Лявонпальская сядзіба
Лявонпальская сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры барока ў в. Лявонпаль (Мёрскі раён) на левым беразе Заходняй Дзвіны.
Сядзібна-паркавы ансамбль | |
Лявонпальская сядзіба | |
---|---|
| |
55°47′59,98″ пн. ш. 27°46′48,38″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Лявонпаль |
Канфесія | Каталіцкая Царква |
Епархія | Віцебская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Архітэктар | А. Гену (магчыма, Т. Жаброўскі) |
Заснавальнік | М. Лапацінскі |
Дата пабудовы | 1750 |
Будынкі | |
сядзібны дом • рэшткі флігеля • брамы з агароджай • фрагменты парку | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000561 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьСтвораная ў 1750 г. па заказе берасцейскага ваяводы М. Лапацінскага. Архітэктар А. Гену (магчыма, Т. Жаброўскі). За ўдзел Лапацінскіх у паўстанні 1831 г. разрабаваная і разбураная казакамі. У 1842—1845 гг. секвестраваная за пратэсты з боку ўладальнікаў і сялян супраць скасавання уніі.
Сядзіба выкарыстоўваецца як прафілакторый Мінскага інстытута культуры.
Касцёл Хрыста Валадара
правіцьУ 1919 годзе гаспода адрамантаваная і прыстасаваная пад касцёл.
Была адведзеная цэнтральная прамавугольная у плане двухсветлавая зала (былая бальная) на франтальным фасадзе завершана фігурным франтонам, над якім у 1920-я гг. надбудавана сігнатурка з крыжом (адноўлена ў канцы 20 ст.). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка сіметрычна-восевая, трохчасткавая. Цэнтральны двухпавярховы аб’ём і аднапавярховыя 6акавыя крылы аб’яднаны папярочным корпусам. Фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах, крапаваны вуглавымі лапаткамі[1]..
Архітэктура
правіцьЗ заходняга і паўднёвага бакоў сядзібы ўчастак агінае канал. Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. Цэнтральнае месца ў кампазіцыі комплексу займае сядзібны дом. На восі сядзібы была пастаўленая ўязная брама з элементамі дарычнага ордара, пабудаваная на пачатку XIX ст. у стылі класіцызму (не збераглася).
Гаспода — мураваны аднапавярховы будынак з сіметрычнай аб'ёмна-прасторавай структурай і двухпавярховай цэнтральнай часткай, накрытай двухсхільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з двухсхільнымі дахамі выступаюць на галоўным і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Будынак мае высокі цокаль з лучковымі праёмамі, да галоўнага ўваходу вядзе шырокая лесвіца з тэрасай паміж двума маршамі. У дэкаратыўнай аздобе будынка выкарыстаная ордарная пластыка: канеліраваныя пілястры партала галоўнага ўвахода, прафіляваныя карнізы і абрамленні прамавугольных акон, якія мелі дэкор у стылі ракако, рустоўка і інш. У 1919 г. анфіладная сістэма планіроўкі дома заменена калідорнай. Да перабудовы першы паверх цэнтральнага аб'ёму займалі прасторны вестыбюль і квадратная ў плане парадная зала, на другім размяшчаліся жылыя пакоі.
За домам і курданёрам, які ўтваралі два мураваныя двухпавярховыя флігелі (збярогся заходні), размешчаны прамавугольны фрагмент рэгулярнага тэрасавага парку, абмежаванага каналамі. У XIX ст. насаджэнні набылі пейзажную арганізацыю.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лявонпальская сядзіба
- Лявонпальская сядзіба на сайце Radzima.org
- Лявонпальская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Лявонпальская сядзіба на сайце «Архіварта»