Тросліўка (былая вёска)

былая вёска ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі

Тро́сліўка[1] (трансліт.: Trosliŭka, руск.: Тросливка) — былая вёска ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіла ў склад Гіжэнскага сельсавета. Вёска пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.[2]

Вёска
Тросліўка
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Тросліўка на карце Беларусі ±
Тросліўка (былая вёска) (Беларусь)
Тросліўка (былая вёска)
Тросліўка (былая вёска) (Магілёўская вобласць)
Тросліўка (былая вёска)

Геаграфія правіць

Знаходзілася за 22 км на паўночны ўсход ад Слаўгарада, 92 км ад Магілёва, 23 км ад чыгуначнай станцыі Верамейкі на лініі МагілёўКрычаў. Рэльеф раўнінны, на поўдні мяжуе з лесам. Праз вёску працякала рака Тросліўка (прыток р. Проня). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Гіжэнка, Ходараў і далей па шашы СлаўгарадЧэрыкаў.

Гісторыя правіць

Вядома паводле пісьмовых крыніц з 1571 года, у складзе Рэчы Паспалітай, калі прывілеем караля Жыгімонта Аўгуста была перададзена Чавускаму кармеліцкаму кляштару.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У 1777 годзе вёска ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. У 1783 годзе 19 двароў. У 1797 годзе 39 жыхароў мужчынскага полу.

У 1805 годзе 67 жыхароў мужчынскага полу, у складзе фальварка Дабрамысль, уласнасць царквы. У 1811 годзе ў Чэрыкаўскім павеце, 19 двароў, 69 жыхароў мужчынскага полу.

У 1848 годзе 20 двароў, 164 жыхары, у складзе казённага маёнтка Гарадзец Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні.

З 1849 года працавала сукнавальня. У 1873 годзе 139 жыхароў. Гаспадар маёнтка, што жыў побач, меў у 1878 годзе 1329 дзесяцін зямлі, вадзяны млын, карчму, крупадзёрку і маслабойню (з 1880).

У 1880 годзе 43 двары, 245 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам. У 1897 г. ў Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета, 59 двароў, 429 жыхароў. У 1909 годзе 61 двор, 449 жыхароў, належала Тросліўскаму сельскаму таварыству. Адносілася да Целяшоўскага праваслаўнага прыхода.

З 1919 года ў Быхаўскім павеце Гомельскай губерні РСФСР, з 1924 г. ў Прапойскім (з 23 мая 1945 г. Слаўгарадскім) раёне Магілёўскай акругі БССР (да ліпеня 1930), з 15 студзеня 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. 1 кастрычніка 1924 года адкрыта 4-гадовая школа, у якой у 1925 г. было 40 вучняў, меўся драматычны гурток.

У 1926 годзе ў Целяшоўскім сельсавеце, 351 жыхар, 4-класная школа. У 1931 года школа стала двухкамплектнай. У лютым 1931 года арганізаваны калгас «Чырвоны васход». Перад Вялікай Айчыннай вайной 69 дамоў, 194 жыхароў.[3]

У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 года да 25 лістапада 1943 года пад акупацыяй Германіі. Падчас акупацыі разбурана 52 дома, забіта 8 жыхароў.[3] У 1962-1965 гадах у Чавускім раёне.

У 1990 годзе ў складзе калгаса «40 гадоў Кастрычніка» (цэнтр — вёска Ходараў). Размяшчаліся ферма па адкорме буйной рагатай жывёлы, магазін. У 1990 годзе 17 гаспадарак, 34 жыхары. Вёска пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Планіроўка правіць

Планіровачна складалася з 2 паралельных вуліц (былыя вёскі Навінка і Васход), арыентаваных з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад і забудаваных двухбакова, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На заходняй ускраіне знаходзіўся гаспадарчы сектар.

Насельніцтва правіць

  • 1783 год — 19 двароў
  • 1797 год — 39 жыхароў мужчынскага полу
  • 1805 год — 67 жыхароў мужчынскага полу
  • 1811 год — 19 двароў, 69 жыхароў мужчынскага полу
  • 1848 год — 20 двароў, 164 жыхары
  • 1873 год — 139 жыхароў
  • 1880 год — 43 двары, 245 жыхароў
  • 1897 год — 59 двароў, 429 жыхароў
  • 1909 год — 61 двор, 449 жыхароў
  • 1926 год — 351 жыхар
  • 1940 год — 69 дамоў, 194 жыхар
  • 1990 год — 17 гаспадарак, 34 жыхары

Зноскі

  1. Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці / Я. Н. Рапановіч; Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 240 с.
  2. Тросліўка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 167. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0452-5.
  3. а б НАРБ. Ф.1440. Оп.3. Д.768. Л.84.

Спасылкі правіць