Прыднястроўе

краіна і непрызнаная дзяржава ва Усходняй Еўропе, якая абвясціла незалежнасць ад Малдаўскай ССР у 1990 годзе ў якасці саюзнай рэспублікі ў с

Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР) або Прыднястроўе (малд.: Нистрения, руск.: Приднестровье, укр.: Придністров’я) — самаабвешчанае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі былой Малдаўскай ССР.

Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка
Република Молдовеняскэ Нистрянэ
Приднестровская Молдавская Республика
Придністровська Молдавська Республіка
Герб Прыднястроўя
Сцяг Прыднястроўя Герб Прыднястроўя
Гімн: «Мы славим тебя, Приднестровье»
Дата заснавання 2 верасня 1990
Абвяшчэнне незалежнасці 25 жніўня 1991 (ад Малдовы)
Дыпламатычнае прызнанне Сцяг Абхазіі Абхазія
Сцяг Паўднёвай Асеціі Паўднёвая Асеція
Афіцыйныя мовы Руская, малдаўская (кірыліца), украінская
Сталіца Ціраспаль
Найбуйнейшыя гарады Ціраспаль, Бендэр, Рыбніца
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Старшыня Урада
Вадзім Краснасельскі
Аляксандр Мартынаў
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні

4.163 км²
2,35
Насельніцтва
• Ацэнка (2012)
• Перапіс (2015)

517.963 чал.
475 373 чал.
Валюта прыднястроўскі рубель
Тэлефонны код +373
Часавыя паясы UTC+2, UTC+03:00, DAZD і Europe/Chisinau[d][1]

Статус Прыднястроўя не ўрэгуляваны, самаабвешчаная рэспубліка не прызнана міжнароднай супольнасцю, якая лічыць яе часткай Малдовы.

З захаду Прыднястроўе мяжуе з самой Малдовай, на ўсходзе — з Украінай. Асноўная частка тэрыторыі (за выключэннем горада Бендэры і часткі Слабадзейскага раёна) размешчана на левым беразе ракі Днестр.

Плошча Прыднястроўя — 4 163 км². Адміністрацыйны цэнтр — горад Ціраспаль[2].

Афіцыйныя мовыруская, малдаўская, украінская.

Грашовая адзінка — прыднястроўскі рубель[3].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

правіць

Тэрыторыя Прыднястроўя падзяляецца 5 адміністрацыйных раёнаў і 2 горада рэспубліканскага падпарадкавання[3].

Насельніцтва

правіць

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2015 года, колькасць насельніцтва рэгіёна складала 475 373 чалавекі, з іх рускіх — 29,1 %, малдаванаў — 28,6%, украінцаў — 22,9 %[2].

Гісторыя ПМР

правіць

Прыднястроўскі канфлікт

правіць

У 1989 годзе да ўлады прыйшло новае кіраўніцтва Малдаўскай ССР, якое абвясціла курс на выхад са складу СССР і аб’яднанне з Румыніяй.

31 жніўня 1989 года быў прыняты закон, паводле якога малдаўская мова цяпер атрымала статус дзяржаўнай. Насельніцтва левабярэжжа Днястра і Гагаузіі расцаніла гэта, як ушчамленне правоў немалдаўскага насельніцтва.

23 чэрвеня 1990 года Вярхоўны Савет МССР прыняў Дэкларацыю аб незалежнасці Рэспублікі Малдова.

2 верасня 1990 года 2-гі З’езд народных дэпутатаў усіх узроўняў Левабярэжжа Малдавіі абвясціў стварэнне Прыднястроўскай Малдаўскай ССР (ПМССР) са сталіцай у Ціраспалі. Акрамя ўласна левабярэжнай тэрыторыі ў яе былі ўключаны горад Бяндэры і яшчэ некалькі населеных пунктаў на правым беразе.

Вярхоўны Савет Малдавіі прызнаў гэтае рашэнне неканстытуцыйным, і ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў яго адмены. Вайна законаў суправаджалася ўзаемнымі эканамічнымі санкцыямі, дыверсіямі, што прывяло да перарастання канфлікту ва ўзброенае супрацьстаянне.

Падчас баёў (па некаторых дадзеных) узброеныя фармаванні Малдавіі страцілі забітымі 195 чалавек, параненымі — 1 250 чал. Загінулі таксама 125 чалавек і атрымалі раненні 41 чалавек цывільнага насельніцтва. Узброеныя фармаванні Прыднястроўя страцілі 264 чалавек забітымі. Загінулі 410, былі паранены 1140 мірных жыхароў. Колькасць бежанцаў з ПМР склала каля 100 тысяч чалавек[4].

Пасля заканчэння канфлікту

правіць

17 верасня 2006 года ў Прыднястроўі быў праведзены рэферэндум, на якім, згодна з афіцыйнымі данымі Цэнтральнай выбарчай Камісіі ПМР, 97,1 % удзельнікаў рэферэндума прагаласавала за незалежнасць з далучэннем у будучыні да Расіі, 2,3 % — за далучэнне да Малдовы.

Дзяржаўны лад Прыднястроўя

правіць

Дзеючая Канстытуцыя прынята на рэферэндуме 24 снежня 1995 года.

Па форме праўлення ПМР — прэзідэнцкая рэспубліка (да канстытуцыйнай рэформы 2000 года — рэспубліка змешанага тыпу)[5].

Прэзідэнт

правіць

Прэзідэнт — кіраўнік дзяржавы, галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. У паўнамоцтвы прэзідэнта ўваходзіць агульнае кіраўніцтва і каардынацыя дзейнасці ўсіх структур дзяржаўнай улады. Прэзідэнт прадстаўляе рэспубліку ў міжнародных адносінах.

Да студзеня 2012 года прэзідэнт аднаасобна ўзначальваў выканаўчую ўладу, фармаваў Кабінет Міністраў[6].

Прэзідэнт выбіраецца грамадзянамі Рэспублікі на аснове ўсеагульнага роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні на тэрмін 5 гадоў. Магчымасць перавыбрання не абмежавана[5].

Вярхоўны Савет

правіць

Вярхоўны Савет ПМР — прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады. 21 чэрвеня 2000 года ў Канстытуцыю ПМР 1996 года унесены карэктывы, якія замянілі двухпалатную структуру Вярхоўнага Савета на аднапалатную.

Вярхоўны Савет ПМР складаецца з 43 дэпутатаў, якія выбіраюцца грамадзянамі Рэспублікі на аснове ўсеагульнага роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета ажыццяўляюцца на аснове мажарытарнай выбарчай сістэмы (адноснай большасці) па выбарчых акругах, якія ўтвараюцца на тэрыторыі ПМР. Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета — 5 гадоў. З 2000 года Канстытуцыя не прадугледжвае працэдуры яго датэрміновага роспуску[5].

Інстытут урада і пасада прэм’ер-міністра Прыднястроўя ўпершыню ўведзены з 1 студзеня 2012 года ў адпаведнасці з папраўкамі, унесенымі раней у канстытуцыю Прыднястроўя. Да гэтага часу ў ПМР не было прэм’ер-міністра. Часткай выканаўчай улады быў прэзідэнт, які кіраваў кабінетам міністраў[6][7].

Геаграфія

правіць

Размешчана на крайнім паўднёвым захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны, займае вузкую паласу левабярэжжа Днястра ў яго сярэднім і ніжнім цячэнні, а таксама асобныя тэрыторыі (г. Бендэр і бліжэйшыя населеныя пункты) на правым беразе Днястра. Не мае выхаду да мора, але адносіцца да прычарнаморскага рэгіёна.

Для тэрыторыі характэрны раўнінны рэльеф з рэдкімі лагчынамі. Больш за 80 % зямельных угоддзяў — чарназёмы. Расліннасць стэпавая, у поймах рэк — лугавая. Асноўная частка тэрыторыі ўзарана. Лясныя масівы пакрываюць 10 %. Клімат умерана-кантынентальны. Колькасць ападкаў сведчыць пра зону недастатковога ўвільгатнення. Зіма кароткая, мяккая (сярэдняя тэмпература студзеня −3,9 °C). Ранняя з інтэнсіўным праграваннем глебы і паветра вясна. Працяглае спякотнае лета (сярэдняя тэмпература ліпеня +21 °C). Цёплая, працяглая восень.

Ландшафт падзяляецца на дзве вобласці па даліне Ягарлыка. Паўночная вобласць — лесастэпавая раўніна, утвораная тэрасамі Днястра і адгор’ямі Падольскага ўзвышша, разбітая глыбокімі (да 150 м) каньёнападобнымі далінамі прытокаў Днястра. Лясы ў асноўным захаваліся на крутых схілах Днестра, ёсць некалькі невялікіх рэчак, большасць з іх малаводныя і летам перасыхаюць.

З карысных выкапняў ёсць радовішчы будаўнічага вапняку, гравія, шкляных пяскоў, керамічных глін і суглінкаў.

Жывёльны свет дастаткова разнастайны, але шмат відаў занесена ў Чырвоную кнігу праз пагрозу знікнення. Сустракаюцца касуля, дзік, трус, курапатка, лісіца, выдра. Значныя запасы рыбных рэсурсаў, у тым ліку асятровыя.

Эканоміка

правіць

Прыднястроўе — развітая індустрыяльна-аграрная краіна, якая мае значны прамысловы патэнцыял.

У склад прамысловага комплексу ўваходзяць наступныя галіны: электраэнергетыка, чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, электратэхнічная, хімічная, дрэваапрацоўчая, мэблявая, паліграфічная, шкляная, лёгкая прамысловасць, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў.

Першае месца належыць галіновай апрацоўчай прамысловасці. Вялікае значэнне надаецца сельскай гаспадарцы. Традыцыйная сельскагаспадарчая спецыялізацыя не перашкаджае развіццю працаёмкіх і навукаёмкіх вытворчасцей.

Прамысловасць уключае 144 прадпрыемсты з рознымі формамі ўласнасці. Найбуйнейшыя цэнтры вытворчасці — Ціраспаль, Бендэры, Рыбніца. Шмат відаў прадукцыі, якая выпускаецца ў Прыднястроўі, атрымалі сертыфікаты, якія падцвяржаюць адпаведнасць іх якасці сусветным стандартам.

Рэспубліка ажыццяўляе знешнеэканамічную дзейнасць са многімі краінамі замежжа. Сярэднегадавы знешнегандлёвы абарот прыднястроўскіх прадпрыемстваў складае 1.031.795.000 долараў ЗША.

Аснову энергетыкі скадаюць Днястроўская ЛРЭС і Дубасарская ГЭС. Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка поўнасцю забяспечвае сябе электраэнергіяй уласных электрастанцый і з’яўляецца экспарцёрам электраэнергіі.

Калі па колькасці насельніцтва ПМР складае 17 % ад насельніцтва былой Малдаўскай ССР, то доля прамысловасці складае 30 %, энергетыкі — 90 %.

Аграпрамысловы сектар эканомікі аб’ядноўвае сельскую гаспадарку, перапрацоўку сельскагаспадарчай сыравіны, спецыялізаваную інфраструктуру: транспартаванне, захоўванне і гандаль.

У сельскай гаспадарцы захоўваецца калектыўная сістэма апрацоўкі зямлі (калгасы і саўгасы). Асноўная галіна — зерневая, плодаагароднінавая, вінаробчая. Cельская гаспадарка дазваляе забяспечыць патрэбы рэспублікі ў харчаванні і забяспечыць незалежнасць ад знешніх паставак.

Асноўным відам транспарта з’яўляецца аўтамабільны, у гарадах і шэрагу мястэчак функцыянуе аўтобусны грамадскі транспарт, у Ціраспалі і Бендэрах — тралейбус. Рака Днестр з’яўляецца суднаходнай, але недастаткова выкарыстоўваецца як транспартная артэрыя. Дарожная сетка добра развітая, аўтастрад няма. Чыгуначная сетка часткова электрыфікаваная.

Знешнеэканамічныя сувязі на ўзроўні рэспублікі ўскладненыя яе напрызнанасцю дэ-юрэ. Таму вялікае значэнне адыгрываюць дамовы, якія заключаюцца непасрэдна паміж прадпрыемствамі розных рэгіёнаў.

Ажыццяўляюцца наступныя віды знешнеэканамічнай дзейнасці: гандаль, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, падпісанне міжрэгіянальных гаспадарчых пагадненняў, абмен тэхнічнай дакументацыяй.

Экспарт: электратэхнічныя вырабы, прыборы і сродкі аўтаматызавання, аўтапрычэпы і рэфрыжаратары, электраэнергія. У свежым выглядзе — агародніна, садавіна, тытунь. З будматэрыялаў — гравій, вапняк.

Імпарт: першасныя энерганосьбіты, мінеральныя ўгнаенні, сельгастэхніка, папера, аўтамабільны і чыгуначны транспарт, бытавая тэхніка, ЭВМ, бавазняна-папяровая сыравіна, драўніна, тавары народнага спажывання.

Больш як 90 % прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, вырабленай у ПМР ідзе на экспарт.

Грашовай адзінкай ПМР з’яўляецца прыднястроўскі рубель.

Адукацыя

правіць
 
Галоўны корпус Прыднястроўскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Дзейнічае сетка прафесійных навучальных устаноў з дзевяці дзяржаўных устаноў пачатковай прафесійнай адукацыі (восем ліцэяў і адно вучылішча); шаснаццаць дзяржаўных устаноў сярэдняй прафесійнай адукацыі (сем тэхнікумаў, два тэхнікумы-саўгасы, пяць каледжаў, два вучылішчы); дзве дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы (Прыднястроўскі ўніверсітэт і Прыднястроўскі вышэйшы музычны каледж).

На тэрыторыі ПМР знаходзіцца пяць філіялаў ВНУ Расіі і адзін філіял ВНУ Украіны. Усе яны з’яўляюцца прыватнымі. Усе навучальныя ўстановы маюць развітую навучальна-матэрыяльную базу.

Прафесійныя навучальныя ўстановы рэспублікі рэалізуюць праграмы трох узроўняў адукацыі (пачатковага, сярэдняга і вышэйшага).

Пачатковыя прафесійныя навучальныя ўстановы ажыццяўляюць падрыхтоўку рабочых і служачых па 35 прафесіях у межах напрамкаў: будаўніцтва — 39 %; прамысловасць — 25 %; сельская гаспадарка 21 %; гандаль і грамадскае харчаванне — 10 %; бытавое абслугоўванне — 5 %.

Сярэднія прафесійныя навычальныя ўстановы ажыццяўляюць падрыхтоўку па 51 спецыяльнасці ў напрамках: прамысловасці — 20 %; аховы здароўя −17 %;, эканомікі і права — 16 %; сельскай гаспадаркі — 21 %; энергетыкі — 6 %; будаўніцтва — 2 %; адукацыі — 9 %; бытавога абслугоўвання — 3 %; гандлю і грамадскага харчавання — 4 %; культуры і мастацтва — 2 %.

У вышэйшых навучальных установах ПМР падрыхтоўка ідзе па 48 спецыяльнасцях. ВНУ ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў у наступных галінах: адукацыя — 58 %; прамысловасць — 18 %; эканоміка і права — 10 %; сельская гаспадарка — 9 %; ахова здароўя — 5 %.

Навучальны працэс ва ўстановах усіх відаў забяспечваюць звыш 1500 кваліфікаваных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.

Вядучая навучальная ўстанова — Прыднястроўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Р. Шаўчэнкі. У перыяд агрэсіі 1991—1992 гадоў ён быў прыняты ў Асацыяцыю ВНУ Расіі (першы замежны сябра асацыяцыі). У 1999 годзе стаў паўнавартасным сябрам Еўразійскай асацыяцыі класічных універсітэтаў. Яго дыплом прызнаецца ў Расіі.

Сродкі масавай інфармацыі

правіць

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенства — «Новости Приднестровья»[8]. Дзейнічае дзяржаўны тэлерадыёцэнтр.

Рэспубліканскія газеты — «Приднестровье» (на рускай мове), «Гомін» (на украінскай мове), «Адевэрул Нистрян» — Днястроўская праўда (на малдаўскай мове кірыліцай).

«Радыё 1» — 104.1 FM.

Дзяржаўныя сімвалы

правіць

Гісторыя сімвалаў Прыднястроўя пачалася яшчэ да ўтварэння ПМССР. 30 красавіка 1990 года на пазачарговай сэсіях рады Ціраспаля і Бендэраў пастанавілі не выкарыстоўваць ухвалены за некалькі дзён да гэтага Вярхоўным Саветам Малдовы сцяг, аналагічны сцягу Румыніі. Замест яго вырашылі надалей ужываць сцяг Малдаўскай ССР.

2 верасня 1991 года ўрад Прыднястроўя зацвердзіў сцяг, адпаведны сцягу Малдаўскай ССР 1952 года, і герб, аналагічны гербу МССР, але дапоўнены блакітнымі і белымі хвалістымі рыскамі над чырвонай стужкаю і надпісам «ПМРСР. РССНМ. ПМССР.» Затым з перайменаваннем ПМССР у ПМР надпіс быў зменены на «ПМР. РМН. ПМР»

Да 2000 года выкарыстоўваўся выключна чырвнона-зялёна-чырвоны сцяг без сярпа і молата (таксама і ў дзяржаўных установах). У 2000 годзе быў прыняты закон «Аб дзяржаўнай сімволіцы ПМР», які замацаваў серп і молат з зоркай у верхняй левай частцы сцяга.

У 2017 годзе Вярхоўны Савет ПМР прыняў закон, які дазваляе выкарыстанне дзяржаўнага сцяга Расіі нароўні з дзяржаўным сцягам ПМР. Сцяг Расіі размяшчаецца на будынках і ў памяшканнях дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіравання, а таксама пры правядзенні афіцыйных мерапрыемстваў. Пры адначасовым узняцці сцяг ПМР знаходзіцца з левага боку будынка, а расійскі трыкалор — з правага[9][10].

Крыніцы

правіць

Спасылкі

правіць