Іаахім Лялевель
Іаахім Ляле́вель або Яхім Ляле́вель[7] (Joachim Lelewel; 22 сакавіка 1786, Варшава, Рэч Паспалітая — 29 мая 1861, Парыж, Францыя) — польска-беларускі гісторык і грамадскі дзеяч.
Іаахім Лялевель | |
---|---|
польск.: Joachim Lelewel | |
Дата нараджэння | 22 сакавіка 1786[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 мая 1861[1][2][…] (75 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Караль Маўрыцы Лялевель[d] |
Род дзейнасці | гісторык-картограф, геральдыст, нумізмат, палітык, пісьменнік, выкладчык універсітэта, гісторык, славіст, бібліёграф |
Навуковая сфера | гісторыя Польшчы, нумізматыка, гісторыя[6][5], славістыка[6], бібліяграфія[6], спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны[6] і палітыка[6] |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Член у | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьБацька, Карл, паходзіў з прускага арыстакратычнага роду (von Loewensprung), які ў ХVIII стагоддзі асеў у Варшаве. Маці, Ева Шалюта, дачка рэчыцкага чашніка Францішка Шалюты, уладанні якога знаходзіліся ў Беларусі.
Пачатковую адукацыю атрымаў у калегіуме піяраў у Варшаве.
У 1804—1808 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе атрымаў стыпендыю для падрыхтоўкі на настаўніка. Вялікі ўплыў на яго зацікаўленне гісторыяй і археалогіяй зрабілі лекцыі Готфрыда Эрнста Гродэка, які стаў выкладаць у Вільні з 1805 года.
У 1807 годзе выдае першую працу «Эдда, ці Кніга рэлігіі даўніх жыхароў Скандынавіі» ў друкарні Юзафа Завадскага. У 1808 годзе выпускае чарговую працу, якая прысвечана паходжанню літоўскага народа, пачаткі якога Лялевель выводзіць да племені герулаў. Праца была жорстка раскрытыкавана.
Па сканчэнні ўніверсітэта накіроўваецца ў Крамянецкі ліцэй, дзе займае кафедру гісторыі, а з 1810 года пачынае выкладаць старажытную геаграфію і польскую нумізматыку. У чэрвені 1811 годзе вяртаецца да Варшавы, дзе працуе чыноўнікам у адміністрацыі Міністэрства Унутраных спраў. Уключаецца ў працу Каралеўскага таварыства сяброў навук, членам якога афіцыйна прызнаецца 5 студзеня 1815 года.
У 1814 годзе выдае ў Варшаве ў друкарні піяраў «Невялікія геаграфічна-гістарычныя працы», выданне атрымлівае пазітыўную рэцэнзію Гродэка.
Віленскі ўніверсітэт (1815—1824)
правіцьРэктар Віленскага ўніверсітэта Ян Снядэцкі рэкамендуе яго на пазіцыю намесніка прафесара кафедры ўсеагульнай гісторыі (займае з 1815). Дзякуючы эрудыцыі, выкладчыцкаму таленту і прыязнаму стаўленню, карыстаўся вялікай любоўю студэнтаў (паводле Ігната Дамейкі «усе без выключэння былі аматарамі Лялевеля»). У 1818 выдае ў Вільні падручнік па «Старажытнай гісторыі», які прысвячае «землякам-літвінам». Але крытычнае стаўленне да яго кіраўніцтва Віленскага ўніверсітэта вымушае прыняць прапанову заняць пазіцыю бібліятэкара Публічнай бібліятэкі ў Варшаве і намесніка прафесара кафедры бібліяграфіі Варшаўскага ўніверсітэта.
10 чэрвеня 1820 года Сенат Ягелонскага ўніверсітэта на падставе надрукаваных прац надае Лялевелю тытул доктара філасофіі, пасля чаго ён выдае «Старажытную гісторыю Індыі» з прысвячэннем кракаўскаму ўніверсітэту.
13 мая 1821 года на Агульнай радзе Віленскага ўніверсітэта быў абраны прафесарам кафедры ўсеагульнай гісторыі. Адам Міцкевіч прысвяціў вітальны верш вяртанню любімага настаўніка да выкладання ў Вільні. Лекцыі Лялевеля карысталіся надзвычайнай папулярнасцю, часам іх наведвалі да 300—400 слухачоў («такі запал і энтузіязм абудзіў прафесар у моладзі, якіх ніколі не бачылі раней і потым не сустракалі на лекцыях у Віленскім універсітэце», — згадвае Ігнат Дамейка)[8].
У 1822 годзе выдае падручнік па дапаможным гістарычным дысцыплінам.
Падтрымліваў цесныя кантакты з колам філаматаў, для якіх з’яўляўся інтэлектуальным і маральным аўтарытэтам.
У 1824 годзе пасля выкрыцця таемных студэнцкіх таварыстваў спрабуе абараніць сваіх былых студэнтаў, паводле яго паруку ў красавіку 1824 года Адам Міцкевіч быў выпушчаны з турмы ў базыльянскіх мурах. Паводле ўказа 14 жніўня адхілены ад выкладання як іх ідэйны натхняльнік.
У канцы 1824 года вяртаецца ў Варшаву. Па даручэнні Таварыства сяброў навук займаецца апрацоўкай нумізматычнага скарбу з Тшэбуня, летам 1829 стварае нумізматычны каталог таварыства сяброў навук. У 1829 годзе выдае дзіцячы падручнік па гісторыі Польшчы[8].
У 1829 годзе абраны дэпутатам Сейма ад Жаліхоўскай зямлі, дзе былі сямейныя маёнткі, уваходзіць у склад ліберальна-канстытуцыйнай апазіцыі.
Паўстанне 1830—1831 гадоў
правіцьЗ пачатку паўстання 1830—1831 гадоў Іаахім Лялевель як прызнаны ідэолаг вызваленчага руху стаў старшынёй Патрыятычнага таварыства і ўвайшоў у Часовы ўрад, у складзе якога дамагаўся правядзення шэрагу рэвалюцыйных мер (надзяленне часткі сялян зямлёй і інш.). Паводле Лялевеля, «калі на ўрачыстым сходзе ў Варшаве, наладжаным з нагоды гадавіны французскай рэвалюцыі, я сцвярджаў, што паўстанне па сутнасці з’яўляецца сацыяльнай рэвалюцыяй і надалей будзе такой, бо яна неабходна для адраджэння нацыі, то мая прамова выклікала абурэнне. Нашы дыпламаты спалохаліся, і мяне ледзь не прыцягнулі да сеймавага суду за гэтыя смелыя выказванні. Рэвалюцыя павінна была спыніцца на паўдарозе і адмовіцца ад патрабавання сацыяльных пераменаў». Пры абмеркаванні кіраўніцтвам сялянскага пытання ўзніклі моцныя рознагалоссі. Паляпшэнне становішча сялян і праз гэта прыцягненне іх у паўстанцкія шэрагі магло быць праз змяншэнне паншчыны і зацверджанне за імі права ўласнасці. Найбольш паслядоўнымі ў Сейме па гэтым пытанні былі Лялевель і партыя клубістаў, аднак да іх думкі не прыслухаліся, большасць Сейму падтрымлівала прапанову, сутнасць якой зводзілася толькі да змяншэння паншчыны. І гэтыя невялікія саступкі сустракалі сур’ёзнае супраціўленне кансерватараў, якія лічылі мэтазгодным пачакаць да мірных часоў. Члены ўрада таксама пярэчылі, баючыся, што зямянства Заходняга Краю акажуцца непрыхільнымі да паўстання, калі адчуюць пагрозу сваім прывілеям і праву ўласнасці. Таму, калі паўстанне мелася распаўсюдзіцца на «рускія правінцыі», Сейм прыняў рашэнне больш не падымаць сялянскага пытання[9].
Прадстаўнікі дэмакратычнай плыні на чале з Лялевелем дабіваліся пашырэння паўстання на землі былога ВКЛ. Імі быў вылучаны лозунг: «За нашу і вашу свабоду», які стаў сімвалам яднання расійскіх і польскіх рэвалюцыянераў. 1 лютага 1831 г. паўстанцкі сейм заклікаў насельніцтва Літвы, Беларусі i Украіны сумеснымі намаганнямі аднавіць «старажытнае адзінства i ўнію». 22 студзеня 1831 г. Лялевель зачытаў на сейме складзены на ўзор «Літоўскага акта» 1794 г. «Акт салідарнасці грамадзян»: «Абвяшчаем свету, што наша воля і наша справа да Дзвіны і Дняпра з’яўляецца агульнай і непадзельнай, што ўсе складаем адну Польшчу…». Створаны тады Лялевелем клуб «Аб’яднаных братоў» з прадстаўнікоў інтэлігенцыі Літвы, Беларусі i Украіны, якія знаходзіліся ў Варшаве, заявіў ад імя сваіх народаў, што ўсе яны «імкнуцца да ўз’яднання ў адзінай з палякамі дзяржаве»[10].
Эміграцыя
правіцьПасля паразы паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе ўзначаліў Нацыянальны польскі камітэт, які аб’яднаў дэмакратычныя сілы польскай эміграцыі. За апублікаванне камітэтам напісанага І. Лялевелям заклікі «Да братоў рускіх», які змяшчаў заклік да сумеснай барацьбы супраць царызму, быў высланы ў 1833 годзе з Францыі. У Бруселі стаў ідэйным кіраўніком польскіх дэмакратычных арганізацый «Маладая Польшча», «Аб’яднанне» і інш.; актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці заснаванай у Бруселі міжнароднай Дэмакратычнай асацыяцыі, якая ставіла сваёй мэтай яднанне і брацтва народаў.
Погляды
правіцьІаахім Лялевель — заснавальнік рамантычнай школы ў польскай гістарыяграфіі. Незалежна ад французскіх гісторыкаў Цьеры, Гізо і інш. І. Лялевель прыйшоў да разумення гістарычнага працэсу як барацьбы класаў (сялян і землеўласнікаў), патрабаваў, каб гісторыя стала летапісам народнага жыцця, падкрэсліваў творчую ролю народных мас у гісторыі. Для яго прац характэрная дэмакратычная, рэспубліканская і антыклерыкальная тэндэнцыі.
Істотнае месца ў поглядах Лялевеля займаў сацыялізм у выглядзе так званага «гмінаўладства»: ён высока ставіў просты народ, яго імкненні, патрэбы і таксама культуру і лічыў, што сацыяльнае расслаенне, а тым больш класавы антаганізм, не характэрны для славянскай культуры. Усе рашэнні павінны прымацца калектыўным суб’ектам салідарна, з улікам агульных і павагай да індывідуальных інтарэсаў. Усё гэта фактычна азначала нязгоду Лялевеля з феадальным ладам і сведчыла аб яго ліберальных перакананнях. Ён выказаў шэраг ідэй па ўдасканаленні грамадскага ладу. Зямля, на яго думку, з’яўляецца агульным набыткам, таму ёю павінны валодаць сяляне-землеўласнікі, прыгоннае права павінна быць скасавана. На думку Лялевеля, сяляне маглі атрымаць ва ўласнасць зямлю альбо шляхам яе выкупу, альбо праз паўстанне, у выніку якога да ўлады прыйдзе рэвалюцыйны ўрад, які і перадасць зямлю сялянам[11].
Гісторыка-сацыялагічныя погляды І. Лялевеля з’явіліся асновай фарміравання польскай прагрэсіўнай грамадскай думкі 1820—1860-х гадоў (Эдвард Дэмбоўскі, Тадэвуш Крэмпавецкі). Аўтар шматлікіх прац па палітычнай гісторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага са старажытных часоў да XIX стагоддзя, гісторыі польскага сялянства, заклаў асновы шэрагу дапаможных дысцыплін у польскай гістарычнай навуцы.
У «Гісторыі Літвы і Русі да Люблінскай уніі з Польшчай 1569 года» побач Вялікага Ноўгарада ставіў сярэдневяковую «рэспубліку» Полацк, пісаў пра вялікае значэнне старабеларускай мовы ў ВКЛ. Разам з Ігнатам Даніловічам вывучаў помнікі літоўска-беларускага права, у 1841 годзе ў Познані яны ўпершыню выдалі Статут ВКЛ 1529 года на старабеларускай мове лацініцай.
Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў часопіса «Tygodnik Wileński».
У 1929 годзе рэшткі Лялевеля перапахаваны на могілках Роса ў Вільні
Зноскі
- ↑ а б Joachim Lelewel // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Joachim Lelewel // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Лелевель Иоахим // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б в http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/lelewel-joachim/ Праверана 30 жніўня 2022.
- ↑ а б в г д е ё Мякотин В. А. Лелевель, Иоахим // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XVIIа. — С. 515.
- ↑ а б в г д Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Pawet: Уладыка Іяакім (Якім, Яўхім) . pawet.net. Праверана 21 жніўня 2023.; пра блытаніну імёнаў Яхім і Яўхім.
- ↑ а б Lelewel. Rytownik Polski. / Red. naukowa Janina Wilkosz.. — Krakow: Muzeum Narodowe w Krakowie, 2022.
- ↑ Сосна У. А. "Польскае" паўстанне 1830-1831 гг. і беларускае сялянства // Российские и славянские исследования : науч. сб. Вып. 4.. — Мінск, 2009. — С. 191–198.
- ↑ Марозаў Сяргей. Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1795-1939 гг.). — Гродна: ЮрСаПрынт, 2019. — С. 142.
- ↑ Лысак Кірыл. Роля поглядаў і грамадскай пазіцыі Іаахіма Лялевеля ў фармаванні беларускай нацыянальнай ідэі // Пяты Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі Працоўныя матэрыялы Том 5. — Коўна: Выдавецтва Універсітэта Вітаўта Вялікага, 2016.
Літаратура
правіць- Hleb-Koszańska H., Kotwiczówna М. Bibliografia utworów Joachima Lelewela, Ossolineum, Wrocław, 1952;
- Стефан Кеневич Лелевель / Перевод с польского. — М., 1970. — Эл.рэсурс pawet.net
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 421. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Ляле́вель Іаахім // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 443. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Лелевель (Leiewel) Иоахим // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)