Царква Святой Ганны (Стоўбцы)
Царква Святой Ганны — праваслаўны храм у горадзе Стоўбцах Мінскай вобласці. Цэнтр Стаўбцоўскага благачыння. Знаходзіцца ў цэнтры горада, па адрасе: вуліца Савецкая, 6.
Праваслаўны храм | |
Царква Святой Ганны | |
---|---|
| |
53°28′40″ пн. ш. 26°43′48″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Стоўбцы |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Маладзечанская |
Благачынне | Стаўбцоўскае |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Заснавальнік | Адам Ежы Чартарыйскі |
Дата пабудовы | 1825 год |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзейнічае |
![]() |
Гісторыя
правіцьПабудавана як касцёл у 1825 годзе з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтку князя Адама Чартарыйскага. Абнесена бутавай агароджай з двух’яруснай брамай-званіцай.
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры класіцызму з рысамі барока. Вырашаная цэльным прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’ярусным фігурным франтонам з увагнутымі бакавымі гранямі і цэнтральнай арачнай нішай, фланкіраванай дзвюма парамі пілястраў. Яркім дэкаратыўным элементам фасаду з’яўляецца рама, размешчаная над цэнтральным уваходам і вырашаная паслядоўна ўпісанымі геаметрычнымі фігурамі — квадрата з раскрапаванымі вугламі і квадрата з васьмівугольнікам. Бакавыя аконныя праёмы фасаду акаймоўваюць простыя ліштвы з несапраўднымі замковымі камянямі і архівольтамі. Фасады рытмічна расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах і пілястрамі дарычнага ордара ў прасценках, апяразаныя спрошчаным антаблементам.
Інтэр’ер
правіцьУнутры малітоўная зала перакрытая люстравым скляпеннем з падугамі; сцены апяразаны антаблементам, крапаваныя пілястрамі. Над уваходам зробленыя хоры, падтрыманыя чатырма драўлянымі калонкамі. Алтарная частка вылучаная іканастасам чатырох’яруснай сямічасткавай кампазіцыі, расчлянёным канеліраванымі пілястрамі. Завяршаюць кампазіцыю пяць фігурных франтонаў з бакавымі валютамі. Арнаментальна-дэкаратыўны акцэнт іканастаса — разная царскія вароты. Абразы іканастаса размежаваныя на два ярусы антаблементам з трыгліфным фрызам.
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл. — С. 235—236
- Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Царква Святой Ганны (Стоўбцы)
- Царква Святой Ганны (Стоўбцы) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Царква Святой Ганны (Стоўбцы) на сайце Radzima.org
- Царква Святой Ганны (Стоўбцы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)