Адкрыць галоўнае меню

Іосіф Солтан (свецкае імя Ілья; ? — 1521 або 1522) — рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага; епіскап смаленскі, мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі1507).

Мітрапаліт Іосіф II
Мітрапаліт Іосіф II
Іосіф Солтан, гравюра XIX ст.
Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1507 — 1522
Царква: Канстанцінопальская праваслаўная царква
Абшчына: Кіеўская мітраполія
Папярэднік: Мітрапаліт Іона II
Пераемнік: Мітрапаліт Іосіф III
Епіскап Смаленскі
1494 — 8 лютага 1509
Папярэднік: Іакім
Пераемнік: Варсанофій

Прафесія: святар
Імя пры нараджэнні: Ілья Солтан
Нараджэнне: 1450
Смерць: 1521 або 1522
Дынастыя: Род Солтанаў

БіяграфіяПравіць

Паходзіў з шляхецкага роду Солтанаў (Салтановічаў), сын Солтана, які атрымаў ад князя А. Чартарыйскага зямлю ў Ганявічах у Лагойскім маёнтку. Меў брата Грыньку.

Прыняў манаства з імем Іосіф. У пачатку XVI ст. епіскап смаленскі. Блаславіў заснаванне Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра і перадаў яму ў 1503 Супрасльскі абраз Маці Божай.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1500—1503) захаваў пры аблозе Смаленску вернасць вялікаму князю Аляксандру. За гэта ў 1504 атрымаў ад апошняга тры маёнткі ў Бельскім павеце: Тапілец, Бацюты і Пышчава, у 1507 ад Жыгімонта Старога — сяло Капусцінскае.

Атрымаў прызначэнне на мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі, зацверджанае ў 1509 канстанцінопальскім патрыярхам Пахоміем. 25 снежня 1509 склікаў у Вільні (тут знаходзілася яго рэзідэнцыя) сабор духавенства Кіеўскай мітраполіі, на якім прынялі 15 правілаў, галоўным чынам датычна паляпшэння маральнага стану царквы.

У 1511 пры дапамозе гетмана К. Астрожскага атрымаў ад Жыгімонта Старога грамату, якая гарантавала незалежнасць грэчаскага духавенства ад свецкай улады ў кіраванні і судаводстве[1]. У 1514 склікаў новы сабор, на якім усталявалі свята прападобнага Ялісея Лаўрышаўскага (паводле легенды, заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра ў XIII ст.).

Адзін з першых фундатараў царквы Св. Барыса і Глеба ў Навагрудку[2]. Пры Я. Солтане манастыры і прыходскія цэрквы ў Вільні, Віцебску, Гродна, Кіеве, Кобрына, Мінску, Мсціславе, Навагрудку, Пінску, Смаленску, Супраслі, Тураве і іншыя атрымалі ад буйных свецкіх феадалаў шэраг маёнткаў і іншых ахвяраванняў.

У 1521 разам з К. Астрожскім дамогся ад Жыгімонта Старога пастановы пра паляпшэнне становішча праваслаўнага насельніцтва Галіцыі (у складзе Каралеўства Польскага). У тэстаменце перадаў пад апеку К. Астрожскага ўсю мітрапаліцкую маёмасць да абрання новага мітрапаліта.

Зноскі

КрыніцыПравіць