Іван Дзяменцьевіч Чэрскі
Іван Дзяменцьевіч Чэ́рскі[1], Ян Дамінікавіч Чэрскі (3 (15) мая 1845, ф. Свольна Дрысенскага павета, цяпер Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць — 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1892, пас. Калымскі) — геолаг і географ, даследчык Сібіры.
Ян Дамінікавіч Чэрскі | |
---|---|
Jan Stanisław Franciszek Czerski | |
| |
Дата нараджэння | 3 (15) мая 1845 |
Месца нараджэння | фальварак Свольна Дрысенскага павета Віцебскай губерні |
Дата смерці | 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1892 (47 гадоў) |
Месца смерці | вусце ракі Амалон |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | падарожнік-даследчык, палеантолаг, географ, энтамолаг, геолаг |
Навуковая сфера | геаграфія, геалогія, геамарфалогія |
Месца працы | Сібірскі аддзел Рускага геаграфічнага таварыства |
Альма-матар | |
Вядомыя вучні | Мікалай Віткоўскі |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфічныя звесткі
правіцьВучыўся ў Віленскім шляхецкім інстытуце (1860—1863). Удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, за што быў выключаны з 4-га курса, пазбаўлены дваранства, грамадзянскіх правоў і высланы ў Сібір салдатам. Быў асуджаны на бестэрміновую ссылку, пакаранне адбываў у Омску.
Гады, якія Чэрскі правёў у ссылцы, сталі гадамі вывучэння прыродазнаўчых навук. У 1869 г. у сувязі з абвастрэннем хваробы сэрца быў пераведзены на вольнае пасяленне. У 1871 г. быў запрошаны Сібірскім аддзелам імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства ў Іркуцк, дзе працаваў пад кіраўніцтвам А. Чаканоўскага.
Пасля амністыі з жонкай і сынам у 1885 г. па запрашэнні Санкт-Пецярбургскай Акадэміі Навук пераехаў у Пецярбург, дзе абагульніў геолага-геаграфічныя веды па Сібіры.
У 1891 г. І. Чэрскі ўзначаліў экспедыцыю ў раён рэк Калыма і Індыгірка. Адчуваючы сябе блага, ён аднак кіраваў экспедыцыяй, вёў запісы, дыктаваў жонцы і сыну свае назіранні. Прасіў іх абавязкова скончыць экспедыцыю і ўсе калекцыі і запісы перадаць у Пецярбург. Памёр у нізоўях Калымы ад туберкулёзу, у пасёлку Калымскі каля вусця ракі Амалон.
У навуцы
правіцьНайбольшых дасягненняў І. Чэрскі дабіўся ў галіне геалогіі і геаграфіі. Значны след пакінуў у заалогіі, анатоміі, археалогіі, метэаралогіі. Іван Дзяменцьевіч цікавіўся батанікай, этнаграфіяй, фальклорам. Адкрыў многа розных геаграфічных аб’ектаў, першым знайшоў і даследаваў палеалітычную стаянку ў Сібіры, сабраў і апісаў шэраг сучасных і выкапнёвых жывёл. Праводзіў геалагічныя і палеанталагічныя даследаванні ў Саянах, Прыбайкаллі, у басейне Ангары і Ніжняй Тунгускі, склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа возера Байкал, даследаваў басейн ракі Селенга (Бурація) разам з Міколам Віткоўскім. Быў узнагароджаны Рускім геаграфічным таварыствам малым срэбным і малым залатым медалямі, залатым медалём імя Ф. П. Літке.
Свае геолага-геаграфічныя веды па Сібіры даследчык абагульніў у шматтомнае выданне «Землеведение Азии». Яго выбіралі сябрам навуковых таварыстваў: Рускага геаграфічнага, Пецярбургскага прыродазнаўчага, Маскоўскага выпрабавальнікаў прыроды, Маскоўскага аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Маскоўскага археалагічнага.
І. Чэрскі выказаў ідэю эвалюцыйнага развіцця рэльефу, прапанаваў адну з першых тэктоніка-палеагеаграфічных схем унутраных раёнаў Сібіры, якую пазней выкарыстаў і развіў аўстрыйскі геолаг Э. Зюс у працы «Аблічча Зямлі».
Ушанаванне памяці
правіцьУ заімцы Калымскае ў 1943 быў пастаўлены помнік «Выдающемуся исследователю Сибири, Колымы, Индигирки и Яны. Геологу и географу Ивану Дементьевичу Черскому от благодарных потомков».
Яго імя носяць працяглая (больш за 1500 км) горная сістэма паміж рэкамі Калымой і Янай у Якуціі і Магаданскай вобласці, горны хрыбет у Забайкаллі, пасёлак на рацэ Калыма ў Якуціі, найвышэйшая (2763 м) вяршыня Байкальскага хрыбта, адзін з вулканаў Тункінскай упадзіны на Усходнім Саяне, даліна паміж Усходнім Саянам і Енісейскім кражам, два ледавікі на Байкальскім хрыбце (самы высокі пункт — гара Чэрскага), камень (зараз назіральная пляцоўка) на ўзбярэжжы Байкала каля вытокаў Ангары, стаянка першабытнага чалавека каля Іркуцка, вуліцы ў Маскве, Пскове, Верхнядзвінску і Вільні. У вёсцы Валынцы адкрыты музей Чэрскага. У Свольне, на месцы фальварка, Беларускае геаграфічнае таварыства паставіла помнік — вялікі валун. Імя І. Чэрскага носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.
Зноскі
- ↑ Беларусь: Энцыкл. даведнік / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9. — С. 762.
Літаратура
правіць- Алдан-Семенов А. Черский / А. Алдан-Семенов. — М., 1962. — 222 с. — (Жизнь замечательных людей).
- Гарэцкі Р. Сын ліцвіна — вялікі расійскі натураліст. Чэрскі Іван Дзяменцьевіч / Р. Гарэцкі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. / рэдкал.: У. Богаў і інш. — Мн., 1999. — Кн. 1. — С. 68-70.
- Грицкевич В. В поисках останков мамонтов / В. П. Грицкевич // Путешествия наших земляков. Из истории страноведения Белоруссии. — Мн., 1968. — С. 187—205.
- Дамінікоўскі Ф. Выдатныя географы — беларусы / Ф. Дамінікоўскі // Полымя. — 1945. — № 7. — С. 152—165.
- Чэрскі Іван Дзяменцьевіч: да 160-годдзя з дня нараджэння: зборнік артыкулаў / рэдкалегія: П. С. Лопух (галоўны рэдактар) і інш. Вып. 1. — Мн.: БДУ, 2005.
- Шишанов В. А. Мавра Черская: время воспоминаний // Архіўная спадчына Віцебшчыны як крыніца вывучэння гісторыі краю. 6-7 чэрвеня 2002 г., Віцебск / Склад В. У. Скалабан і інш. Мн: БелНДІДАС, 2002. С. 111—120.
- Ярмоленка В. За даляглядам Айкумены: Іван Чэрскі / В. А. Ярмоленка. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 64 с., 8 л. іл. — (Нашы славутыя землякі).
Іван Дзяменцьевіч Чэрскі на Вікісховішчы |