Аляксандр Патрыкеевіч

Аляксандр Патрыкеевіч — князь старадубскі (да 1406) і карэцкі (пасля 1406).

Аляксандр Патрыкеевіч
Смерць 1433
Род Карэцкія
Бацька Патрыкей Давыдавіч
Дзеці Агрыпіна Аляксандраўна[d]
Дзейнасць князь

Біяграфія правіць

Унук старосты гарадзенскага кн. Давыда, другі сын кн. Патрыкея Давыдавіча[1]. Акалічнасці, праз якія кн. Аляксандра Патрыкеевіча пазней сталі памылкова лічыць сынам кн. Патрыкея Нарымонтавіча[2], пакуль пэўна не ясныя, на думку А. Ліцкевіча, напэўна, прычыну трэба шукаць у адным з радаслоўцаў, складзеных у Маскоўскай дзяржаве ў XVI—XVII ст.[3].

З-за важнага месца Старадубскага княства на ўсходзе ВКЛ, князя не пакідалі па-за ўвагай валадары Літвы, Польшчы, Ордэна і рускія князі[4]. У 1388 годзе кн. Аляксандр быў пры двары караля Уладзіслава Ягайла[4]. У 1387—1394 гадах кн. Аляксандр выступае сярод паручыцеляў за пана Братошу, у грамаце ён запісаны пасля кн. Альгімонта[3]. На пачатку студзеня 1397 года кн. Аляксандр называецца старадубскім князем падчас прыезду ў Маскву на хрысціны сына вял.кн. маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча[1]. У 1398 годзе ордэнскі бок назваў яго сярод пажаданых сведак Салінскага дагавора — у прэліміраным пагадненні (23.4.1398, Гродна) кн. Аляксандр названы паміж кн. Іванам Альгімонтавічам і кн. Ямантам[4], але ў самім дагаворы (12.10.1398, востр. Салін) перад кн. Іванам Альгімонтавічам[3]. На думку А. Ліцкевіча, такая перамена месцаў сведчыць пра пэўнае суперніцтва ў знатнасці паміж радамі, а таксама дадаткова пацвярджае, што кн. Аляксандр Патрыкеевіч не належаў ні да адной з галін Гедзімінавічаў[3]. Таксама і на думку А. В. Кузьміна, у канцы XIV ст. Гедзімінавіч не мог займаць у дакументах такія месцы сярод тытулаванай знаці[2].

У 1400 годзе кн. Аляксандр прысягнуў каралю Уладзіславу Ягайлу на вернасць у выпадку смерці вял.князя Вітаўта. У 1402 годзе разам з кн. Лугвенам Альгердавічам пад Любуцкам разбіў разанскага кн. Радаслава Алегавіча, які хацеў захапіць Бранск. У 1403 годзе выдаў дачку Агрыпіну замуж за мажайскага кн. Андрэя Дзмітрыевіча — брата вял.кн. маскоўскага Васіля[5][6].[4] Апроч Старадубскага княства кн. Аляксандру (Alexander Patirkens son) належала сяло на паўдарогі з Сурвілішак да Гальшан, яно згадваецца каля 1385 года ордэнскімі Die Littauischen Wegeberichte, але цяпер не лакалізуецца[7].

У 1406 годзе, на пачатку літоўска-маскоўскай вайны, старадубскі кн. Аляксандр арыштаваны на загад вял.кн. Вітаўта[4]. Раней, на падставе датыроўкі А. Прахаскам[uk] двух лістоў вял.кн. Вітаўта[8], лічылася, што арышт адбыўся ў 1407 годзе, але абодва лісты напісаны ў 1406 годзе[9]. Пазней, напэўна, вызвалены і атрымаў ва ўладанне частку Карца на Валыні[4]. Другой часткай Карца тым часам валодалі князі Астрожскія[10].

Радавод і нашчадкі правіць

Меў сына кн. Васіля, якога называе Свідрыгайла ў сваёй грамаце ад 1443 года да карэцкіх баяр. Такім чынам, ад кн. Аляксандра Патрыкеевіча паходзіць род князёў Карэцкіх.[10]

Пячатка і манеты правіць

 
Фрагмент тэксту трансумпта Салінскага дагавора, зробленага ў 1419 годзе, з перамалёўкай знака пячаткі старадубскага кн. Аляксандра Патрыкеевіча. Пергамін. GStAPK, Perg.-Urk. Schiebl. 53, Nr. 2[11].

Пячаткі кн. Аляксандра Патрыкеевіча не захаваліся да нашага часу. Апошняя з захаваных, на акце прысягі 1400 года, апісаная ў 1782 годзе — двухбаковая, на адным баку «знак якісьці», на другім «надпіс рускі». Невядома ці тоесны «знак якісьці» з 1400 года знаку з аднабаковай пячаткі кн. Аляксандра, замаляванаму ў трансумпце Салінскага дагавора (1398) у 1419 годзе. Прынамсі знак з пячаткі на Салінскім дагаворы тоесны знаку з манет, якія з-за благога прачытання легенд прыпісвалі вял.кн. Вітаўту, кн. Карыбуту-Дзмітрыю Альгердавічу і аднаму з залежных ад яго чарнігаўскіх князёў. Толькі В. В. Зайцаў звярнуў увагу на арэал знаходак гэтых манет, адпаведны Старабудскаму княству, і здолеў пераканаўча атрыбутаваць іх кн. Аляксандру Патрыкеевічу, прачытаўшы цалкам легенду напісаную «супраць гадзіннікавай стрэлкі і як бы па спіралі»: «ПЕЧТЬ КНЗѦ ОЛКСАНДРА ПТР». Біццё манет В. В. Зайцаў датаваў 2-й паловай 1380-х — пачаткам 1390-х гадоў. Такім чынам, перамалёўка пячаткі з трансумпта Салінскага дагавора пацвярджае атрыбуцыю манет В. В. Зайцавым. Паходжанне «княжацкага знака» кн. Аляксандра Патрыкеевіча дакладна не вызначана.[11]

На думку С. У. Палехава, кн. Аляксандр Патрыкеевіч ужываў адзін «княжацкі знак» (для пячаткі і манет) даволі працяглы час — з канца 1380-х гадоў да 1398, а магчыма, і да 1401 года, нават нягледзячы на змены ў сваім палітычным стане, якія маглі прывесці да спынення біцця ўласнай манеты. Ужыванне «княжацкага знаку» адпавядала рускай сфрагістычнай традыцыі, гэтым наследаванне яе князем не абмяжоўваецца, калі да Салінскага дагавора (1398) ён на заходні ўзор прывесіў пячатку ў васковым каўчэжцы, то ў 1400 годзе яго ўласная грамата замацавана двухбаковай пячаткай, характэрнай рускай сфрагістыцы.[12]

Зноскі

  1. а б Лицкевич 2014, с. 35..
  2. а б Кузьмин А. В. (ГУАГН) Рюриковичи или Гедиминовичи? Проблема идендификации русско-литовских князей XIV – начала XV в. в письменных источниках XIV–XVII в. // Древняя Русь: вопросы медиевистики № 3(69), сентябрь 2017 г. -- С. 67.
  3. а б в г Лицкевич 2014, с. 36..
  4. а б в г д е Полехов 2017, с. 238.
  5. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca XIV wieku. — Warszawa,1895. — S. 172.
  6. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. (Biblioteka genealogiczna. T. 2.) — Poznań; Wrocław, 1999. — S. 31-32.
  7. Лицкевич 2014, с. 37..
  8. Codex epistolaris Vitoldi, magni ducis Lithuaniae. 1376—1430 / Ed. A. Prochaska. (Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. T. 6.) Cracoviae, 1882. № 352, 369.
  9. Беспалов Р. А. Литовско-московские отношения 1392—1408 годов в связи со смоленской, черниговской и рязанской политикой Витовта и Василия I // СР. Вып. 12. — М., 2016. — С. 154—155, прим. 125 на с. 153.
  10. а б Корац // ЭВКЛ у 3-х т.
  11. а б Полехов 2017, с. 242-243.
  12. Полехов 2017, с. 243.

Літаратура правіць