Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт

орган савецкай улады на тэрыторыі Менскай губерні ў 1918—1920 гадах

Мінскі (Менскі) губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт — найвышэйшы орган савецкай улады на тэрыторыі Менскай губерні ў 1918—1920 гадах.

Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт
Агульная інфармацыя
Краіна
Юрысдыкцыя Менская губерня і Вілейскі павет
Дата стварэння 10 снежня 1918
Дата скасавання 31 ліпеня 1920
Заменена на Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР

Створаны 10 снежня 1918 года ў Менску паводле ініцыятывы Паўночна-Заходняга камітэта РКП(б) па заняцці Менска бальшавіцкімі войскамі і адступленні немцаў. Старшыня — І. І. Рэйнгольд, члены: І. І. Агол, С. І. Берсан, М. І. Крывашэін, А. М. Крыніцкі, К. Ф. Разенталь, А. С. Славінскі, Ш. Ш. Ходаш, В. І. Яркін і інш. Былі аддзелы: ваенны, фінансаў, зямельны СНК, працы, харчавання, асветы, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, юстыцыі, ЧК і інш. Вёў работу па стварэнні рэўкамаў і Саветаў на занятай тэрыторыі. Скасаваны 7 студзеня 1919 года ў сувязі з утварэннем Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ), аддзелы зліліся з камісарыятамі новай рэспублікі.

25 лютага 1919 года адноўлены паводле пастановы ЦВК ССРБ у сувязі з утварэннем ЛітБел ССР. Дзейнасць пашырылася і на Вілейскі павет Віленскай губерні. Старшыня — І. С. Саваціеў, члены: М. І. Крывашэін, А. М. Крыніцкі, Я. М. Кроль, Э. С. Русецкі, Ш. Ш. Ходаш, Л. М. Шагал, А. Р. Чарвякоў і інш. Вёў падрыхтоўчую работу па скліканні з’езда Саветаў Менскай губерні. 29 красавіка 1919 года скасаваны ў сувязі з пераездам урада ЛітБел ССР з Вільні ў Менск, аддзелы зліліся з наркаматамі, функцыі перайшлі да Савета абароны, СНК і іншых цэнтральных органаў рэспублікі.

26 ліпеня 1919 года адноўлены ў Бабруйску ў сувязі з акупацыяй бальшыні тэрыторыі Беларусі польскімі войскамі, скасаваннем Савета абароны і згортваннем работы СНК ЛітБел ССР. Старшыня — Р. В. Пікель, члены: С. Л. Гельтман, М. І. Калмановіч, Р. А. Муклевіч, І. І. Пузыроў, П. Ф. Равінскі, А. Р. Чарвякоў і інш. У жніўні 1919 года спыніў дзейнасць у сувязі з акупацыяй Менскай губерні польскімі войскамі.

9 ліпеня 1920 года створаны зноў у сувязі з пачаткам заняцця Чырвонай арміяй Менскай губерні. Старшыня — А. Р. Чарвякоў, члены: І. А. Адамайціс, Я. А. Адамовіч, А. І. Вайнштэйн, А. Х. Гентер, І. Л. Грыдзюшка, У. М. Ігнатоўскі, С. Д. Камінскі і інш. Вёў работу па стварэнні органаў савецкай улады на занятых тэрыторыях, займаўся забеспячэннем Чырвонай арміі. Спыніў існаванне ў сувязі з прыняццем 31 ліпеня 1920 года Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і ўтварэннем Ваеннага рэвалюцыйнага камітэта Беларускай ССР (ВРК БССР), на базе аддзелаў рэўкама створаны камісарыяты ВРК БССР.

Літаратура правіць