Мячэць з в. Даўбучкі
Мячэць з Даўбучак — магаметанскі храм з былой вёскі Даўбучкі (або Даўбуцішкі) на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі, цяпер размешчаны на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнага дойлідства і побыту каля Азярца Мінскага раёна. Пабудавана ў XVIII ст., спалучае дойлідства, уласцівае культавым збудаванням Усходу (цэнтрычнасць асноўнага аб’ёму і сіметрычная кампазіцыя пабудовы), з традыцыямі драўлянага дойлідства. Помнік драўлянага дойлідства.
Славутасць | |
Мячэць з вёскі Даўбучкі | |
---|---|
| |
54°20′55″ пн. ш. 26°26′20″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска |
|
Канфесія | Іслам |
Архітэктурны стыль | беларускае народнае дойлідства |
Дата заснавання | 1735 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000407 |
Стан | Разабрана |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПасяленне татар на сучаснай тэрыторыі Беларусі адносіцца да ранніх часоў Вялікага Княства Літоўскага. Вялікія князі Гедымін, а потым Кейстут і Альгерд запрашалі татараў на службу. Асноўным арганізатарам татарскага пасялення лічаць вялікага князя Вітаўт. Вялікія князі Казімір Ягелончык, Аляксандр Ягелончык, Жыгімонт Стары пашыралі татарскае пасяленне, умацоўвалі яго матэрыяльную аснову раздачай зямель. У 1561 і 1568 гадах вялікі князь Жыгімонт Аўгуст даў татарам прывілей на шляхецтва[1]. У месцах кампактнага жыцця татар будаваліся мячэці.
Мячэць, якая захавалася ў Даўбучках, пабудавана ў XVIII ст. у Сяльцы Беніцкай гміны Маладзечанскага павета і перавезена ў Даўбучкі ў пачатку XIX ст. На працягу існавання мячэць не зведала значных перабудоў, змянялася толькі аддзелка (спачатку была пабелена, швы замазаны глінай)[1].
Архітэктура
правіцьАсноўны прамавугольны ў плане зруб падзелены на дзве часткі з асобнымі ўваходамі і накрыты шатровым дахам[1], завершаным дванаццацігранным купалам[2], які быў накрыты дранкай і пафарбаваны ў чырвоны колер (сурыкам)[1]. Аснова купала — вертыкальны слуп, які абапіраўся на бэлечную сістэму. На слуп і верхнія бярвёны (абвязку) абапіраліся кроквы. Абвязка ўтварала шматвугольнік з 12 гранямі. Такім чынам, купал быў не функцыянальным элементам, а толькі формай, унутры была плоская суцэльная столь[1]. Уваходы злучаныя арачнай галерэяй на так званых кручаных слупах. Сцены гарызантальна ашаляваныя дошкамі. Вокны прастакутныя[2].
Інтэр’ер зальны, з плоскай столлю. Амаль квадратная ў плане зала ва ўсходняй частцы мае пяцігранную нішу — міхраб[2], насупраць якой, у мужчынскай палове, размяшчаўся мумібір (хоры)[1], упрыгожаны точанымі балясінамі[2].
З паўночна-заходняга боку двух’ярусны чацверыковы мінарэт, завершаны шатровым дахам.
Стыль
правіцьНаяўнасць квадратнага ў плане зруба з купалам, галерэі, праёмаў з элементамі арак, вуглавое размяшчэнне мінарэта набліжаюць мячэць у Даўбучках да традыцый візантыйскага дойлідства. Купал, блізкі да падковападобнай аркі, разьба на калонах, арачныя раскосы, вырашэнне міхраба і мумібіра ўяўлюць элементы традыцыйнай мусульманскай архітэктуры. Да традыцый беларускага драўлянага дойлідства трэба аднесці мінарэт, падобны на званіцу царквы ці касцёла, канструкцыйныя элементы, запаўненне праёмаў.
Зноскі
- ↑ а б в г д е Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в г Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мячэць з в. Даўбучкі
- Мячэць з в. Даўбучкі на сайце Radzima.org
- Мячэць з в. Даўбучкі на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Мячэць з в. Даўбучкі на сайце «Архіварта»