Эканоміка Польшчы

Польшча мае развітую эканоміку, шостую па памерах у ЕС. Краіна адзначаецца вельмі высокім паказчыкам індэкса чалавечага развіцця, для яе характэрны высокі ўзровень жыцця і жыццёвыя стандарты, якасныя і ўсеагульныя адкукацыя і ахова здароўя. Паводле класіфікацыі Сусветнага банка адносіцца да дзяржаў з высокім прыбыткам. Прадукцыя польскага машынабудавання, хімічнай і харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі экспартуецца і на ўсход, і на захад. Польшча з’яўляецца членам Еўрапейскага Саюза, АЭСР, Вышаградскай групы.

Варшава — найбуйнейшы цэнтр і гандлёвы хаб

Галоўныя асаблівасці правіць

Эканоміка Польшчы — адна з найбольш дынамічных у Еўропе, асабліва сярод дзяржаў былога сацлагера. На яе развіцці адбілася правядзенне рыначных рэформ і ўступленне Польшчы ў ЕС. Сёння эканоміка Польшчы рыначная. Большая частка маёмасці, у тым ліку, банкаўскага сектару, прыватызаваная. Нацыянальная валюта — злоты, аднак Польшча рыхтуецца да ўвядзення еўра. Варшаўская фондавая біржа — найбуйнейшая ў Цэнтральнай Еўропе, самыя значныя польскія кампаніі фармуюць на ёй індэкс WIG30. З 500 найбуйнейшых кампаній Цэнтральнай Еўропы, 200 — польскія (PKN Orlen — нафтаперапрацоўка, PGE Polska — энергетыка і інш.). Польшча з'яўляецца рэгіянальным лідарам па прыцягненні замежных інвестыцый, аб'ём жа польскіх інвестыцый за мяжу на 2014 склаў каля 300 млрд. злотых.

На сферу паслуг прыходзіцца 57,4 % ВУП, унёсак прамысловасці — 40 %, у сельскай гаспадарцы, дзе занята 11 % эканамічна актыўнага насельніцтва, ствараецца ўсяго 2,5 % ВУП. Тэмпы росту ВУП у 2015-17 гадах складалі ад 3 да 5 % штогод — адзін з найлепшых паказчыкаў у ЕС, інфляцыя — 2 % у 2017 і -0,6 % у 2016.[1] Польскі ВУП (паводле ППЗ) у 2017 склаў 70 % ад сярэдняга па ЕС, у 2004 гэтая доля была ўсяго 50 %.[2]

Да моцных бакоў эканомікі Польшчы адносяцца: шматлікая і якасная працоўная сіла, ёмісты ўнутраны рынак, малы узровень беспрацоўя, невялікая знешняя запазычанасць, стабільная валюта, разнастайны экспарт.

Прамысловасць правіць

 
Белхатуўская ЦЭС — найбуйнейшая буравугальная электрастанцыя свету, штогод вырабляе 27-28 ТВт*гдз электраэнергіі — 20 % нацыянальнай вытворчасці

Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне, чорная і каляровая металургія, паліўная, хімічная і лёгкая. Большасць машынабудаўнічых прадпрыемстваў з’яўляюцца даччынымі падраздзяленнямі вядучых заходніх кампаній. Польшча займаецца вытворчасцю адзення, электронікі, аўтамашын, аўтобусаў, верталётаў, лакаматываў, самалётаў, караблёў, ваеннай тэхнікі, лекаў, ежы. Польшча займае адно з першых месцаў у свеце па вытворчасці рыбалоўных суднаў, таварных і пасажырскіх вагонаў, цеплавозаў і электравозаў. Харчовая прамысловасць у Польшчы адна з найбольш буйных у Еўрасаюзе.

У энергетыцы Польшчы асаблівае месца займае вугальная прамысловасць. Штогод здабываецца каля 100 млн тон вугалю (кампаніі Węglokoks, Kompania Węglowa and JSW). Па здабычы каменнага вугалю Польшча лідзіруе ў Еўропе. Значная частка яго экспартуецца. Асноўны каменнавугальны басейн — Верхнесілезскі. Запасы нафты і прыроднага газу параўнальна малыя. Уся спажываемая краінай нафта — імпартная. Частка яе паступае па нафтаправодзе з Расіі, а частка дастаўляецца марскімі шляхамі. Вялікі нафтаперапрацоўчы завод працуе ў Плоцку. Імпартуецца з Расіі і прыродны газ. На вугалі, пераважна бурым, базуецца электраэнергетыка. У 2017 на ўзнаўляльных крыніцах (уключаючы ГЭС) стваралася 10,9 % электраэнергіі. Да 2020 іхнюю долю плануецца давесці да 15 %.

 
Старапрамысловы раён Лодзі

Нягледзячы на агульны спад вытворчасці ў чорнай металургіі, Польшча застаецца буйным вытворцам (больш за 10 млн тон у 2017 і 2018) і экспарцёрам сталі. Галоўныя камбінаты чорнай металургіі размешчаны ў Верхняй Сілезіі. Жалезная руда імпартуецца з Расіі, Украіны і Бразіліі. Значная частка сталі выплаўляецца з металалому. Каляровая металургія прадстаўлена свінцова-цынкавай і меднай галінамі. Па выплаўцы рафінаванай медзі і срэбра Польшча — еўрапейскі лідар (кампанія KGHM Polska Miedź з штаб-кватэрай у Любіне)

 
Зборка аўтобусаў Solaris побач з Познанню

У машынабудаванні вядучыя пазіцыі належаць транспартнаму, які выпускае легкавыя і грузавыя аўтамабілі, марскія судны, лакаматывы і вагоны. Асноўныя прадпрыемствы размяшчаюцца ў буйных гарадах (Варшава, Познань). Легкавыя аўтамабілі вырабляюць прадпрыемствы вядомых фірм («Фіат», «Фальксваген», «Опель» і г. д.). Суднабудаванне сканцэнтравана на поўначы краіны, у Гдыні, Шчэціне, Гданьску.

Хімічная прамысловасць базуецца на ўласнай сыравіне (вуглі, прыроднай серы, паваранай солі). Вырабляе серную кіслату, фосфарныя і азотныя ўгнаенні, лекавыя сродкі. Вядучая галіна лёгкай прамысловасці — тэкстыльная, канцэнтруецца ў раёне горада Лодзь. Прадукцыя швейнай і абутковай прамысловасці пастаўляецца на знешнія рынкі.

Сельская гаспадарка правіць

 
Мазурскі сельскагаспадарчы пейзаж

За сацыялістычным часам польскае земляўласцніцтва, у адрозненні ад астатніх сфер гаспадаркі, заставалася прыватным. Былыя землі нешматлікіх дзяржаўных прадпрыемстваў сёння здадзеныя ў арэнду фермерам, якім увогуле належыць больш за 90 % угоддзяў. Прадукцыйнасць сучаснай сельскай гаспадаркі адносна невысокая. Фермы невялікія (сярэдні памер каля 8 га) і часта цераспалосныя. Больш за палову фермераў працуюць выключна на здавальненне сваіх патрэбаў. Затое 9 % гаспадароў з надзеламі больш за 15 га трымаюць амаль палову зямлі.

Польшча з’яўляецца адным з еўрапейскіх лідараў па плошчы раллі і вытворчасці многіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Дамінуе развядзенне свіней і буйной рагатай жывѐлы. Свінагадоўля забяспечвае каля паловы вытворчасці ўсёй прадукцыі жывёлагадоўлі. Значную ролю адыгрывае птушкагадоўля (вытворчасць курыных яек). Польскія жывёлаводы моцна залежаць ад імпарту кармавой пшаніцы, фуражу, расліннага масла і бялковай мукі, якімі краіна не забяспечвае сябе ў поўным аб'ёме.

У раслінаводстве вядучае месца займае вытворчасць збожжавых культур — пшаніцы і жыта. Вялікія плошчы заняты пад ячмень і авёс, кармавыя культуры, бульбу, рапс, цукровыя буракі. Польшча займае першае ў ЕС па валавым зборы бульбы і жыта, адно з першых — па цукровых бураках, першае ў свеце — па трыцікале, шостае ў свеце па зборы і экспарце яблыкаў.

Польшча пастаўляе на экспарт мясапрадукты і жывую жывёлу, клубніцы і іншыя ягады, яблыкі, агародніну, тытунёвыя вырабы, цукар, бульбу, алкагольныя і іншыя напоі.

Сфера Паслуг правіць

Транспарт правіць

 
Скрыжаванне аўтастрад А1 і А4 побач з Глівіцамі

Становішча Польшчы ў цэнтры Еўропы прадвызначыла важную ролю транзітнага транспарту ў гаспадарцы. Тэрыторыю Польшчы ва ўсіх напрамках перасякаюць найважнейшыя транс’еўрапейскія магістралі.

Аўтамабільны транспарт адыгрывае важную ролю ва ўнутраных грузавых і пасажырскіх перавозках, у замежнагандлёвых сувязях з еўрапейскімі краінамі.Краіна мае густую сетку аўтамабільных дарог (найважнейшыя з іх пазначаны літарамі і лічбамі: A1, A2, A4, A6, A8, A18). На 2017 працягласць новых хуткасных аўтастрад складала 3421 км. Апроч гэтага, у краіне дзейнічае праграма мадэрнізацыі рэгіянальных і мясцовых дарог.

 
Хуткасны цягнік PKP ED250 Pendolino на вакзале у Глівіцах

Важнае месца ў транспартнай сістэме краіны займае чыгуначны транспарт. Паводле яго грузаабароту, асноўная частка якога прыпадае на перавозкі вугалю, Польшча саступае ў Еўропе толькі Германіі. Галоўны чыгуначны вузел — Верхнесілезскі — злучаны жалезнымі магістралямі з найбуйнейшымі гарадамі краіны, у тым ліку партовымі цэнтрамі. На 2015 год працягласць чыгунак складае 19 000 км. Высокі ўзровень электрафікаванасці чыгунак. Кампанія Польская Дзяржаўная чыгунка (PKP) праводзіць мадэрнізацыю як шляхоў зносін, так і рухомага складу, які будзе мець магчымасць разганяцца да 200 км/гадз на усіх участках. А паміж галоўнымі гарадамі чыгуначнікі з 2015 ладзяць хуткаснае спалучэнне (да 300 км/гадз).

Па ўсім балтыйскім узбярэжжы цягенецца ланцужок партоў. Пры гэтым вылучаюцца два марскія партовыя комплексы: Гданьск — Гдыня і Шчэцін — Свінауйсце. У Гданьска-Гдыньскім комплексе збудавана глыбакаводная гавань для буйнатанажных (акіянічных) суднаў — гэта адзіны падобны партовы комплекс на Балтыцы. Круглагадовыя паромныя пераправы злучаюць Польшчу з краінамі Паўночнай Еўропы. З унутраных водных шляхоў краіны самы важны — рака Одра. Яна звязана каналамі з Верхнесілезскім басейнам і марскім портам Свінауйсце, з рачной сеткай Германіі і Віслай. Вісла ад Варшавы да Гданьска даступная для суднаў грузападымальнасцю больш за 500 т.

У Польшчы выключна добра развіты паветраны транспарт. Найбуйнейшы аэрапорт — Варшаўскі аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапена, хаб для нацыянальнай авіякампаніі LOT, што з'яўляеца адной з найстарэйшых авіякампаній свету: год заснавання — 1929. Да самых вядомых міжнародных аэрапортаў краіны адносяца Кракаўскі імя Яна Паўла ІІ, Уроцлаўскі імя Каперніка і Гданьскі імя Леха Валенсы.

Турызм правіць

 
Замак у Айцове на Шляху арліных гнёздаў

Турызм з'яўляецца адным з найважнейшых сектараў сферы паслуг. Ад часу ўступлення ў ЕС у 2004 паскорана развіваецца міжнародны турызм. Найбольш прывабныя для адпачынку горныя раёны Польшчы, узбярэжжа Балтыйскага мора, Мазурскія азёры і Белавежская пушча, гістарычныя цэнтры (Кракаў, Варшава, Люблін). Усяго ў Польшчы 15 аб'ектаў Сусветнай спадчыны з іх 14 культурных. Самы папулярны сярод турыстаў горад — Кракаў — старая сталіца і месца каранацыі ў далейшым, цэнтр Залатога веку польскага Адраджэння. Цалкам зруйнаваны падчас Другой сусветнай вайны стары горад у Варшаве быў адноўлены і з'яўляецца галоўнай славутасцю стаіцы. Вялікую прывабнасць мае Уроцлаў — у ансамбль вялікай Рынкавай плошчы ўваходзяць ажно дзве ратушы, ўроцлаўскі заапарк налічвае ўжо больш за 150 гадоў гісторыі і надзвычай багатую калекцыю відаў, на кожным кроку турыстаў сустрэнуць мілыя гномы.

У Польшчы звыш 100 замкаў, большая іх частка захавалася ў Ніжняй Сілезіі і уздоўж Шляху арліных гнёздаў паміж Кракавам і Чэнстаховай. Яснагурскі манастыр у Чэнстахове штогод кліча да сябе сотні тысяч паломнікаў-каталікоў. Сярод відаў актыўнага турызму ў Польшчы шырока прадстаўлены гарналыжны турызм, водныя віды, хайкінг і склалазанне. Развіваецца аграрны (сельскі) турызм.

Знешні гандаль правіць

Найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі Польшчы з'яўляюцца Германія, Чэхія, Вялікабрытанія, Францыя і Італія. Польшча славіцца экспартам вырабаў харчовай прамысловасці: шакаладу, молочнай прадукцыі, вэнджанай рыбы, мясных прадуктаў, марожанай гародніны і садавіны.

Па выніках 2016 года тавараабарот Польшчы з Беларуссю склаў $ 2 млрд. Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы адзначыў, што ёсць патэнцыял для дасягнення $ 3 млрд. Асноўныя пазіцыі экспарту з Беларусі ў Польшчу - нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, пліты ДСП, неапрацаваныя лесаматэрыялы, мінеральныя ўгнаенні; з Польшчы ў Беларусь - яблыкі, таматы, малако і вяршкі, лекі і інш.[3]


Зноскі