Уладзімір Іванавіч Адамушка
Уладзімір Іванавіч Адаму́шка (1 студзеня 1952, в. Падгайна, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць, Беларуская ССР — 10 верасня 2020[2]) — беларускі гісторык і архівіст. Кандыдат гістарычных навук (1988).
Уладзімір Іванавіч Адамушка | |
---|---|
Дата нараджэння | 1 студзеня 1952 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 верасня 2020 (68 гадоў) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык, архівіст, дзяржаўны служачы |
Навуковая сфера | гісторыя[1], палітычныя рэпрэсіі[1] і прымусовая праца ў Трэцім Рэйху[d][1] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Давыд Барысавіч Мельцэр |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 1 студзеня 1952 года ў сям’і сельскага настаўніка. Бацькі — маці Зінаіда Уладзіміраўна і бацька Іван Міхайлавіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Вучыўся ў Цырынскай сярэдняй школе. Закончыўшы школу, паспрабаваў паступіць на гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аднак не змог. Уладзімір Іванавіч вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся ў паляводчую брыгаду. У Беражна ў школе працаваў настаўнікам шырокага профілю: выкладаў фізічнае выхаванне, працоўнае навучанне і шэраг іншых прадметаў, пакуль не стаў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уладзімір Іванавіч выконваў абавязкі старасты курса, удзельнічаў у жыцці камсамола і ў дзейнасці студатрадаў. Пасля атрымання дыплома ў 1973 годзе служыў у Ракетных войсках стратэгічнага прызначэння Узброеных сіл СССР (з 1973 па 1975).
У 1975—1988 гг. працаваў рэферэнтам у Бюро міжнароднага турызму «Спадарожнік», а затым і адказным сакратаром Камітэта моладзевых арганізацый БССР. Пазнаёміўся з выбітнымі асобамі — са старшынёй Дзяржаўнага савета ГДР Эганам Крэнцам, будучым кіраўніком Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі Андрэем Арцізовым і шматлікімі беларускімі і замежнымі навукоўцамі. У 1988 годзе абараніў дысертацыю на саісканне навуковай ступені кандыдата гістарычных навук на тэму «Вклад молодежи Белорусской ССР в борьбу за мир и дружбу между народами (1976—1985 гг.)» (навуковы кіраўнік — Давыд Барысавіч Мельцэр). Пасля абароны дысертацыі працаваў старшым выкладчыкам кафедры сусветнай палітыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы.
У 1991 годзе паступіў на працу ў тагачаснае Галоўнае архіўнае ўпраўленне пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе з 1995 па 2001 гг. займаў пасаду намесніка старшыні. Менавіта ў гэты прамежак часу выйшлі яго асабістыя і ў сааўтарстве з іншымі навукоўцамі кнігі «Помилуйте… Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области» і «Палітычныя рэпрэсіі 20—50 гадоў на Беларусі», зборы дакументаў і матэрыялаў «Белорусские остарбайтеры» і «Нацистское золото» из Беларуси".
З 2002 года Уладзімір Адамушка працаваў у Міністэрстве юстыцыі Беларусі. У ліпені 2002—2006 гг. — старшыня тагачаснага Камітэта па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. З 2002 года — намеснік старшыні Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З кастрычніка 2006 да снежня 2016 гг. — дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (былы пераназваны Камітэт). Свет пабачылі наступныя выданні: «Гербы и флаги», «Геральдычны вянок Віцебшчыны», «Лагерь смерти Тростенец», «Освобожденная Беларусь», «Хатынь. Трагедия и память», «Ты з Заходняй, Я з Усходняй нашай Беларусі…», «Чернобыльская катастрофа 1986—1991» і іншыя.
З’яўляўся прадстаўніком Урада Рэспублікі Беларусь у папячыцельскім савеце Фонда ФРГ «Памяць, адказнасць і будучыня».
Памёр 10 верасня 2020 года[3].
Навуковыя інтарэсы
правіцьДаследаваў праблемы палітычных рэпрэсій 1920—1950-х гадоў на Беларусі і рэабілітацыі іх ахвяр, вывазу цывільнага насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію і яго рэпатрыяцыі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Сааўтар кніг «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Памілуйце…» (1992, з Н. Івановай), «Беларускія остарбайтэры» (кн. 1—3, 1996—1998) і іншых[4].
Узнагароды і прэміі
правіць- Ордэн Дружбы народаў (1986);
- ордэн Францыска Cкарыны (2007);
- 3 ганаровыя граматы Савета Міністраў РБ;
- нагрудны знак Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «За адзнаку» II ступені;
- нагрудны знак Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «За адзнаку» I ступені;
- нагрудны знак Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «Ганаровы архівіст Беларусі»;
- нагрудны знак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
- юбілейны медаль «У гонар 80-годдзю нацыянальнай акадэміі наук Беларусі»;
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2002, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Беларускія астарбайтары».
Зноскі
- ↑ а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ 10 верасня 2020 г. пайшоў з жыцця АДАМУШКА Уладзімір Іванавіч
- ↑ Памёр вядомы архівіст і гісторык Уладзімір Адамушка
- ↑ Адамушка Уладзімір Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 314.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 330. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 314.