Сіна-Тыбецкія горы
Сіна-Тыбецкія горы[1], Сычуаньскія Альпы[1], Хуандуаньшань[1] — горы ў Кітаі.
Сіна-Тыбецкія горы | |
---|---|
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Даўжыня каля 750 км, шырыня да 400 км. Вышыня ад 5000—6500 м на захадзе да 1000—1200 м на ўсходзе, найбольшая вышыня 7590 м (гара Гунгашань).
Утвараюць усходні ўступ Тыбецкага нагор’я, на мяжы з раўнінамі і нізкагор’ямі Усходняга Кітая, з’яўляюцца мяжой Сычуаньскай катлавіны. Падзяляюцца на шэраг субмерыдыянальных хрыбтоў, парэзаных глыбокімі падоўжнымі цяснінамі рэк Салуін, Меконг, Янцзы ў іх верхніх цячэннях (глыбыня ўрэзу да 3000 м). Хрыбты пераважна стромкасхілыя, з рэзкімі скалістымі водападзельнымі грабянямі. Ледавікі.
Горы — частка старажытнай платформы, якая актывізавалася мезазойскімі рухамі; расчлянёна разломамі на шэраг блокаў, складзеных з гнейсаў, крышталічных сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў. Перыферыйныя грады, якія далучаюцца да Сычуаньскай катлавіны, складзены з базальтаў і асадкавых тоўшчаў. Горы сейсмічныя. Радовішчы жалезнай руды, золата, медзі.
Субтрапічны клімат заходняй ускраіны Сычуаньскай катлавіны з вышынёй рэзка пераходзіць да кантынентальнага клімату Тыбецкага нагор’я. Каля паўднёвых падножжаў гор — 1200 мм ападкаў (максімум летам), на наветраных схілах — больш за 2000 мм, па меры набліжэння да Тыбецкага нагор’я — да 600 мм за год.
Да вышыні 2000 м субтрапічныя вечназялёныя лясы з эндэмікамі, якія з вышынёй пераходзяць у мяшаныя лясы; у адкрытых на паўднёвых далінах трапляецца ціс. На вышыні 2000—4000 м пераважаюць хвойныя (галоўным чынам піхтавыя, радзей яловыя) лясы, вышэй за 4000 м размешчаны альпійскія лугі і стэпы.
Зноскі
- ↑ а б в БелЭн 2002.
Літаратура
правіць- Сіна-Тыбецкія горы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 395. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Сино-Тибетские горы // Словарь современных географических названий : (ru) / Рус. геогр. о-во. Моск. центр; Под общ. ред. акад. В. М. Котлякова. Институт географии РАН. — Екатеринбург : У-Фактория, 2006. (руск.)