Рэвалюцыя 1848—1849 гадоў у Венгрыі
Рэвалюцыя 1848—1849 гадоў у Венгрыі — дэмакратычная рэвалюцыя ў Венгерскім каралеўстве, якое ўваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі, адна з еўрапейскіх рэвалюцый 1848—1849 гадоў. Сярод задач рэвалюцыі было ўсталяванне дэмакратычных правоў і свабод, ліквідацыя феадальных перажыткаў, перш за ўсё ў аграрных адносінах, а таксама дасягненне нацыянальнай незалежнасці Венгрыі. Рухаючай сілай рэвалюцыі з’явілася ліберальнае сярэдняе дваранства і гарадская інтэлігенцыя. Падчас рэвалюцыі былі праведзены карэнныя пераўтварэнні сацыяльна-палітычнага ладу Венгрыі, абвешчана незалежнасць ад Габсбургаў і створана дэмакратычная дзяржава. Нягледзячы на значныя поспехі, дасягнутыя рэвалюцыйнай арміяй у вайне за незалежнасць, у 1849 г. рэвалюцыя была задушана дзякуючы дзеянням аўстрыйскай арміі, антывенгерскім паўстанням нацыянальных меншасцей і ўдзелу на просьбу аўстрыйскага двара расійскага экспедыцыйнага корпуса Івана Паскевіча.
Рэвалюцыя 1848—1849 гадоў у Венгрыі | |
---|---|
Месца | Венгерскае каралеўства (Аўстрыйская імперыя) |
Дата | 3 сакавіка 1848 — 5 верасня 1849 |
Прычына | Залежнасць ад Габсбургаў; феадальныя перажыткі ў аграрнай галіне |
Асноўная мэта | Абвяшчэнне незалежнасці дзяржавы; правядзенне ліберальных рэформаў |
Вынік | Перарастанне рэвалюцыі ва ўзброены канфлікт; умяшанне расійскіх войскаў і задушэнне паўстання |
Арганізатары | «Маладая Венгрыя» |
Рухаючыя сілы | Ліберальна настроенае сярэдняе дваранства, інтэлігенцыя |
Колькасць удзельнікаў | ад 10 000 да 190 000 |
Праціўнікі |
Аўстрыйская імперыя Расійская імперыя |
Загінула | н/д |
Паранена | н/д |
Арыштавана | 1500 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Перадумовы
правіцьСацыяльна-палітычнае становішча Венгрыі
правіцьДа сярэдзіны XIX стагоддзя ўсталяваная яшчэ ў перыяд Напалеонаўскіх войнаў у Венгрыі сістэма абсалютызму перастала адпавядаць патрабаванням часу і інтарэсам асноўных сацыяльных груп краіны. Урад Аўстрыйскай імперыі не жадаў ісці ні на якія рэформы ў адміністрацыйнай ці палітычнай сферы, кансервуючы састарэлыя бюракратычную сістэму і феадальныя парадкі. Грамадскае жыццё Венгрыі знаходзілася пад поўным кантролем з боку Вены, цэнзура і паліцэйскія праследаванні апазіцыі сталі нормай. Венгерскае каралеўства было практычна пазбаўлена самастойнасці ў рамках Аўстрыйскай імперыі, доўгі час дзяржаўны сход Венгрыі наогул не склікаўся, дзяржаўнай мовай заставалася лацінская. Венгры не мелі магчымасці ўплываць на палітыку ўнутры сваёй краіны і былі вымушаны здавольвацца толькі абмежаванымі формамі мясцовага самакіравання на ўзроўні камітатаў. Мытна-тарыфная сістэма імперыі была ўсталявана ў інтарэсах аўстрыйскай прамысловасці і ператварала Венгрыю ў пастаўшчыка сыравіны для прадпрыемстваў Аўстрыі і Чэхіі, якія бурна развіваліся. Сялянскае пытанне таксама не было вырашана: у краіне захоўвалася прыгон, судовая ўлада памешчыка і феадальныя павіннасці сялян. Шэраг састарэлых звычаяў, тыпу авітыцыту (неадчужальнасць дваранскай зямельнай уласнасці), а таксама крайняя беднасць сялянства і феадальныя адносіны перашкаджалі развіццю сельскай гаспадаркі, якая заставалася асновай эканомікі краіны.[1]
Нацыянальныя рухі напярэдадні рэвалюцыі
правіцьУ той жа час у 1830-х гг. пачаўся бурны ўздым нацыянальнага руху. Іштван Сечэні выступіў з ідэяй шырокага абнаўлення краіны, перш за ўсё ў сферы эканомікі, і ліквідацыі феадальнай сістэмы. Выступленні Сечэні атрымалі вялікі грамадскі рэзананс і заахвоцілі шматлікіх венгерскіх дваран заняцца палітычнай дзейнасцю. Міклаш Вешэлені пайшоў яшчэ далей і высунуў ідэю ліквідацыі абсалютызму і стварэння ў Венгрыі канстытуцыйнай манархіі. Ліберальныя ідэі хутка распаўсюджваліся сярод дваранства, асабліва сярэдняга, і інтэлігенцыі. Да канца 1830-х гг. склалася некалькі плыняў нацыянальнага руху: «новыя кансерватары» (Аўрэл Дэжоўфі, Дзьёрдзь Апані, Шама Ёшык і Іштван Сечэні) выступалі за пэўныя дэмакратычныя рэформы пры ўзмацненні цэнтралізацыі і захавання панавання арыстакратыі; лібералы (Лаяш Бацяні, Ферэнц Дэак, Лаяш Кошут і, часткова, Ёзеф Этвёш) патрабавалі поўнай ліквідацыі феадальных перажыткаў, увядзення дэмакратычных свабод, пашырэнне аўтаноміі Венгрыі і ператварэння краіны ў парламенцкую манархію. Пазней узнік больш радыкальны рух студэнцтва і часткі інтэлігенцыі, які канцэнтраваўся вакол групы «Маладая Венгрыя» (Шандар Петэфі, Пал Вашвары і Міхай Танчыч) і выступаў з пазіцый рэспубліканізму і неабходнасці ўзброенага паўстання.
Асаблівасцю венгерскага ліберальнага руху стаў той факт, што носьбітам ідэй дэмакратычных пераўтварэнняў і рухаючай сілай рэвалюцыі з’яўлялася дваранства. Гэта тлумачылася неразвітасцю гарадоў у Венгрыі, слабасцю буржуазіі і роляй дваранства, якая склалася гістарычна, як абаронцы правоў і свабод венгерскай нацыі супраць іншаземнага валадарства. Іншай істотнай рысай руху была няўвага да нацыянальнага пытання: лібералы лічылі, што дэмакратычныя пераўтварэнні і замацаванне прыярытэту асабістай свабоды зробяць непатрэбнымі карпаратыўныя правы нацыянальных меншасцей, якія яны лічылі перажыткам феадальнай сістэмы. Гэта перакананне ва ўмовах Венгерскага каралеўства, у якім прадстаўнікі тытульнай нацыі складалі толькі 38 % насельніцтва, пагражала ўсплёскам нацыянальных канфліктаў. Паралельна з развіццём венгерскага руху, умацоўвалася самасвядомасць іншых народаў краіны — харватаў, сербаў, славакаў, румын і русінаў, якая часта ўваходзіла ў супярэчнасць з інтарэсамі венграў.[1]
Спробы рэформ і іх правал
правіцьНа дзяржаўным сходзе 1839—1840 гг. лібералам удалося дамагчыся амністыі палітычным вязням, пашырэння сферы ўжывання венгерскай мовы ў адміністрацыі і зацвярджэння магчымасці разняволення сялян за выкуп. У 1840-х гг. па ўсёй краіне ўзнікла цэлая сетка таварыстваў сацыяльнай абароны, узаемадапамогі, падтрымкі айчыннай прамысловасці. Асаблівую вядомасць набыла газета «Пешці хірлап», якая выдавалася Л. Кошутам і распаўсюджвалая ідэі неадкладнага вызвалення сялян і ўвядзення ўсеагульнага падаткаабкладання. У 1844 г. венскі ўрад перадаў стырно ўлады Венгрыяй новым кансерватарам: Д. Апані быў прызначаны віцэ-канцлерам Венгерскага каралеўства, а Ш. Ёшык — Трансільваніі. Адначасова была ўзмоцнена цэнтралізацыя, пашыраны паўнамоцтвы адміністратараў і фёішпанаў — прадстаўнікоў цэнтральнай улады ў камітатах. Новы дзяржаўны сход, які адкрыўся ў 1847 г., аднак, зайшоў у тупік з-за супярэчнасцей паміж лібераламі і кансерватарамі і не змог прыняць рашэння аб рэформах.[1]
Пачатак рэвалюцыі
правіць1 сакавіка 1848 г. у Пожань, дзе засядаў венгерскі дзяржаўны сход, прыйшла вестка пра рэвалюцыю ў Парыжы. 3 сакавіка ў сходзе з палымянай прамовай выступіў Кошут, які запатрабаваў неадкладнага ажыццяўлення ліберальнай праграмы рэформ, увядзення канстытуцыі і фарміравання адказнага перад парламентам урада. Неўзабаве рэвалюцыя ўспыхнула ў Вене, Метэрніх быў пазбаўлены сваіх паўнамоцтваў, а імператар Фердынанд паабяцаў аўстрыйцам канстытуцыю і грамадзянскія свабоды. 15 сакавіка дэлегацыя венгерскага парламента адправілася ў Вену для перадачы петыцыі, прынятай на аснове праграмы Кошута. У той жа дзень пачалося паўстанне ў Пешце: пад уплывам апублікаваных «Дванаццаці пунктаў» Ёжэфа Ірыні і «Нацыянальнай песні» Шандара Петэфі студэнты і гарадская інтэлігенцыя атачылі адміністрацыйныя ўстановы горада, вызвалілі з турмы М. Танчыча і зрынулі муніцыпальныя ўлады. Патрабаваннямі паўстанцыў у Пешце сталі ўвядзенне свабоды друку, абвяшчэнне роўнасці грамадзянскіх правоў, стварэнне адказнага ўрада, штогадовае скліканне парламента, увядзенне ўсеагульнага падаткаабкладання і суда прысяжных, вызваленне сялян і унія з Трансільваніяй. Паўстанне хутка распаўсюдзілася па ўсёй краіне. 18 сакавіка кароль Фердынанд V пайшоў на саступкі і прызначыў Лаяша Бацяні прэм’ер-міністрам Венгрыі. Ва ўрад увайшлі такія выдатныя дзеячы ліберальнага руху, як Ф. Дэак, І. Сечэні, Ё. Этвёш і Л. Кошут. Улада ў краіне перайшла да рэфарматараў.[1]
Сакавіцкія рэформы і нацыянальныя паўстанні
правіць18 сакавіка 1848 г. Дзяржаўны сход Венгрыі зацвердзіла цэлы комплекс рэформ. Быў прыняты закон аб урбарыяльных павіннасцях, які ліквідаваў паншчыну, памешчыцкі суд, царкоўную дзесяціну і іншыя феадальныя перажыткі. Ліквідавалася таксама прыгонннае права, а зямля перадавалася ва ўласнасць сялянам, прычым выкупныя плацяжы памешчыкам павінны былі выплачвацца дзяржавай. Правядзенне гэтай рэформы вяло да ліквідацыі феадалізму ў аграрных адносінах і адкрывала шлях да пераходу венгерскай сельскай гаспадаркі на капіталістычныя рэйкі. Быў прыняты таксама закон аб увядзенні ўсеагульнага падаткаабкладання і пазбаўленні дваранства і святароў падатковых прывілеяў. Уводзілася свабода друку, недатыкальнасць асобы і ўласнасці, раўнапраўе хрысціянскіх канфесій, адказнасць урада перад парламентам, было пашырана выбарчае права (да 7—9 % насельніцтва), а дзяржаўны сход з гэтага часу павінна было склікацца штогод. Была абвешчана унія Венгрыі і Трансільваніі.
11 красавіка кароль зацвердзіў рэформы венгерскай рэвалюцыі. Краіна ператварылася ў канстытуцыйную манархію. Фердынанд V захаваў за сабой права абвяшчэння вайны і заключэння міру, а таксама прызначэння вышэйшых службовых асоб Венгерскага каралеўства, але фактычная ўлада перайшла ў рукі нацыянальнага ўрада, адказнага перад парламентам. Аднак не вырашаны былі праблемы размеркавання паўнамоцтваў паміж Венай і Пештам у пытаннях міжнародных адносін, фінансавай палітыкі і, галоўнае, узброеных сіл. Таксама ў рэформах дзяржаўнага сходу і дэкрэтах урада не знайшло свайго адлюстравання нацыянальнае пытанне.
Тым часам у этнічных рэгіёнах Венгерскага каралеўства таксама пачаліся рэвалюцыі, якія хутка набылі нацыянальную афарбоўку. У Харватыі банам стаў Ёсіп Елачыч, які разгарнуў праграму аднаўлення Трыадзінага каралеўства і, пры падтрымцы імператара, стварыў уласную армію і запатрабаваў незалежнасці ад Венгрыі (падрабязней гл.: Рэвалюцыя 1848 г. у Харватыі). У Ваяводзіне сербскі нацыянальны рух выліўся ў абвяшчэнне аўтаноміі і сутычкі з венграмі. Славакі і румыны таксама выступілі з патрабаваннем нацыянальнай аўтаноміі, а рашэнне пра унію з Венгрыяй выклікала ў Трансільваніі крывавыя міжэтнічныя канфлікты (падрабязней гл.: Рэвалюцыя 1848 г. у Трансільваніі).[1]
Развіццё рэвалюцыі ўлетку 1848 года і вераснёвы крызіс
правіцьНа аснове створанай у першыя дні рэвалюцыі нацыянальнай гвардыі венгерскі ўрад стаў ствараць уласную армію. Гэта выклікала канфлікт з Венай, якая патрабавала венгерскіх салдат для прыгнечання рэвалюцыі ў Італіі. Бацяні пагадзіўся на адпраўку часткі венгерскіх армейскіх кантынгентаў на італьянскі фронт пры ўмове, што кароль уціхамірыць Елачыча і сербаў і абавяжацца не выкарыстоўваць венгерскіх салдат для прыгнечання свабод італьянскага народа.
5 чэрвеня ў Пешце адкрыўся новы парламент Венгрыі, абраны на падставе сакавіцкага выбарчага закона. Пераважную большасць яго дэпутатаў склалі лібералы, прычым 3/4 усіх членаў парламента былі дваранамі. Пад уплывам Лаяша Кошута дзяржаўны сход прыняў рашэнне пра ўвядзенне дадатковых падаткаў і стварэнне 200-тысячнай арміі. Гэта рашэнне было вельмі своечасовым, паколькі пасля перамогі імператарскіх войскаў над італьянскімі паўстанцамі 25 ліпеня ў бітве пры Кустоцы, становішча двара значна ўмацавалася і контррэвалюцыя перайшла ў наступ. 31 жніўня кароль выпусціў пракламацыю, у якой венгры вінаваціліся ў парушэнні Прагматычнай санкцыі, і абвяшлася пра незаконнасць рашэнняў, прынятых урадам і парламентам Венгрыі ў сакавіку—красавіку 1848 года.
Каралеўская пракламацыя выклікала сур’ёзны крызіс у ліберальным руху. Прыхільнікі захавання лаяльнасці манарху адышлі ад рэвалюцыі: Дэак і Этвёш пакінулі склад урада, Сечэні быў шпіталяваны з душэўным расстройствам, сам Бацяні падаў у адстаўку (неўзабаве, аднак, ён быў пераназначаны). 31 жніўня Елачыч заняў Фіумэ, а 11 верасня на чале харвацкіх войскаў уварваўся на тэрыторыю Венгрыі. Кароль без санкцыі венгерскага ўрада прызначыў кансерватара Франца фон Ламберга камандуючым венгерскай арміяй.
Вырашэннем крызісу заняўся дзяржаўны сход. 16 верасня для кіраўніцтва краінай падчас вайны быў створаны Камітэт абароны на чале з Кошутам. Па ініцыятыве апошняга Ламберг быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, а 28 верасня ён быў схоплены студэнтамі-паўстанцамі Пешта і павешаны. На наступны дзень у бітве пры Пагоздзе за 40 км ад Буды харвацкія войскі Елачыча былі спынены венгерскай арміяй і разбіты. Вераснёвы крызіс быў пераадолены коштам ператварэння рэвалюцыі ў вайну за незалежнасць[1].
Вайна за незалежнасць
правіць3 кастрычніка кароль выдаў указ аб роспуску дзяржаўнага сходу і прызначэнні Елачыча галоўнакамандуючым узброеных сіл у Венгрыі. Краіна была абвешчана мяцежнай, а ўдзельнікі рэвалюцыі дзяржаўнымі злачынцамі. За дзень да гэтага Бацяні канчаткова сышоў з пасады прэм’ер-міністра. 8 кастрычніка парламент надаў Камітэту абароны ўсю паўнату выканаўчай улады ў краіне. У той жа час у Вене ўспыхнула новае паўстанне, Фердынанд бег са сталіцы, а імператарскія войскі атачылі горад. Паўстанцы звярнуліся за дапамогай да Венгрыі. Пасля доўгага вагання і пад асабістым націскам Кошута венгерская армія перайшла мяжу і рушыла да Вены. Але 30 кастрычніка ў бітве каля Швехата венгры былі разбіты войскамі Альфрэда Віндзішгрэца, а на наступны дзень Вена была ўзята штурмам. Вайна з Аўстрыяй стала немінучай. 2 снежня імператар Фердынанд адрокся ад прастола, які на ўзышоў яго пляменнік Франц-Іосіф I, не звязаны канстытуцыйнымі абяцаннямі свайго папярэдніка.
Галоўнакамандуючым венгерскай рэвалюцыйнай арміяй Кошут прызначыць Артура Гёргея, таленавітага военачальніка, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод салдат. Ён паскоранымі тэмпамі пачаткаў навучанне войскаў і падрыхтоўку да баявых дзеянняў. Адначасова Камітэт абароны заняўся вербаваннем рэкрутаў і арганізацыяй ваеннай прамысловасці. Да вясны 1849 г. венгерская армія дасягнула колькасці 170 тысяч чалавек.[1]
У снежні 1848 г. паспяховыя дзеянні рэвалюцыйнай арміі на чале з польскім імігрантам Юзафам Бемам прывялі да вызвалення Трансільваніі ад аўстрыйскіх войскаў і ўзяцця Колажвара. Аднак з захаду пачаўся наступ асноўнай імператарскай арміі Віндзішгрэца, якой да канца года ўдалося прасунуцца да Буды. 1 студзеня 1849 г. парламент і Камітэт абароны Венгрыі эвакуіраваліся з Пешта ў Дэбрэцэн. Там праца рэвалюцыйных органаў улады аднавілася. Кошут з новымі сіламі ўзяўся за арганізацыю абароны краіны і забяспечыў перабазаванне ваеннай прамысловасці ва ўсходнія рэгіёны Венгрыі. Тым часам Гёргей адцягнуў войскі Віндзішгрэца, адвёўшы сваю армію на поўнач. Яго манеўры ў Славакіі сталі ўзорамі стратэгічнага мастацтва, якія забяспечылі захаванне венгерскіх узброеных сіл без уступлення ў генеральныя бітвы і страты жыццёва важных рэгіёнаў краіны. Адначасова армія Бема выгнала з Трансільваніі аўстрыйскія і рускія атрады, якія зноў уварваліся туды.
У лютым 1849 г. узмацніліся рознагалоссі паміж Кошутам і Гёргеем. Апошні выдаў пракламацыю, у якой ён заяўляў пра сваю лаяльнасць да караля і прыхільнасці да сакавіцкіх рэформ венгерскага ўрада, санкцыянаваных Фердынандам V. Гэта выклікала зняцце Гёргея Камітэтам абароны і яго замену на пасадзе галоўнакамандуючага Генрыхам Дзямбінскім. Аднак паляк Дзямбінскі не меў аўтарытэту Гёргея і не быў папулярны ў войсках. 26—27 лютага яго войскі былі разбіты аўстрыйцамі ў бітве пры Капольне. Скарыстаўшыся поспехамі аўстрыйскай арміі, імператар 4 сакавіка падпісаў Актраіраваную канстытуцыю Аўстрыйскай імперыі, якая ўводзіла абмежаваныя дэмакратычныя свабоды і ўзмацняла цэнтралізацыю імперыі.
Занепакоены паражэннямі рэвалюцыйнай арміі Кошут напачатку сакавіка 1849 г. ізноў вярнуў Гёргея на пасаду галоўнакамандуючага венгерскай арміяй. Гэта паслужыла пераломным момантам у вайне. Венгерскім войскам Юзафа Бема зноў удалося выгнаць аўстрыйцаў з Трансільваніі, вызваліць Банат і здушыць контррэвалюцыйныя выступленні сербаў Ваяводзіны. Тым часам асноўныя сілы арміі Гёргея атрымалі шэраг перамог у рамках «вясновага паходу» венгерскай арміі ў двурэччы Цісы і Дуная. Былі ўзяты Комарам, Вац і Пешт. Буда была абложана і пала 21 мая 1849 г. На хвалі перамог 14 красавіка дзяржаўны сход прыняў дэкрэт аб пазбаўленні Габсбургаў венгерскага прастола і абвяшчэнні незалежнасці Венгрыі. Кошут быў абвешчаны кіраўніком-прэзідэнтам краіны.
Нягледзячы на поспехі рэвалюцыі, Венгрыі бракавала міжнароднага прызнання. Усе высілкі рэвалюцыянераў дамагчыся падтрымкі з боку заходніх дзяржаў не ўвянчаліся поспехам. Прусія, Вялікабрытанія і Францыя выказаліся за захаванне адзінай Аўстрыйскай манархіі як гаранта стабільнасці ў рэгіёне. Больш таго, 9 мая расійскі імператар Мікалай I паабяцаў ваенную падтрымку Францу-Іосіфу I.[1]
Паражэнне рэвалюцыі
правіць21 чэрвеня на тэрыторыю ўсходніх камітатаў Венгрыі была ўведзена руская армія Івана Паскевіча. Уступленне Расіі ў вайну на баку контррэвалюцыі азначала немінучае паражэнне Венгрыі. Адначасова пачаўся новы наступ аўстрыйцаў, на чале арміі якіх устаў Юліус Гайнау. Аўстрыйскія войскі былі ўзмоцнены кантынгентамі, адкліканымі з італьянскага фронту пасля канчатковага задушэння рэвалюцыйных выступленняў у Паўночнай Італіі. Пад напорам імператарскіх войскаў Гёргей быў вымушаны адступіць на поўдзень. У той жа час армія Бема ў Трансільваніі была ў некалькіх бітвах цалкам разбіта рускімі і практычна перастала існаваць. 13 ліпеня была здадзены Буда і Пешт. 9 жніўня каля Тэмешвара пацярпеў паражэнне корпус Дзямбінскага. Становішча венгерскага ўрада стала катастрафічным, Камітэт абароны пераехаў у Сегед, а затым у Арад.
Ваенныя паражэнні спрыялі збліжэнню венгерскай рэвалюцыі з рухамі нацыянальных меншасцей. У выніку перамоў Кошута з Нікалае Бэлчэску, лідарам румынскага нацыянальнага руху, была дасягнута дамоўленасць аб мерах па ўрэгуляванні венгра-румынскіх супярэчнасцей у Трансільваніі, а за румынамі былі прызнаны ўсе нацыянальныя правы (акрамя тэрытарыяльнай аўтаноміі). 28 ліпеня дзяржаўны сход прыняў закон аб нацыянальнасцях Венгрыі, у якім абвяшчалася раўнапраўе ўсіх нацый дзяржавы, а таксама эмансіпацыя яўрэяў. Аднак гэтыя меры ўжо не маглі выратаваць сітуацыю. У выніку паражэнняў на франтах армія Венгерскай рэвалюцыі скарацілася да 30 тысяч чалавек, што было несупастаўна з аўстрыйскімі і рускімі сіламі.
10—11 жніўня 1849 г. венгерскі ўрад сышоў у адстаўку, папярэдне перадаўшы дыктатарскія паўнамоцтвы генералу Гёргею. Кошут і яго паплечнікі эмігравалі ў Турцыю. 13 жніўня ў Вілагашы Гёргей абвясціў пра капітуляцыю венгерскай арміі і здаўся на літасць рускіх войскаў. 17 жніўня капітуляваў Арад, 26 жніўня — Мункач. Нарэшце, 5 верасня здаўся Комарам. Рэвалюцыя ў Венгрыі пацярпела паражэнне.[1]
Значэнне рэвалюцыі
правіцьПасля задушэння рэвалюцыі ў Венгрыі разгарнулася ваенная дыктатура. 6 кастрычніка ў Пешце быў пакараны смерцю Бацяні, а 13 кастрычніка ў Арадзе — 13 генералаў венгерскай арміі. Звыш 1,5 тысяч чалавек былі прысуджаны да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення. У краіне была адроджана цэнзура і паліцэйскі нагляд над іншадумцамі. Самакіраванне Венгрыі было ліквідавана, усталявана абсалютная ўлада цэнтра. У 1851 г. была адменена Актраіраваная канстытуцыя. Усю тэрыторыю каралеўства падзялілі на некалькі адміністрацыйных акруг, скасаваўшы камітацкія сходы. Трансільванія, Харватыя, Славонія, Банат і Ваяводзіна былі аддзелены ад Венгрыі і ўтварылі асобныя адзінкі, падпарадкаваныя Вене. Нямецкая мова стала адзінай афіцыйнай мовай Венгерскага каралеўства.
Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і згортванне рэформ Венгерскай рэвалюцыі, яна адыграла каласальную ролю ў гісторыі краіны. Вызваленне сялян і ліквідацыя феадалізму былі пацверджаны ў 1853 г. аграрнай рэформай у Аўстрыйскай імперыі. Эканамічныя пераўтварэнні сталі штуршком да бурнага капіталістычнага развіцця краіны. Дэмакратычныя заваяванні і нацыянальны ўздым венгерскай рэвалюцыі таксама не прайшлі дарма, а сталі асновай новых ліберальных рухаў, якія ўзніклі ў 1850-я гг. і прывялі краіну да здабыцця суверэнітэту і трансфармацыі імперыі ў 1867 г. у двуадзіную Аўстра-Венгерскую манархію з незалежным парламентам і адказным міністэрствам. Лідары Венгерскай рэвалюцыі 1848—1849 гг. (Кошут, Петэфі, Бем, Бацяні) сталі нацыянальнымі героямі Венгрыі, служачымі прыкладам для пераймання для новых пакаленняў венгерскай моладзі.[1]
Зноскі
Літаратура
правіць- Водовозов В. В., —. Революция 1848 года // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Очерк Венгерской войны 1848—1849 годов (СПб.: 1850)
- Авербух Р. А. Революция и национально-освободительная война в Венгрии в 1848-49 гг. (М.: Наука. 1965) Архівавана 3 красавіка 2016.
- Дьердь Шпира. Четыре судьбы: к истории политической деятельности Сеченьи, Баттяни, Петефи и Кошута / перевод с венг. (М.: Прогресс. 1986) Архівавана 6 снежня 2016.
- Европейские революции 1848 г. «Принцип национальности» в политике и идеологии (М., 2001)
- История Венгрии (М., 1971)
- Контлер Л. История Венгрии: Тысячелетие в центре Европы (М., 2002)
Спасылкі
правіць- Нарыс Венгерскай вайны 1848—1849 гадоў на сайце «Руниверс»
- Дакументы Венгерскай рэвалюцыі 1848—1849 гг. (англ.)
- Hugary.hu История Венгрии в 1790—1849 гг. (англ.яз.) Архівавана 29 жніўня 2004.
- Дзяржаўныя дзеячы рэвалюцыі (венг.) Архівавана 13 жніўня 2006.
- Декларация независимости Венгрии 1849 г. (англ. яз.)
- Пирожников А. И. История 10-го пехотного Новоингерманландского полка. Тула, 1913
- Походные записки в войну 1853 — 56 годов. Алабин П. В. Часть I «Венгерская война 1849»