Цымшыян (саманазва: Ts’msyan) — група малых індзейскіх народаў, якая размаўляе на цымшыянскіх мовах, карэннае насельніцтва Брытанскай Калумбіі (Канада) і паўднёвага ўсходу Аляскі (ЗША). Агульная колькасць (2019 г.) — 9600 чал.[1]

Цымшыян
(Ts’msyan)
Выява другой паловы XIX ст.
Агульная колькасць 9600 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША, Канада
Мова цымшыянскія мовы
Рэлігія анімізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Паходжанне правіць

Назва цымшыян літаральна значыць тубыльцаў ракі Скіна на тэрыторыі сучаснай Брытанскай Калумбіі. Да кантактаў з еўрапейцамі яны таксама насялялі ціхаакіянскае ўзбярэжжа вакол вусця ракі. Ужо пасля кантактаў — востраў Анет. Некаторыя даследчыкі лічаць цымшыян адной з найбольш старажытных груп індзейцаў Паўночнай Амерыкі, паколькі археалагічныя даследаванні на ўзбярэжжы каля Прынс-Руперт паказалі, што цымшыянскія вёскі існавалі ўжо 5000 гадоў таму. Аднак гэта супярэчыць міфалогіі саміх прыбярэжных цымшыян. Яны апавядаюць, што раней іх продкі жылі ў вярхоўях ракі Скіна і перасяліліся на акіянскае ўзбярэжжа незадоўга да з'яўлення еўрапейцаў.

Гісторыя правіць

У 1787 г. кампанія Гудзонава заліва ўсталявала гандлёвыя зносіны з цымшыян і ў 1834 г. стварыла гандлёвы пост недалёка ад іх земляў. Падвышэнне коштаў на футра, якое закупала кампанія, прывяло да распаўсюджвання еўрапейскіх тавараў, у тым ліку зброі і вопраткі, а таксама да ваенных сутычак з суседдзямі, асабліва з хайда. Катастрафічныя вынікі мела эпідэмія воспы ў 1862 г., падчас якой загінула да 80% насельніцтва. Яна садзейнічала разбурэнню традыцыйнага ладу жыцця і залежнасці ад еўрапейскіх гандляроў і перасяленцаў.

У 1887 г. брытанскі місіянер Вільям Данкан заснаваў на востраве Анет хрысціянскую абшчыну Новая Метлакатла. У 1891 г. Кангрэс ЗША прызнаў гэты востраў аўтаномнай індзейскай рэзервацыяй.

У Канадзе цымшыян згубілі значную частку зямель і падвергліся моцнай асіміляцыі. Аднак сярод іх сфарміравалася кола інтэлектуалаў, у тым ліку вучоных, якія ў апошняй чвэрці XX ст. садзейнічалі з'яўленню руху за свае правы. З 1983 г. федэральны ўрад Канады і ўрад Брытанскай Калумбіі вялі перагаворы з абшчынамі цымшыян аб узнаўленні карыстання традыцыйнымі прыроднымі рэсурсамі. Яны былі перарваны ў 2005 г. з-за нязгоды паміж рознымі группоўкамі саміх цымшыян.

Культура правіць

Галоўным заняткам цымшыян здаўна было рыбалоўства. Асабліва важнай з'яўлялася сезонная здабыча ласося. Дадаткова займаліся паляваннем і збіральніцтвам. У традыцыйнай кулінарыі адметнае месца займаў стрэлкаліст. З XIX ст. узбярэжныя цымшыян таксама вырошчвалі бульбу. Жанчыны плялі тканіны чылкат з поўсці горных авечак. Для чылкат характэрны шматлікія ўзоры і доўгія махры. Ваўняная тканіна ішла на шыццё вопраткі, насценных дыванаў, фіранак, торбаў. Мужчыны славіліся як разьбяры, выраблялі доўгія каноэ, што ўмяшчалі да 60 чалавек.

Цымшыян будавалі сталыя зімовыя паселішчы ўздоўж акіянічнага ці рачнога ўзбярэжжа. Жыхары кожнага з іх складалі аўтаномную абшчыну, якая валодала навакольнымі тэрыторыямі. Улетку ствараліся часовыя малыя паселішчы рыбаловаў. Доўгія жытлы будавалі з драўляных бярвенняў без вокнаў. Для агменю знутры капалі яміну. Дым выходзіў з адтуліны ў даху. У адной хаціне жыло да некалькіх дзесяткаў чалавек. Каля хаціны ўсталёўвалі татэмныя слупы — помнікі памерлым правадырам.

Традыцыйнае грамадства цымшыян было іерархічным. Вылучаліся высакародныя воіны, простыя абшчыннікі і рабы. Стан кожнага чалавека вызначаўся па нараджэнню. Сваяцтва і сацыяльны статус перадаваліся па жаночай лініі. Цымшыян падзяляліся на 4 роды арла, крумкача, ваўка і забойцаў кітоў. Шлюбы знутры аднаго рода былі забаронены. Правадыром паселішча станавіўся мужчына з найболей магутнага рода.

Да канца XIX ст. цымшыян славіліся маляўнічымі шматдзённымі святамі яаўк, якія звычайна прысвячаліся смерці сваякоў і перадачы сацыяльнага статуса спадчыннікам. Яны суправаджаліся супольнымі застоллямі і патлачом. Падчас цырымоній выкарыстоўвалі разьбяныя маскі. Фальклор адметны шматлікімі казкамі пра міфічных істот і братоў крумкачоў.

Мова правіць

Цымшыянскія мовы з'яўляюцца ізалятам. З-за распаўсюджання школьнай адукацыі на англійскай мове да канца XX ст. амаль выйшлі з ужытку. У нашы дні прыкладаюцца намаганні для іх адраджэння.

Рэлігія правіць

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні засноўваліся на анімістычных і татэмічных уяўленнях. Аднак пасля эпідэміі 1862 г. і забароны патлача яны амаль зніклі, захаваліся толькі ў форме некаторых міфалагічных паданняў і апісаннях еўрапейскіх місіянераў. Апошнія сцвярджалі, што цымшыян верылі ў нябеснага пана, які аказваў вернікам дапамогу ў цяжкія часы. Рытуалы ўключалі ачышчэнне праз абмыванне і табу на некаторую ежу.

З 1856 г. англіканскі місіянер Вільям Данкан актыўна распаўсюджваў хрысціянства сярод цымшыян. Асаблівы поспех ён меў пасля эпідэміі 1862 г., якую абвясціў божай воляй. Імкненне ўсталяваць поўны кантроль над жыццём вернікаў і адмова ад еўхарыстыі прывялі да разрыву В. Данкана з афіцыйнай царквой і ад'езду разам з 823 паслядоўнікамі на востраў Анет (Аляска).

У нашы дні большасць вернікаў — пратэстанты розных канфесій.

Зноскі

Спасылкі правіць