Царква Святой Тройцы і базыльянскі манастыр (Вільнюс)
Царква Прасвятой Тройцы і базыльянскі манастыр, або Траецкая царква, Базыльянская царква — дзейны ўніяцкі храм у імя Найсвяцейшай Тройцы (набажэнствы на украінскай і беларускай мовах[1]) і былы базыльянскі манастыр у Вільнюсе; ансамбль будынкаў з рысамі архітэктуры готыкі, барока, класіцызму і гістарызму, помнік архітэктуры і гісторыі. Размяшчаецца ў паўднёвай частцы Старога горада, непадалёк ад Вострай брамы і размешчанага на процілеглым боку вуліцы Свята-Духава манастыра. Адрас: вуліца Вастрабрамская, 7б (Аўшрас Варту — Aušros Vartų g. 7b).
Грэка-каталіцкі храм | |
Царква Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
| |
54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Літва |
Горад | Вільнюс |
Канфесія | каталіцтва ўсходняга абраду |
Благачынне | Вільнюскі дэканат I |
Тып будынка | прыхадская царква |
Архітэктурны стыль | беларуская готыка |
Заснавальнік | Канстанцін Астрожскі |
Дата заснавання | 1514 |
Дата пабудовы | 1514 год |
Асноўныя даты | |
1514 — каменная царква |
|
Статус | дзейнічае |
Стан | рамонт |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ансамбль утвараюць царква Святой Тройцы, масіўная чатырохвугольная званіца, два манастырскія будынкі ў некалькі карпусоў і пышная барочная брама з двума арачнымі праездамі. Два карпусы былога мужчынскага манастыра з праездам у агароджы і будынка з усходняга боку, якія не адносяцца да ансамбля, атачаюць вялікі двор мужчынскага манастыра, у цэнтры якога стаіць храм, а ў паўночным баку — званіца. Будынак былога жаночага манастыра размешчаны ў паўночнай частцы ансамбля, яго карпусы ўтвараюць два меншыя двары, а адзін з карпусоў сваімі сценамі выходзіць на вуліцу Вастрабрамскую. На вуліцу выходзіць брама, размешчаныя ў паўночна-ўсходняй частцы ансамбля. За брамай знаходзіцца невялікі дворык трапецападобнай формы, праз які вядзе шлях да ўезду ў двор мужчынскага манастыра.
Ансамбль пачаў фарміравацца напачатку XVI стагоддзя і ў цэлым склаўся ў XIX стагоддзі. Заснаваныя як праваслаўныя, храм і манастыр у 1608—1827 гадах належалі ўніяцкаму Базыльянскаму ордэну (па іншых звестках, базыльяне былі выгнаны ў 1821 годзе).
Гісторыя
правіцьПаводле падання, праваслаўны храм з’явіўся ў дубовым гаі ў XIV стагоддзі на месцы смерці трох віленскіх мучанікаў — Антонія, Іаана і Яўстафія. На гэтым месцы збіраліся для малітвы хрысціяне і пабудавалі капліцу. Пры садзейнічанні другой жонкі вялікага князя Альгерда — Ульяны, на месцы капліцы пабудавана царква ў імя Святой Тройцы, у якую перанесены целы мучанікаў.
Да пачатку XVI стагоддзя драўляная Траецкая царква прыйшла ў заняпад і ўяўляла сабой разваліны. Вялікі князь Жыгімонт Стары за заслугі вялікага гетмана літоўскага князя Канстанціна Астрожскага і перамогу ў бітве пад Оршай дазволіў яму пабудаваць у Вільні дзве каменныя цэрквы, у тым ліку Свята-Траецкую. Пабудаваная ў 1514 годзе царква па форме была гатычнай, з контрфорсамі, высокім дахам і трохвугольным франтонам. Адначасова на сродкі Канстанціна Астрожскага ўзведзены і будынак манастыра. Побач з храмам пабудавана высокая васьмівугольная званіца.
Манастыр пры Траецкай царкве дзейнічаў ужо прынамсі з XV стагоддзя. Будынкі манастыра неаднаразова перабудоўваліся. У манастыры атрымалі выхаванне выдатныя царкоўныя дзеячы: мітрапаліт Кіеўскі Макарый — свяшчэннамучанік, які пацярпеў ад татараў ; Іона II, полацкі архіепіскап і пасля літоўскі мітрапаліт; літоўскі мітрапаліт Сільвестр Белькевіч і іншыя. Манастыр як першая ў Вільні хрысціянская абшчына карыстаўся асобымі прывілеямі. Пасля падзелу Рускай мітраполіі на Кіеўскую і Маскоўскую манастыр падпарадкоўваўся сусветным патрыярхам, а яго настаяцелі ўзводзіліся ў сан мітрапаліта.
З 1584 года пры Свята-Троіцкім манастыры дзейнічала праваслаўнае брацтва , якое аб’ядноўвала праваслаўных жыхароў горада розных саслоўяў для абароны і распаўсюджання праваслаўя. Пры кляштары каля 1585 года былі заснаваны духоўнае вучылішча, якое склала канкурэнцыю езуіцкай калегіі, і друкарня. У друкарні ў 1596 годзе быў аддрукаваны першая ўсходнеславянская Азбука з Лексісам «Наука ку читаню и розуменю писма словенского: ту тыж о святой Тройци, и о въчловеченіи Господни» Лаўрэнція Зізанія. Наведаўшы ў 1588 годзе Вільню, канстанцінопальскі патрыярх Ерамія блаславіў праваслаўнае брацтва.
У канцы XVI ці напачатку XVII стагоддзя ўнутраныя сцены царквы былі атынкаваны і распісаны.
Базыльянскі манастыр і царква
правіцьПасля Берасцейскія уніі па загаду караля Жыгімонта III манастыр у 1608 годзе быў перададзены ўніяцкім манахам базыльянам. Праваслаўнае брацтва, вучылішча і друкарня перайшлі ў Свята-Духаў манастыр. Туды ж былі перанесены мошчы віленскіх мучанікаў.
У 1622 годзе Астафій Корсак-Галубіцкі прыбудаваў да паўночнага фасада галоўнага корпуса царквы капліцу Святога Лукі. У 1628 годзе на сродкі пісара земскага Яна Календы да паўднёвага фасада, па левы бок ад уваходу ў храм, была прыбудавана капліца Узвіжання Святога Крыжа. Ян Календа ў капліцы стварыў алтар, а пад ім склеп для сябе і сваіх нашчадкаў, для чаго ахвяраваў на вечнае памінанне 3000 злотых і свой дом у Вільні на Сярэйкішках.
У 1628 годзе да базыльян перайшла былая друкарня братоў Мамонічаў. У базыльянскай друкарні ў XVII—XVIII стст. было аддрукавана каля двухсот кніг на розных мовах, у тым ліку і на літоўскай (да 1839 года было надрукавана 51 літоўская кніга). Падчас паўстання Якуба Ясінскага ў манастырскай друкарні друкаваліся заклікі паўстанцаў. У 1839 годзе друкарня была ліквідавана.
Каля 1670 года царква рамантавалася. Манастыр і царква пацярпелі ў 1706 годзе пры моцным пажары, які знішчыў большую частку горада. У адноўленай царкве апроч галоўнага алтара было створана шэсць новых — алтар Святога Крыжа, Святога Васіля Вялікага, Маці Божай, Іасафата Кунцэвіча, Святога Мікалая і Святога Ануфрыя. Перад галоўным алтаром быў створаны здымны іканастас, каб яго можна было зняць, калі ў святочныя дні запрашалася служыць рымска-каталіцкае духавенства. Пасля пажараў 1706 і 1728 гадоў аднаўляўся купал храма.
У капліцы па правы бок ад уваходу ў багатым мармуровым саркафагу быў пахаваны будаўнік Януш Скумін Тышкевіч са сваёй жонкай Барбарай, народжанай Нарушэвіч. Пра гэта сведчыць надпіс на пліце ў сцяне. Януш Тышкевіч быў дбайным распаўсюджвальнікам уніі і абаронцам базыльянскага ордэна, апекаваўся над манастыром і пры жыцці прыгатаваў у Траецкай царкве склеп для свайго пахавання і пабудаваў над ім капліцу Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы. Пасля яго смерці ў 1747 годзе ён разам з жонкай і сынам быў урачыста пахаваны ў гэтай капліцы. Яго дачка Яўгенія-Кацярына, якая ажанілася з вялікім канюшым каронным Карыбут-Вішнявецкім, адпісала манастыру 15000 польскіх злотых з тым, каб штодня адпраўлялася памінальная абедня.
Будынак манастыра і храма перабудоўваліся пасля пажараў 1748 і 1760 гадоў. У 1761 годзе была праведзена барочная рэканструкцыя храма пад кіраўніцтвам Іагана Крыштафа Глаўбіца. Пасля гэтага архітэктурнае аблічча храма страціла гатычныя рысы і набыла барочныя; па вуглах заходняга і ўсходняга фасадаў былі збудаваны вежкі (захавалася толькі іх пара на ўсходнім фасадзе).
Пры Свята-Троіцкам манастыры з XVI стагоддзя дзейнічаў жаночы манастыр. Манастыр заняў будынак, у 1609 годзе перабудаваны з трох суседніх гатычных дамоў. На сродкі Сапегаў у 1630 годзе будынак быў пашыраны. Пазней да яго былі прыбудаваны два флігелі. Ігуменняй манастыра была дачка Паўла Сапегі Кацярына. Пры жаночым манастыры знаходзілася невялікая бібліятэка з кніг на польскай мове. Жаночая абшчына знаходзілася побач з мужчынскай, ад якой аддзялялася спачатку драўлянай агароджай, затым каменнай сцяной, пабудаванай у 1777 годзе. Памяшканне манашак знаходзілася па правы бок ад уваходу ў Траецкі манастыр. Сваёй царквы ў жаночым манастыры не было, і манашкі хадзілі ў Свята-Траецкую царкву праз веснічкі, прароблены ў першай браме. Манашкам была аддадзена капліца Узвіжання Святога Крыжа, прыбудаваная да царквы па левы бок ад уваходу. У капліцу з жаночага манастыра вяла асобная закрытая галерэя. Каля 1784 года яна была разбурана; у 1792 годзе была пабудавана новая драўляная галерэя праз званіцу, якая вяла ў капліцу Узвіжання Святога Крыжа. Тады ж былі павялічаны вокны царквы.
Храм рамантаваўся ў 1820 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Жазефа Пусье.
Праваслаўныя храм і семінарыя
правіцьКаля 1826 года ігумення жаночага манастыра Дамасцэна Важынская адкрыла пры манастыры пансіён для дзяўчын. Навучаннем займаліся манашкі, гувернанткі, а таксама свецкія настаўнікі, якія навучалі выхаванак пансіёну музыцы і танцам.
У 1841 годзе (паводле іншых звестак у 1842 годзе) жаночы манастыр быў скасаваны, яго памяшканні і рухомую маёмасць перайшлі ва ўласнасць Кафедральнага праваслаўнага сабора. У памяшканнях, якія належалі жаночыму манастыру, былі створаны жылыя кватэры.
Траецкі манастыр па прапанове Іосіфа Сямашкі, тады ўніяцкага епіскапа, а пасля праваслаўнага літоўскага мітрапаліта, быў пералічаны ў трэцякласны (па штаце 1842 года яму належалі адзін настаяцель-архімандрыт, пяць іераманахаў, адзін манах і чатыры паслушнікі), а вызваленыя будынкі, якія раней належалі манастыру, былі аддадзены пад праваслаўную духоўную семінарыю.
Семінарыя была пераведзена ў Вільню з мястэчка Жыровічы Гродзенскай губерні ў 1845 годзе. Для прыстасавання будынкаў пад семінарыю па распараджэнні мітрапаліта Іосіфа Сямашкі былі зроблены капітальная пераробка і пабудаваны неабходныя пабудовы. У 1851—1852 гадах рэканструявалася капліца Скуміных (капліца Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы) па праекце архітэктара Міхаіла Прозарава. У ёй была створана царква ў імя Святога Іаана Багаслова.
Генерал-губернатар М. М. Мураўёў, які рупліва сачыў за аднаўленнем у краі старажытных праваслаўных святынь, вылучыў на абсталяванне семінарскіх будынкаў 60 тысяч рублёў. Пры Мураўёве быў нанова перакрыты бляхай дах царквы. У 1867 годзе будынак манастыра рэканструяваўся, пры гэтым разбіраліся сцены, якія раней раздзялялі келлі, каб атрымаліся прасторныя класныя памяшканні. У 1869 годзе манастыр быў канчаткова скасаваны. У другой палове XIX стагоддзя была прыбудавана круглая вежа з паўднёва-заходняга боку манастырскага ансамбля.
Па праекце Мікалая Чагіна ў 1869 годзе былі надбудаваны вежкі галоўнага заходняга фасада, збудаваны новы ўсходні франтон царквы, збудаваны драўляны купал з распісанымі вокнамі (разабраны напачатку XX стагоддзя); будынак набыў рысы архітэктуры гістарызму.
На пілонах, якія падтрымлівалі купал, былі панавешаны абразы святых. Драўляны іканастас Траецкай царквы быў простым, афарбаваным алейнай фарбай і месцамі аздобленым пазалотаю. Абраз Збавіцеля ў царскіх варот была пакрыта масіўнай срэбнай рызай. У царкве меліся абразы пэндзля акадэміка І. Ф. Хруцкага, сына ўніяцкага святара, і абразы Святога Ануфрыя, Святых Апосталаў Пятра і Паўла і іншыя, выкананыя мастаком Ф. Смуглевічам. Абразы былі вывезены ў 1915 годзе, з набліжэннем нямецкіх войскаў да горада, углыб Расіі.
XX стагоддзе
правіцьПасля Першай сусветнай вайны ў 1919 годзе храм быў перададзены каталікам. Некалькі гадоў працягвалася спрэчка аб праве ўласнасці на будынкі манастыра паміж свецкімі польскімі ўладамі і праваслаўнай кансісторыяй. У 1927 годзе па судовым рашэнні будынкі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы. Аднак частка будынка былога базыльянскага манастыра ўладамі была пакінута за праваслаўнай духоўнай семінарыі.
У іншай частцы з 1919 гады размяшчаліся Беларуская гімназія, беларускі сірочы прытулак, Беларускае навуковае таварыства; з 1921 года таксама беларускі Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча. У 1939 годзе Беларускае навуковае таварыства было ліквідавана, музей працягваў дзейнічаць да 1943 года, калі па патрабаванні нямецкіх улад памяшканне было вызвалена для шпіталя, а экспанаты вывезены ў памяшканні аддзялення вытанчаных мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя побач з касцёлам Святой Ганны.
У 1940 годзе храм быў зачынены. У 1946—1960 гадах манастырскія будынкі займаў Вільнюскі педагагічны інстытут, у 1964—1969 гадах тут працаваў Вільнюскі філіял Каўнаскага політэхнічнага інстытута. З 1969 года будынкі царквы і манастыра належалі Вільнюскаму інжынерна-будаўнічаму інстытуту.
У 1991 годзе храм быў перададзены грэка-каталіцкай абшчыне. З тых часоў у храме вядзецца рамонт. У 1994 годзе царква адышла да манахаў базыльянаў. Манахі займаюць таксама невялікую частку памяшканняў былога манастыра. Часткай памяшканняў карыстаўся Вільнюскі тэхнічны ўніверсітэт імя Гядзімінаса. З 2008 года ў частцы будынкаў манастыра размяшчаецца гатэль і рэстаран «У базыльян» („Pas Bazilijonus”).
Келля Конрада
правіцьНапачатку XIX стагоддзя ў паўднёвым крыле манастыра была створана турма. Тут у 1823—1824 гадах утрымліваліся арыштаваныя па справе філаматаў, сярод якіх былі Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Аляксандр Ходзька. Падкупіўшы вартаўнікоў, зняволеныя па начах сустракаліся ў келлі, у якой сядзеў Міцкевіч. Гэта келля атрымала назву «келлі Конрада»: у III частцы драматычнай паэмы Міцкевіча «Дзяды» яе галоўны герой, які носіць аўтабіяграфічныя рысы, у такой келлі вядзе спрэчку з Богам і сатаной і перажывае духоўнае перараджэння, ператвараючыся з Густава ў Конрада. Пазней у памяшканнях былога манастыра ўтрымліваліся таксама ўдзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў, пазней у 1838—1839 гадах тут знаходзіўся ў зняволенні да свойго пакарання Шыман Канарскі.
У 1920-х гадах месца келлі Конрада ва ўсходнім канцы паўднёвага корпуса ўсталяваў гісторык архітэктуры Юліюш Клос. Гэта памяшканне не захавала свайго ранейшага выгляду: сцяна келлі Конрада ў 1867 годзе была разабрана і злучана з суседнім памяшканнем, дзе ў савецкі час размяшчалася бібліятэка Вільнюскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Пасля пераходу будынка базыльянскага манастыра ў 1927 годзе ва ўласнасць дзяржавы з той часткі будынка, дзе знаходзілася келля Конрада, былі выселена праваслаўная духоўная семінарыя. У 1929 годзе быў праведзены неабходны рамонт, які вярнуў келлям ранейшы выгляд. У яе сцяну была ўмуравана мемарыяльная мармуровая табліца з тэкстам на лацінскай мове, які ў «Дзядах» Густаў напісаў на калоне, якая падтрымлівала скляпенне турмы:
Богу Найлепшаму, Найвялікшаму. Густаў памёр у 1823 г., у першы дзень лістапада; тут нарадзіўся Конрад у 1823 г., у першы дзень лістапада
Арыгінальны тэкст (лац.)D. O. M. Gustavus obiit MDCCCXXIII calendis Novembris. Hic natus est Conradus MDCCCXXIII calendis Novembris
Памяшканне было перададзена Саюзу польскіх пісьменнікаў Вільні. Тут ж размясцілася Польскае таварыства краязнаўства. У келлі Конрада ладзіліся літаратурныя вечарыны.
У паваенныя гады над уваходам у манастырскі будынак была ўсталявана мемарыяльная табліца, затым у 1970 годзе яе змяніла іншая табліца ў памяць пра тое, што ў гэтым будынку ўтрымліваліся ў няволі Міцкевіч і іншыя філаматы і тут разыгрывалася дзеянне «Дзядоў».
У 1990-х гадах прадпрымаліся спробы адрадзіць традыцыю «літаратурных гурткоў» у келлі Конрада. У першым адноўленым «літаратурным гуртку» ў 1992 годзе ўдзельнічаў Чэслаў Мілаш. Некаторы час памяшканні разам з келляй Конрада арандавала нямецкая камп’ютарная фірма, затым гэта частка будынка манастыра была перададзена манахам базыльянам.
У 2008 годзе ў манастырскім будынку пасля рамонтных прац быў адкрыты гатэль «У базыльян» („Pas Bazilijonus”). У келлі Конрада быў створаны гасцінічны нумар. Копія даваеннай мемарыяльнай табліцы «для выгоды пастаяльцаў», як тлумачыў саўладальнік гатэля, была перамешчана ў калідор. Сама келля Конрада была перанесена ў прыбудову, нанова адбудаваную паміж будынкам манастыра і царквой на месцы знесенай у XIX стагоддзі прыбудовы.[2] У маі 2009 года адбылося адкрыццё экспазіцыі «Келля Конрада» (аўтар Яланта Поль з Літаратурнага музея імя А. Міцкевіча ў Варшаве), якая адлюстроўвае месца зняволення Адама Міцкевіча. Частка польскай грамадскасці расцаніла знішчэнне сапраўднай, хоць і адрэстаўраванай келлі Конрада як вандалізм, а новую «келлю Конрада» — як прафанацыю.[3]
Архітэктура
правіцьЦарква Святой Тройцы
правіцьБудынак царквы захаваў рысы архітэктуры готыкі, барока і руска-візантыйскага стылю. Асноўны будынак храма ў плане прамавугольны. Галоўны заходні фасад сіметрычны. Па вуглах узвышаюцца невялікія васьмівугольныя вежкі, у цэнтры паміж імі франтон у выглядзе выцягнутай аркі, злучаны з вежкамі парапетам. Плоскасць фасада расчлянецца пілястрамі і вокнамі. Уваход падкрэсліваюць прыступкі і паўкруглая арка партала. У нішы ў сцяне храма, злева ад галоўнага ўваходу ў заходняга фасада, намаляваны святыя віленскія мучанікі Антоній, Іаан і Яўстафій. Пад нішай знаходзіцца металічная мемарыяльная табліца. Побач з уваходам размяшчаецца мемарыяльная табліца ў памяць Іасафата Кунцэвіча.
У задняга ўсходняга фасада маюцца тры масіўныя апсіды і дзве выцягнутыя вежкі званіц у стылі позняга барока. Двух’ярусныя вежы з валютамі і ляпнінай у плане маюць форму авалу, кожны ярус упрыгожаны чатырма парамі пілястраў. Вежы ўвянчаны шлемамі ў выглядзе званоў з глухімі імітацыямі паддашкавых акенцаў.
У паўночнага фасада царквы, па правы бок ад уваходу, размешчана капліца Святога Лукі, у паўднёвага фасада з левага боку ад уваходу — капліца Узвіжання Святога Крыжа і капліца Скуміных з крыптай, з купалам і сценамі, упрыгожанымі нішамі і пілястрамі, якая прылягае да яе.
Вежы храма ўпрыгожваюць дзве пары масіўных крыжоў XIX стагоддзя з рысамі барока і народнага мастацтва. Невысокі чатырохсхільны дах крыта бляхай. Масіўныя сцены гатычнага мура, схаваны пад тынкоўкай, захавалі сляды контрфорсаў.
Вялікая прастора храма чатырма парамі пілонаў, якія падтрымліваюць купал, падзелена на тры нефы амаль аднолькавай шырыні. Масіўныя васьмігранныя пілоны ўвянчаны стукавымі капітэлямі. Сцены і скляпенні атынкаваны і пабелены; пад пластом мелу і тынкоўкі захаваліся сляды фрэсак. У царкве захаваліся класіцыстычны алтар і арган.
У паўднёвай сцяне царквы на вышыні прыкладна аднаго метра ад падлогі ўмуравана надмагільная металічная рэльефная пліта (памерам 1,55 м х 2,25 м) канца XVI стагоддзя. Пліта складаецца з дзвюх частак: у левай частцы знаходзіцца гербавы картуш, вакол якога — лаўровы вянок, лісце аканта і галоўкі анёлаў, справа — апраўленае арнаментам надмагілле канца XVI ст., пастаўленае па віленскім бурмістры Апанасе Фёдаравічы Брагу і яго сыне Антоне. На ім кірылічная эпітафія[4]:
Түт лежит раб Божии Ѡѳана сеі Ѳедорович Брага, бүрми стр места Виленского. А пре стависѩ в лето ѡт вопло щеніѩ Сп(а)са нашего ҂а҃ф҃оs (1576) мѣсеца ѡктебра к҃s҃ (26) днѩ. А жил на свете лѣт н҃з҃ (57). Түт же лежит і сын его Анто ніи. Ѡн же престависѧ в лето ҂а҃ф҃п҃ (1580), м(еся)ца ѡк тебра г (3) днѧ |
Мастацкім асаблівасцям гэтага надмагілля прысвяціла свае працы літоўская даследчыца Марыя Матушакайтэ[4].
У процілеглую паўночную сцяну ўмуравана іншая пліта. На ёй па-польску напісана, што тут пахаваны сёстры Яленскія, якія памерлі ў 1757 і 1758 гадах. Паралельна гэтаму надпісу змешчаны доўгія кранальныя вершы.
Манастырскі корпус
правіцьТрохпавярховы будынак былога манастыра захоўвае рысы барока і класіцызму. Да заходняга фасада заходняга корпуса прыбудаваны двухпавярховы флігель і трохпавярховая круглая вежа. Фасад упрыгожаны дарычнымі пілястрамі, паміж якімі размешчаны прамавугольныя вокны. Дзве калоны падтрымліваюць драўляны франтон над уваходам ва ўсходняга фасада заходняга корпуса.
Каля гэтага ўваходу ў 1992 годзе на будынку манастыра, у якім дзейнічала Беларуская гімназія, былі адкрыты дзве мемарыяльныя табліцы — у памяць паэтэсы Наталлі Арсеньевай, якая тут вучылася ў 1921—1921 гадах, і настаўнікі, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Адкрытая ў 2005 годзе мемарыяльная табліца ў памяць беларускага святара Адама Станкевіча, аднаго з заснавальнікаў Беларускай гімназіі і сірочага прытулку, была выкрадзена.[5]
Брама
правіцьБрама, якая вядзе з вуліцы ў двор былога манастыра, уяўляе сабой выдатны твор архітэктуры ў стылі позняга барока, узор віленскай школы позняга барока, якое пераходзіць у ракако. Брама шырынёй 10,8 м і вышынёй 17,5 м адносяцца да найбуйнейшых у Літве.
Манументальны трох’ярусны арачны праезд узведзены архітэктарам Іаганам Крыштофам Глаўбіцам у 1761 годзе. Пышны хвалісты фасад брамы ўпрыгожвае складаная кампазіцыя пілястраў і антаблементаў хвалістага профіля, якія расчляняюць плоскасці сцен. Два хвалістыя антаблементы са звілістымі карнізамі падзяляюць фасад на тры ярусы. У ніжнім ярусе размяшчаюцца прафіляваныя арачныя праёмы. Па баках на пастаментах стаяць пілястры з карынфскімі капітэлямі, па тры з кожнага боку.
У цэнтры другога яруса размешчаны балкон, упрыгожаны металічнай рашоткай з вытанчаным каваным арнаментам (XVIII стагоддзе). За рашоткай знаходзіцца ніша з рэльефам, які адлюстроўвае Усёвідушчае Вока. Па краях другога яруса размяшчаюцца пілястры, дэкараваныя ляпнінай з расліннымі матывамі. На вуглах высяцца валюты з дэкаратыўнымі вазачкамі ці падсвечнікамі.
На франтоне, які ўтварае трэці ярус, размешчана барэльефная кампазіцыя ў «Святая Тройца і шар зямны». Франтон завяршаюць валюты па вуглах і выгнуты карніз. Арачны праезд перакрыты крыжовым скляпеннем. Над ім размяшчаецца даволі вялікае крытае памяшканне з балконам.[6][7] Даўней з гэтага балкона выступаў аркестр базыльянскага манастыра для сустрэчы рэлігійных працэсій, якія ладзіліся на царкоўныя святы і асабліва ў дзень Іасафата Кунцэвіча.
У верасні 2002 года ў браме была адкрыта мемарыяльная табліца ў памяць Ігната Дамейкі з барэльефам (скульптар Валдас Бубялявічус, архітэктар Ёнас Анушкявічус).
Званіца
правіцьМасіўная званіца стаіць у паўночнай частцы вялікага манастырскага двара, наўскасяк ад галоўнага фасада царквы, злучаючыся з флігелем паўднёвага корпуса будынка былога жаночага манастыра. Званіца збудавана ў XVI стагоддзі па ініцыятыве і на сродкі Канстанціна Астрожскага. Пасля пажару 1748 года званіца была адрамантавана і пакрыта новым дахам. У XIX стагоддзі званіцу ўпрыгожыў новы класіцыстычны карніз.
У плане званіца амаль квадратная (9,8 х 9,5 м), вышынёй у 22,5 м. Тоўстыя сцены (таўшчынёй у 2,3 м) знадворку атынкаваны. Манументальныя фасады стрыманых, лаканічных формаў. У нізкім цокальным паверсе размяшчаюцца невялікія вокны прамавугольнай формы. Другі высокі ярус са зрэзанымі вугламі і высокімі аконнымі праёмамі з закругленымі аркамі; над імі ў фрызе авальныя нішы. Чатырохсхільны дах крыты дахоўкай.
Зноскі
- ↑ Алесь Адамковіч. У Вільні адбылася беларуская Імша (недаступная спасылка). Таварыства беларускай культуры ў Літве. Westki.info (12 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2013. Праверана 31 студзеня 2014.
- ↑ Mickiewicz, Robert.. Konrad ma nową celę (польск.)(недаступная спасылка). Dobry Znak (24 кастрычніка 2008). Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2015. Праверана 30 октября 2010.
- ↑ Worobiej, Teresa.. „Duch bez miejsca, czy miejsce bez ducha” (польск.). Tygodnik Wileńszczyzny (2008-06-2—8). Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2012. Праверана 30 октября 2010.
- ↑ а б Дзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы Архівавана 1 чэрвеня 2020.
- ↑ Poklad, Tatjana. Baltarusiškas Vilnius: paveldas ir atminimas // Naujasis Vilniaus perskaitymas: didieji Lietuvos istoriniai pasakojimai ir daugiakultūrinis miesto paveldas. Straipsnių rinktinė / Sudarytojai A. Bumblauskas, Š. Liekis, G. Potašenko. — Vilnius: Vilniaus universiteto leidykla, 2009. — С. 249—254. — 316 с. — 400 экз. — ISBN 978-9955-33-522-1. (літ.)
- ↑ Минкявичюс, Й. Вильнюс. Базилианские ворота. // Памятники искусства Советского Союза. Белоруссия. Литва. Латвия. Эстония: Справочник-путеводитель. — выданне второе, исправленное, дополненное. — Москва, Лейпциг: Искусство, 1986. — С. 404—405. — 520 с. — 50 000 экз.
- ↑ Levandauskas, Vytautas. Šventosios Trejybės cerkvės ir bazilijonų vienuolyno ansamblis. Vartai. // Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. — Т. 1: Vilnius. — С. 239. — 592 с. — 25 000 экз. (літ.)
Літаратура
правіць- Виленский Троицкий монастырь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Виноградов А. А. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. Со многими рисунками и новейшим планом, составленным по Высочайше конфирмованному. В 2-х частях. — Второе выданне. — Вильна: Типография Штаба Виленского военного округа, 1908. — С. 61—72.
- Kłos, Juliusz. Wilno. Przewodnik krajoznawczy. — Wydanie trzecie poprawione po zgonie autora. — Wilno: Wydawnictwo Wileńskiego oddziału Polskiego Towarzystwa Turystyczniego-krajoznawczego, 1937. — С. 180—184. — 323 с. (польск.)
- Maceika, J., Gudynas, P. Vilnius: Vadovas po miestą. — Vilnius: Politinės ir grožinės literatūros leidykla, 1960. — С. 53—58. — 387 с. — 15 000 экз. (літ.)
- Levandauskas, V., Jankevičienė, A., Matuškaitė, M. Šventosios Trejybės cerkvės ir bazilijonų vienuolyno ansamblis. // Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. — Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. — Т. 1: Vilnius. — С. 236—239. — 592 с. — 25 000 экз. (літ.)
- Venclova, Tomas. Wilno. Przewodnik / Tłumaczenie Beata Piasecka. — R. Paknio leidykla, 2006. — С. 147—148. — 216 с. — ISBN 9986-830-47-8. (польск.)
- Талочка Ул. Праўда пра келлю Конрада; Луцкевіч Антон. З нагоды спрэчкі пра «Келлю Конрада» // Наша Слова. № 48 (1563), 2 снежня 2021. // на pawet.net
Спасылкі
правіць- Царква Святой Тройцы Архівавана 18 сакавіка 2012.
- Vilniaus buvęs bazilijonų vienuolynas ir Švč. Trejybės bažnyčia Архівавана 15 лютага 2020. (літ.)