Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бернардзінцаў (Нясвіж)

Нясвіж

Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бернардзінцаў — каталіцкі сакральны комплекс у Нясвіжы, які існаваў у канцы XVIXIX ст. Комплекс заснаваны ў 1598 г. Мікалаем Крыштофам Радзівілам. Уключаў касцёл і прыбудаваны да яго падоўжнага фасада двухпавярховы П-падобны ў плане кляштарны жылы будынак (вул. Гейсіка, 1; збярогся часткова). Займаў тэрыторыю, прылеглую да паўночна-заходняга боку абарончага гарадскога валу (сучасная вул. Ленінская).

Славутасць
Касцёл Святой Кацярыны і кляштар бернардзінцаў
Корпус кляштара бернардзінцаў
Корпус кляштара бернардзінцаў
53°13′20″ пн. ш. 26°40′48″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Нясвіж
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Ордэнская прыналежнасць бернардзінцы
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка
Дата пабудовы 1598 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000481шыфр 613Г000481
Стан касцёл разбураны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Кляштар бернардзінцаў, з піктаграфічнай карты XVIII ст.

Заснаваны М. К. Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі Альжбеты ЯўхімііВішнявецкіх), якая завяшчала на пабудову кляштара даход ад маёнтка Карэлічы. Сіротка перадаў бернардзінцам даход ад маёнтка Чановічы, агарод у 3 маргі і 20 прутоў, 28 маргоў лугоў і 5 валок, 6 маргоў лесу ў наваколлях Нясвіжа. Кляштарны комплекс пабудаваны ў 1598 г. У 1617 г. Я. Ю. Радзівіл даў кляштару млын, сажалку і лес каля Пагарэлага.

Касцёл Св. Кацярыны названы ў памяць дачкі М. К. Радзівіла, асвячоны віленскім біскупам Б. Войнам. У 17 ст. да касцёла прыбудаваны калліцы Св. Францыска і Св. Ганны. З 1628 г. пры кляштары працавала школа тэалогіі, у 1654 г. заменена на школу філасофіі. У 1655 г. кляштар спалены, да 1662 г. адбудаваны. У 1731 г. школа адноўлена, дзейнічала да 1864 г. У касцёле знаходзіліся надмагіллі фундатараў з вядомых магнацкіх і шляхецкіх родаў. Тут быў пахаваны Міхал Казімір Рэйтан, які памёр у 1706 у Слуцку. Статуя «Укрыжаванне» лічылася цудадзейнай. Пры касцёле дзейнічалі тры брацтвы. Архітэктурны комплекс адлюстраваны на карце Г. Ляйбовіча 1750-х гг. У 1793 г. касцёл Св. Кацярыны і корпус кляштара згарэлі, у пачатку 19 ст. касцёл нанова пабудаваны, вуглавы камень закладзены біскупам Дэдэркам у 1802 г. Адбудаваны ў 18021822 гг. У 1804 г. ў кляштары было 15 манахаў, 12 студэнтаў, у бібліятэцы — 1199 кніг. Пры кляштары мелася суконная фабрыка.

 
Касцёл езуітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў і замак Радзівілаў у Нясвіжы на малюнку Н. Орды

Бернардзінцы адны з першых трапілі пад рэпрэсіі з боку расійскіх улад пасля паўстання 1863—1864 гг. Мінскі губернатар адзначаў 6 кастрычніка 1864 г., што сярод усіх кляштараў Нясвіжа менавіта бернардзінскі «у час мінуўшай смуты» праявіў актыўную антырасійскую палітыку. У 1864 г. кляштар скасаваны, жылы корпус перададзены ваеннаму ведамству, а касцёл быў перароблены пад царкву. Манахаў выслалі ў Крацінгу (Жамойць), Кімбараўку (прыгарад Мазыра), Гарадзішча.

Перабудова правіць

 
Касцёл пасля перабудовы ў царкву

Першы план перабудовы храма пад праваслаўную царкву распрацаваны ў год закрыцця касцёла, але генерал-губернатар Каўфман праект не зацвердзіў і заказаў новы палкоўніку генеральнага штаба Зялінскаму з умовай арыентацыі алтара на ўсход і магчымасцю абхода вакол храма. Ваенны інжынер выказаў думку аб немагчымасці такой перабудовы і што танней было б касцёл разбурыць і з яго матэрыялу збудаваць царкву. Прыстасаванне касцёла, разлічанага на 1500 парафіян, пад царкву для 500 праваслаўных гараджан патрабавала вялікіх затрат. Усё гэта абумовіла адмаўленне ад ідэі перабудовы касцёла пад царкву. Падчас наведвання Нясвіжа Каўфман выбраў адпаведны ўчастак пад будаўніцтва царквы, князь Радзівіл ахвяраваў гэты пляц, а затраты на будаўніцтва мусілі пакрыць за кошт прыхаджан. Але гэта ідэя не была рэалізавана. Новы генерал-губернатар Патапаў у 1869 г. загадаў інжынеру Скуратаву перабудаваць касцёл па больш танным каштарысу (было затрачана 1660 руб., з якіх прыхаджане ахвяравалі толькі 67 руб.). Перш-наперш была разбурана крытая галерэя, што злучала касцёл з кляштарным корпусам; над фасадам узняты драўляны, абіты меддзю крыж. У інтэр'еры былі знішчаны галоўны і 6 кулісных алтароў і пастаўлены прывезены з мінскага сабора стары іканастас. Перабудова касцёла завершана ў 1870 г. На працягу рэканструкцыі адбылося 5 пажараў.

XX стагоддзе правіць

 
Кляштар у пач. XX ст.

Захаваўся праект рамонту царквы 1911 г. Кляштар нязначна пашкоджаны ў Другую сусветную вайну, храм разбураны ў 1950-я гг., бо размяшчаўся на тэрыторыі вайсковай часці.

Архітэктура правіць

Падобна дзвюм іншым каталіцкім кляштарам Нясвіжа, езуіцкаму і бенедыкцінак, бернардзінскі касцёл і кляштар занялі крайні (паўночна-заходні) пляц горада, на адной вуліцы з езуітамі, і фланкавалі завяршэнне гэтай вуліцы. Планіроўна і візуальна касцёлы двух кляштароў былі напросткі звязаныя паміж сабой, што ў поўнай меры атрымала адлюстраванне на малюнку Н. Орды. Кляштар займаў тэрыторыю, прылеглую да абарончага гарадскога вала (сучасная вул. Ленінская).

Касцёл і кляштарны корпус з'яўляліся творамі архітэктуры ранняга барока. Двухпавярховы П-падобны ў плане кляштарны жылы корпус, які збярогся часткова, далучаўся да падоўжнага бакавога фасада касцёла.

Касцёл — трохнефная базіліка з павышаным цэнтральным нефам пад двухсхільным і больш нізкімі бакавымі нефамі пад аднасхільнымі дахамі. двух'ярусны галоўны фасад завяршаўся трохвугольным франтонам, у аднам ярусе на цэнтральнай восі размяшчаўся арачны партал галоўнага ўвахода. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна чляніліся арачнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі (адпаведна галоўнага і бакавых нефаў) і крапаваліся пілястрамі ў прасценках. Да алтарнага фасада далучалася высокая ярусная чацверыковая вежа-званіца, завершаная спічастым шатром. У аб'ёме жылога будынка былі тры вежы — адна з іх завяршала ўязную браму. Мастацкую цікавасць мелі абразы святых Кацярыны, Найсвяцейшай Дзевы Марыі Бязгрэшнага Зачацця, Ганны, Антонія і Францыска. Архітэктура касцёла была зменена пасля перабудовы ў царкву.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць