Надзея Віктараўна Траян
Надзея Віктараўна Трая́н[1] (24 кастрычніка 1921, Дрыса — 7 верасня 2011, Масква[2]) — савецкая разведчыца і медыцынская сястра партызанскага атрада «Бура», Герой Савецкага Саюза (1943).
Надзея Віктараўна Траян | |
---|---|
![]() | |
Род дзейнасці | партызан, вучоная, урач, выкладчыца ўніверсітэта |
Дата нараджэння | 24 кастрычніка 1921 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 верасня 2011 (89 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Муж | Васіль Ігнатавіч Карацееў[d] |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Прыналежнасць | СССР |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і прэміі | |
![]() |
Біяграфія
правіцьНарадзілася ў сям’і служачага. Скончыла 10 класаў. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, знаходзячыся на тэрыторыі, акупаванай фашысцкімі войскамі, удзельнічала ў рабоце падпольнай арганізацыі ў горадзе Смалявічы Мінскай вобласці. Члены падпольнай камсамольскай арганізацыі, створанай на торфазаводе, збіралі разведдадзеныя аб праціўніку, папаўнялі шэрагі партызан, аказвалі дапамогу іх сем’ям, пісалі і расклейвалі ўлёткі. З ліпеня 1942 г. была сувязной, разведчыцай, медсястрой партызанскіх атрадаў «Сталінская пяцёрка» (камандзір М. Васіленка), «Бура» (камандзір М. Скаромнік), брыгады «Дзядзі Колі» (камандзір — Герой Савецкага Саюза П. Р. Лапацін) у Мінскай вобласці. Удзельнічала ў аперацыях па падрыве мастоў, нападзенні на варожыя абозы, не раз ўступала ў бой з карнікамі. Па заданні арганізацыі прыняла ўдзел разам з М. Б. Осіпавай і А. Р. Мазанік ў падрыхтоўцы аперацыі па знішчэнні нацысцкага гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубе. Аб гэтым подзвігу савецкіх партызан расказана ў мастацкім фільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы» («Беларусьфільм»).
Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 1209) Надзеі Віктараўне Траян прысвоена 29 кастрычніка 1943 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі.
Пасля вайны ў 1947 годзе скончыла 1-ы Маскоўскі медыцынскі інстытут. Працавала дырэктарам НДІ санітарнай асветы Міністэрства аховы здароўя СССР, дацэнтам кафедры хірургіі 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута. Была членам прэзідыума Савецкага камітэта ветэранаў вайны, членам Камітэта абароны міру, старшынёй выканкама Саюза таварыстваў Чырвонага крыжа і Чырвонага паўмесяца СССР, членам Савета міжнароднай Федэрацыі змагароў супраціву, сустаршынёй Міжнароднай арганізацыі санітарнай асветы.
Жыла ў Маскве.
Кандыдат медыцынскіх навук, старшы лейтэнант медыцынскай службы запасу.
Узнагароды
правіць- медаль «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза № 1209 (29 кастрычніка 1943)
- ордэн Леніна (29 кастрычніка 1943)
- два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга
- ордэн Айчыннай вайны I ступені
- ордэн Чырвонай Зоркі
- ордэн Дружбы народаў
- медалі
Памяць
правіць- У 2012 годзе імя Н. В. Траян было прысвоена сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 1288 горада Масквы, увосень 2021 года каля школы быў устаноўлены помнік-бюст гераіні[3].
- 21 кастрычніка 2021 годзе на базе Першага Маскоўскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта імя І. М. Сечанава адкрыты Гісторыка-патрыятычны цэнтр імя Героя Савецкага Саюза Н. В. Траян[3].
- З 2022 года сярэдняя школа № 2 горада Верхнядзвінска носіць імя Надзеі Віктараўны Траян[3].
- Цэнтральным музеі Вялікай Айчыннай вайны, на Паклоннай гары ў Маскве адкрылася экспазіцыя, прысвечаная Герою Савецкага Саюза Надзеі Траян[4].
Крыніцы
правіць- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ Скончалась легендарная разведчица, Герой Советского Союза Надежда Троян
- ↑ а б в Траян Надзея Віктараўна на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- ↑ Яўген Дарэнскі Кожнаму — па заслугах…
Літаратура
правіць- Трая́н Надзея Віктараўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 524. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Трая́н Надзея Віктараўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 520. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.