Янка Натусевіч
Янка (Іван Іванавіч) Натусевіч (20 кастрычніка (1 лістапада) 1894, Малышчына, Літоўскае генерал-губернатарства — 1921 ці 1922) — беларускі грамадскі дзеяч.
Янка Натусевіч | |
---|---|
Нараджэнне |
20 кастрычніка (1 лістапада) 1894 |
Смерць | 1921 ці 1922 |
Член у | |
Адукацыя | |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьІван Іванавіч Натусевіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1894 г. (па старым стылі) у вёсцы Малышчына Верцялішскай воласці Гродзенскага павета Гродзенскай губерні ў каталіцкай сялянскай сям’і. Бацькі Іван і Марыяна (народжаная Віткоўская) хрысцілі сына 26 студзеня 1895 г. ў гродзенскім Фарным касцёле. З матэрыялаў справы вядома, што ў жніўні 1912 г. Іван паступіў у Гродзенскую мужчынскую гімназію імя графа Тормасава, якую паспяхова скончыў ў 1914 г. Падчас вучобы ў гімназіі Янка ўваходзіў у склад Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З той гімназічнай пары Янка Натусевіч далучыўся да беларускага адраджэнскага руху[1].
Вучоба ў Пецярбургу
правіцьПасля атрымання атэстата сталасці, дзевятнаццацігадовы юнак прыняў рашэнне аб далейшым працягу вучобы. 26 чэрвеня 1914 г. ён падаў прашэнне на імя рэктара Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта аб паступленні на юрыдычны факультэт. Час яго паступлення супаў з пачаткам Першай сусветнай вайны, але ў армію яго не мабілізавалі, бо ён з’яўляўся непрыгодным да ваеннай службы. Негледзячы на гэта, 22 красавіка 1916 г. Янка падаў прашэнне на імя рэктара ўніверсітэта, у якім адзначаў: «Имею честь просить Ваше Превосходительство сделать распоряжение о немедленной пересылке моих документов в Михайловское Артиллерийское училище. Год поступления в Университет 1914 № дела 288»[1].
Знаходзячыся ў Петраградзе, ён, як ураджэнец Гродзенскай губерні, якая апынулася пад германскай акупацыяй, не мог быць безуважным да падзеяў, якія адбываліся на яго радзіме. Акрамя гэтага, згодна з законам «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў» ад 15 жніўня 1915 г., ён у пэўнай ступені падлягаў пад катэгорыю бежанца[1].
У артылерыйскае вучылішча яго не ўзялі, аднак гэта толькі падагравала юнака да пошуку новых шляхоў патрапіць у войска. 3 лютага 1917 г. ён падаў прашэнне ў канцылярыю Петраградскага ўніверсітэта, у якім прасіў выдаць яму пасведчанне аб тым, што з’яўляўся студэнтам універсітэта. Гэты дакумент, як тлумачыў Натусевіч, быў яму патрэбен «для прадстаўлення ў школу прапаршчыкаў інжынерных войскаў». Акрамя гэтага, праз некалькі дзён (7 лютага), ён зноў звярнуўся да рэктара, але ўжо з просьбай дазволу ўступлення яму ў першы законны шлюб з дзяўчынай Вандай Восіпаўнай Калантай, ураджэнкай Гродзенскай губерні і павета, якая, верагодна, была задаволена. Хутчэй за ўсё Янка Натусевіч і Ванда Калантай пазнаёміліся непасрэдна праз Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны[1].
Дакладна не вядома ці атрымаў вышэйшую адукацыю Я. Натусевіч, з прычыны таго што час для гэтага быў не вельмі спрыяльны. Звестак аб яго дзейнасці з лютага 1917 па красавік 1918 г. не выяўлена[1].
У Тыфлісе
правіцьНа агульным сходзе Каўказскай Краёвай Беларускай Рады ў Тыфлісе арганізацыі, які адбыўся 8 красавіка 1918 г., Натусевіч быў выбраны сакратаром Рады. Натусевіч актыўна спрычыніўся да арганізацыі эвакуацыі беларускага насельніцтва з Каўказа ў напрамку Беларусі па маршруце: Тыфліс-Батумі-Поці, потым марскім шляхам да Адэсы, а адтуль сухапутным транспартам на поўнач. Каўказская Краёвая Беларуская Рада знаходзілася пад непасрэдным уплывам і цесна супрацоўнічала з Закаўказскім Рускім Нацыянальным Саветам, супраць чаго выступаў Я. Натусевіч. Гэта магло быць прычынай канфлікта, вынікам якога стаў яго ад’езд з Тыфліса, але дакладна калі і як гэта адбылося невядома[1].
Вяртанне ў Гродна
правіцьУжо восенню 1918 г. Янка Натусевіч вярнуўся ў Гродна, дзе актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычную дзейнасць. У той час у горадзе з’явілася першая легальная беларуская арганізацыя «Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі», якая пазней змяніла назву на Гарадзенскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), у склад якой увайшоў і Янка Натусевіч. У канцы лістапада 1918 г. ён таксама быў запрошаны ў склад Часовага гарадскога камітэта, які быў створаны па загадзе кіраўніка нямецкай адміністрацыі Гродна барона фон Экендорфа[1].
Быў дэлегатам Першага гродзенскага губернскага беларускага з’езда, які адбыўся 1 снежня 1918 г. у будынку Барыса-Глебскага манастыра, як прадстаўнік Гродзенскага БНК. Адзіны на з’ездзе выступаў на беларускай мове. Падчас абмеркавання пытання аб неабходнасці выкладання ў вясковых школах на беларускай мове, ён выступіў з прамовай «Той беларус — хто гаворыць па-беларуску»[1].
Нягледзячы на яго прамову, толькі восем дэлегатаў з’езда прагаласавалі за ўвядзенне мовы ў школах. На другі дзень з’езда ён выказаўся па пытанні аб палітычнай будучыні краю і зазначыў, што «Беларускі нацыянальны камітэт стаіць на платформе незалежнай беларускай дзяржавы і, пры немагчымасці пакуль ажыццявіць гэту праграму, пагаджаецца на федэрацыю з Літвой. Ні польскай, ні расійскай арыентацыі быць не павінна!»[1].
Розныя ідэйна-палітычныя і нацыянальныя сілы, якія рабілі захады для рэалізацыі сваіх мэт на фоне імклівага і зменлівага стану міжнароднай абстаноўкі вакол Беларусі, падштурхоўвалі Я. Натусевіча для паўсядзённай актыўнай працы па абароне беларускіх інтарэсаў у краі. У канцы 1918 г. Янка Натусевіч быў выбраны пісарам Беларускага сялянскага з’езда, які праходзіў у Гродне 15 і 16 снежня. У выніку адбыўшыхся выбараў на з’ездзе Янка Натусевіч быў абраны ў Павятовую раду і Арганізацыйны камітэт па скліканні Краёвага Беларускага з’езду Гродзеншчыны[1].
19 сакавіка 1919 г. на першым пасяджэнні беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый Гродзеншчыны быў створаны каардынацыйны цэнтр «Цэнтральная беларуская рада Гарадзеншчыны» (ЦБРГ) з мэтай склікання беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны. ЦБРГ стаў выконваць ролю прадстаўніка беларускага ўрада БНР на Гродзеншчыне, кандыдатам у яго прэзідыум быў выбраны Янка Натусевіч. Я. Натусевіч стаў адным з стваральнікаў і актывістаў Грамады беларускай моладзі[1].
Праз некалькі дзён пасля пасяджэння 21 сакавіка 1919 г. згодна з пастановай Рады Народных міністраў БНР Натусевіча прызначылі радчым А. Смоліча ў Берлін па справах ваеннапалонных. У Германіі Я. Натусевіч першапачаткова з’яўляўся дыпламатычным кур’ерам, а потым стаў рэдактарам прэс-бюро і начальнікам пашпартнага аддзелу Беларускай місіі ў Берліне. Назапашаны вопыт працы рэдактарам у прэс-бюро даў магчымасць пісаць і друкаваць рэцэнзіі ў газетах на тэатральную тэматыку. Так, у газеце «Беларусь» ён змясціў рэцэнзію на п’есу У. Галубка «Праменьчык шчасця», а у газеце «Незалежная Беларусь» пад ініцыяламі Я. Н. надрукаваў артыкулы пра заснаванне і дзейнасць «Грамады Беларускае Моладзі» і пра пастаноўку 1 лістапада 1919 г. драматычнай секцыяй Гродзенскай беларускай моладзі пад кіраўніцтвам П. Мядзёлкі спектакля «Страхі жыцця» і «Разбітае люстэрка»[1].
Але супрацоўніцтва з газетамі не заўсёды было бяспечным. З канца чэрвеня 1919 года ў Гродне пачала выдавацца грамадска-палітычная і літаратурная газета «Родны край», рэдактарам якой быў Т. Грыб. Газета займала антыпольскую пазіцыю і заклікала да згуртавання ўсіх праціўнікаў польскіх акупацыйных улад. Пасля публікацыі ў шостым нумары антыпольскі скіраванага артыкула Я. Чарапука пад назвай «Правам ці мячом» акупацыйныя ўлады зачынілі газету і пачалі арышты сярод гродзенскага маладзёвага актыву. 20 ліпеня па гэтай справе Я. Натусевіч разам П. Мядзёлкай, А. Фохтам і К. Салошыкам на пэўны час апынуўся за кратамі[1].
14 жніўня 1919 г. ён быў дэлегаваны з Берліна ў Коўну для перадачы пакетаў прэзідэнту Рады БНР П. А. Крычэўскаму. Пасля выканання місіі ён выехаў у Вільню, а затым у Гродна, дзе 2 верасня 1919 г. пры нявысветленых абставінах быў схоплены і пасаджаны ў турму. Пасля вызвалення ён 2 снежня 1919 г. звярнуўся да міністра замежных спраў БНР Антона Луцкевіча з заявай, у якой патлумачыў прычыну нез’яўлення на месца службы. У міністэрстве не ведалі аб тым дзе знаходзіўся Натусевіч і звольнілі яго з займанай пасады[1].
Пасля гэтага ён вярнуўся ў родны горад, дзе праз некаторы час распачаў працу па арганізацыі Агульнага сходу беларусаў у Гродне. Дзеля гэтага мерапрыемства была загадзя падрыхтаваны і развешаны абвесткі. За дзень да сходу, Янка Натусевіч, як старшыня Гродзенскага БНК у памяшканні клуба «Беларуская хатка» выступіў з прамовай, прысвечанай святкаванню другой гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. 28 сакавіка 1920 г. у памяшканні № 5 на Замкавай гары адбыўся агульны сход. Згодна з дакументамі старшынёй сходу быў абраны Я. Натусевіч. На ім ён зачытаў справаздачу аб дзейнасці Гродзенскага беларускага камітэту[1].
Дэлегаты з’езда пастанавілі выразіць падзяку радным Гродненскага БНК за працу на ніве нацыянальнага адраджэння беларускага народу і прынялі просьбу старшыні Камітэта аб злажэнні паўнамоцтваў Гродзенскім Беларускім камітэтам на рукі сходу[1].
У выніку выбараў сход абраў новы склад «Беларускага Нацыянальнага Камітэта ў Гродне», але сам Натусевіч, набраўшы 70 галасоў, не змог увайсці ў склад новага Камітэта, але ён быў залічаны кандыдатам выбыўшых з Камітэту радных[1].
Як адзначалася на сходзе, камітэт з’яўляўся адзіным правамоцным органам Гродзенскага Беларускага жыхарства. Але далейшая праца Гродненскага БНК была прыпынена зменамі на Заходнім фронце ў ліпені-верасні 1920 г., калі спачатку Савецкая Расія пачала наступленне супраць польскіх войскаў, у выніку якіх Гродна быў заняты Чырвонай арміяй, а затым пасля няўдалых баёў пад Варшавай бальшавікі вымушаны былі саступіць горад польскім часцям. Гэта дало магчымасць аднавіць шэраг раней дзеючых беларускіх грамадскіх арганізацый, а з 23 лістапада 1920 г. наладзіць выпуск штодзённай газеты «Беларускае слова», з якой пачаў супрацоўнічаць і Я. Натусевіч[1].
Знакавай старонкай у біяграфіі Я. Натусевіча ў 1920 г. стала яго дзейнасць ў Варшаве, дзе ён працаваў на пасадзе сакратара місіі БНР і з’яўляўся членам варшаўскага Беларускага камітэта. Заняцце азначаных пасадаў верагодна паспрыяў яго назапашаны вопыт арганізацыйнай працы, ведаў і актыўная грамадзянская пазіцыя[1].
Аб апошніх гадах жыцця Янкі Натусевіча інфармацыі вельмі мала. 23 чэрвеня 1920 г. ён напісаў распіску аб атрыманні ад Цэнтральнай беларускай касы 2.833 польскія маркі за нацыянальную працу на Гродзеншчыне. У кастрычніку 1920 г. ён часова з’яўляўся старшынёй Гродзенскага БНК, а 24 кастрычніка таго ж года — старшынёй сходу Гродзенскага беларускага кааператыва «Беларусь». Вясной 1921 г. Натусевіч працаваў настаўнікам Гродзенскай беларускай гімназіі, а пазней выехаў у Вільню, дзе паводле даследчыка А. Ліса прыкладна ў 1921 ці 1922 г. невылечна захварэў і памёр[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Максімчык, А. М. Янка Натусевіч: невядомыя старонкі жыцця і дзейнасці / А. М. Максімчык // Пічэтаўскія чытанні — 2019: універсітэцкая навука і гістарычная адукацыя ў Беларусі XX — пачатку XXI ст. Да 85-годдзя стварэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта : Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, 23-24 октября 2019 года / Рэдкалегія: А. Г. Каханоўскі (старш.) [і інш.]. — Мінск: Белорусский государственный университет, 2019. — С. 142—151.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Янка Натусевіч