Сарачанская група азёр

(Пасля перасылкі з Сарачанскія азёры)

Сарача́нская група азёр[1] — група азёр, размешчаная ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, у басейне ракі Вілія.

Возера Залаўскае.

Уключае 12[1] (14) азёр агульнай плошчай 4,3 км² (плошча вадазбору 180 км²): Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Каймін, Туравейскае, Белае, Галадзянка, Залаўскае, Гульбеза, Баранскае, Галодна, Клевел.

Азёры займаюць невялікія глыбокія ўчасткі агульнай ледавіковай лагчыны (даўжыня больш за 20 км), утварэнне якой звязана з выворваннем паазерскага ледавіка і наступнай дзейнасцю расталых водаў. У наваколлі азёр марэнныя ўзвышшы (вышыня 30—40 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі, уздоўж азёр выцягнуты озавыя грады, многа камавых узгоркаў, парослых лесам. Вылучаюцца мелкаводныя (найбольшыя глыбіні да 6 м) і сярэднеглыбокія (глыбіні да 21 м) азёры. Мелкаводныя (Клевел, Вераб′і, Белае, Туравейскае, Галадзянка) характарызуюцца простай будовай ложа, іх літаральная зона (шырыня 50—70 м) пясчаная, паступова пераходзіць у высланую сапрапелем глыбакаводную зону.

Азёры значна зарастаюць (Клевел па ўсёй плошчы), шырыня паласы расліннасці 40—200 м. Сярэднеглыбокія азёры (Галодна, Тумскае, Ёдзі, Каймін і інш.) маюць вузкую літараль, глыбакаводную частку іх высцілаюць сапрапелі. Зарастанне азёр нязначнае, шырыня паласы расліннасці менш за 30 м. Большасць азёр дрэніруюцца ракой Клевель (паміж азёрамі мае выгляд шырокіх праток), з Тумскага возера выцякае рака Сарачанка. Ёдзі, Гульбеза і Вераб′і, злучаныя паміж сабой, маюць сцёк у раку Страча.

Сарачанская група азёр вызначаецца выключнай маляўнічасцю і мае высокія рэкрэацыйныя вартасці.

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Сарачанская група азёр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 178. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.) 
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. Ч.