Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі
Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі (16 чэрвеня 1897, Межава, цяпер Расонскі раён Віцебская вобласць — пасля 26 жніўня 1942; псеўданімы: Алеся Гаротная, А. Зніч, Альгерд Шлюбскі, Звястун, Казальнік, Этнограф; крыптанімы: А., А. Г., А. Ш., Ал. Ш., Ал. Ш-скі.) — беларускі этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнавец.
Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 16 чэрвеня 1897 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 26 жніўня 1942 |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнавец |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьУ 1922 годзе скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1918—1923 гадах удзельнічаў у арганізацыі архіваў у Веліжы, Віцебску, Оршы, Полацку. 3 1923 года працаваў у Інбелкульце, у 1929—1930 гадах — у Інстытуце гісторыі АН БССР. Сябра і паплечнік Вацлава Ластоўскага[1].
Пра жыццё Шлюбскага ў 1930-я гады звесткі супярэчлівыя[1]. Паводле Леаніда Маракова, навуковец арыштаваны ДПУ БССР 3 красавіка 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі», паводле пастановы Калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 года высланы тэрмінам на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад (па гэтай справе рэабілітаваны 19.9.1960). Пра знаходжанне ў Ніжнім Ноўгарадзе сведчыць яго артыкул «Библиография Омутнинского края: материалы к полной библиографии» (1932).
У 1932 годзе ў зборніку артыкулаў «Этнография на службе у классового врага» (Ленінград), Шлюбскага характарызавалі горай за Ластоўскага, бо да яго прыезду «падрыхтаваў глебу» для «нацыянал-дэмакратычнага наступу» на савецкую навуку.[1]
У 1933 годзе ў часопісе «Мастацтва і рэвалюцыя» з’явіўся артыкул Віталя Зэйдэль-Вольскага «Пра рэцыдывы нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна», дзе даводзілася «класавае шкодніцтва» мастака і адзначалася, што «экслібрыс, зроблены для Шлюбскага, характэрны сваім голым этнографізмам. … Нацдэм Шлюбскі з задавальненнем знаходзіў у гэтых экслібрысах … яскравыя адбіткі беларускага „нацыянальнага адраджэння“».[2]
Аднак, паміж 1934 і 1936 гадамі Шлюбскі працаваў ужо бібліёграфам у Кіраўскай абласной навуковай бібліятэцы[1]. Затым працаваў у Ленінградзе, пра што сведчыць яго артыкул «Архивные материалы о книге Ф . Энгельса „Происхождение семьи, частной собственности и государства“» (Советская этнография, 1934, № 6), на думку Ігара Барынава, для яго напісання навуковец безумоўна карыстаўся фондам Галоўнага ўпраўлення па справах друку ў Цэнтральным гістарычным архіве СССР (цяпер РДГА у Санкт-Пецярбургу)[1]. У чэрвені 1935 года Шлюбскі паўторна арыштаваны УНКУС па Ленінградскай вобласці, асобай нарадай пры НКУС СССР 16.11.1935 года прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі (па гэтай справе ў 1990 годзе пракуратура Ленінграда адмовіла ў рэабілітацыі).
Напэўна, пасля адбыцця гэтага тэрміна, у 1939—1940 годзе звяртаўся да ЦАУ БССР з просьбай працаўладкавання[крыніца?]. У 1940 годзе зноў у Ленінградзе выйшла праца Шлюбскага пра цэнзурную гісторыю вядомага зборніка Аляксандра Афанасьева «Народные русские сказки»[1]. Відавочна, са зразумелых прычын, у 1930-я гады Шлюбскі адмовіўся ад беларускай тэматыкі і займаўся гісторыяй царскай цэнзуры, рэвалюцыйным рухам 1905—1907 гадоў і рускай этнаграфіяй[1].
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, на думку Барынава, разам з сям’ёй Шлюбскі мог быць эвакуіраваны з Ленінграда ў Татарскую АССР, прынамсі ў 1941 годзе разам з жонкай ён жыве ў сяле Ключы паблізу Бугульмы[1]. Мабілізаваны 10 ліпеня 1942 года з сяла Патапава-Тумбарла[3] Баўлінскім РВК Татарскай АССР, як сяржант адпраўлены ў 18-ю запасную стралковую брыгаду[4]. Далейшы лёс невядомы, лічыцца зніклым без вестак з 26 жніўня 1942 года[5].
Быў жанаты, жонка — Алена Львоўна Крывая, станам на снежань 1943 года, жыла ў сяле Ключ(….) каля станцыі Ютаза Баўлінскага раёна Татарскай АССР[5]. Сужэнцы выхоўвалі дваіх дзяцей.
Групавая справа Аляксандра Шлюбскага і іншых № 20951-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Дзейнасць
правіцьСклаў разгорнутую інструкцыю «Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі» (1919).
У 1920-я гады быў актыўным супрацоўнікам Інстытута беларускай культуры, затым Інстытута гісторыі БССР. У гэты час падрыхтаваў том «Этнаграфія» з серыі «Матэрыялаў да беларускае бібліяграфіі», выпусканай Інбелкультам. Яшчэ да публікацыі Ластоўскім сваёй «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна), выйшла праца Шлюбскага «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі» (Коўна).[1]
Друкаваўся ў часопісах «Наш край», «Полымя», «Маладняк», у газеце «Савецкая Беларусь». Выступаў з артыкуламі пра культурна-асветнае жыццё Віцебшчыны, Мінска, пра падзеі грамадзянскай вайны на Беларусі, пра гісторыю беларускай літаратуры, перыядычнага друку: «Канфіскацыя твораў Дуніна-Марцінкевіча» (1923), «Да гісторыі канфіскацыі „Нашай нівы“» (1925), «„Мужыцкая праўда“ К. Каліноўскага» (1926). Даследаваў старажытныя вераванні, матэрыяльную культуру беларусаў. Аўтар нарысаў-партрэтаў Еўдакіма Раманава, Мікалая Нікіфароўскага, 3мітрака Бядулі, Уладзіміра Дабравольскага.
У навуковай спадчыне Аляксандра Шлюбскага дзве фундаментальныя працы, якія не страцілі значэння да цяперашняга часу. Першая — бібліяграфічны даведнік «Матэрыялы да беларускае бібліяграфіі» (Т. 4. Этнаграфія. 1927), дзе сістэматызавана значная колькасць з таго, што пісалася і публікавалася пра духоўную і матэрыяльную культуру беларусаў у рускай і польскай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, перыядычных выданнях, захоўвалася ў архівах. Працягнуць гэту працу Шлюбскага, нягледзячы на пазнейшыя неаднаразовыя спробы навукоўцаў, пакуль не ўдалося. Другая, больш ацэненая фалькларыстамі — «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1-2, 1927—1928), пад першай аўтарскай назвай «Крывічы», змяшчае збор каляндарнай і сямейна-абрадавай творчасці Віцебшчыны як этнаграфічнага рэгіёна. Да кожнага цыкла Шлюбскі зрабіў бібліяграфію раней сабраных народна-паэтычных твораў, прадмову, дзе ўлічаны абрадавыя аспекты рэгіянальнага фальклору. Запісы зроблены і пададзены з улікам дыялектных асаблівасцей мовы ўсяго Падзвіння.
Асноўныя творы
правіць- Сведения по собиранию устного народного творчества в Белоруссии. — Велиж, 1919;
- О собирании материалов по этнографии // Известия Велижского уездного совета. 1919. № 1381 (131);
- Паны i сяляне ў першай палове XIX стагоддзя. — Менск, 1924. — 23 с.
- Бядуля як этнограф. — Мн., 1925;
- Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага княства Літоўскага. — Коўна, 1925;
- Крашаніна (набіванка). Віцебск: выданне Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, 1926. — 32 с.
- Конфіскацыя «Пана Тадэуша» Д.-Марцінкевіча // Узвышша. № 2 (1927). С. 199—202.
- Гісторыка-этнаграфічныя нататкі. — Мн., 1928;
- Exlibris’ы А. Тычыны. — Мн., 1928;
- Этнографічная дзейнасьць Дабравольскага // Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. Працы катэдры этнографіі. Т. 1, сш. 1. Мн., 1928. С. 117—126.
- Аб беларуйскай набойцы // Там жа. С. 187—192.
- Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1-2. — Мн., 1927—1928;
- Адносіны расійскага ўраду да беларускае мовы ў ХІХ ст. // Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. Кн. 2. Працы клясы філёлёгіі. — Т. 1. — Менск, 1928. — С. 303—337.
- Этнаграфічная дзейнасць Е. Р. Раманава // Там жа. С. 338—371.
- Библиография Омутнинского края: материалы к полной библиографии // Омутнинская проблема: Материалы к разработке перспективного плана. — [Н. Новгород]: Огиз; Нижег. краев. изд-во, 1932. — С. 278—325.
- Архивные материалы о книге Ф. Энгельса «Происхождение семьи, частной собственности и государства» // Советская этнография. № 6 (1934). — С. 62-69.
- Библиография русских переводов труда Ф. Энгельса «Der Ursprung der Familie, des Privateigentums und des Staates» // Советская этнография. № 6 (1934). — С. 180—185.
- К истории русской этнографии. Цензурные мытарства А. Н. Афанасьева // Советская этнография. Сб. статей. Вып. 4 (1940). С. 128—141.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г д е ё ж з Баринов 2021.
- ↑ Перадрукоўка артыкула Віталя Зэйдэля-Вольскага «Пра рэцыдывы нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна» у газеце «Віцебскі пралетары» № 21 за 1933 год.
- ↑ https://pamyat-naroda.ru/heroes/rvk-chelovek_voenkomat12723366/
- ↑ https://pamyat-naroda.ru/heroes/rvk-chelovek_voenkomat13154839/
- ↑ а б https://pamyat-naroda.ru/heroes/memorial-chelovek_donesenie55454634/
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 5. Скамарохі — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. П. Броўкі, 1987. — Т. 5. — 703 с. — 10 000 экз.
- Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя: у 12 т. / рэдкал.: П. У. Броўка і інш. — Мн., 1974. — Т. 11. — С. 339.
- Этнограф, фалькларыст, бібліёграф // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / гал. рэд. Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн. — Віцебск, 1994. — С. 84-85.
- ШЛЮБСКІ Аляксандр Ануфрыевіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- ШЛЮБСКІ Аляксандр Ануфрыевіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
Спасылкі
правіць- Баринов И. Александр Шлюбский (16 июня 1897 — август/сентябрь 1942) // Запісы беларусаведа, 8.1.2021.
- Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч // Беларусь у асобах і падзеях: анлайн-энцыклапедыя. — Мн.: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2006—2023.