Лагожскае княства
Лагожское (Лагойскае) княства — удзельнае княства з цэнтрам у горадзе Лагойск (Лагожск). Дакладныя межы княства не высветлены.
Лагойск у пісьмовых крыніцах згадваецца ў «Павучанні Уладзіміра Манамаха» пры апісанні падзей 1078 года. У 1-й трэці XII ст., магчыма, Лагойск уваходзіў у Ізяслаўскае княства, якое належала Давыду Усяславічу.
У 2-й палове XII ст. Лагожскае княства згадваецца ўжо як асобны ўдзел, аднак згадкі пра князёў адрывістыя, паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1180 годзе тут княжыў саюзнік полацка-віцебскіх князёў Усяслаў Мікуліч; у 1186 годзе, паводле Лаўрэнцеўскага летапісу — Васілька Валадаравіч, які разам з наўгародцамі і смалянамі выступіў супраць палачан. Пасля 1186 года і да XIV ст. звестак пра княства няма.
Не пазней за 1-ю палову XIV ст.[1] Лагойскае княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Пэўны час княства трымалі Войшвіл і Рыт. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў Лагойскае княства разам з Полацкім і Троцкім свайму брату Скіргайле, які фактычна быў яго намеснікам у Літве. У 1392 годзе Ягайла перадаў уладу Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі з Лагойскага княства: Ганявічы, Корань, Гасцілавічы, Коцалі. Напэўна, да Лагойскага княства належала і Харэцкая воласць у вярхоўях Бярэзіны.
Не пазней за 1-ю палову XIV ст. з Лагойскага княства вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Заазер'е і, відаць, Смалявічы. Пазней ад княства засталася невялікая частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала князю кіеўскаму Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 года — яго малодшаму брату Андрэю Уладзіміравічу. Па смерці Андрэя (1457) Гайну пакінулі ва ўладанні яго нашчадкаў, а Лагойск вярнуўся да вялікага князя, які і ў 1460 годзе надаў яго князю Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка[1].
Князі лагойскія
правіць- 1180-я: Усяслаў Мікуліч (памёр па 1180)
- 1180-я: Васілька Валадаравіч (памёр па 1196)
Зноскі
- ↑ а б ЭнцВКЛ 2005.
Літаратура
правіць- Богуславский В. В. Славянская энциклопедия. Киевская Русь — Московия
- Коган В. М., Домбровский-Шалагин В. И.: Князь Рюрик и его потомки: Историко-генеалогический свод
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Насевіч В. Лагойскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 178. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.