Іван Дзяменцьевіч Чэрскі

(Пасля перасылкі з І. Чэрскі)

Іван Дзяменцьевіч Чэ́рскі[1], Ян Дамінікавіч Чэрскі (3 (15) мая 1845, ф. Свольна Дрысенскага павета, цяпер Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць — 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1892, пас. Калымскі) — геолаг і географ, даследчык Сібіры.

Ян Дамінікавіч Чэрскі
Jan Stanisław Franciszek Czerski
Ян Чэрскі
Ян Чэрскі
Дата нараджэння 3 (15) мая 1845
Месца нараджэння фальварак Свольна Дрысенскага павета Віцебскай губерні
Дата смерці 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1892 (47 гадоў)
Месца смерці вусце ракі Амалон
Грамадзянства
Род дзейнасці падарожнік-даследчык, палеантолаг, географ, энтамолаг, геолаг
Навуковая сфера геаграфія, геалогія, геамарфалогія
Месца працы Сібірскі аддзел Рускага геаграфічнага таварыства
Альма-матар
Вядомыя вучні Мікалай Віткоўскі
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі

правіць

Вучыўся ў Віленскім шляхецкім інстытуце (1860—1863). Удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, за што быў выключаны з 4-га курса, пазбаўлены дваранства, грамадзянскіх правоў і высланы ў Сібір салдатам. Быў асуджаны на бестэрміновую ссылку, пакаранне адбываў у Омску.

Гады, якія Чэрскі правёў у ссылцы, сталі гадамі вывучэння прыродазнаўчых навук. У 1869 г. у сувязі з абвастрэннем хваробы сэрца быў пераведзены на вольнае пасяленне. У 1871 г. быў запрошаны Сібірскім аддзелам імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства ў Іркуцк, дзе працаваў пад кіраўніцтвам А. Чаканоўскага.

Пасля амністыі з жонкай і сынам у 1885 г. па запрашэнні Санкт-Пецярбургскай Акадэміі Навук пераехаў у Пецярбург, дзе абагульніў геолага-геаграфічныя веды па Сібіры.

У 1891 г. І. Чэрскі ўзначаліў экспедыцыю ў раён рэк Калыма і Індыгірка. Адчуваючы сябе блага, ён аднак кіраваў экспедыцыяй, вёў запісы, дыктаваў жонцы і сыну свае назіранні. Прасіў іх абавязкова скончыць экспедыцыю і ўсе калекцыі і запісы перадаць у Пецярбург. Памёр у нізоўях Калымы ад туберкулёзу, у пасёлку Калымскі каля вусця ракі Амалон.

У навуцы

правіць

Найбольшых дасягненняў І. Чэрскі дабіўся ў галіне геалогіі і геаграфіі. Значны след пакінуў у заалогіі, анатоміі, археалогіі, метэаралогіі. Іван Дзяменцьевіч цікавіўся батанікай, этнаграфіяй, фальклорам. Адкрыў многа розных геаграфічных аб’ектаў, першым знайшоў і даследаваў палеалітычную стаянку ў Сібіры, сабраў і апісаў шэраг сучасных і выкапнёвых жывёл. Праводзіў геалагічныя і палеанталагічныя даследаванні ў Саянах, Прыбайкаллі, у басейне Ангары і Ніжняй Тунгускі, склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа возера Байкал, даследаваў басейн ракі Селенга (Бурація) разам з Міколам Віткоўскім. Быў узнагароджаны Рускім геаграфічным таварыствам малым срэбным і малым залатым медалямі, залатым медалём імя Ф. П. Літке.

Свае геолага-геаграфічныя веды па Сібіры даследчык абагульніў у шматтомнае выданне «Землеведение Азии». Яго выбіралі сябрам навуковых таварыстваў: Рускага геаграфічнага, Пецярбургскага прыродазнаўчага, Маскоўскага выпрабавальнікаў прыроды, Маскоўскага аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Маскоўскага археалагічнага.

І. Чэрскі выказаў ідэю эвалюцыйнага развіцця рэльефу, прапанаваў адну з першых тэктоніка-палеагеаграфічных схем унутраных раёнаў Сібіры, якую пазней выкарыстаў і развіў аўстрыйскі геолаг Э. Зюс у працы «Аблічча Зямлі».

Ушанаванне памяці

правіць
 
І. Чэрскі на паштовай марцы

У заімцы Калымскае ў 1943 быў пастаўлены помнік «Выдающемуся исследователю Сибири, Колымы, Индигирки и Яны. Геологу и географу Ивану Дементьевичу Черскому от благодарных потомков».

Яго імя носяць працяглая (больш за 1500 км) горная сістэма паміж рэкамі Калымой і Янай у Якуціі і Магаданскай вобласці, горны хрыбет у Забайкаллі, пасёлак на рацэ Калыма ў Якуціі, найвышэйшая (2763 м) вяршыня Байкальскага хрыбта, адзін з вулканаў Тункінскай упадзіны на Усходнім Саяне, даліна паміж Усходнім Саянам і Енісейскім кражам, два ледавікі на Байкальскім хрыбце (самы высокі пункт — гара Чэрскага), камень (зараз назіральная пляцоўка) на ўзбярэжжы Байкала каля вытокаў Ангары, стаянка першабытнага чалавека каля Іркуцка, вуліцы ў Маскве, Пскове, Верхнядзвінску і Вільні. У вёсцы Валынцы адкрыты музей Чэрскага. У Свольне, на месцы фальварка, Беларускае геаграфічнае таварыства паставіла помнік — вялікі валун. Імя І. Чэрскага носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

Зноскі

  1. Беларусь: Энцыкл. даведнік / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.  — С. 762.

Літаратура

правіць
  • Алдан-Семенов А. Черский / А. Алдан-Семенов. — М., 1962. — 222 с. — (Жизнь замечательных людей).
  • Гарэцкі Р. Сын ліцвіна — вялікі расійскі натураліст. Чэрскі Іван Дзяменцьевіч / Р. Гарэцкі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. / рэдкал.: У. Богаў і інш. — Мн., 1999. — Кн. 1. — С. 68-70.
  • Грицкевич В. В поисках останков мамонтов / В. П. Грицкевич // Путешествия наших земляков. Из истории страноведения Белоруссии. — Мн., 1968. — С. 187—205.
  • Дамінікоўскі Ф. Выдатныя географы — беларусы / Ф. Дамінікоўскі // Полымя. — 1945. — № 7. — С. 152—165.
  • Чэрскі Іван Дзяменцьевіч: да 160-годдзя з дня нараджэння: зборнік артыкулаў / рэдкалегія: П. С. Лопух (галоўны рэдактар) і інш. Вып. 1. — Мн.: БДУ, 2005.
  • Шишанов В. А. Мавра Черская: время воспоминаний // Архіўная спадчына Віцебшчыны як крыніца вывучэння гісторыі краю. 6-7 чэрвеня 2002 г., Віцебск / Склад В. У. Скалабан і інш. Мн: БелНДІДАС, 2002. С. 111—120.
  • Ярмоленка В. За даляглядам Айкумены: Іван Чэрскі / В. А. Ярмоленка. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 64 с., 8 л. іл. — (Нашы славутыя землякі).