Антон Васілевіч Баліцкі

беларускі палітычны дзеяч (1891—1937)
(Пасля перасылкі з А. Баліцкі)

Анто́н Васі́левіч Балі́цкі (16 верасня 1891, в. Балічы, цяпер Гродзенскі раён, Беларусь31 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Народны камісар асветы БССР у 1926—1929 гадах, адзін з актыўных дзеячаў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

Антон Васілевіч Баліцкі
Антон Баліцкі, выява з газеты «Звезда» № 262 (1926)
Антон Баліцкі, выява з газеты «Звезда» № 262 (1926)
3-і Народны камісар асветы БССР
12 лютага 1926 — 1929
Кіраўнік урада Язэп Адамовіч
Мікалай Галадзед
Папярэднік Усевалад Ігнатоўскі
Пераемнік Антон Платун
Нараджэнне 4 (16) верасня 1891
Смерць 31 кастрычніка 1937(1937-10-31) (46 гадоў)
Партыя
Адукацыя
Месца працы
Гады службы 19161917
Прыналежнасць  Расійская імперыя
Род войскаў пяхота
Бітвы Першая сусветная вайна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

У 1910 годзе скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Кароткі час працаваў настаўнікам, потым паступіў у Віцебскі настаўніцкі інстытут, з якога ў 1915 годзе мабілізаваны ў войска.

З 1916 у войску, на Румынскім фронце. Удзельнік Лютаўскай рэвалюцыі на фронце, старшыня 300-га Заслаўскага пяхотнага палка ў складзе 75-й пяхотнай дывізіі, сябра гарнізоннага салдацкага камітэта ў Бендэрах, ваенны камісар Бендэрскага павета. Удзельнічаў у барацьбе супраць карнілаўшчыны.

У 1917—1920 гадах браў удзел у беларускім грамадска-палітычным жыцці — гуртаваў беларусаў-вайскоўцаў, арганізоўваў беларускія школы ў Адэсе. 19 сакавіка 1918 года ў Адэсе адбылося аб’яднанае пасяджэнне культурнай-асветнай арганізацыі Беларускі гай і мясцовай Беларускай вайсковай рады, у выніку чаго дзеля абароны інтарэсаў беларусаў Адэсы і ваколіц была створаная Беларуская нацыянальная рада. Беларуская нацыянальная рада абрала Беларускі нацыянальны камісарыят, у якім Антон Баліцкі стаў памочнікам камісара і ўпаўнаважаным па нацыянальна-палітычных справах. Нацыянальны камісарыят вітаў абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, стаўшы на яе бок. У красавіку 1918 года Антон Баліцкі прыязджае ў Кіеў, дзе працавала дэлегацыя Народнага Сакратарыята БНР. Ад Аляксандра Цвікевіча Баліцкі атрымаў дазвол на наданне функцый консульства БНР Народнаму камісарыяту ў Адэсе. Баліцкі стаў сакратаром консульства[1].

У 1919 годзе вучыўся ў Адэскім сельскагаспадарчым інстытуце. У лістападзе 1919 года Антон Баліцкі ўступіў ва Украінскую партыю камуністаў-барацьбістаў. Стварыў і ўзначаліў партызанскі атрад, які дзейнічаў супраць дзянікінцаў у Прыднястроўі, па ўсталяванні савецкай улады Украінская партыя камуністаў-барацьбістаў улілася ў РКП(б). У 1920 годзе сябра калегіі Адэскага губернскага аддзела народнай асветы (Беларуская секцыя), загадчык палітычнай асветы, старшыня губернскага саюза работнікаў асветы.

 
Антон Баліцкі, 1920-я гг.

З 1921 года ў Менску, з кастрычніка 1921 намеснік народнага камісара, у 1926—1929 гадах Народны камісар асветы БССР. Адзін з праваднікоў палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях нацыянальнай і культурнай палітыкі. Удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Правадзейны сябра Інбелкульта, старшыня секцыі беларускай мовы і літаратуры. У 1929—1930 гадах сябра ЦВК БССР.

 
Антон Баліцкі, фота з крымінальнай справы

У 1929 годзе з разгортваннем кампаніі барацьбы з «нацыянал-дэмакратызмам» трапіў пад агонь крытыкі і публічнага цкавання. Арыштаваны ДПУ БССР 3 верасня 1930 года ў Менску па адрасе: пл. Свабоды, д. 15, кв. 7 па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», выключаны з партыі. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 18 сакавіка 1931 года за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў лагераў. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі лагер НКУС. Пры паўторным разглядзе справы 30 кастрычніка 1937 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да смяротнага пакарання. Расстраляны ў Менску.

Па першым прысудзе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 14 чэрвеня 1988, па другім — 25 сакавіка 1958. Асабовая справа Б. № 20950-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Быў жанаты з Т. П. Баліцкай, двое дзяцей.

  • Інстытут беларускай культуры // Асвета. 1924, № 3;
  • Беларусізацыя культурна-асветных устаноў // Полымя. 1925, № 4.

Памяць

правіць

Імя Антона Баліцкага носіць адна з вуліц Гродна.

Зноскі

  1. Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Антон Баліцкі (бел. (тар.)). svaboda.org (13 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 3-9-2019. Праверана 3-9-2019.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць