гэта думка падмацоўваецца таксама тым, што падставай для размежавання служылі дакументы на права зямельнай уласнасці, а не этнаграфічны склад тамтэйшага насельніцтва ці што іншае.[9]

Казацкія войны спустошылі і выпалілі Палессе. Іх непазбежны спадарожнік — неўраджаі выклікалі катастрафічны голад. З-за яго і блукання абяздоленага насельніцтва пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, якая лютавала з 1653 па 1658 г. і зноў успыхнула ў 1664 г. Асабліва пацярпеў Мазырскі павет. Так, паводле рэестру падымнага 1653 г., запіcаны для Убарці толькі 151 дым, што амаль удвая менш, чым разлічана польскім гісторыкам Е. Ахманскім па рэестры падымнага 1581 г. (звыш 300). Гэтыя лічбы адлюстроўваюць стан засялення Убарцкай воласці на працягу пяці гадоў ад выбуху ў 1648 г. казацкай вайны, у выніку якой тутэйшае насельніцтва альбо загінула, альбо разбеглася. І толькі частка яго засталася ў старых сядзібах і не брала ўдзелу ў вайне.[10]

Інвентар сталовага маёнтка Убарць Мазырскага павета Віленскага біскупства 1763 г. змяшчае звесткі пра жылыя і гаспадарчыя пабудовы панскага двара, іх архітэктуру і планіроўку, гаспадарку (пералік жывёлы, апісанне млыноў і корчмаў), затым апісваюцца 10 сёл воласці з пералікам усіх сялянскіх гаспадарак (390 дымоў) з паказам мядовай даніны і грашовага чыншу, ёсць дадзеныя пра кожнага гаспадара дыма і працаздольных мужчынах, пра рабочую жывёлу і, пад канец, апісаны розныя віды і памеры павіннасцяў, тэрміны іх выплаты, а таксама запісаны распараджэнні адносна павелічэння даходаў з біскупавага ўладання. Дым уяўляў сабою, як правіла, гаспадарку адной сялянскай сям'і. Найбольш тыповай была сям'я з бацькоў і дзяцей, якія яшчэ не стварылі сваіх сем'яў, сярэднім лікам 6,4 чалавека. Былі і болей складаныя сем'і — з жанатымі сынамі, з братамі гаспадара і іншымі сваякамі (унукамі, пляменнікамі, шваграмі). Разам з тым, амаль кожны 9-ы дым воласці складаўся толькі з аднаго жыхара. Інвентар дазваляе пазнаёміцца з тагачаснымі жыхарамі воласці. Звяртае на сябе ўвагу тое, што сяляне мелі амаль цалкам праваслаўныя імёны, колькасць якіх складае больш за 100. Найчасцей хлопчыкаў называлі імёнамі Сямён, Сцяпан, Іван, Хведар, Аляксей, а таксама Нічыпар, Трахім, Карп, Хама, Гаўрыла і іншымі паўзабытымі цяпер імёнамі. Сярод жыхароў воласці сустракаецца і некалькі яўрэйскіх імёнаў.

У кастрычніку 1775 г., згодна з пастановай апошняга сейма, быў складзены тарыф дымоў у Мазырскім павеце.[11] Гэты дакумент сведчыць, што духоўнае ўладанне Віленскага біскупства Убарць складалася з 10 вёсак з агульнай колькасцю 345 дымоў: Баровае — 20, Буйнавічы — 65, Дуброва — 43, Злодзін — 23, Картынічы — 23, Лельчыцы — 50, Ліпляны — 22, Мілашэвічы — 32, Сыманічы — 26, Стадолічы — 41 дым. Дарэчы, у параўнанні з дадзенымі інвентару маёнтка Убарць 1763 г. вынікае зніжэнне агульнай колькасці дымоў на 45 адзінак. Асабліва гэта закранула сёлы Буйнавічы і Лельчыцы.

30 верасня 1789 г. быў складзены новы тарыф дымоў у Мазырскім павеце.[12] Гэты дакумент сведчыць, што маёнтак Убарць складаўся з аднаго двара ці фальварка, у 10 вёсках мелася 19 дымоў халупнікаў і 384 дымы грунтавыя, а ўсяго 409 дымоў. Халупнікамі называліся беззямельныя ці малазямельныя сяляне, маёмасць якіх складалася часцей за ўсё з хаты (халупы) і невялікай колькасці жывёлы. Усяго насельніцтва абодвух полаў налічвалася 2841 чалавек, з іх ад 1 да 16 гадоў — 655 муж. і 622 жан., ад 16 да 30 гадоў — 314 муж. і 265 жан., ад 30 да 45 гадоў — 208 муж. і 201 жан., ад 45 да 60 гадоў — 175 муж. і 178 жан., старэйшых за 60 гадоў — 119 муж. і 104 жан. З аналізу гэтых дадзеных вынікае: доля насельніцтва, узрост якога перавышаў 30 гадоў, складала ўсяго 35 %. З прычыны асобнага падаткаабкладання тарыф змяшчае звесткі і пра яўрэйскае насельніцтва. У вёсках маёнтка Убарць гэтым часам налічвалася ўсяго 9 дымоў яўрэяў з агульнай колькасцю 54 жыхары.

Тарыф Мазырскага павета 1790 г. сведчыць, што ў гэты час маёнтак «Убарць, або Лельчыцы» — маёнтак Петрыкаўскай парафіі, уласнасць каталіцкай царквы ў валоданні віленскага біскупа складаўся з 10 вёсак, 410 дымоў: адзін — панскі двор, 5 — грэцкіх плябаній, 285 — чыншавых, 107 — цяглых, 4 — агародніцкія і 8 дымоў халупных, 6 корчмаў.[13] Дарэчы, асноўнай павіннасцю цяглых гаспадарак была паншчына.

27 cакавіка 1793 г. быў абнародаваны маніфест аб далучэнні да Расійскай імперыі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. Убарцкай воласці. У новадалучаных землях адбылося прынясенне прысягі насельніцтва на расійскае падданства, на што быў вызначаны месячны тэрмін. 13 красавіка было прадпісана зняць усе далучаныя землі на карту, правесці перапіс насельніцтва, пералічыць сёлы, падзяліць зямлю на акругі ды іншае. Трэба зазначыць, што Мазырскую акругу меркавалася далучыць да сумежнай Кіеўскай губерні, але ў рэшце рэшт яе далучылі да Мінскага намесніцтва (з 1796 г. — губерні), а Мазыр вызначылі павятовым горадам.

28 чэрвеня 1794 г. па смерці віленскага біскупа Ігнація Масальскага яго сталовы маёнтак Убарць пераходзіць у казённае ведамства «да часу асобнага яе імператарскай вялікасці аб усіх такіх маёнтках пажадання».[14] Такім чынам, скончылася 382-гадовае ўладанне віленскімі біскупамі маёнткам Убарць. Дарэчы, за гэты час з яго кармілася 26 біскупаў.

Неўзабаве гэты маёнтак быў падараваны расійскай імператрыцай Кацярынай II свайму паслу ў Рэчы Паспалітай Якаву Сіверсу.

Па смерці графа Якава Сіверса ў 1808 г. маёнтак Убарць быў падзелены на 4 часткі, якія купілі памешчыкі Добрынскі (маёнтак Буйнавічы), Мезенцаў (маёнтак Лельчыцы), Кушалёў (маёнтак Дуброва) і Флораў Булгак (маёнтак Мілашэвічы). Магчыма, гэта адбылося ўжо пасля смерці графа. У 1809 г., паводле ўказа Мінскага губеранскага праўлення, на прашэнне пакупнікоў складаецца план падзелу ўсяго Убарцкага маёнтка.[15]

Уладальнікі правіць

Эканоміка правіць

Паводле кнігі даходаў Віленскага біскупства 1539 г., біскуп Павел Гальшанскі атрымаў з Убарці 50 коп грошаў. Было ўнесена мядовай даніны ў рознай залежна ад збору мёду колькасці. Давалася ўсяго ад 12 да 20 паўкалод, кожная па 10 медніц.[16] У той час калода адпавядала колькасці сабранага за год мёду з цэлага вулля і складала каля дзвюх кадзяў (па 5-6 пудоў кожная), а медніца мёду змяшчала 7 малых гарцаў, ці 19,76 л. Такім чынам, агульная колькасць мядовай даніны была прыкладна ад 1150 да 1920 кг, ці ад 2371 да 3952 л. Гладыш мёду каштаваў капу (60) грошаў, столькі ж каштаваў гадавалы жарабок, бык неабучаны, парсюк выкармлены, гладыш масла. Гэтая крыніца падае толькі агульныя квоты сабраных з асобных воласцяў даходаў — чыншаў, данінаў, капшчызны і мыта. Даход з Убарці склаў прыкладна 3 % ад даходу біскупства з усіх земскіх воласцяў, а па даходах з чыншу і з данінаў воласць была на другім месцы пасля Ігуменскай.[17]

Паводле інвентару Убарцкага ключа 1760 г., галоўнай павіннасцю насельніцтва тут з'яўлялася мядовая даніна, якую кожнае сяло здавала разам. У генеральнай уставе сярод агульнаваласных павіннасцей адзначалася, што сяляне павінны «сена на двор паводле даўняга звычаю 300 вазоў паміж сабой вызначыўшы, кожнай вёскай складаць і тым парадкам агульна да двара даваць», а таксама вырабіць ад воласці невад.[18]

Аб агульных даходах з маёнтка ў 1762 г. вядома наступнае: «Убарць, у павеце Мазырскім, дарунак Вітаўта, пацверджанае праз Ягайлу ў 1430 г. Двор, 10 вёсак, дымоў 387, падданых 985, чыншу гадавога 3.400 зл. пол., апрача таго, даніны мядовай, лічачы за вядзерца па 4 зл. пол. = 4.603 зл. пол.; арэнды з Рудні Старой 3.300 зл. пол., з Рудні Новай 2.400 зл. пол.; наогул усіх даходаў з бабрамі, выдрамі і ссыпкай 20.106 зл. пол.».[19] Паводле інвентару маёнтка 1763 г., убарцкія сяляне адправілі ў Вільню на стол біскупа жыта, ячменю, грэчкі і гароху па 195 асьмін, 390 асьмін аўса, 195 вядзерцаў пшаніцы, маку і канапель па 390 квартаў, 480 квартаў проса, 390 вязанак грыбоў, а даніны мядовай аж 1152 вядзерцы — каля 13000 л. Вядзерца складала 4 малыя гарцы, ці 11,28 л. У сярэднім з аднаго дыма прыйшлося па 2,95 вядзерца (прыкладна 33,3 л). Найбольшая даніна мёду з аднаго дыма склала ў сёлах Мілашэвічы і Барова (адпаведна 5,31 і 5,06 вядзерца), найменшая — у сёлах Буйнавічы і Злодзін (адпаведна 1,24 і 1,90 вядзерца); у сяле Лельчыцы — 2,79 вядзерца. Мядовая даніна складала больш за пятую частку ўсяго чыншу з гэтага сталовага маёнтка віенскага біскупа. Чынш з аднаго дыма ў сярэднім па воласці склаў 8,3 злотага. Апрача гэтай даніны, калядкавы падатак склаў 1600 польскіх злотых.[20]

Дабрабыт сялянскай гаспадаркі, бясспрэчна, залежаў ад забяспечанасці яе перш за ўсё зямлёй. На жаль, у інвентары няма дадзеных пра памеры зямельных участкаў у карыстанні сялян, апрача лічбаў колькасці кадзяў на кожнае сяло воласці. Магчыма, кожнай лічбе кадзяў адпавядае збожжа — жыта, ячмень, авёс, грэчка ці пшаніца, якое нарыхтоўвалася ў вёсцы да сяўбы. Дарэчы, у гэтым інвентары бульба яшчэ не згадваецца.

Істотнай падтрымкай у сялянскай гаспадарцы была працоўная жывёла — сярэднім лікам 2,2 галавы на дым. Але амаль кожны 16-ы дым не меў жывёлы наогул. Асноўнай працоўнай жывёлай быў вол, ад якога апрача цяглавай сілы быў яшчэ гной, а конь з'яўляўся толькі падмогай у гаспадарцы. Аналіз забяспечанасці сялян малочнай і дробнай жывёлай з-за адсутнасці звестак у інвентары зрабіць немагчыма. Агульны малюнак сялянскай гаспадаркі без кароў, свіней, козаў, авечак, курэй уявіць даволі цяжка.

У 1789 г. адбылася ачыстка р. Убарць з мэтаю зрабіць яе сплаўной і першая праводка па ёй на суднах значнай партыі паташу. Гэтым быў пакладзены пачатак прамысловага сплаву па рацэ Убарць. І. Зяленскі сведчыць, што «…найбольш дзейсным у гэтых адносінах з'яўляецца князь Масальскі, епіскап віленскі, які валодаў вялізнымі маёнткамі па р. Убарці… і прыступіў да ачышчэння гэтай ракі (г. зн. Убарці) за асабісты свой кошт, з мэтай зрабіць яе сплаўною, і ў 1789 г. пабудаваныя у яго маёнтках судны, нагружаныя значнаю партыяй паташу, упершыню прайшлі гэтай ракою і затым Прыпяццю да Мухавецкага канала».[21]

У 1795 г. у маёнтку Убарць («Уборцы») налічваецца сялян мужчынскага полу 1340 душ і 87 асоб, якія пражываюць часова. Ён складаўся з прапісных сёл і вёсак, а менавіта: «з Лелчыцамі, Ліплянамі, Злодзінам, Буйнавічамі, Стадолічамі, Карцінічамі, Бароваю, Мілашэвічамі, Дуброваю, Сіманічамі, і руднямі Лелчыцкаю, Локніцкаю, Сморнянскаю, Мілашэвіцкаю, і будамі Буйнавіцкaю і Стадоліцкaю». Гадавы даход маёнтка складаў 21379 злотых, а на ўтрыманне двух паташных заводаў і дзвюх рудняў патрэбна было выдаткаваць 26936 злотых, што сведчыць пра яго стратнасць.[22]

У студзені 1795 г. да мінскага, валынскага і брацлаўскага генерал-губернатара Цімафея Туталміна звярнуўся граф Іван Салагуб з пажаданнем узяць у арэнднае ўтрыманне казённы маёнтак Убарць Мазырскага павета, суседні з яго вотчынаю Тураў у Пінскім павеце. Згода на ўчыненне кантракта была атрымана з 18 вызначанымі ўмовамі. Аднак невядома, ці быў гэты кантракт падпісаны, бо неўзабаве яго прадмет быў падараваны імператрыцай другому ўладальніку.

Апрача збіральніцтва лясных дарункаў і палявання на звяроў развіліся лясныя промыслы — смалакурэнне, гонка дзёгцю, выварванне паташу, выпальванне драўнянага вугалю і інш. Так, згодна з тапаграфічным апісаннем Мазырскага павета Мінскай губерні 1800 г., у валоданні сапраўднага тайнага саветніка і кавалера Якава Яфімавіча Сіверса пры Будах Стадоліцкай і Буйнавіцкай дзейнічалі паташныя заводы. Апрача гэтага, былі рудні, на якіх рабілі нарогі. Рэчы, зробленыя на заводах і руднях, выкарыстоўваліся для хатняга ўжытку, часткаю і на продаж. Працу выконвалі майстравыя з боку па дагаворных цэнах і сяляне гэтага памешчыка.[23] Паводле ведамасці Мінскага губеранскага праўлення 1804 г. аб «будніках», якія жывуць у памешчыцкіх маёнтках Мазырскага павета, у сапраўднага тайнага саветніка і кавалера графа Сіверса было 58 душ буднікаў. «Усе з розных месцаў Польскага краю, з якіх 18 чалавек рознага звання жывуць у яго ад 12 да 23 гадоў, дакументаў на вольнасць не маюць. Хоць адзін шляхціц і абвяшчаў, што дакументы мае, але яны знаходзяцца ў яго брата, а зайшоў ён ужо 25 год, іншыя ж былі раней сяляне біскупа Масальскага, а цяпер гэтага ўладальніка». Паводле ўсяміласцівейшага падаравання буднікі былі запісаны ў рэвізію памешчыку Сіверсу.[24] З развіццём фабрычнай вытворчасці і паніжэннем попыту на прадукцыю будаў паташная вытворчасць паступова занепадала і знікла пад канец XIX ст. Лясныя пасёлкі буднікаў ператварыліся ў звычайныя вёскі, за якімі засталася назва «Буда».[25]

Паводле інвентару маёнтка Убарць, у 1763 г. дзейнічалі дзве рудні — старая (на тым месцы заснавалася в. Жмурнае) і новая (на тым месцы заснавалася в. Лохніца). А раней былі рудні ў вёсках Картынічы («там гаць ёсць») і Мілашэвічы, але заняпалі, напэўна, з-за недахопу работнікаў. Камісар біскупа, які складаў інвентар, даў распараджэнне паставіць рудні яшчэ на р. Убарць у Буйнавічах, Картынічах, Лельчыцах і Мілашэвічах і на р. Лохніца. Гэтае распараджэнне было выканана, аб чым сведчыць атлас Мінскай губерні (1800 г.), на якім паказаны вёскі Рудня Буйнавіцкая (цяпер Буда-Сафіеўка), Рудня Зморнянская (раней рудня Старая, а цяпер в. Жмурнае), Рудня Локніцкая (раней рудня Новая, а цяпер в. Лохніца), Рудня Лельчыцкая (пазней Каросцін, а цяпер Новае Палессе), Рудня Мілашэвіцкая (цяпер не існуе), Рудня Стадоліцкая (цяпер не існуе). Эканамічныя заўвагі да гэтага атласа сведчаць пра наяўнасць яшчэ рудні ў Дуброве і дзвюх рудняў у Лельчыцах. Так, паводле ведамасці Мінскага губеранскага праўлення 1804 г. пра людзей, якія «жывуць пры руднях» у памешчыцкіх маёнтках Мазырскага павета, у сапраўднага тайнага саветніка і кавалера графа Сіверса было 114 душ руднікаў — карэнных падданых былога памешчыка Аскіркі. Паводле ўсяміласцівейшага падаравання руднікі былі запісаныя ў рэвізію памешчыку Сіверсу.[26]

Населеныя пункты правіць

Рэестр падымнага з Убарці «ў Кіеўскім павеце» за 1581 г. толькі акрэслівае гэтую воласць у колькасці 10 сёлаў, якія цалкам пералічаны ў інвентары маёнтка Убарць 1763 г. — Лельчыцы (галоўнае з іх — з «дваром»), Баравое, Буйнавічы, Дуброва, Злодзін (цяпер Чырвонабярэжжа), Картынічы, Ліпляны, Мілашэвічы, Сіманічы, Стадолічы. У атласе Мінскай губерні 1800 г. паказаны вёскі Рудня Буйнавіцкая (цяпер Буда-Сафіеўка), Рудня Зморнянская (раней рудня Старая, а цяпер в. Жмурнае), Рудня Локніцкая (раней рудня Новая, а цяпер в. Лохніца), Рудня Лельчыцкая (пазней Каросцін, а цяпер Новае Палессе), Рудня Мілашэвіцкая (цяпер не існуе), Рудня Стадоліцкая (дакладна не лакалізавана, магчыма вёска Альховая).

Зноскі

  1. Kodeks Dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. T. 1. Kraków, 1948. S. 88-90. N 57; S. 136—139. N 110.
  2. Ochmański J. Powstanie i rozwój łatyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550): Ze studiów nad rozwójem wielkiej własności na Litwe i Białorusi w średniowieczu. Poznań, 1963. S. 49. (Спасылка: Przyałgowski W. Źywoty biskupów wileńskich. Т. 1. Petersburg, 1860. S. 33.)
  3. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (далее — АВК). Т. 25: Инвентари и разграничительные акты. Вильна, 1898. С. V—VI. (Предисловие.)
  4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Метрыка ВКЛ. А. з. 266. А. 216 адв.-217.
  5. Беларусь: Энцыкл. даведнік. Мн., 1995. С. 442.
  6. Źródła dziejowe. T. 22: Polska XVI wieku. T. 11. Warszawa, 1897. S. 566—567.
  7. Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 49.
  8. Źródła dziejowe. Т. 22. S. 15.
  9. Źródła dziejowe. T. 20: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. 9: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział III opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. Warszawa, 1894. S. 89-93.
  10. Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 173. (Спасылка на рэгістр падымнага 1653 г. з Убарці: Vilnians kapitulos Fondas (VKF) nr 2259.)
  11. Кніга тарыфная Мазырскага земскага суда для запісу статыстычных звестак аб насельніцтве і колькасці двароў і дамоў (дымоў) і належных з іх падаткаў // НГАБ. Ф. 1771. Воп. 1. А. з. 48. А. 37-37 адв.
  12. Кніга тарыфная Мазырскага земскага суда для запісу статыстычных звестак аб насельніцтве і колькасці двароў і дамоў (дымоў) і належных з іх падаткаў // НГАБ. Ф. 1771. Воп. 1. А. з. 48. А. 9 адв.-10, 13 адв.-14, 17, 26 адв.-27.
  13. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Фонд старажытных актаў. А. з. 3373. А. 10 адв.
  14. НГАБ. Ф. 333. Воп. 1. А. з. 9-б. А. 69.
  15. На жаль, гэты дакумент не знойдзены. Гл.: НГАБ. Ф. 120. Воп. 1. А. з. 917. А. 24 адв.-25; Ф. 27. Воп. 1. А. з. 710. А. 73-73 адв.
  16. Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 113.
  17. Тамсама. S. 113, 149.
  18. Голубеў В. Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI—XVIII стст. Мінск, 2008. С. 266.
  19. Kurczewski J. Koscioł zamkowy czyli katedra wileńska. Cz. 2. Wilno, 1910. S. 141.
  20. Inwentarz dobr stołowych biskupstwa Wilenskiego Uborcy w powiecie Mozyrskim // Цэнтральная бібліятэка АН Літвы ў Вільнюсе. Аддзел рукапісаў. Вільнюскі капітульны фонд (VKF). № 2037.
  21. Зеленский И. Материалы для географии и статистики России. С. 123. (Дарэчы, Мухавецкі, альбо Каралеўскі, канал, які злучыў Мухавец і Піну, будаваўся ў 1767—1783 гг. на сродкі буйнога магната гетмана Міхала Агінскага.); Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. М., 1892. С. 134—135.
  22. НГАБ. Ф. 333. Воп. 1. А. з. 9-б. А. 69-76 адв.
  23. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 3. Мн., 1961. С. 108—111. (Дакумент № 48.)
  24. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960. С. 278—280. (Дакумент № 188.)
  25. Турчинович А. Обзор истории Белорусии с древнейших времен. СПб., 1857. С. 246.
  26. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960. С. 276—278. (Дакумент № 187.)

Літаратура правіць

  • Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-укладальнік А. І. Атнагулаў; Навук.рэд. В. Л. Насевіч. — Мн.: Тэхналогія, 2001. 496 с.: іл. ISBN 985-459-051-2