Уладзімір Набагез
Уладзімір Набагез (20 кастрычніка 1919 — 11 студзеня 2011) — беларускі грамадскі дзеяч. Сябра Замежнага сектару ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, Амерыканскай медыцынскай асацыяцыі, Рады БНР і Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА). Доктар медычных навук.[1][2]
Уладзімір Набагез | |
---|---|
Род дзейнасці | грамадскі дзеяч |
Дата нараджэння | 20 кастрычніка 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 студзеня 2011 (91 год) |
Месца смерці | |
Жонка | Яланда |
Дзеці | Янка і Андрэй |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 20 кастрычніка 1919 года ў в. Сялец Навагрудскага ваяводства ў зоне польскай акупацыі (цяпер — Навагрудскі раён) у сялянскай сям’і. Бацька ваяваў у Першую сусветную ў Расійскай арміі і атрымаў два Георгіеўскія крыжы. Вучыўся ў Навагрудскай беларускай гімназіі разам з будучымі сябрамі па навуцы і грамадскай дзейнасці — Барысам Рагулем і Язэпам Сажычам.
У верасні 1939 г. па выбуху Другой сусветнай вайны быў мабілізаваны ў Войска Польскае — пра гэту падзею казаў «пратрымалася наша войска некалькі дзён — ішлі ланцугом, бы бараны». Трапіў у нямецкі палон, але ў ліпені 1941 г. быў вызвалены намаганнямі беларускіх дзеячаў. Працаваў у Беларускім прадстаўніцтве пры нямецкім Арбайтсфронце ў Кёнігсбергу. Па сканчэнні вайны паступіў на медыцынскі факультэт Марбурскага ўніверсітэту, далучыўся да Беларускага студэнцкага згуртавання. У 1949 г. перабраўся ў Лёвенскі ўніверсітэт (Бельгія), які скончыў з дыпломам доктара медыцыны. Спяваў у студэнцкіх хорах, у тым ліку ў хоры Міколы Равенскага ў Лёвене, меў бас.
У 1956 г. пераехаў у ЗША, пасяліўся спачатку ў г. Нью-Брансуік у штаце Нью-Джэрсі. Працаваў у мясцовым шпіталі, атрымоўваў веды ангельскай мовы і амерыканскай медычнай практыкі. Перабраўся на доктарскую працу ў Нью-Ёрк, здаўшы патрэбныя залікі на доктарскую працу. Працаваў у мясцовым шпіталі. У Нью-Ёрку далучыўся да беларускай эміграцыі. Быў сябрам Рады БНР, Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), а таксама сябрам Замежнага сектару Беларускай незалежніцкай партыі. Быў старшынём аддзелу БАЗА ў Нью-Ёрку у 1964—1968 гг. Браў актыўны ўдзел у рэлігійным жыцці парафіі св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Пазнаёміўся і ажаніўся з канадкай французскага паходжання Яландай, якая працавала медсястрой. Потым распачаў прыватную практыку ў в. Уолдэн (Нью-Ёрк), дзе купіў дом і участак зямлі. Нарадзіліся двое сыноў — Янка і Андрэй. Займаўся дабрачыннасцю, фундаваў розныя праекты і быў сябрам Фонда Ротары (Paul Harris Fellow).
На пачатку 1990-х гадоў Набагез наведаў родныя мясціны і Наваградак, дзе жыла ягоная сястра, і адшукаў магілу дзеда, пахаванага ля самага наваградскага замчышча. Янка Запруднік пазней пісаў пра Уладзіміра Набагеза:
Др. Уладзімір Набагез праз усё жыццё захаваў беларускі патрыятызм, які ён вынес з наваградскага асяродздзя. Адзначаўся моцнай сілай волі і адначасна сціпласцю у дачыненні да свае асобы. Меў добрую памяць. Вельмі цікава распавядаў пра свае прыгоды ў ваенным часе: польска-нямецкі фронт, палон, праца перакладчыка, сувязь з суродзічамі на ваенным раздарожжы ў Нямеччыне, шуканне выхаду ў паваенным разбродзе. «Валодзя, дык ты апішы ўсё гэта. Гэта ж так цікава!» «А што там надта пра сябе расказваць буду. Падумаеш, важная асоба!» — адмахваўся ён ад такіх падказак.
Памёр 11 студзеня 2011 г. Пра ягоную смерць паведаміла Наша Ніва і New York Times.
Зноскі
- ↑ Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі . Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
- ↑ Янка Запруднік. Дзеячы БНР. Уладзімер Набагез . Архівавана з першакрыніцы 21.04.2019.