«Biełarus» («Беларус») — штотыднёвая грамадска-палітычная, літаратурна-мастацкая і рэлігійна-асветніцкая каталіцкая газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку. Выдавалася з 13 (26) студзеня 1913 па  30 ліпеня (12 жніўня 1915) у Вільні на беларускай мове, друкавалася лацінкай. Выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні.

Biełarus
Нумар ад 3 студня 1914 года
Нумар ад 3 студня 1914 года
Тып газета
Заснавана 13 (26) студзеня 1913
Спыненне публікацый 30 ліпеня (12 жніўня) 1915
Мова беларуская
Галоўны офіс
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Газета «Беларус», № 21 ад 8.8.1913, тытульная старонка з вершам Б. Эпімах-Шыпілы «Дзесяць боскіх прыказанняў»

Ініцыятарамі выдання газеты былі святары Францішак Будзька і Аляксандр Астрамовіч, яны не ўваходзілі ў рэдакцыю, але апекавалі яе. Першы склад рэдакцыі — Антон Бычкоўскі, Антон Лявіцкі, Ян Пазняк, Баляслаў Пачобка. Рэдакцыя знаходзілася на кватэры колішняга семінарыста і настаўніка Баляслава Пачобкі. На ўтрыманне асобнага памяшкання для рэдакцыі, як і на выданне газеты, ахвяравалі грошы К. Міхалкевіч, ксёндз А. Кулеша, С. Данісевіч, аднак, сродкаў не хапала. Што было абумоўлена вузкакаталіцкім характарам газеты, а таксама адсутнасцю рэкламы. Тады ў 1914 годзе газету пачала фінансава падтрымліваць княгіня Магдалена Радзівіл, якая аплачвала ўсе даўгі «Беларуса» аж да яго закрыцця.

Немагчыма сцвярджаць, што Віленскія вышэйшыя духоўныя ўлады непрыязна ставіліся да газеты з прычыны яе кірунку на пашырэнне карыстання беларускай мовай у Каталіцкай царкве і супраціву паланізацыі рэлігійнага жыцця беларусаў. Выданне прыязна сустрэта Эдвардам фон Ропам, а таксама магілёўскім біскупам Стафанам Данісевічам.

Эпіграф да ўсіх нумароў газеты — словы з Евангелля: «Шкада мне гэтага народу… бо не мае што есці» (Марк, 8, 2).

Газета выдавалася лацінкай і мела мэтай задаволіць духоўныя патрэбы беларусаў-каталікоў, абудзіць іх нацыянальную свядомасць. Але не толькі такой была прычына існавала выданне, бо пры гэтым лічылася, што малітва беларуса, які не ведае ні польскай, ні рускай мовы не нясе карысці[няпэўнае слова]. Газета была разлічана пераважна на каталіцкую частку беларускіх сялян і інтэлігенцыі. Асвятляла пытанні рэлігійнага характару, якія не знаходзілі месца ў газеце «Наша Ніва».

У газеце друкаваліся каталіцкія святары, прыхільнікі беларусізацыі Каталіцкай Царквы ў Беларусі Ф. Будзька, А. Астрамовіч, Г. Бэта, К. Стаповіч, І. Бобіч, Я. Рэшаць.

Газета мела аддзелы і рубрыкі: рэдакцыйныя артыкулы; вершы, аповесці, апавяданні і нарысы, каталіцкі касцельны каляндар; сялянская гаспадарка; краёвая царкоўная і замежная хроніка; перапіска з уласнымі карэспандэнтамі, «усячына» (афарызмы, загадкі, незвычайныя здарэнні і інш.). Друкавала артыкулы на эканамічныя, палітычныя і сельскагаспадарчыя тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыцці святых, малітвы, загадкі, жарты. У праграмным артыкуле рэдакцыя абвясціла, што «будзе заўсёды стаяць на грунце хрысціянска-каталіцкім, баронячы справу хрысціянскую і беларускую», паважаючы іншыя народнасці і вераванні. Газета агітавала беларусаў за развіццё нацыянальнай свядомасці, заахвочвала да ўжывання беларускай мовы ў набажэнствах.

Рэдакцыя газеты арыентавалася на сацыяльную гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавую барацьбу і сацыялістычныя ідэі. Зрэдку газета публікавала крытычныя матэрыялы ў дачыненні да існуючага палітычнага ладу. Выступала за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства, паступовае вырашэнне асноўных сацыяльных праблем праз асветніцтва на роднай беларускай мове, выкарыстанне прагрэсіўных метадаў гаспадарання (добраахвотная кааперацыя, фермерская гаспадарка). Таксама газета перасцерагала сялян ад выезду за межы Беларусі паказваючы кепскія прыклады эмігрантаў — хто з’ехаў і не вярнуўся, хто вярнуўся і спіўся, а не пусціў грошы на карысную справу.

На думку аўтараў газеты, у гэтым сацыяльным быцці можна дасягнуць толькі адноснага дабрабыту і часовай гармоніі, бо праўдзівае і вечнае шчасце бывае толькі на небе (28.3.1913). Найвышэйшай грамадскай і духоўнай каштоўнасцю лічылі мараль, дабрачыннасць, любоў і павагу ў сям’і, паміж суседзямі, народамі і краінамі.

Друкаваліся літаратурныя творы А. Гаруна (пад псеўданімам А. Сумны), А. Паўловіча, А. Зязюлі, Г. Леўчыка, К. Сваяка, А. Петрашкевіча, Я. Шпэта і інш. Газета публікавала народныя казкі, песні, паданні, этнаграфічныя нарысы, апісанні народных гульняў, звярнула ўвагу на сувязь беларускага фальклору і традыцыйных абрадаў з хрысціянскімі вобразамі і малітвамі. Вітаючы лепшыя бакі народнага характару беларусаў, адзначала і яго нясмеласць, пасіўнасць, кансерватызм прывычак.

Для надрукаваных у газеце матэрыялаў характэрны матыў абуджэння беларусаў, ідэя нацыянальнага адзінства праваслаўных і католікаў, крытыка русіфікатарскіх і паланізатарскіх тэндэнцый. Апублікавала цыкл нарысаў Р. Кляновіча па гісторыі і культуры Беларусі (6-27.2.1914), паводле якіх сэнс нацыянальнай гісторыі заключаецца ў раскрыцці творчых сіл народа, яго сацыяльнай і духоўнай самабытнасці.

У Першую сусветную вайну газета займала памяркоўную патрыятычную пазіцыю, падкрэслівала намаганні ўлад, накіраваныя на гарантаванне бяспекі насельніцтва, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям.

Выдавецкая дзейнасць

правіць

У 1913 рэдакцыя «Беларуса» распачала выданне кніг рэлігійнага і культурнага зместу на беларускай мове. Выйшлі ў свет «Некалькі слоў аб пакуце» Ф. Будзькі, а таксама ў ягоным пераводзе «Кароткае выясненне абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла» Банчкоўскага; першы грунтоўны малітоўнік на беларускай мове «Бог з намі», зборнік вершаў А. Зязюлі «З роднага загону»[1].

Рэдактары-выдаўцы газеты

правіць
  • 1913—1914 — А. Бычкоўскі, Б. Пачопка (з № 5)
  • 1915 — А. Бычкоўскі

Зноскі

  1. Z rodnaho zahonu: wiasna / A. Ziaziula. — Wilnia : Drukarnia «Znicz», [1914]. — 32 с. — (Wydanne «Bielarysa» ; № 2)

Літаратура

правіць