Інстытут аховы раслін НАН Беларусі
«Інстыту́т ахо́вы раслі́н» («ІАР») — даследчае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў лютым 1971[1] года ў вёсцы Прылукі (Мінскі раён) у якасці Беларускага навукова-даследчага інстытута аховы раслін.
Інстытут аховы раслін НАН Беларусі | |
---|---|
![]() | |
Заснаваны | 1971 |
Размяшчэнне |
![]() |
Сайт | izr.by |
На 2019 год УП «Інстытут аховы раслін» уваходзіла ў склад Аддзялення аграрных навук НАНБ. У аспірантуру набіралі па спецыяльнасці ахова раслін. «Інстытут аховы раслін» выпускаў сродкі аховы раслін ад шкодных арганізмаў. Таксама «ІАР» прапаноўваў наступныя паслугі: 1) вызначэнне рэшткавай колькасці пестыцыдаў у вадзе, глебе і раслінах; 2) даследаванне выніковасці раслінаахоўных сродкаў, 3) распрацоўка спосабаў аховы сельскагаспадарчых культур ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля[2]. «Інстытут аховы раслін» размяшчаецца ў былым палацы Чапскіх. На 2019 год «Інстытут аховы раслін» ажыццяўляў сумесныя распрацоўкі з 35 замежнымі ўстановамі 7 краін:
- адной краіны Азіі — Казахстан (3: Казахскі НДІ аховы і карантыну раслін у Карасайскім раёне Алмацінскай вобласці, Усходне-Казахстанскі НДІ сельскай гаспадаркі ў Глыбокаўскім раёне і Інавацыйны еўразійскі ўніверсітэт у Паўладары);
- 6 краін Еўропы — Латвія (Дзяржаўны інстытут селекцыі раслін у Прыекулі, Прыекульскі край, Відзэмэ), Літва (Літоўскі інстытут земляробства, Кейданскі раён, Каўнаскі павет), Малдова (Інстытут аховы раслін і экалагічнага земляробства), Польшча (7: Дзяржаўны навуковы інстытут аховы раслін у Познані, Польскае таварыства аховы раслін у Познані, Інстытут земляробства і глебазнаўства ў Пулавах, НДІ садаводства ў Скернявіцах, Лодзінскае ваяводства, Інстытут агародніцтва ў Скернявіцах, Інстытут біялогіі і аховы навакольнага асяроддзя ў Слупску, Паморскае ваяводства, Універсітэт прыродазнаўчых навук у Любліне), Расія (9: Усерасійскі НДІ аховы раслін у Санкт-Пецярбургу, Усерасійскі НДІ лубіну ў Бранску, Усерасійскі НДІ цукровага бурака і цукру ў пасёлку Рамонь Варонежскай вобласці, Калінінградскі інстытут перападрыхтоўкі кадраў аграбізнесу, Усерасійскі НДІ ветэрынарнай санітарыі, гігіены і экалогіі, Усерасійскі селекцыйна-тэхналагічны інстытут садаводства і гадавальнікаводства, Інстытут біялогіі Карэльскага навуковага цэнтра ў Петразаводску, Велікалуцкая сельскагаспадарчая акадэмія ў Пскоўскай вобласці і Усерасійскі НДІ біялагічнай аховы раслін у Краснадары) і Украіна (11: Інстытут аховы раслін у Кіеве, Інстытут мікрабіялогіі і вірусалогіі, Нацыянальны аграэкалагічны ўніверсітэт у Жытоміры, Інстытут біяэнергетычных культур і цукровага бурака, Інжынерна-тэхналагічны інстытут біятэхнікі ў Адэскай вобласці, Селекцыйна-генетычны інстытут насенняводства і гатункавывучэння ў Адэсе, Інстытут сельскагаспадарчай мікрабіялогіі ў Чарнігаве)[3].
Падраздзяленні
правіцьНа 2019 год УП «Інстытут аховы раслін» уключала аддзел інфармацыі, маркетынгу і патэнтных даследаванняў і 8 лабараторый: 1) энтамалогіі, 2) фітапаталогіі, 3) гэрбалогіі, 4) абароны кармавых і тэхнічных культур, 5) аховы агароднінных культур і бульбы, 6) абароны пладовых культур, 7) мікрабіялагічнага метаду аховы сельскагаспадарчых культур ад шкоднікаў і хвароб, 8) дынамікі пестыцыдаў[2].
Гісторыя
правіць17 лютага 1971 года Усесаюзная акадэмія сельскагаспадарчых навук (УАСГНІЛ, Масква) стварыла Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін (БелНДІАР) на аснове аддзелу аховы раслін Беларускага НДІ земляробства. Беларускаму НДІ аховы раслін перадалі лабараторыю біяметаду БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (Самахвалавічы, Мінскі раён). Сам БелНДІАР размясцілі ў вёсцы Прылукі Мінскага раёна на месцы Мінскай навукова-доследнай станцыі калярадскага жука, нематодаў і раку бульбы, што дагэтуль належала Усесаюзнаму навукова-даследчаму інстытуту аховы раслін (УНДІАР) у Ленінградзе (РСФСР)[4]. Да 1972 года ў БелНДІАР стварылі 7 лабараторый: сельскагаспадарчай энтамалогіі, фітапаталогіі, вірусалогіі, фітагэльмінталогіі, імунітэту, прагнозаў і біялагічнага метаду аховы раслін. Да пачатку 1980-х гадоў стварылі яшчэ 4 лабараторыі: 1) аналізу рэшткавай колькасці пестыцыдаў, 2) эканомікі і арганізацыі службы аховы раслін, 3) новых метадаў, 4) мікрабіяметаду. У 1986 годзе пасля Чарнобыльскай катастрофы стварылі лабараторыю радыёэкалогіі[5].
З 1992 года БелНДІАР падпарадкавалі Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, што ўваходзіла ў склад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. На 1996 год асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: распрацоўка бясшкодных для наваколля спосабаў і прылад аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля; укараненне камп’ютараў у фітасанітарную дыягностыку; спосабы ацэнкі адабраных раслін на ўстойлівасць да патагенаў і шкоднікаў[4]. 5 сакавіка 2002 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі». Згодна з 9-м артыкулам Дэкрэту загадвалася «ўключыць у склад Акадэміі навук (НАНБ): Акадэмію аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасці Аддзялення аграрных навук». 23 красавіка 2002 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацвердзіла Загад № 41-К «Аб уключэнні арганізацый і прадпрыемстваў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», паводле якога УП «БелНДІАР» перайшоў у склад НАНБ. 18 красавіка 2006 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 «Аб стварэнні навукова-практычных цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і некаторых захадах ажыццяўлення навуковай дзейнасці». Паводле 3-га артыкула Указа, УП «Інстытут бульбаводства» перайменавалі ў Навукова-практычны цэнтр бульбаводства і плодаагародніцтва (НПЦБПА), у склад якога ўключылі УП «Інстытут аховы раслін»[5].
Кіраўнікі
правіць- Антон Амбросаў (1971—1978)
- Вілор Фрыдманавіч Самерсаў (1978—1999)
- Сяргей Уладзіміравіч Сарока (1999—2021)
Зноскі
- ↑ Лён 2009, с. 51.
- ↑ а б Арганізацыі Аддзялення аграрных навук (Інстытут аховы раслін) . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (13 снежня 2018). Праверана 24 студзеня 2019.
- ↑ Міжнародная супраца (руск.). УП «Інстытут аховы раслін» (12 сакавіка 2019). Праверана 25 студзеня 2019.
- ↑ а б Аховы раслін Беларускі НДІ // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 153. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7.
- ↑ а б Аб інстытуце (руск.). УП «Інстытут аховы раслін» (12 сакавіка 2019). Праверана 25 студзеня 2019.
Літаратура
правіць- Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..
Спасылкі
правіць- Нашыя распрацоўкі (руск.). УП «Інстытут аховы раслін» (12 сакавіка 2019). Праверана 25 студзеня 2019.
- Актуальныя звесткі (руск.)