Свята-Мікалаеўская царква (Пескі)

Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Песках Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.

Праваслаўны храм
Свята-Мікалаеўская царква
Пескі (Мастоўскі раён). Царква Святога Мікалая (01).jpg
53°21′17,6″ пн. ш. 24°37′37,78″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Аграгарадок Пескі
Канфесія Праваслаўе
Епархія Гродзенская і Ваўкавыская
Благачынне Мастоўскае
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі стыль
Архітэктар Мікалай Ільіч Ціхвінскі
Будаўніцтва 18681870 гады
Стан дзейнічае
Лагатып Вікісховішча Свята-Мікалаеўская царква на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

 
Абраз Святой Параскевы са Свята-Мікалаеўскай царквы, 1642

Пабудавана ў 1868—1870 гадах на месцы драўлянага струхлелага храма па праекце гродзенскага архітэктара Мікалая Ціхвінскага[1]. Грошы на ўзвядзенне — 8634 рублёў — былі выдзелены ўладальнікам маёнтка Масты Аляксандрам Азнабішыным.

Царкву, разлічаную на 300 прыхаджан, асвяцілі 6 снежня 1870 года, аб чым сведчыць надпіс на прастольным крыжы. Яна стала цэнтрам прыхода Ваўкавыскага благачыння, які па звестках 1899 года аб’ядноўваў 2145 вернікаў і 10 вёсак. Пры храме дзейнічалі царкоўна-прыходскае апякунства, царкоўная школа і народнае вучылішча, налічвалася 103 дзесяціны зямлі[2].

У 1919 годзе святаром царквы стаў Васіль Іванюк. 7 жніўня 1929 года храм наведаў архіепіскап гродзенскі Алексій. У 1931 годзе настаяцелем прыхода стаў Канстанцін Краскоўскі, дзякуючы якому царква за савецкім часам не зачынялася[3].

З 2008 года настаяцелем прыхода з’яўляецца айцец Віктар Шнайдар. Пры храме дзейнічае нядзельная школа.

АрхітэктураПравіць

 
Інтэр’ер

Помнік архітэктуры сінадальнага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. У аснове кампазіцыі кубападобны аб’ём малітоўнай залы, над чатырохсхільным дахам якога ўзведзены цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане. Да аб’ёму далучаны паўкруглая апсіда і прамавугольная трапезная. Да фасада дабудавана двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. Фасады крапаваны вуглавымі лапаткамі і аркатурнымі фрызамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, арачны ўваходны праём аформлены кілепадобным парталам. У бутавую агароджу ўбудавана 3-арачная брама.

З гэтай царквы паходзіць абраз «Прападобная Параскева з жыціем» 1642 года (дошка, тэмпера, 114х80х2,5) — адзін з трох падобных у Беларусі. Першапачаткова ён меў значна большыя памеры, аднак быў абрэзаны. Абраз знаходзіцца ў калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры[4].

Зноскі

  1. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 78
  2. Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. Том I, 1899. — С. 72—73
  3. Наталля Шэўчык. 146 гадоў гучыць тут малітва да Бога (бел.) . Зара над Нёманам №1 ад 5 студзеня 2017 (5 студзеня 2017). Праверана 4 мая 2020.
  4. Карэлін У.Р., Мельнікаў М.П. Датаваныя абразы Гродзеншчыны (бел.)  171–175. Мн.: Белпрынт: Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, выпуск 6, 2005. (2007). Праверана 4 мая 2020.

ЛітаратураПравіць

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

СпасылкіПравіць