Станіслаў Міхайлавіч Рэйтан

Станіслаў Рэйтан герба Рэйтан (1781 — 1863) — Слуцкі павятовы маршалк, літаратар.

Біяграфія

правіць

Дакладная дата нараджэння невядомая. Хрышчэнне адбылося 29 студзеня 1781 г., імя пры хрышчэнні Станіслаў-Караль. Бацькамі Станіслава-Караля Рэйтана былі брат Тадэвуша Рэйтана, наваградскі земскі пісар Міхал-Ксаверый (1743 – 1809) і Ганарата з Багдановічаў.

Вучыўся Станіслаў Рэйтан у Вільні – у піярскім «Collegium Nobilium». Потым была служба ў войску. у 1809 г. выйшаў у адстаўку з расійскага войска, і ужо ў 1810 г. быў капітанам у войсках Варшаўскага герцагства. Браў удзел у вайне на баку Напалеона, як і яго родны брат Дамінік Рэйтан, быў паручнікам 20-га ўланскага палка. Гэты полк пачаў фарміравацца ў Пінску ў ліпені 1812 г. пад кіраўніцтвам Ксаверыя Абуховіча. Камісарам гэтага палка быў абраны даўні паплечнік Тадэвуша Рэйтана на сойме 1773 г. – Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі. У час адступлення войска Напалеона 20 уланскі полк разам з іншымі часткамі сіл ВКЛ згрупаваўся ў наваколлі Вільні. Верагодна там Станіслаў Рэйтан трапіў у палон. У ліпені 1813 г., пазбегнушы высылкі, Станіслаў атрымлівае дазвол на жыццё ў Слуцкім павеце, у мястэчку Раманава (належала да двара Доктаравічы). Гэта невялікае паселішча на рацэ Ушы знаходзілася ў 23 вярстах ад Слуцку на гасцінцы Слуцк–Цімкавічы–Нясвіж. Летам 1814 г. выйшла распараджэнне рускага імператара Аляксандра І аб амністыі. Рэйтанам былі вернуты раней канфіскаваныя маёнткі. У 1832 годзе Станіслаў у чыне капітана войска Царства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку. Ён узяў за жонку Саламею Рэйтан — далёкую сваячку, дачку Язэпа Рэйтана. Дзяцей не было.

У 1840 годзе Станіслава Рэйтана выбіраюць Слуцкім павятовым маршалкам. Гэтую пасаду ў 1802 годзе займаў яго старэйшы брат Казімір, іншы ж брат Тадэвуш нейкі час з’яўляўся харунжым таго ж павета, а іх бацька, Міхал, у 1795 годзе, шляхтай ранейшага Наваградскага ваяводства выбіраўся Нясвіжскім павятовым маршалкам.

У 1854-м Станіслаў Рэйтан быў прызначаны ганаровым куратарам Слуцкай гімназіі.

У 1862-м Станіслаў Рэйтан ператварыў сваю сядзібу ва Усаве пад Капылём у лякарню.

Творчасць

правіць

Станіслаў Рэйтан надрукаваў свой першы буйны твор «Papiery Pana Ambrozego» пад псеўданімам «Pan Wada» («Пан Хіба») ў часопісе «Athenaeum» у 1845-м, калі рэдактарам быў Юзаф Крашэўскі. У 1856 годзе ў Львове перавыдадзены першы твор, змяніўшы назву на «Князь Геранім Радзівіл».

Наступны буйны твор «Пан Марцін Квеч» (Pan Marcin Kwieć) спачатку быў надрукаваны ў газетах. А пасля прыхільнай крытыкі, якая зычыла таленавітаму аўтару не спыняцца, – і асобнай кнігай ў 1857 годзе ў Варшаве.

Апошні вядомы твор, які Станіслаў Рэйтан напісаў ды выдаў асобнай кнігай, мае назву «Так было ў нас» (Tak bylo u nas) (Варшава, 1858). Кніга 1858 года прасякнута біяграфічнымі рысамі. Яна з’яўляецца энцыклапедыяй маленькага свету павятовай шляхты, замкнутай у сваім дробным жыцці, дзе павуцінне інтрыг вяжуць рукі асоб з мясцовай адміністрацыі.

Літаратура

правіць
  • Сцебурака А. М. Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Станіслаў Рэйтан.
  • Юркевіч З. І ён Рэйтан / З. Юркевіч // Краязнаўчая газета. – 2013. - № 44. - С. 4-6.
  • Юркевіч З. Станіслаў Рэйтан: пісьменнік з роду Рэйтанаў асуджаны на забыццё / З. Юркевіч // Тэксты. Літаратурна-мастацкі альманах. – Мінск. - 2014. - № 5. - C. 139-145.
  • Юркевіч З. Знакаміты паплечнік Рэйтана / З. Юркевіч // Культура. – 2014. - № 36. - С. 14.